Вы тут

Лічбавае і стымуляцыйнае развіццё ЖКГ


Павышэнне якасці і даступнасці жыллёва-камунальных паслуг, удасканаленне капітальнага рамонту жылля, памяншэнне колькасці ўтварэння і павелічэнне аб'ёмаў перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў, абслугоўванне дамоў з прымяненнем ІT-прадуктаў і лічбавая трансфармацыя сферы ЖКГ, добраўпарадкаванне двароў і гарадоў... Гэтыя і іншыя задачы, якія паўстаюць перад айчыннымі камунальнікамі, немагчыма вырашыць без інавацыйных тэхналогій і павышэння кампетэнцыі персаналу. Пакуль абмяркоўваюцца карэктывы, якія плануецца ўнесці ў Дырэктыву № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель расказаў карэспандэнту «Звязды», як развіваюцца і працуюць камунальныя службы цяпер і што чакае іх у будучыні.


Фота: БелТА.

Для інвентарызацыі і раскопак

— У Беларусі актыўна развіваецца дзяржаўная інфармацыйная сістэма «Жыллёва-камунальная гаспадарка», якая аб'ядноўвае шэраг інфармацыйных сістэм і картаграфічных рэсурсаў, што прапаноўваюць сэрвісы грамадзянам, бізнесу і дзяржаве. Раскажыце, калі ласка, аб развіцці новых тэхналогій і лічбавізацыі галіны ЖКГ.

— Лічбавізацыя — трэнд, які ў краіне трэба актыўна развіваць і ўдасканальваць, у тым ліку і ў галіне ЖКГ. Пакрысе мы рухаемся да дыстанцыйнага здымання паказчыкаў спажытай энергіі, лічбавай трансфармацыі працэсаў кіравання жыллём і шмат да чаго іншага. Некаторыя рэчы ўжо актыўна выкарыстоўваюцца.

Напрыклад, аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «ДомУлік», створаная для кіравання вытворча-тэхнічнай і эканамічнай дзейнасцю прадпрыемстваў ЖКГ, функцыянуе ў шэрагу гарадоў краіны і цяпер укараняецца ў сталіцы. Сістэма збірае, апрацоўвае і ўлічвае аб'ектыўную інфармацыю пра тэхнічны стан жылых будынкаў для рацыянальнага размеркавання рэсурсаў, якія накіроўваюцца на падтрыманне жылфонду, і кантролю эфектыўнасці іх расходавання. Аўтаматызацыя бізнес-працэсаў прадпрыемстваў ЖКГ накіравана на зніжэнне кошту і павышэнне якасці паслуг насельніцтву шляхам эфектыўнага ўліку працоўных, матэрыяльных, фінансавых рэсурсаў прадпрыемства. У далейшым плануецца распаўсюдзіць работу «ДомУлік» на ўсе астатнія рэгіёны краіны.

З дапамогай «Інтэрактыўнай карты» — праграмнага прадукту, які ўяўляе сабой адзіны картаграфічны сэрвіс ЖКГ на ўзроўні сталіцы, — плануецца аптымізаваць працэс па стварэнні інвентарызацыйных ведамасцяў. Падчас лічбавай інвентарызацыі аб'екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вулічна-дарожнай сеткі, добраўпарадкавання і прыдамавых тэрыторый сталіцы будуць адлюстроўвацца ў гэтым рэсурсе. Такім чынам будуць створаны ўмовы для павелічэння празрыстасці і даступнасці інфармацыі аб усіх аб'ектах.

Дзякуючы «Інтэрактыўнай карце» мяркуецца таксама планаваць і кантраляваць якасць утрымання яе асобных складаных кампанентаў (праезнай часткі, пешаходнай зоны і пераходаў, бартавога каменю, прыпыначных пунктаў і малых архітэктурных формаў). Прадугледжана магчымасць наносіць на карту інфармацыю аб тыпах пакрыцця тэрыторый, іх плошчы, дакладным месцазнаходжанні асобных аб'ектаў па каардынатах, колькасным і якасным стане аб'ектаў і плошчаў участкаў.

Цяпер на «Інтэрактыўнай карце» адлюстраваны тэрыторыі, якія замацаваны за юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, а таксама за індывідуальнымі прадпрымальнікамі, для выканання на гэтых плошчах работ па падтрыманні належнага санітарнага стану. Абазначаны таксама тэрыторыі зямель агульнага карыстання для падтрымання іх санітарна-тэхнічнага стану. Карта паспяхова эксплуатуецца ў Мінску і Гродне, а напрыканцы 2022-га запрацавала ў Віцебску і Лідзе.

Летась у красавіку створаны картаграфічны сэрвіс правядзення планавых раскопак у сталіцы — інфармацыйная сістэма «Інжынерныя сеткі». На гэтую карту нанесены ўсе планы па работах уладальнікаў інжынерных сетак у Мінску. Выкарыстанне гэтага праграмнага прадукту ў гаспадарчай дзейнасці ўладальнікаў тэрыторый, інжынерных сетак дазволіць пазбягаць канфліктных сітуацый пры правядзенні работ. Гэта таксама дапаможа вырашыць задачу па памяншэнні колькасці паўторных раскопак на адной тэрыторыі, павысіць якасць работ за кошт зніжэння колькасці памылак у планаванні работ, аптымізаваць фінансавыя расходы на добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Кантроль якасці і тэрмінаў выканання службы «115»

— Ці павялічваецца аператыўнасць і якасць рэагавання службы «115» на прэтэнзіі і заявы жыхароў? Як будзе развівацца гэтая служба далей і якія пытанні застаюцца найбольш актуальнымі?

— Партал «Мая Рэспубліка» 115.бел, які часцей называюць проста «служба «115», — гэта публічная вітрына даных «Аўтаматызаванай сістэмы «Дыспетчарская служба». На іх базе створана адзіная інфармацыйная сістэма — рэспубліканскі праграмны прадукт для работы з заявамі і зваротамі грамадзян па пытаннях неаказання жыллёва-камунальных паслуг або іх аказання з недахопамі. Звярнуцца з пытаннем жыхары могуць як праз партал, так і з дапамогай мабільнай праграмы альбо пазваніць на адзіны тэлефонны нумар 115.

Тэхнічны аператар сістэмы — прадпрыемства «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій», які і займаецца ўдасканаленнем работы партала і ўсёй сістэмы. Прычым частка работ у гэтым кірунку праводзіцца па прапановах арганізацый ЖКГ, а частка — па прапановах, накіраваных у цэнтр грамадзянамі.

Штогод у службу «115» паступае каля 4,6 млн званкоў, а на партале рэгіструецца каля 300 тысяч заяў. Найбольш актуальныя пытанні ад насельніцтва датычацца відаў работ: цепла- і электразабеспячэння, санітарнага стану і добраўпарадкавання тэрыторыі, водазабеспячэння, капрамонту.

Заўважу, што створаная сёння ў ЖКГ сістэма зваротнай сувязі са спажыўцом уяўляе сабой не толькі прыём заяў ад насельніцтва і перадачу іх выканаўцам. Кантралюецца якасць выканання работ, аналізуюцца звароты, грамадзяне атрымліваюць кансультацыі па розных пытаннях, а меркаванне жыхароў улічваецца пры планаванні работ. Такім чынам мы аналізуем, выяўляем праблемныя моманты, спрашчаем атрыманне паслуг.

Якасць выкананых работ пасля заяўкі на кароткі нумар 115 пацвярджаецца шляхам тэлефоннага абзвону спажыўцоў, якія пакідалі заяўку. Калі чалавек не пацвердзіў факт выканання або ў яго ёсць заўвагі па якасці праведзеных работ, заявы накіроўваюцца на дапрацоўку.

Мы дакладна ўсведамляем неабходнасць недапушчэння фармальнага стаўлення да праблем грамадзян. У рабоце структур ЖКГ прымаюцца адпаведныя меры па мінімізацыі фармалізму. Каб пазбегнуць валакіты пры рэагаванні на заявы спажыўцоў, устаноўлены жорсткі кантроль за тэрмінам выканання заяў і прэтэнзій жыхароў, вызначана персанальная адказнасць кіраўнікоў і органаў выканаўчай улады за парушэнне заканадаўства ў сферы ЖКГ.

У доўгатэрміновых планах развіцця — прывязаць да сістэмы інфармацыю кадастра сетак і жыллёвага фонду, каб пры аварыі вызначаць пералік патэнцыяльных грамадзян, якіх можа закрануць гэтае здарэнне, і накіроўваць ім адпаведныя паведамленні. Разглядаюцца таксама тэхналогіі штучнага інтэлекту і праграмныя прадукты на іх базе для стварэння рабатызаванага дыспетчара на тэлефонную лінію.

Умовы і выгоды раздзельнага збору смецця

— Дзяржава і міністэрства зацікаўленыя ў зніжэнні аб'ёмаў утварэння ў краіне цвёрдых камунальных адходаў і павелічэнні вымання з іх складу карысных фракцый. Ці будуць прапанаваны нейкія стымулы для раздзельнага збору смецця? Напрыклад, дазволіць жыхарам аплачваць частку камунальных паслуг не грашыма, а другаснай сыравінай: макулатурай і шклатарай, як гэта практыкуецца ў Чачэрскім раёне. Наколькі рэальна і ці неабходна рэалізоўваць падобны вопыт у Мінску і іншых абласцях Беларусі? Пры станоўчым рашэнні, ці будзе лімітавацца аб'ём сумы аплаты «камуналкі» праз другасныя рэсурсы?

— Дзяржаўная палітыка ў сферы абыходжання з адходамі грунтуецца на прынцыпе, што выкарыстанне адходаў знаходзіцца ў прыярытэце перад іх захаваннем на звалках. У Беларусі створаны ўмовы і інфраструктура для збору, вывазу і размяшчэння камунальных адходаў, якія забяспечваюць высокі ўзровень санітарнага стану населеных пунктаў. Другасныя матэрыяльныя рэсурсы (ДМР), якія ў нас вымаюцца з адходаў, накіроўваюцца на перапрацоўку, вяртаюцца ў якасці сыравіны ў эканоміку краіны. Гэта дазваляе пастаянна скарачаць долю адходаў, якія захоўваюцца на смеццевых палігонах.

Патэнцыял галіны другаснай перапрацоўкі вялікі і, галоўнае, у нас ёсць дакладнае разуменне на дзяржаўным узроўні, куды і як рухацца. Ёсць профільнае заканадаўства, Нацыянальная стратэгія і дзяржпраграма. З 2012-га ўведзена пашыраная адказнасць вытворцаў і імпарцёраў, згодна з якой яны павінны несці адказнасць за абыходжанне з адходамі, якія ствараюцца пасля таго, як вырабленыя і ўвезеныя тавары скончаць сваю службу.

Пра вынікі работы можна меркаваць па лічбах. З 2012 года аб'ёмы збору ДМР павялічыліся ўдвая. У 2021-м было сабрана 790,6 тысячы тон другаснай сыравіны, а ўзровень выкарыстання камунальных адходаў склаў 31,1 %, што ўтрая больш, чым дзевяць гадоў таму. Плануецца дасягнуць 64 % выкарыстання камунальных адходаў да 2025-га, і 90 % — да 2035-га.

Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з ЦКА і ДМР у Беларусі на перыяд да 2035 года пастаўлена задача ўдасканаліць сістэму, павялічыць узровень перапрацоўкі і выкарыстання адходаў. Мэтавыя паказчыкі і мерапрыемствы ў гэтай сферы вызначаны ў Дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гг. (падпраграма 6 «Мэта 99»).

Адпаведна з Нацыянальнай стратэгіяй у краіне рэалізоўваюцца мерапрыемствы, скіраваныя на ўдасканаленне існуючай у Беларусі сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Базавы напрамак тут — развіццё інфраструктуры, удасканаленне лагістыкі і раздзельнага збору адходаў: мадэрнізацыя транспартнага парка, кантэйнернай гаспадаркі, інфраструктуры збору (кантэйнерныя пляцоўкі, смеццеправоды). За апошнюю пяцігодку на гэтыя мэты было накіравана больш за 75,3 млн рублёў.

Яшчэ адзін напрамак — мадэрнізацыя сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі на аснове пераходу ад раённай сістэмы кіравання адходамі на рэгіянальны ўзровень са стварэннем 30 буйных комплексных аб’ектаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА, якія будуць абслугоўваць па тры-шэсць раёнаў. Летась такія рэгіянальныя комплексы будаваліся ў Баранавічах, Оршы, Бабруйску, а да 2025-га яны павінны запрацаваць у Ваўкавыску і Мінску.

Яшчэ два перспектыўныя кірункі выкарыстання камунальных адходаў: энергетычнае (вытворчасць RDF-паліва для цэментнай прамысловасці) і кампасціраванне арганічнай часткі адходаў (рэшткаў ежы і раслін).

Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з ЦКА і ДМР у Беларусі на перыяд да 2035 года пастаўлена задача ўдасканаліць сістэму, павялічыць узровень пера- працоўкі і выкарыстання адходаў. Мэтавыя паказчыкі і мерапрыемствы ў дадзенай сферы вызначаны ў Дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 гг. (падпраграма 6 «Мэта 99»).

Што датычыцца другой часткі вашага пытання адносна стымулаў для людзей, то гэта сапраўды важны аспект. Мы лічым, што паспяхова заахвоціць чалавека раздзельным зборам адходаў можна, выканаўшы тры ўмовы. Па-першае, неабходна стварыць жыхарам інфраструктуру (гэта і кантэйнеры, і своечасовы вываз смецця, і зручны графік работы прыёмных пунктаў другаснай сыравіны). Па-другое, важна, каб жыхары былі забяспечаны поўнай інфармацыяй: як правільна збіраць і сартаваць адходы (такая работа вядзецца ў межах доўгатэрміновай рэспубліканскай праграмы «Мэта 99»). Па-трэцяе, асабістая матывацыя кожнага. Безумоўна, яна адрозніваецца. Хтосьці сартуе адходы дома, таму што яму важна жыць у чыстым наваколлі, берагчы нашу ўнікальную прыроду і рэсурсы. Камусьці важны матэрыяльны момант — здаваць другасныя рэсурсы за грошы на прыёмна нарыхтоўчыя пункты. Згаданы вамі вопыт Чачэрскага раёна ў выпадку ініцыятывы на месцах таксама можа атрымаць развіццё ў краіне.

— Ці з'явяцца ў нашай краіне гарболагі і як гэта скажацца на сістэме збору смецця?

— Калі разглядаць гарбалогію як асобны кірунак экалогіі, які вывучае адходы, іх уздзеянне на наваколле, найбольш бяспечныя спосабы ўтылізацыі і перапрацоўкі, то, безумоўна, гэта важная і запатрабаваная сфера. Мы бачым, што сёння высокая патрэба ў спецыялістах, якія маглі б працаваць непасрэдна з прадпрыемствамі, насельніцтвам, таварыствамі ўласнікаў, садовымі таварыствамі ў якасці кансультанта, дапамагаючы будаваць найбольш эканамічна выгадныя і экалагічна бяспечныя схемы абыходжання са смеццем. Сістэмны аналіз галіны, навуковыя даследаванні ў галіне абыходжання з адходамі ажыццяўляе Інстытут жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі.

Пераразлік за паслугі і недаплаты

— Што рабіць, каб пазбавіцца ад «хвастоў» доўгу і пені за камунальныя паслугі, калі чалавек іх ужо аплаціў? Сумы ў некалькі капеек пераходзяць з жыроўкі ў жыроўку месяцамі, а жыхары могуць нават не заўважаць гэтага. Куды ў выніку ідуць гэтыя сумы?

— Найперш хачу нагадаць: каб не ўзнікала так званых хвастоў, у кожнага з нас ёсць абавязак да 25 чысла аплаціць спажытыя ў мінулым месяцы паслугі. Разам з тым, калі грамадзяне раней несвоечасова або не ў поўным аб'ёме аплачвалі паслугі, то можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой сума «да аплаты» будзе роўная суме «налічэнняў», аднак пры гэтым у паведамленні таксама адлюстроўваецца сума пені і сума «пераплаты», роўная такой пені. Прыведзеная сітуацыя звязаная з пэўнымі тэхналагічнымі алгарытмамі праграмы, якія рэалізоўваюцца пры налічэнні, напрыклад, пераразлікаў, што прыводзяць да пераплат па некаторых паслугах. Цяпер вядзецца актыўная распрацоўка так званай сістэмы ўліку пераплат, укараненне якой дазволіць у далейшым пазбегнуць абазначаныя выпадкі. У той жа час заўжды можна звярнуцца па тлумачэнні аб прычынах узнікнення ў жыроўках сум пені ў разліковую арганізацыю, дзе налічваюцца сумы за паслугі.

— Ці будзе і надалей працаваць сістэма пераразліку аплаты за камунальныя паслугі, калі тэмпература вады ў батарэі ці градус у кватэры не адпавядаюць вызначаным законам параметрам або якасць вады нізкая? Як жыхару даказаць, што ён неда- атрымлівае цяпло ці якасць, бо многія моманты можна растлумачыць рамонтнымі работамі на камунікацыях або тым, што будынак мае патрэбу ў капрамонце?

— Безумоўна, абарона правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг у выпадку іх неаказання, за выключэннем некаторых планавых перарываў, або аказання паслуг з недахопамі — адзін з асноўных прыярытэтаў, якія паўстаюць перад ЖКГ.

Галоўнае, што трэба памятаць жыхарам, — калі кампаслугі не аказаны без аб'ектыўных прычын ці аказаны неналежным чынам (напрыклад, тэмпература паветра ў пакоях ніжэйшая за 18 °С), неабходна неадкладна паведаміць пра гэта ў любой зручнай форме: пісьмова, па электроннай пошце ці вусна па тэлефоне пастаўшчыку паслугі альбо ў аварыйна-дыспетчарскую службу. Менавіта для такіх мэт, дарэчы, найперш і стваралася служба «115». У далейшым, калі будзе пацверджаны факт няякаснага аказання пэўнай паслугі, то-бок складзены адпаведны прэтэнзійны акт, спажыўцу зробяць пераразлік платы за камунальную паслугу або бязвыплатна прыбяруць указаныя недахопы, калі гэта магчыма тэхнічна. Калі ж выканаўца паслугі даў матываваную адмову ў задавальненні прэтэнзіі, спажывец мае права звярнуцца па незалежную праверку (экспертызу) сваіх патрабаванняў ці ў суд для адпаведнага разбору.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».