Цягам дзесяцігоддзяў Прыбалтыка трымае сумнае лідарства па катастрафічным скарачэнні насельніцтва. Латышскія, літоўскія і эстонскія гарады запаўняюць старыя і дзеці, у той час як маладыя і працаздольныя купляюць «білет у адзін канец» — у краіны, поўныя магчымасцяў і жыццёва важных умоў, адзначыў Baltnews. Прыбалтыйскія дзяржавы ўваходзяць у топ-20 краін з самым хуткім змяншэннем насельніцтва, сведчаць даныя World Populatіon Revіew. Літва займае другое месца. Згодна з прагнозамі, да 2050 года колькасць жыхароў рэспублікі скароціцца на 22,1 працэнта. Следам ідзе Латвія, яе паказчык роўны 21,6 працэнта. Эстонія праз 27 гадоў страціць 12,7 працэнта жыхароў. Да 2050-га агульная колькасць насельніцтва прыбалтыйскіх краін не будзе дацягваць і да 5 мільёнаў чалавек. Мяркуецца, што ў Латвіі будзе пражываць 1,5 мільёна чалавек, а ў Літве і Эстоніі — адпаведна 2,1 млн і 1,2 млн. Чаму ж вымірае Прыбалтыка?
Прайшло больш чым 15 гадоў з таго часу, як Літва, Латвія і Эстонія ўступілі ў Шэнгенскую зону, што прывяло да рэкорднай дэпапуляцыі ў гэтых краінах з-за масавай эміграцыі маладых працаздольных грамадзян, нагадаў rubaltіc.ru. Свабода перамяшчэння, якая з'явілася, паказала, што рэспублікі Прыбалтыкі не самыя прывабныя для жыцця і не канкурэнтаздольныя на рынку працы ў вачах уласнай моладзі. Як вынік — нізкая нараджальнасць, высокая смяротнасць і адток насельніцтва паставілі колішніх «балтыйскіх тыграў» на вяршыню глабальнага антырэйтынгу нацый, схільных да рызыкі вымірання.
Як вядома, пагадненне, заключанае ў люксембургскай вёсцы Шэнген у 1985-м, прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне людзей з грамадзянствам краін, якія яго падпісалі. У 2007 годзе да яго далучыліся яшчэ дзевяць дзяржаў, у тым ліку Літва, Латвія і Эстонія, якія ў 2004-м сталі членамі Еўрасаюза.
Прайшло ўжо дастаткова часу, каб зрабіць пэўныя высновы аб тым, як гэта адбілася на дэмаграфіі краін Прыбалтыкі, улады якіх лічаць сябе «сапраўднымі» еўрапейцамі, а выкарыстанне «шэнгена» — прывілеяй. Уступленне ў Шэнгенскую зону 15 гадоў таму стала адной з прычын рэкорднай дэпапуляцыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з-за масавай эміграцыі маладога працаздольнага насельніцтва, лічыць rubaltіc.ru.
Як адзначаў галоўны рэдактар rubaltіc.ru, палітолаг Аляксандр Насовіч у кнізе «Гісторыя заняпаду. Чаму ў Прыбалтыкі не атрымалася», апублікаванай яшчэ ў 2015-м, «за апошнія 25 гадоў Прыбалтыка страціла прыкладна два мільёны жыхароў. Насельніцтва рэгіёна скарацілася амаль на чвэрць! Гэта беспрэцэдэнтны паказчык для сучаснай Еўропы: у адным з рэгіёнаў ЕС адбываецца сапраўдная дэмаграфічная катастрофа».
Падобнага меркавання прытрымліваецца і эксперт фонду ААН у галіне народанасельніцтва Мікалай Боцеў.Ён заўважыў, што працэсы дэпапуляцыі ва Усходняй Еўропе, якія назіраюцца, не маюць аналагаў у сусветнай гісторыі. Многія краіны схільныя і да натуральнага змяншэння насельніцтва, і да масавай эміграцыі. Уздзеянне двух гэтых фактараў адначасова не сустракалася яшчэ ні разу, пакуль відавочна не акрэслілася тут у 1990-х гадах.
Прычым, на думку эксперта ААН, за граніцу, як правіла, з'язджаюць менавіта спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, якія калі і вяртаюцца назад, то ўжо хіба толькі пенсіянерамі. Недахоп працоўных рэсурсаў у Заходняй Еўропе не з'яўляецца сакрэтам і даўно вывучаецца сацыёлагамі і дэмографамі. Дэпрэсіўныя працэсы, распачатыя ў краінах былога сацлагера пасля яго распаду, прывялі да таго, што мясцовае працаздольнае насельніцтва масава паехала ў «старую» Еўропу, закрыўшы там на час праблему недахопу таннай рабочай сілы.
Паводле даных Дэпартамента статыстыкі Літвы, з пачатку студзеня па канец жніўня 2021 года з краіны з'ехалі 11 133 грамадзяніны, а за аналагічны перыяд летась — 18 345. У справаздачы Countrymeters, якая спасылаецца на Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН, на працягу многіх гадоў самым папулярным напрамкам эміграцыі была Вялікабрытанія — да яе выхаду з Еўрасаюза 38 працэнтаў літоўцаў з'язджалі менавіта туды.
Усю катастрафічнасць сітуацыі дэманструюць наступныя лічбы: насельніцтва Літвы з 1990-х скарацілася з 3,6 млн чалавек да менш чым 2,8 млн, Латвіі — з 2,6 млн да 1,8 млн, Эстоніі — з 1,5 млн да 1,3 млн. Аднак многія эксперты падазраюць, што нават гэтыя паказчыкі нацягнуты, а рэчаіснасць яшчэ горшая. Пры гэтым, як адзначыў загадчык кафедры міжнародных адносін і дыпламатыі МДУ, доктар гістарычных навук Мікалай Платошкін, «у савецкі перыяд у Літве, напрыклад, адзначаўся пік нараджальнасці, працягласці жыцця і росту колькасці насельніцтва. У 1959 годзе ў Літоўскай ССР жылі 2,7 млн чалавек, у 1970-м — 3,1 млн, а ў 1989-м — 3,7 млн чалавек».
На думку мігрыруючых прыбалтыйскіх грамадзян, Літва, Латвія і Эстонія — не самыя прывабныя месцы Еўрасаюза, таму дзеці ўжо ў школе ведаюць, што будуць працаваць у іншай краіне. Як вядома, у таго ж прэзідэнта Латвіі Эгілса Левітса родныя жывуць у Германіі і Вялікабрытаніі. Але чым прываблівае Заходняя Еўропа і як там прымаюць прыбалтыйскіх мігрантаў? «Вельмі запатрабаваныя людзі з вышэйшай адукацыяй, асабліва патрэбныя людзі з тэхнічнай адукацыяй. Тыя, у каго прагрэсу ў гэтым няма, могуць працаваць кім заўгодна: бармэнамі, мыйшчыкамі машын або на запраўцы ў Нарвегіі і атрымліваць зарплату ў шэсць разоў больш, чым атрымлівае ў Літве дэпутат Сейма. Пры любым варыянце зарплаты там будуць вышэйшыя, магчымасцяў пабудаваць кар'еру больш і жыць там лепш. Таксама ёсць усё для вольнага часу і выхавання дзяцей», — упэўнены Аляксандр Насовіч.
Вынікі апытання, праведзенага сацыялагічным агенцтвам SKDS у 2020 годзе, паказалі, што трэць насельніцтва Латвіі з'ехала б жыць за мяжу, з'явіся ў іх такая магчымасць. Як адзначыў кіраўнік SKDS Арніс Какціньш, «пандэмія фактычна ніяк не паўплывала на настроі жыхароў — у апошнія гады доля людзей, якія выказалі жаданне з'ехаць, застаецца нязменнай». У кастрычніку 2020 года вядучы даследчык Інстытута філасофіі і сацыялогіі Латвійскага ўніверсітэта Марціньш Капранс распавёў, што пакінуць краіну хочуць каля чвэрці мясцовай моладзі. Паводле яго слоў, ЗША, Германія і Іспанія — тры самыя папулярныя краіны, куды хацелі б пераехаць маладыя прыбалты.
Як паказала практыка, «еўрапейскі выбар» краін Прыбалтыкі для іх насельніцтва зводзіцца выключна да магчымасці свабодна з'ехаць за граніцу. За гады знаходжання ў заходніх інтэграцыйных структурах Літва, Латвія і Эстонія страцілі практычна ўвесь свой значны эканамічны патэнцыял, які ў іх быў. Што ж цяпер мае Прыбалтыка праз амаль 19 гадоў пасля ўступлення ў ЕС і НАТА? Атрымліваецца, толькі адкрытыя межы і датацыі для ўлады. «[Гэта значыць] свабоду перамяшчэння па Еўрасаюзе і магчымасць спакойна з'ехаць са сваіх краін, працаваць і жыць дзе-небудзь у Парыжы ці Мілане, а не на задворках Еўропы. Плюс да ўсяго, для бюракратыі і для ўлады гэта, вядома ж, выгада — датацыі ЕС, якія ідуць праз рукі ўрада. Частка асядае ў іх кішэнях, размяркоўваецца паміж фірмамі і падрадчыкамі з агульнымі інтарэсамі», — распавёў Аляксандр Насовіч. А вось упушчанага за 18 гадоў членства ў Еўрасаюзе налічылася вельмі шмат. «Была праігнараваная каштоўная магчымасць — стаць мостам паміж Захадам і Усходам», — адзначыў эксперт.
Шэнгенскія дамовы сталі пасткай для Прыбалтыкі, што прывяло да значнага зыходу мясцовага насельніцтва ў пошуках лепшага жыцця пасля спусташэння іх краін заходнім капіталам і мясцовымі ўладамі, адзначыў rubaltіc.ru. А ва ўмовах разбурэння Злучанымі Штатамі еўрапейскай эканомікі і высмоктвання з яе апошніх сокаў ЕС можа ператварыцца ў татальную зону бедства, у межах якой праславутая заходняя салідарнасць і іншыя міфы разбурацца канчаткова.
Летась у першым паўгоддзі ў Латвіі, Літве і Эстоніі зафіксавана істотнае зніжэнне нараджальнасці. Пра гэта паведаміла выданне Neatkarіga. Удакладняецца, што, паводле звестак статыстычных упраўленняў, за гэты час нараджальнасць у Латвіі знізілася на 5,8 працэнта, у Эстоніі — на 9,5 працэнта і ў Літве — на 10,8 працэнта. Таксама адзначаецца, што ў чэрвені прошлага года ў Латвіі нарадзіліся 1452 дзіцяці, што з'яўляецца самай нізкай колькасцю за ўвесь час яе дзяржаўнага існавання. Да гэтага мінімальны паказчык быў зафіксаваны ў чэрвені 1998 года, калі нарадзіліся 1552 дзіцяці.
Надалей паказчыкі працягвалі пагаршацца. У лістападзе мінулага года ў Латвіі з'явіліся на свет усяго 1053 дзіцяці. Пра гэта паведамляецца на сайце Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны. Летась за 11 месяцаў у прыбалтыйскай рэспубліцы было зарэгістравана 14,4 тысячы немаўлят. За гэты час у Латвіі памерла амаль удвая больш, чым нарадзілася, — 27,3 тысячы чалавек. У Эстоніі статыстыка таксама неспрыяльная. Паводле даных МУС, летась у краіне з'явіліся на свет 11,5 тысячы дзяцей — найніжэйшы паказчык у бягучым стагоддзі. Летась у краіне было зарэгістравана 17,2 тысячы смерцяў. Тым часам Літва трапіла ў дэмаграфічную яму, якой не было 20 гадоў. Па словах дэмографаў, нараджальнасць у краіне стала ніжэйшай за самыя змрочныя прагнозы. Як адзначыла прафесар кафедры сацыялогіі ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага Аўшра Маслаўскайтэ, «гэта ў Літве назіраецца амаль 30 гадоў. У нас усе дэмаграфічныя працэсы адмоўныя. У нас непажаданыя паказчыкі смяротнасці, была высокая эміграцыя, нізкая нараджальнасць».
Чаму скарачэнне насельніцтва Прыбалтыкі ператварылася ва ўстойлівую тэндэнцыю, а ўлады пускаюць усё на самацёк? «Першая прычына рэзкага скарачэння народанасельніцтва ў тым, што Прыбалтыка пасля распаду Савецкага Саюза стала перыферыяй перыферый заходняга свету. Гэта далёкая ўскраіна, на якой моладзі няма чаго лавіць і няма за што жыць. Усе больш-менш амбіцыйныя, мэтанакіраваныя, энергічныя і маладыя людзі з'ехалі ў Скандынавію і Заходнюю Еўропу», — растлумачыў у гутарцы з Baltnews Аляксандр Насовіч.
Другая прычына — у нежаданні ўладаў займацца сацыяльнымі і эканамічнымі пытаннямі. Пры гэтым прыбалтыйскія палітыкі працягваюць уводзіць грамадзян у зман і пераконваць, што «ўсё змянілася» ці вось-вось зменіцца. «Кіраўнікам гэтых рэспублік няма ніякай справы да насельніцтва. Тут не проста прайдзісветы, а прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў, прызнаных на міжнароднай арэне краін — членаў ААН, — адзначыў Аляксандр Насовіч. — Насельніцтва на гэтай тэрыторыі можа ўвогуле не быць. Для іх задач гэта ўсё роўна. Нават самы маленькі працэнт будзе забяспечваць іх жыццядзейнасць і задавальняць базавыя патрэбы. А ўсе астатнія жыхары могуць спакойна з'язджаць, як яны тое рабілі на працягу дзесяцігоддзяў. Для ўлады гэта нават выгадна, паколькі такім спосабам здымаецца сацыяльна-палітычнае напружанне. Сацыяльнай палітыкай і эканомікай можна не займацца ў прынцыпе. Тыя, хто не задаволены, проста бяруць і з'язджаюць».
Але ці ёсць у прыбалтыйскіх уладаў магчымасць пазбегнуць адтоку насельніцтва? І пры якіх умовах магчымая рээміграцыя грамадзян? «Пазбегнуць адтоку насельніцтва немагчыма, — упэўнены Аляксандр Насовіч. — Дадзенае пытанне было закрыта яшчэ гадоў дзесяць таму. Тады ўлада прымала нейкія нясмелыя і непераканаўчыя спробы запусціць праграму рээміграцыі насельніцтва, але яны праваліліся за адсутнасцю сэнсу людзям вяртацца ў гэтыя краіны. Цяпер пра тое гаворкі не вядзецца».
Масавы ад'езд насельніцтва з прыбалтыйскіх краін у Заходнюю Еўропу, дэіндустрыялізацыя і абязлюджванне прывялі да нечаканага эфекту. Прасторы, дзе раней сяліліся людзі, цяпер актыўна займаюць звяры, у тым ліку драпежнікі — мядзведзі, ваўкі і нават нябачаныя раней у гэтых мясцінах шакалы. Толькі ў адной Эстоніі за 2020 год было зафіксавана каля 250 мядзведжых «атак», сярод якіх аказалася разбурэнне не толькі пчальнікоў, але і іншых гаспадарчых пабудоў. Увесну 2020-га мядзведзяў заўважылі нават на вуліцах аднаго з раёнаў Таліна — Хааберсці. Прыйшлося пачынаць паліцэйскую аперацыю па выцясненні драпежнікаў з горада, да якой прыцягнулі таксама паляўнічых. Заолагі нагадваюць, што мядзведзь не любіць мітусні і вялікіх людскіх скапленняў, прывязаны да мясцін, дзе дастаткова вады. Аднак калі гадоў пятнаццаць таму, напрыклад, у Латвіі налічваліся 7724 населеныя пункты, то дзесяць гадоў таму — ужо 7006, а цяпер — каля 6300. Многія вёскі стаяць бязлюдныя...
Пётр ДУНЬКО
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.