Вы тут

Хто вінаваты і што рабіць, калі «ў дэкальтэ» пачаліся праблемы?


Плануючы новы год, варта ўнесці ў спіс сваіх грандыёзных планаў бадай ці не самы важны пункт — клопат аб уласным здароўі. У штодзённай мітусні здароўе пастаянна адыходзіць на задні план. Асабліва калі няма ніякіх сігналаў аб тым, што варта ўключыць у штодзённік візіт да доктара. Да апошняга «маўчаць» аб сваіх праблемах і жаночыя грудзі. Між тым, іх догляд — задача кожнай сучаснай жанчыны, якая клапоціцца аб сабе. На жаль, усё часцей «дэкальтэ» прыцягвае ўвагу рознымі новаўтварэннямі, пухлінамі і іншымі праблемамі. Не заўсёды крытычнымі, але таксама непрыемнымі. Самая папулярная з іх — фібраадэнома. Чаму грудзі вартыя клопату і ўвагі, нам расказаў урач-анколаг, загадчык Кансультатыўнага анкалагічнага аддзялення раённага Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра Канстанцін Шышко.


— Канстанцін Аляксеевіч, як правіла, калі людзі чуюць дыягназ «дабраякасная пухліна», яны не чуюць, што яна дабраякасная, а чуюць «пухліна», таму стрэсуюць і нервуюцца. Што такое «пухліна» з медыцынскага пункту гледжання? Фібраадэнома — гэта пухліна?

— Пухліна — гэта, груба кажучы, разрастанне пэўнага віду клетак, працэс у выніку парушэння іх росту і рэгуляцыі. Дабраякасная пухліна расце экстэнсіўна — яна рассоўвае тканкі, фарміруе капсулу і не дае метастаз. Злаякасная пухліна расце інвазіўна — прарастае ў тканкі, не фарміруе капсулу і здольная даваць метастазы. Фібраадэнома лічыцца дабраякаснай пухлінай. Але тут уключаецца псіхалогія. Сапраўды, калі чалавек чуе, што ў яго знайшлі пухліну, адразу пачынае думаць пра рак. Але дабраякасныя і злаякасныя пухліны — розныя групы ўтварэнняў. Таму я часта кажу пацыентам: «У вас дабраякаснае ўтварэнне, фібраадэнома». На жальа, ёсць стыгматызацыя, што пухліна — гэта заўсёды дрэнна і страшна. Не, гэта не так.

— Калі фібраадэнома ніколі не перараджаецца ў злаякаснае ўтварэнне, навошта яе выдаляць?

— Мы зыходзім з таго, што ў злаякасную пухліну не перараджаецца класічная фібраадэнома. Але ёсць лістападобная пухліна, якая можа перарадзіцца ў злаякасную. Яна можа быць памежнай, нават сама можа быць злаякаснай. Умоўна кажучы, 80 працэнтаў лістападобных фібраадэном маюць рызыку перараджэння ў злаякасныя, прыкладна 15 працэнтаў — памежныя і каля пяці працэнтаў — першапачаткова злаякасныя. Таму трэба выключыць, што гэта не лістападобная пухліна. І ўсё ж мы перыядычна бачым рак у фібраадэномах. Таму перш за ўсё за фібраадэномай трэба назіраць. Калі яна пачынае хутка расці, неяк мяняцца, яе варта выдаляць. Паказанні да выдалення фібраадэном простыя: хуткі рост, вялікая колькасць, вялікія памеры пухлін, пухліны, якія выклікаюць боль і касметычныя дэфекты. Калі жанчына корміць дзіця грудзямі, вялікая фібраадэнома можа сціскаць малочныя пратокі, тым самым выклікаючы мастыт. Фібраадэномы невялікіх памераў, якія не растуць, не мяняюцца ў памерах і не псуюць якасць жыцця, павінны назірацца. Але пры ўмове, што мы ўпэўненыя: гэта класічная небяспечная фібраадэнома. Калі яна была пяць міліметраў, а за тры месяцы вырасла да аднаго сантыметра, то гэта ўжо паказчык да выдалення, хуткі рост.

— А што такое лістападобная фібраадэнома?

— Ад звычайнай фібраадэномы яна адрозніваецца тканкай, якая ў ёй прадстаўлена. У лістападобнай пухліны больш злучальнай тканкі,  трансфармуецца яна не ў рак, а ў саркому малочнай залозы, вельмі агрэсіўную пухліну. Лістападобная пухліна сама па сабе сустракаецца нячаста, займае 0,3 працэнта ад усіх утварэнняў малочнай залозы. Але перыядычна мы з ёй сутыкаемся, аперыруем, у гэтым выпадку часцей за ўсё без аперацыі не абысціся.

— Ці ёсць сувязь паміж фібраадэномай і кістамі ў грудзях? Як іх адрозніць?

— Сувязі паміж імі няма. Фібраадэномы не прыводзяць да развіцця кіст (калі толькі яны не сціскаюць пратокі), а кісты не выклікаюць з'яўлення фібраадэном. Яны адрозніваюцца па форме, шчыльнасці, мяккасці. Па УГД выразна бачная розніца. Кіста — гэта поласць з капсулай, запоўненай вадкасцю. Часцей за ўсё, калі кісту пункціраваць, капсула зачыніцца, і пытанне здымаецца. Ёсць складаныя кісты, з імі трэба працаваць асобна, некаторыя з іх трэба выдаляць. Простая кіста, як і класічная фібраадэнома, ніякай бяспекі для арганізма не нясе. Але дыфузна-фіброзная кістозная мастапатыя — гэта, на жаль, праблема сучаснага чалавека.

— Што такое адэноз? Чым ён можа быць небяспечны? Чаму яго часта называюць перадракавым станам?

— Калі фібраадэнома — гэта пухліна, то адэноз — гэта разрастанне жалезістага кампанента малочнай залозы, структурнае змяненне тканак. І разглядаецца ён як перадстартавы стан на шляху трансфармацыі дабраякаснага ўтварэння ў злаякаснае. Даказаны ачаговы адэноз лечыцца хірургічна. Груба кажучы, выдаляецца пашкоджаны кавалачак малочнай залозы. Калі зона адэноза 1-2 сантыметры, то касметычна гэта нават не будзе прыкметна. А калі зона адэноза сантыметраў пяць, то, вядома, гэта будзе прыкметна. Затое грудзі здаровыя. Хачу заспакоіць: адэноз, хоць і лічыцца перадракавым станам, не заўсёды прыводзіць да раку. Яго трэба ўважліва назіраць. Але прычыны з'яўлення ў іх амаль аднолькавыя. Толькі фібраадэномы любяць маладых жанчын, а адэноз — старэйшых.

— Чаму так адбываецца?

— Грудзі — гэта орган-мішэнь. Фібраадэнома, кіста, адэноз — вынік праяўлення нейкага негатыўнага працэсу ў арганізме. Часцей за ўсё, гарманальнага збою, які залежыць ад мноства фактараў. Захворванні органаў малога таза прыводзяць да гарманальнага збою. Ранняя менструацыя, позні клімакс таксама ўплываюць. Цяжарнасць, выкідышы мяняюць гарманальны фон. Жанчына зацяжарыла, зрабіла аборт, арганізм атрымаў стрэс — і, калі ласка, сустракайце фібрадэному, нават калі да цяжарнасці нічога не было. Ужо ў першыя дні, тыдні цяжарнасці арганізм перастрайваецца на новы лад, працэс запушчаны. А тут яго рэзка спыняюць. Канешне, арганізм можа на гэта адрэагаваць. Гарманальныя кантрацэптывы, зразумела, уплываюць. Таму іх трэба прымаць акуратна і пад кантролем гінеколага. Асноўная прычына з'яўлення ў грудзях утварэнняў — гарманальны збой у арганізме. Пытанне толькі ў тым, чым ён выкліканы: стрэс, адсутнасць цяжарнасці ці яе наяўнасць, паталогія печані, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў.

— Канстанцін Аляксеевіч, растлумачце, калі ласка, механізм уплыву стрэсу на ўзнікненне фібраадэном і іншых утварэнняў у грудзях?

— Стрэсы бываюць розныя. Калі ў вас у цэлым усё добра, але раніцай вы спазніліся на аўтобус і на працу — гэта таксама стрэс, аднак ён хутка пройдзе. А ёсць хранічны стрэс, пастаянныя перажыванні. Сёння з гэтым сутыкаюцца многія, і гэта праблема, бо хранічны стрэс — прычына розных захворванняў. Вінаваты гармон стрэсу картызол, які выпрацоўваецца наднырачнікамі. Пры стрэсе яго ўзровень павышаецца. Усе гармоны ў арганізме павінны быць ва ўраўнаважаным стане. Калі аднаго зашмат, то парушаецца выпрацоўка іншых гармонаў, у тым ліку і гармонаў, якія адказваюць за здароўе малочнай залозы, і гармонаў гіпофізу. Акрамя таго, пры павышаным гармоне стрэсу парушаецца імунная сістэма, картызол зніжае імунны адказ. А парушэнне гарманальнага фону — гэта і ёсць прычына развіцця фібраадэном і мастапатыі.

— Пры з'яўленні фібраадэном у грудзях абавязкова знойдзецца чалавек, які скажа: «Народзіш — пройдзе». Сапраўды, пасля родаў утварэнні ў грудзях праходзяць?

— Спрэчнае пытанне, насамрэч. Сама цяжарнасць, лактацыя могуць паспрыяць росту фібраадэном з прычыны таго, што мяняецца гарманальны фон. Жаночы арганізм запраграмаваны на тое, каб цяжарыць і нараджаць, цяжарыць і нараджаць. Прычым яшчэ стагоддзе таму дзяўчыны пачыналі нараджаць з 17-18 гадоў. Сёння гэты ўзросты ссунуўся. А чалавечы арганізм не настолькі хутка адаптуецца і за стагоддзе сваіх настроек не паспеў памяняць. Ён не выконвае сваю функцыю і пачынае даваць сігналы. Я не думаю, што невялікая фібраадэнома будзе перашкаджаць насіць і карміць дзіця. Калі, вядома, пры цяжарнасці яна не будзе расці. Сёння гінеколагі сталі спакайней ставіцца да фібраадэном. Пры наяўнасці дробных фібраадэном можна рабіць нават ЭКА.

— А што наконт груднога кармлення?

— Грудзі павінны выконваць сваю функцыю. Калі жанчына не корміць сваё дзіця грудзьмі, у яе можа з'явіцца фібраадэнома ці адэноз. Але працяглае грудное кармленне, гадоў да трох, таксама можа быць прычынай з'яўлення ўтварэнняў. Нармальнае кармленне грудзьмі — першы год жыцця дзіцяці — ніяк не можа паўплываць на з'яўленне фібраадэном.

— Як самастойна выявіць у грудзях нейкае ўтварэнне? Гэта ўвогуле рэальна?

— Рэальна. Можна самастойна намацаць нейкае ўтварэнне ў грудзях. Калі яно шчыльнае, рухомае, гладкае, бязбольнае — хутчэй за ўсё фібраадэнома. Калі ўтварэнне шчыльнае, дрэнна ссоўваецца, без выразных контураў, звязанае са скурай, тады ёсць прычына турбавацца больш. У любым выпадку, пры знаходжанні нейкага віду ўтварэння абавязкова трэба звярнуцца да ўрача.

— Калі намацаць немагчыма, па якіх прыкметах можна вызначыць, што ў грудзях нешта ёсць?

— Звычайна грудзі больш-менш сіметрычныя, і саскі таксама. Калі адзін сасок нармальны, а другі пачаў уцягвацца — гэта званочак. Раптам адна залоза пачала павялічвацца ў памеры, чырванець, ацякаць — гэта таксама прыкмета таго, што нешта не так. Гэта часам можа быць прыкметай раку. З'явілася на скуры грудзей нейкая ямачка, як лімонная скарыначка, — нібы таксама непрыемная прыкмета. Як толькі заўважылі нешта нетыповае — адразу трэба звярнуцца да ўрача.

— У такім выпадку, у якім узросце варта пачынаць сачыць за здароўем грудзей?

— Пажадана ўжо з падлеткавага ўзросту. Мы аперыруем і 18-гадовых дзяўчат, таму за грудзьмі варта сачыць, як толькі яны вырастаюць. Зразумела, што ў падлеткаў працэнт з'яўлення нават дабраякасных утварэнняў зусім невялікі. Але, тым не менш, працэсы, якія прыводзяць да іх з'яўлення, ужо могуць пачынацца.

— Канстанцін Аляксеевіч, што вы можаце пажадаць жанчынам у новым годзе?

— Банальнае пажаданне ад урача — сачыць за сваім здароўем. У мінскіх паліклініках рэгулярна праводзіцца дыспансерызацыя, а ў Ленінскім, Першамайскім, Маскоўскім і Савецкім раёнах сталіцы ў 2022 годзе пачаўся скрынінг раку малочнай залозы, на які запрашаюцца жанчыны ад 50 да 69 гадоў. Велізарная просьба да жанчын — не ігнаруйце такую прапанову. Рак грудзей на першай стадыі выдатна лечыцца, на чацвёртай лечыцца дрэнна. Таму я жадаю кожнаму чалавеку не запускаць сваё здароўе. Мы заўсёды дапаможам, але гэта і ваша адказнасць.


Калі і каму трэба рабіць мамаграфію?

Пастанова Міністэрства аховы здароўя ад жніўня 2022 года нумар 83 сцвярджае, што мамаграфію трэба рабіць жанчынам ад 50 да 69 гадоў. Чаму менавіта з 50 гадоў? Шчыльнасць малочнай залозы ў маладых і ў пажылых розная. Пасля 50 гадоў адбываецца інвалюцыя малочнай залозы, і інфарматыўнасць мамаграфічнага метаду ўзрастае. Да 50 гадоў на першым месцы ўсё ж УГД. Мы робім мама-
графію і ў маладзейшым узросце, калі ёсць падазрэнні на злаякасны працэс. УГД і мамаграфія — метады, што дапаўняюць адзін аднаго. Ёсць формы пухліны, якія УГД можа проста не ўбачыць.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.