Вы тут

Людміла Баірава: яе адзенне падобна да выкліку мастака свету мас-маркета


Яе аўтарскія калекцыі адзення ў тэхніцы баціку падобныя да рамантычнага выкліку мастака свету мас-маркета. А вытанчаныя настольныя свяцільнікі можна доўга разглядваць, спрабуючы разгадаць узор на шоўку.

Людміла Баірава больш за 15 гадоў кіруе студыяй творчага развіцця і арт-тэрапіі «Флорыя» пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Адкуль чэрпае натхненне мастачка? І як ужываюцца паміж сабой два амплуа творчай асобы — мастак і педагог? Пра гэта — у нашым інтэрв’ю.


«Захоўваць унутраны сасуд поўным»

Навучэнкай педагагічнага вучылішча яна перамагла ў конкурсе, які праводзіў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педуніверсітэта, і яе прынялі ў гэтую ВНУ без экзаменаў. А далей пачаўся пошук сябе, які працягваецца дагэтуль.

Уражвае колькасць напрамкаў, у якіх працуе мастачка, член Беларускага Саюза дызайнераў. Праілюстравала больш за 20 кніг выдавецтваў Беларусі, Расіі, Сербіі і іншых краін. Стварае прадметы інтэр’еру і адзенне. Займаецца пясочнай анімацыяй. Піша карціны ў розных тэхніках. Якая ж з іх любімая — бацік, жывапіс, графіка?

— Тэхніка не з’яўляецца для мяне першаснай, — дзеліцца Людміла Баірава сакрэтамі творчасці. — Ідэю будучай працы нараджаюць мае адчуванні. Пад задачу падбіраю матэрыял і тэхніку, якая дапаможа ўвасобіць тэму найлепшым чынам. Я не пішу карціны на замову, бо ў кожнай з іх — часцінка маёй душы.

Душа мастачкі жыве ў вытанчаных краявідах Мінска, Нарачы, Байкала. Звяртаюць на сябе ўвагу жаночыя вобразы з міфалогіі розных народаў. Дзівосныя работы ў тэхніцы баціку: пейзажы, нацюрморты, абстрактныя кампазіцыі. Роспіс па лёне «Мірскі замак» з беларускімі сімваламі і японскія матывы — на шоўку. Адкуль такая тэматычная разнастайнасць?

— Нарадзілася я ў Магілёве, але мой бацька родам з Байкала, — распавядае суразмоўніца. — Скончыўшы Віцебскі ўніверсітэт, я некаторы час правяла на радзіме бацькі: было цікава дакрануцца да каранёў. Неўзабаве вярнулася дадому ў Магілёў. Беларускую культуру лічу роднай, я насычаная ёю, але з задавальненнем паглыбляюся ў гісторыю і міфалогію іншых народаў. На мой погляд, мастацтва павінна не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць людзей. Несці ў свет стваральны пачатак. Сеяць разумнае, добрае, вечнае — такі мой творчы прынцып.

Многія карціны Людмілы Баіравай напісаныя ў філасофскай, сімвалічнай манеры. Сярод любімых вобразаў — ластаўка, сакура, лотас, свечка. У жанчын часта заплюшчаныя вочы, што азначае сузіранне, пагружанасць у сябе, тлумачыць мастачка. І дадае:

— Мяне прыцягвае шматзначнасць. Напрыклад, на адной з карцін трыпціха «Легенды Байкала» намаляваны омуль. У той жа час рыба — гэта ўніверсальны сімвал, вядомы ў многіх рэлігіях свету. Часта выкарыстоўваю вобраз сасуда. Падзяліцца сваім змесцівам можа толькі напоўнены сасуд — гэта з суфійскай паэзіі. А з пустога ў келіх не нальеш. Так і чалавек аддае сябе іншым ад перапоўненасці. Я стараюся захоўваць свой унутраны сасуд поўным, каб аддаваць сілы, веды, энергію творчасці і маім вучням.

Лёгкі, бязважкі шоўк як матэрыял цікавы ёй сваёй непрадказальнасцю.

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце ўплыў на мяне аказала Віцебская школа акварэлі, у прыватнасці мой выкладчык, вядомы мастак Аляксандр Карпан, — адзначае суразмоўніца. — Шоўк нагадвае акварэль. Вада і фарба жывуць на ім самастойным жыццём. Калі пішу па шоўку, цалкам раствараюся ў працы. Імкнуся злавіць гэты стан паглыбленасці, «завіснуць» у ім. Таму ў баціку я адмовілася ад эскізаў.

Вучыць і вучыцца

Летась Людміла Баірава прэзентавала ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» выставачны праект «На крылах творчай душы», які ўключаў персанальную выставу мастачкі, прымеркаваную да яе юбілею, творчасць навучэнцаў студыі «Флорыя» рознага ўзросту і малюнкі дзяцей на тэму «Яны не павінны знікнуць».

— Дзеці малявалі жывёл і птушак, якія могуць знікнуць з твару планеты. Кожны выбіраў прадстаўніка фаўны самастойна, я нікому нічога не навязвала, — кажа Людміла Баірава. — Спадзяюся, у нас атрымалася сказаць сваё слова ў абарону рэдкіх і знікаючых жывёл. Мэта праекта — фарміраванне экалагічнай свядомасці, выхаванне ў дзяцей клапатлівага стаўлення да прыроды і ўсяго жывога.

З навучэнцамі студыі «Флорыя» Людміла Баірава пастаянна рэалізуе новыя творчыя ідэі, дабрачынныя і сацыяльныя праекты. Некалькі гадоў таму ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставілі выставу пад назвай «Як я бачу вайну і мір». У сваіх работах юныя мастакі расказалі, як важна цаніць мір і ўмець дамаўляцца.

Пры гэтым педагог вышэйшай катэгорыі лічыць: не толькі яна навучае дзяцей, але і сама вучыцца ў іх. А значыць, педагагічная дзейнасць узбагачае яе як мастака, хоць і забірае нямала энергіі.

— Дзецям я даю веды, але не менш важна для мяне раскрыць іх унутранае «я». Яны часта засмучаюцца, калі ў іх нешта не выходзіць. Я вучу дзяцей атрымліваць задавальненне ад працэсу, нават калі малюнак атрымаўся не такім, як хацелася. Замест негатыву — радавацца творчасці.

Замкі на пяску, якія не знікаюць

Невыпадкова ў «Флорыі» багата часу адводзіцца заняткам пескаграфіяй. Гэта адначасова арт-тэрапія і творчасць. Мастацтва, якое жыве некалькі імгненняў. Зрэшты, у наш тэхналагічны час намаляваная на пяску карцінка не знікае: мабільны тэлефон дапамагае ўвекавечыць свой твор, паказаць блізкім і сябрам.

— Адкрыла для сябе пескаграфію гадоў дзесяць таму, — заўважае мастачка. — Думала, будзе лёгкае захапленне, а атрымалася ўсур’ёз і надоўга. У студыі «Флорыя» ёсць столікі для малявання пяском. Дзеці вельмі любяць гэты занятак, які развівае фантазію і расслабляе.

Няўлоўныя рухі рук Людмілы Уладзіміраўны — і на пяску ўзнікае жаночы профіль, падсвечаны ружовым. Кварцавы пясок нагадвае пляжны, што асабліва прыемна, калі за акном мароз.

У Людмілы Баіравай шмат ідэй, турбуе толькі недахоп часу:

— Мне цікава ўвесь час адкрываць нешта новае. Кажуць, я паспяваю шмат, але ў мяне іншае адчуванне. Хочацца зрабіць значна больш.

Алена БРАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.