У Палацы Незалежнасці — кадравы дзень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне новых кіраўнікоў дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, кіраўнікоў мясцовых і выканаўчых і распарадчых органаў, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў.
Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Сяргея Каспяровіча рэктарам Брэсцкага дзяржўанага тэхнічнага ўніверсітэта, Аляксея Чуканава — рэктарам Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Валянцін Пяшко ўзначаліць Гродненскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Кандыдатура Ірыны Паляковай ўзгоднена на пасаду старшыні Гарадоцкага раёна, кандыдатура Аляксандра Сысоева — на пасаду кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна горада Віцебска.
Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Аляксандра Бахановіча на пасаду першага намесніка міністра адукацыі, а Паўла Лемеха — на пасаду намесніка міністра фінансаў. Алег Воінаў зойме пасаду дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. Кандыдатура Юрыя Пернача ўзгоднена на пасаду кіраўніка спраў Віцебскага аблвыканкама. Вольга Петрашова пераходзіць на пасаду першага намесніка Адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Наталля Белакапытава — новы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прававога і дакументацыйнага забяспечання Сакратарыята Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
«Мы задумалі вельмі сур’ёзную рэарганізацыю, перш за ўсё ў сістэме адукацыі. Аб гэтым я ўжо не аднойчы гаварыў. Але вывад быў адназначны. Час гэтыя ўсе пературбацыі і рэарганізацыі заканчваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, назначаючы рэктараў ВНУ. Ён нагадаў пра сваё даручэнне сур’ёзна паглядзець на Міністэрства адукацыі, каб там не было лішніх структур. Як прыклад — праблемныя моманты, звязаныя з перабудовай некаторых элементаў структуры Міністэрства адукацыі і падведамных яму арганізацый. У прыватнасці, гэта датычыцца работы Дэпартамента кантролю якасці адукацыі і створанага нядаўна Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. «Быў дэпартамент. Потым перакінуць функцыі — зрабіць упраўленне — не патрэбны гэты дэпартамент. Але ствараюць паралельна агенцтва. Ну, дык а ў чым тады розніца, у чым сэнс?», — акрэсліў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Каспяровіч, узгоднены на пасаду рэктара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а да гэтага дня начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі далажыў, што па агенцтву праца толькі пачынаецца: набраныя штаты, задача ў новай структуры вялікая — забяспечваць якасць на ўсіх узроўнях адукацыі. Прэзідэнт запытаўся, хіба не спраўляўся з гэтым дэпартамент. Па словах Сяргея Каспяровіча, дэпартамент з гэтым спраўляўся, але ў яго шмат задач, частка з іх цяпер перададзена ў агенцтва. «Прапановы, каб дэпартамент уключыць у склад міністэрства ў выглядзе глаўка. Гэта значыць, паўнавартасная дзяржаўная структура ўжо ўнутры міністэрства. Не асобная юрыдычная асоба. Што датычыцца дэпартамента, які можа стаць галоўным, — гэта задача зноў жа ліцэнзавання, апастылю. Агенцтву прапануецца праводзіць, наколькі я разумею, сістэмную работу па забеспячэнні якасці: акрэдытацыі, праверкі якасці, праверкі прыватных устаноў адукацыі па ўсіх узроўнях», — растлумачыў Сяргей Каспяровіч.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў такім выпадку фактычна нічога не мяняецца: «Грошы плаціць агенцтву трэба? Трэба. Плаціць трэба людзям. Вы ж там 35 ці колькі чалавек набралі. Вось зрабілі справу. Больш за тое, дзяржаўныя пытанні аддаюцца нейкай ледзь не грамадскай арганізацыі, у складзе якой нават няма ніводнага дзяржслужачага». Прэзідэнт таксама запытаў, ці можа з функцыямі, якія ўскладаюцца на агенцтва, справіцца адпаведнае профільнае ўпраўленне ў сістэме Міністэрства адукацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што калі трэба колькасць спецыялістаў ва ўпраўленні можна будзе павялічыць.
«Я не разумею сутнасць гэтай усёй пературбацыі. Добра, тут у вас ва ўпраўленні 8 чалавек. А ў агенцтве 35. Дык вы забярыце 35. Нават не 35, а 30 можаце забраць плюс гэтых 8. І спраўляйцеся. Калі ёсць парадак і дысцыпліна, адзін чалавек справіцца. А калі бардак, дык вы там і 200 чалавек пасадзіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля мерапрыемства ў размове з журналістамі Сяргей Каспяровіч падкрэсліў, што любыя прапановы па ўдасканаленні, рэарганізацыі сістэмы адукацыі заўсёды вельмі сур’ёзна ўзважваюцца, абмяркоўваюцца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Ён адзначыў, што ў пытаннях наконт дзейнасці дэпартамента і агенцтва, канчатковыя рашэнні яшчэ не прыняты. «Цяпер асноўнае пытанне заключаецца ва ўдасканаленні дзейнасці: што будзе з Дэпартаментам кантролю якасці, ці ўвойдзе ён у структуру Мінадукацыі як асобнае структурнае падраздзяленне ці працягне сваю дзейнасць? Пытанні ўзаемадзеяння з нацыянальным агенцтвам таксама стаяць на парадку дня — як гэта будзе адбывацца. Сёння агенцтва фактычна каардынуецца дэпартаментам. Тут ёсць разуменне неабходнасці ўдасканалення гэтай працы, павышэння эфектыўнасці», — сказаў спецыяліст.
Разглядаючы кадравыя пытанні, Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежна ад сферы дзейнасці, кіраўнікам нельга крыўдзіць людзей. Асабліва зараз, у такі няпросты час. «Гэта датычыцца і вас як кіраўнікоў, і сістэмы органаў улады, асабліва кіраўнікоў адміністрацый, райвыканкамаў. Трэба ўважлівым чынам да гэтага падыходзіць. А не тое, што „ты не спадабаўся, я цябе прыбяру...“. Нам трэба ўзмацніць кантроль за работай кадраў. Трэба глядзець: звольнілі намесніка ці яшчэ кагосьці нават у райвыканкаме — мы гэта павінны бачыць і даваць ацэнку губернатару і старшыням райвыканкамаў. Калі заслугоўвае, не цягне воз, лайдак, а можа быць, яшчэ і горш — вораг, то што тут размаўляць — размаўляць няма чаго. Калі чалавек недацягвае ў нечым, малады чалавек яшчэ не вельмі разумее, мала папрацаваў, папрацуйце з ім. І ён дасць вынік, я ўпэўнены. А проста выкідваць людзей нельга», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючы ўвагу, што да кадраў трэба ставіцца акуратна.
«Калі прафесіянал, калі адданы краіне і гатовы працаваць — з ім трэба працаваць. Нельга махаць налева і направа шашкай. Ёсць добрыя кадры — будзе вынік. Тым больш размова ідзе аб кіраўніках высокага ўзроўню. Калі яны на месцы, моцныя — будзе вынік...Усё залежыць ад кіраўніка працэнтаў на 90 у любой справе. Гэта павінна быць для ўсіх законам і навукай». — сказаў беларускі лідар. Ён параіў заўсёды даваць шанец чалавеку. Калі той памыліўся, спатыкнуўся, даць яму час, дапамагчы, раптам з яго нешта атрымаецца.
«За намі ж глядзяць людзі. Калі мы будзем размахваць шашкай налева-направа, секчы галовы, якая праца будзе? Не будзе працы. Навошта чалавеку такая праца? Ён увесь час будзе ў стрэсавай сітуацыі. У яго ні сям’і не будзе, ні справы, да якой ён прыстаўлены. Глядзіце, гэта галоўнае для вас, вы кіраўнікі», —падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
Новы рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Каспяровіч у размове з журналістамі заўважыў, што сістэма адукацыі ніколі не стаяла і не будзе стаяць на месцы, яна пастаянна ўдасканальвалася і будзе ўдасканальвацца. «Але вельмі важна, каб гэтыя рухі былі, я сказаў бы, не рэвалюцыйнымі. Сістэма адукацыі павінна валодаць вызначанай кансерватыўнасцю. Мы павінны ад таго лепшага, што ў нас ёсць, рухацца наперад», — сказаў ён. Да прыкладу ён прывёў змены ў парадку паступлення ў ВНУ, у далейшым будзе абноўлены змест вышэйшай адукацыі. «Трансфармацыю праходзіць і магістарская падрыхтоўка, і адукацыя пасля ВНУ. Важным пытаннем застаецца кадравае забеспячэнне ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, пытанні, звязаныя з забеспячэннем ВНУ кваліфікаванымі выкладчыкамі. А гэта ў першую чаргу навука, развіццё навуковай дзейнасці. Мы павінны разумець, што ў сістэме адукацыі найважнейшая задача — фарміраванне нашага грамадзяніна, які можа працаваць на карысць краіне, быць патрыётам і, вядома, умець ацэньваць рэальную сітуацыю», — сказаў Сяргей Каспяровіч.
Новы рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Аляксей Чуканаў расказаў, што ВНУ працягне рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне правільнага стаўлення да жыцця, любові да бліжняга, любові да краіны. «Мы павінны паказаць сваім студэнтам, што мы чакаем іх у нашай спецыяльнасці. Захаванне гуманізму і захаванне імкнення дапамагаць людзям — гэта адна з найважнейшых задач. І сёння кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што калі будуць добрыя кадры — будзе вынік. І ВНУ тут стаяць на пярэднім флангу», — сказаў ён.
Ірына Палякова, новы старшыня Гарадоцкага райвыканкама, падкрэсліла, што найпершая задача для рэгіёна — экамічнае развіццё. «У першую чаргу, мы будзем працаваць над узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі, ёсць прадпрыемствы ў раёне, узровень якіх трэба падцягнуць. 2023 год для Гарадоцкага раёна вельмі адказны, у верасні раён прыме Дзень беларускага пісьменства. Ужо пачалася актыўная падрыхтоўка да гэтага свята. Задач стаіць шмат, але я думаю, што з той камандай і тымі людзьмі і кадрамі, якія працуюць у раёне, мы справімся з гэтымі задачамі», — сказала яна.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.