Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы адназначна выстаім


Ад узаемнага гандлю да супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай сферы абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў падчас рабочай сустрэчы. Кіраўнік расійскага МЗС 18-19 студзеня знаходзіўся ў Беларусі з рабочым візітам. Нагодай для яго стала пасяджэнне сумесных калегій Міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі, якое традыцыйна праходзіць кожны год, каб зверыць гадзіннікі і абмеркаваць актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай дзейнасці. Папярэдняе пасяджэнне калегій адбылося 10 лістапада 2021 года ў Маскве. Чарговае пасяджэнне было запланавана на 27-28 лістапада 2022 году ў Мінску, але яно было перанесена ў сувязі са смерцю Уладзіміра Макея. 


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанні, якія яму трэба абмеркаваць з Сяргеем Лаўровым, не абмяжоўваюцца пытаннямі, вынесенымі на парадак дня пасяджэння калегій двух міністэрстваў. «Вы ведаеце маё стаўленне да вас, я ніколі нічога не хаваю ад вас. Гэта вельмі важна», — адзначыў ён. Некаторыя актуальныя пытанні Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Лаўроў абмеркавалі тэт-а-тэт. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэта абсалютна не значыць, што нешта хаваецца, проста некаторыя пытанні знаходзяцца па-за рамкамі афіцыйных мерапрыемстваў.

«Мы год закончылі. У курсе, прытым вельмі добра азнаёмлены, вынікаў года ў Расіі. Прыкладна такія ж вынікі года і ў нас. Вельмі добра, што мы ў гандлёва-эканамічных адносінах з Расійскай Федэрацыяй выйшлі на баланс гандлю. Нават крыху вышэйшае сальда на карысць Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што тыя спробы задушыць Расію і Беларусь, фактычна праваліліся. Мы адназначна выстаім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, у мінулым 2022 цяжкім годзе краіны вызначылі напрамкі, па якіх павінны рухацца, каб ва ўсіх адносінах захаваць свой суверэнітэт. 

«Вельмі актыўна рухаемся наперад у эканоміцы па імпартазамяшчэнні. Мы з Прэзідэнтам Пуціным пачынаем з гэтага практычна любую сустрэчу. Эканоміка — падмурак, калі будзе ўсё нармальна ў нас у эканоміцы, ўсе астатнія пытанні мы вырашым», — сказаў беларусі лідар. 

Што тычыцца адносін Міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо даўно лічыць іх узорнымі. Ён заўважыў, што калі б усе ведамствы так супрацоўнічалі, як МЗС, то не было ніякіх праблемных пытанняў. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэмы спецыяльнай ваеннай аперацыі, якую Расійская Федэрацыя праводзіць ва Украіне. «Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расіі (для нас — для Расіі і Беларусі) у гэты няпросты перыяд, мы робім. Слухаў вашу прэс-канферэнцыю (прэс-канферэнцыя Сяргея Лаўрова па выніках дзейнасці расійскай дыпламатыі ў 2022 годзе — 18.01.2023 — Зв.), вашыя заявы напярэдадні. Абсалютна іх падтрымліваю. І пры любых кантактах, якія ў нас здараюцца з Захадам ці з іншымі, мы заўсёды кажам, што Расія ніколі не была супраць міру. Калі ласка, давайце будзем дамаўляцца, мы гатовы ў гэтым удзельнічаць. Вы ў гэтым, Сяргей Віктаравіч, не павінны сумнявацца. Калі нешта трэба, мы з нашага боку нешта можам і павінны зрабіць, (вы добра ведаеце, што мы можам зрабіць), скажыце прама, мы будзем працаваць разам рука ў руку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння бяспека для Беларусі, не толькі для Расіі — яшчэ больш важная, чым была раней. Па яго словах, сёння Захад спрабуе выкарыстаць Украіну супраць Беларусі. «Але, што мяне ўражвае і прыемна здзіўляе, — Украіна пакуль трымаецца, яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хаця яе актыўна падштурхоўваюць нашы заходнія суседзі. Даводзіцца вытрымаць гэты час. Але тое, што мы вытрымаем, мінулы 2022-і паказаў. Тут мы з вамі аднолькавай пазіцыі прытрымліваемся. Словам, ёсць аб чым пагаварыць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Пасяджэнне дзвюх калегій як ніколі своечасовае

Сяргей Лаўроў перадаў прывітанне Аляксандру Лукашэнку ад яго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе Прэзідэнты дзвюх краін акрамя тэлефонных кантактаў, 10 разоў сустракаліся асабіста. «Так, што нам на ўзроўні кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў не дагнаць вас, але так і павінна быць», — адзначыў ён.

«Сёлета яшчэ больш будзем сустракацца». — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. 

Міністр замежных спраў Расіі падкрэсліў, што пасяджэнне дзвюх калегій як ніколі своечасовае. Па яго словах пытанні, вынесеныя на парадак дня, тычацца таго становішча, якое склалася ў выніку лініі заходніх калег на татальнае дамінаванне на чале з амерыканцамі, якія ўсіх астатніх пастроілі. «Гэта назіраецца ў пазіцыі і НАТА, і Еўрасаюза, і Савет Еўропы ўжо пайшоў па гэтым шляху. Шмат праблем распальваецца ў АБСЕ. Гэта адны з галоўных пытанняў на парадку дня нароўні з супрацоўніцтвам у міжнародных арганізацыях, дзе нам важна не дапусціць прыватызацыі сакратарыятаў, гэта таксама Захад спрабуе зрабіць. І асабліва важна каардынаваць нашыя дзеянні на так званым праваабарончым полі — Савет ААН па правах чалавека, іншыя механізмы, дзе Захад спрабуе палітызаваць дыскусіі, якія павінны ісці на аснове нормаў міжнароднага гуманітарнага права», — сказаў Сяргей Лаўроў. Што тычыцца спецыяльнай ваеннай аперацыі, па яго словах, расійскім бокам разам з беларускімі саюзнікамі і сябрамі прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб засцерагчы сябе ад магчымых намераў заходніх суседзяў. 

«Мы бачым, як на поўначы Еўропы, якая была шмат у чым нейтральнай тэрыторыяй, зараз уладкоўваецца НАТА. Фінляндыя, Швецыя — усё гэта вельмі блізка ад нашых межаў. І цалкам з вамі згодны, што тыя дамоўленасці, якія два прэзідэнты дасягаюць у сферы нашага ваенна-тэхнічнага, ваеннага, абарончага супрацоўніцтва, вельмі своечасовыя з пункту гледжання гатоўнасці да любога развіцця падзей. Мы як гаворыцца, людзі мірныя, але наш бронецягнік стаіць наш там, дзе яму належыць», — рэзюмаваў Сяргей Лаўроў.

У нас адзіная пазіцыя

Сяргей Лаўроў расказаў журналістам, што падчас рабочай сустрэчы Прэзідэнту Беларусі далажылі аб рабоце міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін па правядзенні ў жыццё знешнепалітычных аспектаў умацавання Саюзнай дзяржавы. «У нас існуе практыка прыняцця двухгадовых праграм па ўзгодненых знешнепалітычных дзеяннях на міжнароднай арэне. Гэтай практыцы ўжо больш за 20 гадоў. Цяпер рэалізуецца праграма на 2022-2023 гады, мы рыхтуем чарговы дакумент для зацвярджэння Вышэйшым Дзяржаўным саветам на наступныя два гады», — сказаў ён. 

У рамках рэалізацыі гэтых сумесных дзеянняў на знешнепалітычнай арэне рэгулярна штогод праводзіцца сумеснае пасяджэнне калегій двух міністэрстваў замежных спраў. Міністр замежных спраў Расіі адзначыў, што парадак дня чарговага пасяджэння ў Мінску сканцэнтраваны на выпрацоўцы дадатковых крокаў па рэалізацыі скаардынаванай лініі адносна дзеянняў такіх структур, як НАТА, Еўрапейскі Саюз, якія спрабуюць падцягваць да гэтых варожых дзеянняў супраць нашых краін, супраць Саюзнай дзяржавы і іншыя структуры, уключаючы і Савет Еўропы, і АБСЕ, 

Акрамя гэтага, Прэзідэнту далажылі, як знешнепалітычныя ведамствы ўключаюцца ў работу па рэалізацыі 28 саюзных праграм. Усё ідзе па графіку і адначасова рыхтуецца новы план дзеянняў па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы, рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве на перыяд з 2024 па 2026 год.

«Вядома, мы абмяняліся меркаваннямі аб тым, як развіваецца знешняя сітуацыя вакол падзей ва Украіне ў рамках правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі. У нас тут адзіная пазіцыя ў тым, якіх мэт трэба дасягаць і як трэба дабівацца таго, каб ні ў дачыненні да Расіі, ні ў дачыненні да Беларусі ад нашых суседзяў, ці ад Украіны, ці ад некага яшчэ, не зыходзілі пагрозы. Усё, што неабходна рабіць па прамым даручэнні двух прэзідэнтаў, рэалізуецца. У мінулым годзе прэзідэнты нашых краін сустракаліся 10 разоў. Гэта падкрэслівае асаблівы характар адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, асаблівую ролю, якую нашы прэзідэнты адыгрываюць у прасоўванні законных інтарэсаў нашых краін і Саюзнай дзяржавы ў цэлым на міжнароднай арэне», — канстатаваў Сяргей Лаўроў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.