Вы тут

У Беларусі з'явіцца высакаякаснае абсталяванне «Брахіум» для барацьбы з анкалогіяй


Інтэнсіўнае апраменьванне з мінімальным прамянёвым уздзеяннем на здаровыя тканкі, якія акружаюць ракавую пухліну, у сучаснай медыцыне магчыма дзякуючы брахіятэрапіі. Расійскі гама-тэрапеўтычны комплекс «Брахіум», які прызначаны для комплекснага лячэння шэрагу анкалагічных захворванняў, якраз і дазваляе праводзіць такое ашчаднае і эфектыўнае лячэнне. Як сцвярджаюць спецыялісты Навукова-даследчага інстытута тэхнічнай фізікі і аўтаматызацыі «Расатам» (НДІТФА РАСАТАМ), сёлета абсталяванне апрабуюць на сабе і беларускія пацыенты. Што прадстаўляе з сябе «Брахіум», як ствараецца і чым здольны дапамагчы хворым, карэспандэнту «Звязды» паказалі на прадпрыемстве НДІТФА ў Маскве, дзе непасрэдна і збіраецца абсталяванне.


«Брахіум» гатовы і збіраецца.

Кожны выраб — пад заказ і з сэрвісным абслугоўваннем

Пагадненне аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве, падпісанае ў лістападзе мінулага года паміж дывізіёнам «Русатам Хэлскеа» Дзяржкарпарацыі «Расатам» у галіне аховы здароўя і беларускім прадпрыемствам «Медтэхнацэнтр», мае на мэце восем кірункаў работы паміж нашымі краінамі. У прыватнасці, пастаўку ў Беларусь абсталявання «Брахіум».

Гаматэрапеўтычны комплекс выкарыстоўваецца для кантактнай прамянёвай тэрапіі пры лячэнні ракавых пухлін неінвазіўнымі метадамі і ахоплівае да 85—90 % патрэб медыцынскага рынку ў вырабах аналагічнага класу, сцвярджаюць расійскія спецыялісты. «Брахіум» — лагічны працяг выпусканага з канца 80-х гадоў апарата «Агат», якога было зроблена каля 1000 адзінак і які дагэтуль яшчэ выкарыстоўваецца ў некаторых анкалагічных цэнтрах Расіі і за яе межамі.

Высакаскладанае медыцынскае абсталяванне — тавар штучны. Створана толькі чатыры адзінкі «Брахіума». Адзін ужо працуе ў Тульскім анкацэнтры, а падчас нашага наведвання спецыялісты прадпрыемства рыхтавалі чарговы апарат для адпраўкі ў наступную медыцынскую ўстанову.

— Сама тэхналогія кантактна-прамянёвай тэрапіі мае доўгую гісторыю. Падобнага роду апарат выпускаецца з сярэдзіны мінулага стагоддзя. У працэсе развіцця яго тэхналагічнасць павялічвалася, — расказаў Аляксей Осіпаў, дырэктар навукова-вытворчага аддзялення развіцця тэхналогій радыетэрапіі НДІТФА. — Сама ідэя падобнага лячэння за апошнія гады не надта змянілася, аднак менавіта комплекс сродкаў, якія ўваходзяць у склад апарата «Брахіум» (аплікатары, дакладная механіка, сістэма бяспекі, сістэма рэзервавання, сістэма трохмернага дазіметрычнага планавання ў рэжыме анлайн), забяспечваюць найвышэйшую эфектыўнасць, якасць і бяспеку правядзення працэдуры для тэрапеўта.

Апарат не мае кампанентаў, якія маюць крытычную залежнасць ад замежных паставак, таму магчымасць збіраць, пастаўляць і ў наступным абслугоўваць комплекс будзе захоўвацца, падкрэсліў дырэктар аддзялення.

Каб сабраць адзін апарат «Брахіум» з загадзя заказаных кампанентаў на пляцоўцы інстытута, трэба тры-чатыры тыдні. За гэты час выраб праходзіць зборку, юсціроўку, наладку, прыёма-здатачныя выпрабаванні, розныя віды кантролю, у тым ліку абароны ад радыяцыйнага выпраменьвання.

Адначасова на пляцоўцы паралельна можна збіраць да шасці апаратаў. Стварэнне тэхнікі такога класа, дарэчы, робіцца ўручную ва ўсім свеце. На розных стадыях зборкі аднаго апарата працуе больш за дзесяць чалавек. Спецыялісты службы кантролю якасці, інжынеры-зборшчыкі па механіцы, інжынеры-зборшчыкі па электроніцы, тэсціроўшчыкі. Патрабаванні да кваліфікацыі персаналу высокія, і спецыялісты маюць вялікі стаж і вопыт, каб забяспечваць якасць аперацый.

Аляксей Осіпаў.

— Каб дапусціць апарат да работы на рынку медыцынскіх вырабаў, неабходна правесці рэгістрацыю ў адпаведным органе. У Расіі гэта Расздраўнагляд. На розных этапах правяраецца адпаведны аспект работы абсталявання. Тэхнічныя характарыстыкі, пытанні бяспекі і электрабяспекі, таксікалогіі, клінічная эфектыўнасць.

Унутры пухліны

Комплекс «Брахіум» з боку гледжання тэхнічных характарыстык — гэта надзейнасць, якасць, хуткасць, дакладнасць. Апарат павінен умець вывесці капсулу з дакладнасцю да 1 мм, і з гэтай задачай ён спраўляецца не горш за замежныя аналагі. А вось па наборы прылад мае перавагу, запэўніў распрацоўшчык «Брахіума»:

— Ад канструкцыі і формы аплікатараў залежыць якасць правядзення тэрапіі. Мы доўгія гады адпрацоўвалі іх у нашых клініках і ведаем патрэбы расійскіх і беларускіх урачоў, таму стараемся ўкласці ў канструкцыі менавіта тыя ўласцівасці і характарыстыкі, якія найбольш дакладна адлюстроўваюць гэтыя патрэбы.

Задача «Брахіума» — на час працэдуры змясціць маленькую капсулу з радыеактыўным выпраменьваннем унутр ракавай пухліны або ў непасрэднай блізкасці ад яе. Кантактная прамянёвая тэрапія можа прымяняцца для вялікай колькасці ўнутрыполасцевых лакалізацый.

— З дапамогай аплікатараў да апарата можна лячыць рак шыйкі маткі, рак прамога кішэчніка, гартані, страваводу, бронхаў, поласці роту — да ўсіх гэтых месцаў можна падабрацца, — сведчыць Аляксей Осіпаў. — Калі мы гаворым пра пухліну, якая змяшчаецца ўнутры тканак, — так званая пухліна прастаты, пухліны ў іншых мягкіх тканках, напрыклад, у малочнай залозе, — для іх выкарыстоўваюцца спецыяльныя аплікатары. Яны ўяўляюць доўгую полую іголку, якую можна размясціць унутры пухліны і правесці апраменьванне. Калі пухліна змешчана блізка да паверхні і калі ў гэтай сітуацыі паказаны кантактны метад, то лячэнне таксама можна правесці з дапамогай кантактнай прамянёвай тэрапіі.

Гама-тэрапеўтычны комплекс мае вялікую колькасць дэталяў.

У складзе «Брахіума» зарэгістравана 24 мадэлі, кожная з якіх настройваецца. Напрыклад, аплікатар для апраменьвання шыйкі маткі ў залежнасці ад размяшчэння пухліны і фізіялагічных асаблівасцяў пацыенткі можна настройваць па-рознаму.

Радыеактыўная капсула для апраменьвання аўтаматычна падчэпліваецца тросікам са сховішча (адмысловага жоўтага кантэйнера), якое падкатваецца да апарата, і па ім перамяшчаецца ў аплікатар, які непасэдна і кантактуе з тканкамі чалавека. Пасля працэдуры капсула перамяшчаецца назад у сховішча. Тэрмін прымянення радыеактыўнай капсулы залежыць ад перыяду паўраспаду крыніцы (некалькі гадоў), патлумачыў спецыяліст:

— Перыяд паўраспаду радыеізатопу ірыдыю — тры месяцы. За гэты час яго актыўнасць падае ўдвая, таму, зыходзячы з практыкі, такія крыніцы выкарыстоўваюць тры-чатыры-
пяць месяцаў. У кобальту актыўнасць памяншаецца ўдвая за пяць гадоў, таму ўвесь гэты тэрмін яго можна спакойна выкарыстоўваць.

Аднак абсалютна няважна, які радыенуклід выкарыстоўваць. Галоўная задача — апраменіць і перадаць неабходную дозу. Ёсць невялікія адрозненні пры тканкавым апраменьванні, калі выкарыстоўваецца вялікая колькасць каналаў, дадаў Аляксей Осіпаў.

Сховішча з радыеактыўнымі капсуламі для лячэння.

— Згодна з пагадненнем, падпісаным у межах XІІ Міжнароднага форуму «Атамэкспа-2022» у Сочы, Расія плануе пастаўляць у Беларусь не толькі комплекс «Брахіум», але і радыяфармпрэпараты для лячэння і дыягностыкі. А яшчэ — лінейныя паскаральнікі «Онікс» — поўны аналаг, але са значна палепшанымі ўмовамі з боку гледжання новых тэндэнцый па матэрыялазнаўстве, лічбавых рашэннях і лячэнні анкалогіі, — паведаміў Станіслаў Лявіцкі, дырэктар Русатам Бел (краінавага офіса Расатама ў Беларусі). — Абсталяванне дазваляе кропкава абпраменьваць пухліны, у якіх накопліваецца максімальная доза, а ў навакольных тканках — мінімальная.

«Расатам», дарэчы, плануе таксама пастаўляць абсталяванне для навуковага ядзернага цэнтра, які, мяркуецца, можа з'явіцца на базе Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў —»Сосны» НАН Беларусі ў межах далейшага беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.