Вы тут

«Школьная бібліятэка» прэзентуе творы класікаў і сучаснікаў


Чарговым томам папоўніцца добра вядомая ў краіне «Школьная бібліятэка». Гэтым разам кніга носіць назву — «Зборнік твораў для дадатковага чытання ў VI класе». Тыраж — 23 119 экзэмпляраў. Адразу па некалькі асобнікаў кнігі, якая выйшла ў свет у Выдавецкім доме «Звязда» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, трапіць ва ўсе агульнаадукацыйныя школы краіны. У вучняў і іх настаўнікаў з’явіцца добрая магчымасць убачыць творы, вартыя ўвагі, у адным томе.


Разам сабраны наступныя мастацкія, адрасаваныя дзецям сярэдняга школьнага ўзросту: кніга-квэст Кацярыны ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВОЙ «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці», аповесць Янкі МАЎРА «У краіне райскай птушкі», апавяданне Васіля ВІТКІ «Трывога ў Ельнічах», апавяданне Івана ПТАШНІКАВА «Арчыбал», апавяданне народнага пісьменніка Беларусі Якуба КОЛАСА «Купальскія светлякі» з кнігі «Казкі жыцця», казка Генадзя АЎЛАСЕНКІ «Чаму Дукоры такую назву маюць» з кнігі «Таямніцы назваў», паэма Святланы БЫКАВАЙ «Легенда Заслаўя». Укладальнік зборніка — Наталля ШЧАРБАКОВА.

Варта заўважыць, што творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і Генадзя Аўласенкі яшчэ толькі з’явіліся ў друку — выйшлі ў аўтарскіх кнігах у 2020 і 2022 гадах (дарэчы, таксама ў Выдавецкім доме «Звязда») і ўжо паспелі займець чытацкую ўвагу, сталі прадметам уважлівага разгляду крытыкаў і настаўнікаў.

Тэматыка ўключаных у зборнік апавяданняў, казак, аповесці і паэмы даволі разнастайная. І знаёмства з імі прынясе юнаму чытачу асаблівую асалоду. А можа быць — і падштурхне да адкрыцця іншых твораў прадстаўленых у кнізе пісьменнікаў. Напрыклад, у апошні час пабачылі свет кнігі дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — «Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара. Жахліўчык пра жудасную ноч і чатырох сябровак», «Таямніца зачараванага балота», «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка», «Казкі сівой даўніны», «Загадка прынцэсы Агнэсы» і іншыя. Генадзь Аўласенка працягвае працу над тапанімічнымі казкамі, якія звязаны з Міншчынай і іншымі рэгіёнамі краіны.

З’яўленне новай кнігі ў серыі «Школьная бібліятэка» падштурхоўвае і да наступных разваг. Чаму б творы Янкі Маўра, Васіля Віткі (хаця б невялікім накладам) не выдаць у Зборах твораў. Некалі выходзіў чатырохтомны Збор твораў Янкі Маўра. Яго нават у букіністычных крамах сёння не знайсці. Такія зборы твораў паспрыялі б лепей разгледзець, што ж зроблена ў літаратуры для дзяцей вялікімі і цікавымі пісьменнікамі, аўтарамі, чые аповесці, апавяданні чытаюць самыя розныя пакаленні чытачоў на даволі працяглым адрэзку часу. Нагадаем, што прыгодніцкія аповесці Янкі Маўра займелі папулярнасць яшчэ ў 1920-я гады. Першую сваю навукова-фантастычную аповесць «Чалавек ідзе» класік беларускай дзіцячай літаратуры надрукаваў у часопісе «Беларускі піянер» у 1925 годзе. Аповесць «У краіне райскай птушкі» прыйшла да чытача ў 1926 годзе...

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».