Вы тут

Рунец: Важна бачыць увесь зрэз запытаў жыхароў краіны


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец праводзіла прыём у адміністрацыі Партызанскага раёна. Пытанні, з якімі звярнуліся да сенатара, тычыліся самых розных сфер: ад якасці капітальнага рамонту дома да вяртання сродкаў прыватным інвестарам пасля ліквідацыі прадпрыемства. Акрамя грамадзян, на прыёме прысутнічалі і прадстаўнікі юрыдычных асоб, на чый адрас гучалі скаргі.


Жыхарка Брэста ўзяла крэдыт у «Белаграпрамбанку» ў 2008 годзе на набыццё кватэры і своечасова аплачвала выстаўленыя плацяжы. Летась, калі яна звярнулася ў банк, каб датэрмінова пагасіць адразу палову доўга, высветлілася, што ў 2011-м годзе адбылася тэхнічная памылка, і з гэтага часу штомесячны плацеж налічваўся няправільна — у меншым памеры. З таго часу заяўніцы кожны месяц дадаткова налічваюць гэту недаплату. Жанчына скардзілася, што банк не жадае прызнаваць памылку.

Прадстаўнікі ўстановы адзначылі, што банк недаатрымаў 11 тысяч долараў, і гэту суму заяўніцы падзялілі роўнымі часткамі да 2028 года — па 90 долараў на месяц — замест усёй сумы адразу. Акрамя таго, банк увесь час ішоў насустрач заяўніцы, у прыватнасці, зніжаў крэдытную нагрузку шляхам адтэрміноўкі платы працэнтаў цягам 10 гадоў.

Таццяна Рунец падкрэсліла, што банк мусіць прызнаць сваю памылку і папрасіла яго супрацоўнікаў узяць сітуацыю на кантроль і скласці графік плацяжоў па крэдыце.

Шматдзетная мінчанка звярнулася на прыём да сенатара з пытаннем аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу. У 2012 годзе сям'я ўзяла крэдыт на жыллё, а ў 2020-м стала шматдзетнай. Заяўніца хацела б пагасіць крэдыт сямейным капіталам.

Як растлумачыла Таццяна Рунец, законных падстаў для гэтага няма: крэдыт і кватэра былі атрыманы, калі сям'я не была шматдзетнай — у 2012-м. А права на сямейны капітал сям'я атрымала ў 2020 годзе. Гэтыя сродкі даюцца менавіта на трэцяе дзіця, і іх датэрміновае выкарыстанне на пагашэнне старых запазычанасцяў не прадугледжана. Калі б сям'я набывала ці будавала кватэру пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, скарыстаць гэтыя сродкі можна было б. Сямейны капітал можна будзе патраціць і пазней, калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў — на навучанне ці медыцынскія паслугі.

Яшчэ адзін заяўнік — прадстаўнік кампаніі, якая мае намер інвеставаць сродкі ў рэканструкцыю шматфункцыянальнага будынка па вуліцы Маякоўскага ў Мінску. Для рэалізацыі гэтага праекта — будаўніцтва мыйкі самаабслугоўвання — да ўчастка, які ўжо маецца ва ўласнасці, трэба далучыць яшчэ 13 сотак.

Старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Вольга Верамей, якая прысутнічала на сустрэчы, растлумачыла, што зварот заяўніка будзе разгледжаны ў Мінгарвыканкаме, і паведаміла пра варыянты вырашэння сітуацыі. Таццяна Рунец распарадзілася падысці да пытання з усёй дбайнасцю і ў адпаведнасці з заканадаўствам разгледзець магчымасці ўлічыць інтарэсы кампаніі, якая інвестуе ў развіццё горада.

Пытанне, якое датычыцца многіх жыхароў краіны, узняла ўладальніца дачнага ўчастка, якая прыйшла на прыём. Яе садовае таварыства размешчана пад Лагойскам. Блізкасць ад Мінска і капітальныя камфортныя дамы дазваляюць многім дачнікам пражываць у таварыстве цэлы год. Развітая інфраструктура ў пасёлку ёсць, але ўладальнікаў турбуюць высокія тарыфы на электраэнергію. Жанчына прывяла ў прыклад жыхароў суседняй вёскі, дзе плата за электразабеспячэнне істотна ніжэйшая.

Як адзначыла Таццяна Рунец, у Мінску і ў іншых рэгіёнах краіны жыхары часта звяртаюцца з пытаннямі зніжэння тарыфаў на электраэнергію ў садовых таварыствах.

— Сёння разглядаецца праект адпаведнага ўказа. Мы яшчэ раз звернем увагу Міністэрства энергетыкі на пажаданне членаў садовых таварыстваў, даручым дэталёва разабрацца ў пытанні, — удакладніла яна.

Яшчэ адна актуальная праблема — незадаволенасць якасцю капітальнага рамонту дома. З ёй звярнулася жыхарка дома № 9 па вуліцы Карбышава. На сустрэчы прысутнічаў і галоўны інжынер ЖКГ Першамайскага раёна. Аргументы і тлумачэнні абодвух бакоў дапамаглі выявіць болевыя месцы праблемы, выпрацаваць алгарытм дзеянняў, які задавальняе і жыхароў дома, і жыллёва-камунальныя службы.

— Тэма ЖКГ актуальная на любых прыёмах грамадзян, — адзначыла Таццяна Рунец. — Усё, што тычыцца капрамонту будынкаў, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, сквераў, паркаў, рамонту дарог і пешаходных сувязяў, хвалюе жыхароў не толькі Мінска, але і ўсёй краіны. Зразумела, вырашэнне ўсіх пытанняў павінна знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Скаргі, якія ўзнікаюць, сведчаць аб тым, што ўлада на месцах часам не дапрацоўвае.

Гаворачы аб выніках выязнога прыёму, Таццяна Рунец адзначыла плённасць такой формы работы з выбаршчыкамі.

— Людзі прыходзяць на прыём не з нейкімі імгненнымі адцягненымі або надуманымі пытаннямі. Яны гавораць пра самае для іх важнае, імкнуцца атрымаць адказ на месцы. Беларусь пазіцыянуе сябе як сацыяльна арыентаваная дзяржава, і, прыходзячы на прыём, людзі бачаць, што яно так і ёсць. Іх пажаданне або праблема пачуты, узяты на кантроль, значыць, будуць вырашаны. У сваю чаргу для нас не менш важна бачыць увесь зрэз запытаў грамадзян краіны, ведаць, што сёння найбольш актуальна, каб прымяняць сацыяльныя пасылы грамадства ў заканадаўчай дзейнасці, — падкрэсліла яна.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.