Што было — было, Нікулін расказваў. Значыць, вечар на дварэ, цягнік, купэ — два спадарожнікі. «Каторая гадзіна?» — пытае малады чалавек у пажылога. Той, рабін, хіба цяжанька ўздыхае ды адварочваецца спінай — спіць як быццам.
Раніцай цягнік прыязджае ў Бабруйск, абодва пасажыры збіраюцца выходзіць. «Вы ў мяне пыталіся, каторая гадзіна? — успамінае раптам старэйшы. — Дык вось: зараз палова дзявятай». — «Але ж цяпер гэта мне без патрэбы, — кажа маладзён. — Чаму вы ўчора змаўчалі?» «О-о-о... Калі б я вам учора сказаў, каторая гадзіна, вы б у мяне спыталі, куды я еду. Я адказаў бы, што еду ў Бабруйск. Вы сказалі б, што таксама, а начаваць няма дзе... Я па дабраце душэўнай запрасіў бы вас да сябе дамоў, у мяне там — дарослая дачка. Вы адразу ж затлумілі б ёй галаву, яна б зацяжарала, і вам прыйшлося б жаніцца...» «Ну і што з таго?!» — не разумее малады чалавек. «Я гэтаксама ўчора падумаў, — уздыхнуў рабін. — На халеру мне зяць без гадзінніка?»
Згадзіцеся, у той дарослай дачкі бацька быў на дзіва абачлівы: у яго развагах столькі логікі...
У нашых чытачоў, трэба сказаць, не менш, прынамсі, многія з іх, уважліва паглядзеўшы на чарговы конкурсны здымак (уверсе), усміхнуліся, падумалі і...
«На гэты раз, каб скласці подпіс, — піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — я скарыстаўся метадам акынаў, іншымі словамі, што бачыў, тое рыфмаваў. Ну сапраўды: адзін мужчына ў лодцы, двое — да бабкі не хадзі — у клопаце. Адкуль...
Можа, нецвярозым
дзядзька сёння быў?
На лясную сцежку
ранічкай «прыплыў»...
Хіба ж выпадае
тут яго кідаць?
Трэба разам з лодкай
на буксір узяць.
Справа гэта, відавочна, не з простых: тут бы параіцца з некім — разумнейшым, старэйшым, але ж...
Няма з кім, як лічыць спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. Ад яе — маналог маладых:
— Ну чаму з табою, дзед,
Нам заўсёды столькі бед?!
Як цябе ў тваёй байдарцы
Перавезці ў іншамарцы?
...Дзед, каб мог,
дык падказаў,
Але ж лыка не вязаў.
Чаму? Ды зноў відавочна: прынамсі, спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Не сусветныя рэкорды
Тройка мелася пабіць:
Планавала на прыродзе
Лодку добра замачыць...
(Будзем спадзявацца, без весляра, хоць аднаму з іх, помніцца, і абяцалі «Я убъю тебя лодочник»?)
Аднак там — была сцэна, песня... Тут — проза жыцця. І калі лодку (кажуць, што купляць яе трэба ў маладосці, пакуль дурны, а то потым усе грошы пойдуць на саджанцы) мужчыны такі замачылі, дык (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў) зусім не дзіва, што...
Часам нейчыя мужы
Бавяць час у гаражы.
Тут —
інакшая карціна:
Тут —
мужчыны, як мужчыны!
Утраіх прыдбалі лодку,
І грабуць сабе ў ахвотку.
Трэба разумець, па чарзе, уступаючы яе старэйшым, ці...
Здагадка ад спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны:
Трое, едучы з бяседы,
Пасадзілі ў лодку дзеда:
— Вось ён,
твой азёрны край:
Хоць сядзі,
хоць адплывай!
...Мусіць дурнямі былі:
Хто ж вяслуе па зямлі?
Вось на гэты конт здагадак шмат. Чытайце (ад спадара Віктара Сабалеўскага з Узды):
Дзед
не рыбу вучыць плаваць.
Маладым бы расказаць,
Як трымаць сваю паставу,
Як вясло не заглыбляць...
Доўга б лекцыю чытаў,
Калі б хтосьці не спытаў:
Можа, разам паплылі б?..
Самі вы ў вадзе былі?
На гэтае пытанне, што называецца, няма адказу.
А вось меркаванні ёсць: у таго ж спадара Матошкі):
У Падазёркі
рана-рана
Газавалі апантана...
Але сплаваць не ўдалося:
Бо з сабой не ўзялі вёсел.
І што хочаш тут рабі:
Хоць ты кепкаю грабі!
(З дыялогаў: «Ты куды? На паляванне? У навальніцу?» — «Дык яна і ў суботу была... Дзед такога зайца прынёс!.. Маланкай забіла»).
Што ж — бываюць у жыцці і радасці, і засмучэнні. Апошнія — на думку спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў — як правіла, за дурной галавой:
У суботку рыбакі,
Падрулілі да ракі.
Упохапкі збіраліся —
З матам разгружаліся:
— Блін —
няма чым веславаць!
— ...Рыбу з рэчкі
падымаць.
І заплечнік недзе дома...
— У ім — гарэлка і яда?!
Вось найгоршая жуда!
(Нішто не робіць вячэру такой смачнай, як адсутнасць абеду.)
Пра яе, жуду, прыкладна такую ж (калі іншых няма...), і радкі спадарыні Чыгрынавай:
Па дарозе да ракі
Дзед — вясёлы,
гаваркі —
Свайго ўнука
так хваліў,
Бо чакаў, каб той наліў...
Але ж выйшла,
неспадзеўкі (!),
Унук
забыўся ўзяць гарэлкі...
Памяняўся мігам дзед
Крые матам
на ўвесь свет!
(Запіс у школьным дзённіку: «Ваш сын адзіны, хто ў паход узяў спіртное. Дзякуй вам за сына!»)
З таго ж самага «канверта» (не блытаць з дзённікам) і пра тых самых мужчын (са здымка... Можна яшчэ раз глянуць на верхні)
і дарэчнае:
Пагублялі снасці —
Закіпелі страсці...
Стаў чыхвосціць
дзед унука:
«А бязглузды! А бязрукі!..»
Ты спыніўся б
у кляцьбе!
Хлопец — копія цябе:
Усе крошачкі пабраў —
Яблык побачкі ўпаў!
Спадарыня Любоў Чыгрынава ў гэтым не сумняваецца, спадар Аляксандр Матошка — таксама:
Выбачаецца Янук —
Міхася старога ўнук:
— Ну, забыўся вёслы
недзе...
На «рэно» дамоў
паедзем —
Так хутчэй...
Ды дзедка —
дзе там
Ён у гонары задзеты:
— Не дуры мне галаву
Я байдаркай паплыву!
Дзед, трэба разумець, — чалавек адважны. Унук, на думку спадара Сабалеўскага, не такі (фемінізм — да першага мужчыны, камунізм — да першага капіталу, атэізм — да першай гайданкі ў самалёце), бо:
Рассякала воды шпарка
Легкакрылая байдарка!
Але ж ганьбу даў ёй Коля:
— Я туды не сяду болей,
Вельмі вузкая...
баюся,
Раптам недзе навярнуся.
А дзед тым часам «плыве», прычым, на думку аршанца Мікалая Камароўскага, яшчэ і як:
Была нялёгкаю дарога,
Каб парыбачыць,
«дзе — нікога»:
Імчаліся на «масквічы»...
Прыехалі...
Тут памаўчым
І нават пашкадуем
хлопцаў:
Іх апярэдзілі на... лодцы.
Што, дарэчы, зусім не дзіўна, бо, як нагадвае спадарыня Соф'я Кусянкова,
Як ты лодку назавеш,
Так у ёй і паплывеш.
Дзед імя даў — БМВ,
Па зямлі ў ёй «плыве»:
Без патрэбы веславаць,
Але і ногі не трапаць.
Што сапраўды, калі ёсць кірунак. Дыялог маладзейшых (паводле спадарыні Гудачковай), калі няма:
— Ні знаку
сцежкі ў траве!
Хоць да вады
была ж дарога!..
— Хай дзед на лодцы
«праплыве»,
З п'яным
не здарыцца нічога.
Іх, кажуць, і сапраўды бог любіць, толькі долі не дае.
А калі наогул, то кампанія на здымку, вядома ж, цікавая. Ну вось уявіце (прапанова з таго ж канверта):
Трое...
Укуляцца ў байдарку...
Там, за дрэвамі,
канал...
Каб да іх яшчэ аўчарку,
Быў бы новы серыял.
І там, ну вядома ж, — галоўны герой. Хто? Ды гэта, паводле спадара Матошкі, відавочна:
У дзеда — скварка!
У дзеда — чарка!
У дзеда —
новая байдарка!
Не паплыць,
дык пасядзець...
Прыязджайце паглядзець!
Прычым — без адкладу на вясну ці лета, прыязджайце, зараз і пакуль не позна, бо, як мяркуе спадар Віктар Сабалеўскі):
Хто ж не марыў
жыць прыгожа:
Яхты, мора, падарожжы
(Ды яшчэ зімой —
у лета),
Пляж, «музон»,
віно, кабеты...
Ёсць!
Рамантык той у лодцы!
Да вады прывезлі хлопцы:
Патрымаў вясло ў руках...
І адчуў, што справы швах.
З гадамі, як той казаў, усё больш расчароўваюць цэны, люстэрка і аналізы. А «дэпрэсняк» — гэта калі паветраны замак разбурыўся і прыдушыў будаўніка. (Анекдот: два браткі прыходзяць на свежую магілу трэцяга. «А што тут трэба сказаць?» — пытае адзін другога. «Ды як быццам штосьці пра пух». «Ну тады, Віцёк, ні пуху табе, ні пяра!»...
Гэта — услед, потым — надпіс на помніку: «Пры жыцці мне бывала добра, але каб так, — ніколі!).
Зрэшты, не будзем аб сумным, будзем аб вясёлым (з «падачы» сужэнцаў Астроўскіх з Мінска):
Гарадскіх людзей заўсёды
Вабіць да сябе прырода:
Выязджаюць —
і з ахвотай —
У лясы ды на балоты...
А ў нас свае задачы —
Нешта вырасціць на дачы!
Пахвальнае жаданне! Дай бог сіл і поспеху! А вось знаёмцам спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка, у якіх, падобна, ні сораму, ні сумлення — нічога лішняга, мы таго ж пажадаць не можам, бо
Ходзяць чуткі-пагалоскі,
Што Нічыпар,
дзядзька з вёскі,
З зяцем і сваім унукам
Сеткі зноў бяруць у рукі
І ў час нерасту рыбачаць,
Дзе нагляд іх
не ўбачыць...
Ад звяздоўца Клешчука
Не схавацца рыбакам.
Вось гэтым кампліментам на адрас нашага і сапраўды ўсюдыіснага фотакарэспандэнта і можна было б завяршыць чарговы конкурсны агляд, калі б не два кароткія, але ж дарэчныя — да здымка — радкі мінчаніна Эльяша Банеля:
Колам стала іншамарка?
Можа выручыць байдарка!
Дай бог, каб у тых, хто за рулём, заўсёды былі запасныя варыянты, а ў нас, звяздоўцаў, яшчэ і варыянты подпісаў да конкурсных здымкаў.
...На мінулым (гл. нумар «Звязды» за 9.11. 2022 г.), нагадаем, быў мужчына, які не тое прыбіваў, не тое здымаў дарожны паказальнік каля вёскі з прыгожай назваю Рай. Дык вось найлепшыя радкі пра яго (паводле вялікага чытацкага журы) атрымаліся ў спадароў Віктара Сабалеўскага з Узды, Эльяша Банеля з Мінска, Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, у спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, Любові Чыгрынавай з Мінска і Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны. Яе радкі «Абяцаў Іванка Раі: Будзеш жыць са мной у раі!.. Што для гэтага зрабіў? Шыльду ля двара прыбіў» маленькае рэдакцыйнае журы палічыла вартым перамогі і прыза ў выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду».
Хочаце, каб яна, «родная на роднай мове, пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас, тады варыянтаў два: альбо афармляць падпіску, альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, прыдумаць дасціпны подпіс (можна некалькі, але не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны. Поспехаў!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.