Вы тут

Адна прафесія на дваіх. Для Мікіты і Марыны Уколавых Дзень ратавальніка стаў яшчэ і сямейным святам


Для тых, хто захапляецца пажарна-выратавальным спортам, хто такі Мікіта Уколаў тлумачыць не трэба. Ён кумір хлопчыкаў і дзяўчынак, якія мараць звязаць сябе з высакароднай прафесіяй ратавальніка. За 14 апошніх гадоў ён неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце. Ён устанавіў рэкорд Рэспублікі Беларусь у дысцыпліне «Уздым па штурмавой лесвіцы на 4-ы  паверх вучэбнай вежы» ў памяшканнях. 12,7 секунды — менавіта столькі яму трэба, каб узляцець з лесвіцай на чацвёрты паверх. У Беларусі няма яму роўных па хуткасці. Яго мэта пабіць сусветны рэкорд — 12,56 секунды, які застаецца пастаянным ужо на працягу 11 гадоў. Летась Прэзідэнт уручыў яму пасведчанне заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь.


Абаяльная ўсмешка Мікіты Уколава, напэўна, многім дзяўчатам разбіла сэрца. Але сэрца маладога чалавека цалкам аддадзена яго паплечніцы па службе Марыне. Так склалася, што менавіта прафесія звяла прыгажуню з Брэсцкай вобласці і спартыўнага магіляўчаніна.

— Я тады працавала ў цэнтры арганізацыі спартыўна-масавай работы, рыхтавала дакументы спартсменаў перад чэмпіянатам свету па пажарна-выратавальным спорце, — успамінае Марына дзень іх першага знаёмства. — Трэба было ўдакладніць некаторыя дадзеныя кандыдатаў на паездку. Але Мікіта затрымаўся каля мяне болей, чым астатнія. Прычым задаваў мне больш пытанняў, чым я яму. Потым стаў часта прыходзіць у госці. Мы пачалі сустракацца, а праз два гады ён зрабіў мне прапанову стаць яго спадарожніцай жыцця. Прычым вельмі прыгожа і рамантычна — на беразе Міжземнага мора. Вядома, як і любая дзяўчына, я марыла пра сям'ю, пра тое, што каханы зробіць мне прапанову. Але ўсё роўна атрымалася нечакана. Было вельмі кранальна і рамантычна, у гэты момант я была неверагодна шчаслівая, бо самы выдатны чалавек на свеце абраў менавіта мяне.

Вядома, жыццё не казка, кожнага яно выпрабоўвае на трываласць. Але і Мікіта, і Марына байцы па характары. Ён інжынер сувязі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва і калег у яго атрымліваецца сумяшчаць работу і трэніроўкі. Бо жаданне пабіць сусветны рэкорд па ўздыме з драбінамі на чацвёрты паверх — яго мара.

Марына ставіцца да планаў мужа з разуменнем. Бо сама ўпарта ішла да мэты стаць афіцэрам пажарнай службы. Калі пры паступленні не хапіла балаў, вырашыла вучыцца платна. Але хутка яе перавялі на бюджэт. Яна даказала і сабе, і ўсім астатнім, што правільна зрабіла свой выбар. Курсантка ваенна-інжынернага інстытута з першых дзён вучобы заваявала аўтарытэт сярод выкладчыкаў і будучых калег. На другім курсе вышэйшая ўстанова вылучыла яе на ўдзел у конкурсе «Студэнт года — 2015». Марына ўвайшла ў пяцёрку лепшых студэнтаў Беларусі. Падчас вучобы ў ВНУ дзяўчына добра праявіла сябе ў грамадскай дзейнасці. Пэўны час прадстаўляла інтарэсы таварышаў па вучобе ў Маладзёжным парламенце пры Мінскім гарсавеце дэпутатаў. Была сакратаром універсітэцкай пярвічкі БРСМ. За час навучання дзяўчына неаднаразова станавілася пераможцам алімпіяд па розных дысцыплінах, прымала ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, урачыстых і спартыўных мерапрыемствах.

Першым месцам яе работы стаў цэнтр арганізацыі спартыўна-масавай работы Дзяржаўнай пажарнай аварыйна-выратавальнай установы «Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння» МНС Рэспублікі Беларусь. Там яна і пазнаёмілася з Мікітам. А калі яны вырашылі звязаць свае жыцці, рашуча памяняла сталіцу на абласны цэнтр.

— Мы нават не разглядалі варыянт жыцця па розных гарадах. Я, зразумела, вельмі люблю родны Пінск, але для мужа як для прафесійнага спартсмена там няма магчымасці трэніравацца. Родны горад Мікіты мне вельмі спадабаўся, дзякуючы мужу вельмі хутка да яго прывыкла. А яшчэ мне вельмі пашчасціла — трапіла ў выдатны калектыў цэнтра бяспекі жыццядзейнасці, які мяне добразычліва прыняў.

Зараз Марына больш увагі прысвячае сям'і, знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і даглядае пяцімесячнага Арсенія. Мікіта аказаўся не толькі таленавітым спартсменам і пяшчотным мужам, але і выдатным бацькам. Ён робіць спецыяльную гімнастыку з маленькім сынам, дапамагае жонцы купаць яго. Маладая маці заўсёды можа разлічваць на моцнае плячо мужа. Калі трэба, ён і ноччу да малога ўстане, і накорміць.

— Мікіта вельмі добры, надзейны, у яго ідэальнае пачуццё гумару, — характарызуе жонка мужа.

Першы час яна хвалявалася, калі ён выступаў на спаборніцтвах, але хутка зразумела, што Мікіта — прафесіянал і спраўляецца са сваёй задачай па-майстэрску. Ды і прафесія абавязвае быць упэўненым.

— Я вельмі ганаруся ім, — кажа суразмоўніца. — Ведаю, што ён даб'ецца шмат чаго ў жыцці, і ўсе галоўныя яго перамогі яшчэ наперадзе.

— Для мяне Марына з'яўляецца велізарным стымулам, — прызнаецца Мікіта. — Яна часта прысутнічае на рэспубліканскіх спаборніцтвах у якасці суддзі-інфарматара. Я заўсёды бачу, як яна перажывае за мяне, падтрымлівае, і гэта прымушае мяне рабіць сваю справу яшчэ лепш.

У вольны час муж і жонка аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку: гуляюць па горадзе, ходзяць у басейн, на батуты, у кіно, ездзяць да родных Марыны ў Пінск.

— У нас грандыёзныя планы на будучыню, — дзеляцца сужэнцы. — Марым аб сваім утульным жыллі, у якім будзе гучаць дзіцячы смех і брэх сабакі. Пакуль жывём у арэндным.

Ці стане Арсеній прадаўжальнікам сямейнай прафесіі, яшчэ невядома. Хоць, як прызналася Марына, Мікіта яго ўжо рыхтуе да будучых стартаў. Быць ратавальнікам ганарова і адказна. Бо нічога няма больш высакароднага, як ратаваць жыцці людзей.


Старшы інспектар Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых:

— Штогод у Магілёўскай вобласці адбываецца больш за 700 надзвычайных сітуацый, гіне каля 100 чалавек. І кожнае выратаванае жыццё — гэта вялікая перамога. Нашы супрацоўнікі робяць усё для таго, каб мір і спакой былі ў кожнай сям'і, каб былі жывыя родныя і захаваўся дах над галавой. За 2022 год на тэрыторыі Магілёўшчыны пры надзвычайных сітуацыях, пажарах, аварыях і катастрофах быў выратаваны 131 чалавек, больш за 45 жывёлін, адваяваныя ў стыхіі 298 будынкаў, 62 адзінкі тэхнікі. У параўнанні з 2021 годам пажараў на Магілёўшчыне паменшылася на 8 працэнтаў, а колькасць загінулых скарацілася на 25 працэнтаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва абласнога ўпраўлення МНС і сям'і Уколавых

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.