Вы тут

Дому самастойнага пражывання «Расінка» дапамаглі ў рамках акцыі «Ад усёй душы»


Дом самастойнага пражывання «Расінка» з'явіўся на тэрыторыі Чавускага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у 2021 годзе. З дапамогай ірландскай дабрачыннай арганізацыі пад яго быў перароблены былы адміністрацыйны будынак. Ён разлічаны на 18 чалавек, пакуль тут жывуць восем. Пяцёра ўжо адноўлены ў дзеяздольнасці, трое праходзяць сацыялізацыю. Гэта людзі, якія дзякуючы ўпартасці і працаздольнасці даказалі, што могуць несці адказнасць перад грамадствам на роўных з усімі.


У рамках акцыі «Ад усёй душы» на стары Новы год дом самастойнага пражывання наведалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вераніка Дзямідава і старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Фонду міру Андрэй Нікіцін.

Тое, што тут рады гасцям, было відаць па тварах жыхароў «Расінкі». Маладыя людзі, якія з прычыны розных хвароб страцілі дзеяздольнасць, а цяпер зноў становяцца паўнавартаснымі грамадзянамі краіны, віталі на парозе. Усе апранутыя ў белыя фуфайкі з гаворачымі надпісамі. «Выконваць дамашнія справы», «Магчымасць свабодна перасоўвацца», «Ні ад каго не залежыць» — гэта не проста мерч , а стымул для іх жыцця. Шчырыя прывітальныя словы, віншаванкі, абмен падарункамі. Валерый Малашка павіншаваў моладзь ад імя кіраўніцтва вобласці, нагадаў, што дзяржава не забываецца пра іх, што шмат рэсурсаў накіроўвае на тое, каб яны маглі аднавіць сябе ў правах. І акцыя «Ад усёй душы» — таксама адна з форм клопату дзяржавы.

У кожнага жыхара «Расінкі» свой шлях сюды. Некалькі чалавек прыбылі з Веснаўскага дому-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адзін з іх — 32-гадовы Саша Пестаў.

— Ён ужо атрымаў рэкамендацыі для працоўнай дзейнасці і дапамагае нам па гаспадарцы, — удакладняе дырэктар дома-інтэрната Таццяна Ваяводава. — Мае працоўную кніжку і ўжо два месяца як атрымлівае зарплату. Працалюбівага хлопца радуе, што атрымаў магчымасць дапамагаць дзяржаве і зарабляць грошы.

Тым, хто жыве звычайным жыццём, няўцям, якім багаццем, па сутнасці, валодае здаровы чалавек. Тое, што для яго проста, — сапраўдны подзвіг для жыхара дома-інтэрната. Аляксандр Лёўкін і Насця Сівакова — інваліды-калясачнікі, кожны рух ім даецца з цяжкасцю. У Насці слабыя рукі, яна выдатна збірае пазлы, але мала хто верыў, што дзяўчына асвоіць тэхніку алмазнай вышыўкі. Насця прымусіла свае непаслухмяныя пальцы трымаць маленькія стразы. І як толькі гэта атрымалася, адразу ж паслала дырэктару дома-інтэрната відэа, якое зафіксавала яе перамогу.

Саша робіць прыгожыя жыццесцвярджальныя карціны. Ён падрыхтаваў падарункі для кожнага з гасцей. Калі Саша расказвае, як праходзіў праграму для атрымання права быць дзеяздольным, то пачынае хвалявацца: «Гэта вельмі цяжка. Але мы паставілі мэту — пераадолець сябе і даказаць, што можам жыць самастойна. Для мяне вельмі важна стаць дзеяздольным. Цяпер я маю права голасу і магу прымаць удзел у жыцці краіны. Я — патрыёт сваёй Радзімы».

У «Расінцы» цёпла і ўтульна, ёсць усё неабходнае для камфортнага жыцця. На першым паверсе пральная, кухня, сталовая. На другім — пакоі для пражывання і сумеснага баўлення вольнага часу. Чысціню жыхары падтрымліваюць самастойна, у кожнага свая зона адказнасці, дзяжурства па графіку. З імі працуюць спецыялісты, дапамагаюць знайсці захапленне, работу па душы.

Тамара Странакова, напрыклад, даглядае цялят. Расказвае, што спачатку жыла ў дзіцячым доме, потым у спецшколе ў Расне, адтуль трапіла ў Веснава, а зараз вось тут. І ёй падабаецца. Яна сама сабе гаспадыня, у яе ёсць асобны пакой — светлы і ўтульны. На сцяне шмат фота. Вось Тамара з сястрой у Каменскім доме-інтэрнаце, на яшчэ адным яна ўжо ў «Расінцы», прымярае вобраз Снягурачкі. А вунь на тым разам з сяброўкай сервіруе сталы да свята.

Характары насельнікаў дома самастойнага пражывання ва ўсіх розныя, здольнасці — таксама. Тамара Странакова — прыроджаны лідар, Саша Пестаў гаспадарлівы, Святлана Мішчаненка ўпрыгожыла вокны віцінанкай...

Дамы самастойнага пражывання — вельмі перспектыўная форма, якая зараз актыўна прасоўваецца на Магілёўшчыне. Летась дом, падобны на Чавускі, адкрыўся пры Каменскім доме-інтэрнаце ў Бабруйскім раёне. А першай ластаўкай стаў Веснаўскі дом-інтэрнат, дзе падобныя дамы пачалі функцыянаваць яшчэ ў 2009 годзе.

— Мне прыемна быць тут у гасцях, — прызнаўся Валерый Малашка. — І вялікі дзякуй работнікам інтэрната за тую работу, якую яны робяць. Дзяржава стварыла цудоўныя ўмовы, каб людзі маглі тут жыць і развівацца. Я рады, што маладыя людзі сталі самастойнымі.


Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вераніка Дзямідава:

— У вобласці жыве амаль 15 тысяч адзінокіх людзей, у дамах-інтэрнатах — болей чым 2100 непрацаздольных грамадзян. У навагоднія дні для іх было арганізавана больш чым 150 розных мерапрыемстваў. Акцыя «Ад усёй душы» своеасаблівая. Цудоўна, калі маладыя людзі прыходзяць да пажылых, інвалідаў, людзей з фізічнымі абмежаваннямі і кажуць ім добрыя словы. Гэта абавязкова застанецца ў памяці і моладзі, і тых, да каго яны прыходзілі. Для апошніх гэта наогул вялікая радасць і добры настрой.


Чавускі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў разлічаны на 320 чалавек, сёння пражываюць 317 грамадзян ва ўзросце ад 18 да 89 гадоў. 120 з іх — людзі да 45 гадоў.


Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Чавускі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.