Вы тут

Больш за мільён малых былі ахоплены акцыяй «Нашы дзеці»


Днямі завяршылася дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У ёй узялі ўдзел больш за 20 тысяч юных беларусаў, усяго ж мерапрыемствамі акцыі па краіне было ахоплена больш чым мільён дзяцей. Прычым сёлета да яе далучыліся дзеці з Данбаса, Расіі, Літвы і Латвіі. Каля 55 тысяч рублёў сабрана падчас акцыі на рахунку Беларускага дзіцячага фонду, сродкі будуць накіраваны на набыццё абсталявання для дзяцей з аўтызмам.


Фота: БелТА.

Традыцыйна ў акцыі ўдзельнічалі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі рэспубліканскіх, абласных, раённых органаў дзяржкіравання, старшыні канцэрнаў, банкаў, найбуйнейшых рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў. На працягу апошніх гадоў склаліся традыцыі замацавання шэфскіх адносін паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі і дзіцячымі ўстановамі. І ўжо каля 130 арганізацый узялі апеку над дзецьмі і наведваюць іх з розных нагод: падчас Міжнароднага дня абароны дзяцей, падрыхтоўкі да новага навучальнага года, Дня інвалідаў і інш.

Сёлета традыцыйна партнёрам акцыі выступіў Беларускі дзіцячы фонд. На яго спецыяльныя рахункі пералічыць грошы маглі ўсе ахвотныя — грамадзяне і прыватныя арганізацыі. У выніку паступіла больш за 54 тысячы рублёў — гэта сума перавышае мінулагоднюю. У найбліжэйшы час рахункі будуць закрыты, а на сабраныя сродкі закупяць абсталяванне для дыягностыкі і лячэння дзяцей, хворых на аўтызм.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, у кожным рэгіёне былі арганізаваны свае мерапрыемствы, якія дазваляюць зрабіць акцыю разнастайнай і адрозніваюць яе ад папярэдніх.

Галоўнай падзеяй традыцыйна стала дабрачыннае прадстаўленне «Сузор'е зубра» — навагодняе дзіцячае свята з удзелам Кіраўніка дзяржавы, якое адбылося 29 снежня 2022 года ў Палацы Рэспублікі. У мерапрыемстве акрамя беларускіх дзяцей, якія традыцыйна прыязджаюць з усіх рэгіёнаў у Мінск, узялі ўдзел 48 дзяцей з Лісічанска, якія знаходзіліся ў гэты час на аздараўленні ў Наваполацку.

— Акцыя выходзіць за межы нашай краіны. У ёй прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі з Данбаса, якія былі запрошаны ў нашу краіну дабрачынным фондам імя Аляксея Талая. Таксама ў святочных мерапрыемствах ўдзельнічалі дзеці з Расіі, Латвіі і Літвы. Яны прыехалі ў Беларусь па запрашэнні пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў, — расказала Алена Сімакова.

Акрамя мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі, акцыя «Нашы дзеці» традыцыйна ўключала некалькі прадстаўленняў у сталічным Палацы Незалежнасці. Сёлета яны прайшлі 4, 5 і 6 студзеня 2023 года. Былі запрошаны дэлегацыі дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны. Акцэнт — на малых з прыёмных, апякунскіх і малазабяспечаных сем'яў. Усе мерапрыемствы арганізаваны пры падтрымцы Мінгарвыканкама.

Плённа прайшлі мерапрыемствы акцыі ў рэгіёнах. У Мінскай вобласці галоўнае свята было арганізавана ў Жодзіне, куды запрасілі дзяцей з усіх раёнаў вобласці. Толькі на Міншчыне сабрана з розных крыніц больш за мільён рублёў.

— Гэта і бюджэтныя сродкі, якія найперш пайшлі на набыццё падарункаў і арганізацыю святочных мерапрыемстваў, і небюджэтныя, якія сталі спонсарскай дапамогай арганізацыям і ўстановам, што выхоўваюць дзяцей, — дадала Алена Сімакова.

У Гродзенскай вобласці цэнтральнай падзеяй стала навагодняе свята з удзелам кіраўніка аблвыканкама, а моладзь сабраў навагодні баль у стылі «Карнавальнай ночы». Усе 26 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў рэгіёне былі ахоплены мерапрыемствамі акцыі «Нашы дзеці», ім была аказана дапамога на суму звыш 55 тысяч рублёў.

Як адзначыла Алена Сімакова, калі параўноўваць сённяшнюю акцыю «Нашы дзеці» з яе пачатковымі мерапрыемствамі ў сярэдзіне 1990-х, то адрозніваюцца і ўдзельнікі, і маштаб.

— У 1995 годзе атрымальнікамі дапамогі былі інтэрнатныя ўстановы, і тады іх было каля 50. Толькі іх спіс займаў амаль увесь графік акцыі. Сёння дзіцячых інтэрнатаў засталося ўсяго 12, і гэта не асноўны акцэнт, які робіцца падчас акцыі. Сёння дапамогу і клопат атрымліваюць дзясяткі тысяч самых розных дзяцей.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.