Вы тут

Высокая тэмпература: без панікі. Ці варта яе збіваць і калі піць гарачкапаніжальныя?


Многія рэспіраторныя захворванні, у тым ліку каранавірусная інфекцыя і грып, суправаджаюцца павышэннем тэмпературы цела. Але ці ведаем мы, у якіх выпадках трэба яе збіваць і як правільна гэта рабіць? Урачы прапануюць розныя тактыкі, аднак ёсць і агульныя правілы, якія трэба ведаць кожнаму. Іх мы згадалі разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


— Доктар Гумен, давайце спачатку разбяромся, чаму павышаецца тэмпература.

— Усе жывыя істоты дзеляцца на халаднакроўных і цеплакроўных. Цеплакроўныя адрозніваюцца ад халаднакроўных тым, што іх тэмпература цела не моцна залежыць ад навакольнага асяроддзя. Рыба зімой плавае ў ледзяной вадзе і добра сябе адчувае. А вось чалавек нізкіх тэмператур не пераносіць.

Калі вадкасць у арганізме замярзае, крышталі лёду, як нож, ірвуць сценкі клеткі. Усе гаспадыні добра ведаюць, што свежае мяса больш пругкае, а калі яго замарозіць, то пасля размарожвання яно становіцца мяккім і губляе форму.

На ртутным тэрмометры мы бачым значэнні ад 34 да 41 градуса. Ніжэй гэтага ўзроўню клетка перастае выпрацоўваць АТФ (натрыю адэназінтрыфасфат), гэта крыніца энергіі, і без яе клеткі працаваць не могуць. Калі тэмпература вышэйшая за 41 градус, бялок згортваецца, адбываецца так званая дэнатурацыя. Гэта тое самае, што і пры адварванні яйка. Ёсць і сярод людзей маржы, якія могуць плаваць у ледзяной вадзе, ці людзі, якія доўга сядзяць у парылцы пры тэмпературы ледзь не 100 градусаў, але гэта выключэнні.

Чаму наш арганізм павышае тэмпературу, калі хварэе? Бо пры высокай тэмпературы бактэрыі гінуць. Вядома, інтэрвал павышэння абмежаваны ў нашым арганізме. Ён не можа іх моцна замарозіць ці перагрэць, каб знішчаць. Але ў меру сваіх магчымасцяў ён стварае максімальна дыскамфортнае асяроддзе, каб бактэрыі ці вірусы больш марудна развіваліся і размнажаліся. І так нашай імуннай сістэме прасцей змагацца.

— Гэта азначае, што, калі тэмпература паднялася, не варта яе зніжаць?

— Наш арганізм не паднімае тэмпературу вышэй пэўных градусаў, бо загінуць не толькі мікробы, — ён знішчыць і сябе. Лічыцца, што калі тэмпература паднялася не вышэй за 38,5 градуса і няма індывідуальнай непераноснасці ліхаманкі, зніжаць яе не трэба.

Часам бывае, што пры павышэнні да 38 градусаў пачынаецца тахікардыя, дыскамфорт, галавакружэнне і інш. Тады тэмпературу варта зніжаць. Калі ж індывідуальнай непераноснасці няма, зніжаць не трэба, бо яна з'яўляецца індывідуальнай абаронай, якая аблягчае барацьбу з вірусам.

— Чым варта зніжаць тэмпературу?

— Па рэкамендацыі вашага доктара. Звычайна гэта парацэтамол, ібупрафен, дыклафенак, нестэроідныя супрацьзапаленчыя, калі няма індывідуальнай непераноснасці. Ібупрафен пачынае працаваць хутчэй і дзейнічае даўжэй. Але ўсё-такі лепш параіцца з урачом.

Калі тэмпература паднялася да 39 і вышэй і хатнімі сродкамі справіцца не ўдаецца, трэба выклікаць «хуткую».

— А калі тэмпература збіваецца на гадзіну-дзве і зноў расце?

— Калі тэмпература паднімаецца неаднаразова і нашы спробы яе збіць не даюць выніку, варта звяртацца да ўрача. Магчыма, паралельна развіваецца нейкае ўскладненне ці захворванне — запаленне лёгкіх, ныркі, перыкардыт і інш. Тут аспірынам ці парацэтамолам мы не абыдземся, і патрэбны больш сур'ёзныя сродкі.

Пры аперацыі на галаўным мозгу можа назірацца так званае павышэнне тэмпературы цэнтральнага генезу. Гэта азначае, што цэнтр у галаўным мозгу, які рэгулюе тэмпературу цела, пачаў па-іншаму сябе паводзіць.

— Як правіла, тэмпература павышаецца ўвечары. Гэтаму ёсць нейкае тлумачэнне?

— Увечары арганізм больш стомлены, і імунная сістэма пачынае паводзіць сябе па-іншаму, таму звычайна ў хворых тэмпература павышаецца. Але гэта не значыць, што чалавеку стала горш.

— Ці заўсёды павышэнне тэмпературы сведчыць пра тое, што ў арганізме адбываецца штосьці не тое, ідзе нейкі запаленчы працэс?

— Звычайна мы вымяраем тэмпературу ў той момант, калі адчуваем сябе дрэнна. Аднак, калі праманіторыць яе ў розны час сутак, можна заўважыць, што яна мяняецца. Тэмпература падымаецца, калі мы спацелі, падняліся па лесвіцы, пасварыліся, а таксама ў сувязі з гарманальнымі зменамі, яна мяняецца ў розныя фазы менструальнага цыкла. Таму неабавязкова ў нас ёсць нейкая інфекцыя.

Дарэчы, чым мацнейшы ў чалавека імунітэт, тым хутчэй падымаецца тэмпература, і арганізм хутчэй пачынае змагацца з інфекцыяй. А калі дэпрэсіўны стан, аслаблены імунітэт, недахоп вітамінаў, хранічная стомленасць, імунітэт можа і не рэагаваць адразу.

— Калі тэмпература не 36,6, а, напрыклад 36,0, гэта нармальна?

— Нармальнай лічыцца тэмпература ад 35 да 37 градусаў. У дзяцей да трох гадоў часта тэмпература можа апускацца да 35 градусаў, і гэта не значыць, што ўсё дрэнна. Калі тэмпературу вымяраць пад пахай — гэта 36,6, калі ў роце — крыху вышэй, у прамой кішцэ — мінус адзін градус ад значэння на градусніку.

Тэмпературу ў 37,1—38 градусаў называюць субфебрыльнай, 38,1 і вышэй лічыцца высокай. Калі тэмпература вышэйшая, чым 38,5, пры гэтым вы адчуваеце затарможанасць, моцны галаўны боль, санлівасць, болі ў жываце, сутаргі і адсутнасць эфекту ад прыёму гарачкапаніжальных, варта выклікаць хуткую дапамогу.

Ёсць такія людзі, у якіх усё жыццё 36,6. А ёсць тыя, у каго ўсё жыццё 36,0, і яны сябе адчуваюць нармальна. Ёсць пэўныя захворванні, напрыклад, сіндром міжземнаморскай ліхаманкі, у такіх людзей тэмпература пастаянна павышана, і гэта для іх норма. Таму варта ведаць свае рабочы ціск і тэмпературу.

— Калі высокая тэмпература і хворы шмат часу спіць, гэта нармальна?

— Падчас сну больш выпрацоўваецца антыцел, і таму, калі дарослы ці дзіця спяць, у гэтым нічога дрэннага няма.

— З павышанай тэмпературай можна выходзіць на вуліцу?

— Лепш знаходзіцца дома. На вуліцы можа быць ветрана, нізкая тэмпература, і лёгка атрымаць пераахаладжэнне, бо чалавек з высокай тэмпературай пацее. Да таго ж рэсурсы арганізма расходуюцца на пераадоленне неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя, замест таго, каб змагацца з інфекцыяй. Як паказвае практыка, такія прагулкі падаўжаюць час хваробы.

— Ці варта дома адзяваць паболей адзення і захутвацца коўдрай?

— Высокая тэмпература — для арганізма стрэс, і ляжанне пад тоўстай коўдрай узмацняе яго. Пры высокай тэмпературы на лоб ці на ступні добра пакласці вільготныя анучкі, што дапамагае выпарэнню і, адпаведна, зніжэнню тэмпературы.

Высокая тэмпература азначае, што арганізм змагаецца з інфекцыяй, і гэта нармальна. Паднялася больш чым 38,5 — варта збіваць, але баяцца павышанай тэмпературы не трэба.

— Ці азначае гэта, што, калі моцна баліць горла, галава, адчуваеш сябе вельмі хворым, а тэмпература пры гэтым 37-37,5 і вышэй не паднімаецца, то арганізм недастаткова актыўна супраціўляецца?

— Гэта нармальна і азначае, што арганізм змагаецца з інфекцыяй. Горш, калі арганізм перабольшвае. Напрыклад, на той жа COVІD-19 імунная сістэма часам рэагуе настолькі актыўна, што пачынае знішчаць клеткі ўласнага арганізма. Калі імунітэт пачынае працаваць агрэсіўна, што тэмпература паднімацца да 40 градусаў, тут без прафесіянальнай медыцынскай дапамогі не абысціся.

Раней, дарэчы, лічылася, што, калі ўвесь час збіваць тэмпературу, антыцелы да інфекцыі не выпрацоўваюцца, але гэта тэорыя аказалася няслушнай. Антыцелы ўсё роўна выпрацоўваюцца. Але моцна збіваць не трэба. Бо гэта дадатковы механізм абароны, які стварае дыскамфортнае асяроддзе для вірусаў і бактэрый.

— Калі высокая тэмпература ў раёне 38-38,5 градуса трымаецца 3—5 дзён, гэта нармальна?

— Мы ведаем, што грып лечыцца на працягу 5—7 дзён, і калі тры дні чалавек тэмпературыць, нічога дрэннага няма, бо арганізм змагаецца. І таргавацца з ім, каб захворванне прайшло за адзін дзень, не атрымаецца. Ён мусіць прайсці пэўныя этапы хваробы.

Ключавы момант — што пры працяглай высокай тэмпературы павялічваецца выпарэнне вадкасці. Таму патрэбна багатае піццё, каб працавалі ныркі.

— Калі мы кажам, што здаровы чалавек мусіць выпіваць у суткі да 2 літраў вады, то колькі патрэбна пры павышанай тэмпературы?

— З тэмпературай 38—39 градусаў, калі вы хварэеце дома, трэба 50—60 мл вады на 1 кг масы цела, гэта дзесьці паўшклянкі-шклянка цёплай вады ў гадзіну.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?