Вы тут

Дапамога словам, або Крызіс падлеткавага ўзросту


Празмернае ўжыванне касметыкі, перажыванні першага кахання, неразуменне, як «быць дарослым», праблемы ў зносінах з настаўнікамі... Гэтыя і шмат іншых пытанняў вельмі часта непакояць падлеткаў, якія ў сваім імкненні раней пасталець часам ператвараюць свае паводзіны і ўчынкі ў выбухованебяспечную сумесь. Каб разабрацца, што з імі адбываецца, трэба не караць гэтых учарашніх дзяцей — сённяшніх маленькіх дарослых, — а размаўляць з імі, прыводзіць прыклады з уласнага вопыту, даваць магчымасць памыляцца... Праблема ў тым, што часта побач з падлеткам няма аўтарытэтнага чалавека, з якім можна пагаварыць па душах. Бацькі — далёка не заўжды тыя людзі, да якіх можна прыйсці са сваімі праблемамі, а псіхолагі, лічаць падлеткі, «скажуць, што ў цябе з галавой праблемы». Адзін з сучасных і найбольш аптымальных варыянтаў — мадэратары па рабоце з падлеткамі, якія працуюць у межах праекта «тата-школы».


Сённяшнія падлеткі — заўтрашнія бацькі

«Тата-школы» — вядомы многім праект па далучэнні мужчын да актыўнага выхавання дзяцей, які быў распачаты ў Беларусі ў 2009 годзе ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Члены рэспубліканскай арганізацыі «Клуб ільвоў» у свой час падхапілі эстафету распаўсюджвання свядомага бацькоўства па ўсёй краіне. За гэты час «тата-школы» выйшлі далёка за межы сталіцы, а праект набыў пэўныя кірункі дзейнасці. У прыватнасці, з'явіліся падлеткавыя групы, дзе з хлопцамі і дзяўчынамі займаюцца мадэратары па рабоце з падлеткамі. Чаму? Ды таму, што сённяшні падлетак — гэта заўтрашні бацька, і трэба з маленства тлумачыць яму, што такое адказнасць дарослага, лічыць Міхаіл Шукайла, які ўзначальвае кірунак па рабоце з падлеткамі:

— Спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей за час работы з падлеткамі стварылі метадычны дапаможнік для трэнераў такіх груп. У ім выкладаецца, напрыклад, як заахвочваць падлеткаў да размоў у гульнявой форме, каб не адштурхнуць іх. Тым больш што наша работа па разборы падлеткавых праблем мае ўсё ж прафілактычную накіраванасць. Калі трэнер бачыць у групе падлетка з сур'ёзнымі праблемамі, яго перанакіроўваюць да падлеткавага псіхолага — у Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей або ў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі.

Колькі каштуе быць дарослым

У самым пачатку трэнінгі з дзецьмі праводзілі ў SOS-дзіцячай вёсцы ў Бараўлянах. Вопыт работы з сацыяльнымі сіротамі, у якіх не толькі складаная жыццёвая сітуацыя, але і вельмі няпросты падлеткавы перыяд, аказаўся вельмі цікавым, адзначыў суразмоўца:

— Дзяўчаты, праўда, з большым задавальненнем прыходзілі на заняткі. Напрыклад, адным з заданняў было запоўніць сваю анкету на сайце знаёмстваў, каб навучыцца знаёміцца. Калі абагуліць, то ў іх атрымлівалася «прыгажуня, разумніца і проста фея шукае заможнага і пяшчотнага, каб на руках насіў». Я выступаў у ролі «троля» з пытаннем: «Як гэтаму цудоўнаму мужчыну разгледзець цябе сярод натоўпу прыгажунь-разумніц?» Парада ў гэтым выпадку зводзілася да наступнага: «Калі рэалізуешся ў вучобе і прафесіі — з табой як мінімум будзе пра што пагаварыць».

У хлопцаў яскрава вызначыўся недахоп зносін з мужчынамі і недастатковае разуменне мужчынскага свету ўвогуле, бо ў дзіцячай вёсцы прызначаныя матулі самі выконвалі бадай што ўвесь блок гаспадарчых пытанняў. І калі наставаў час хлопчыкам жыць асобна, у іх не было разумення, як пабудаваны дарослы свет. Яны не ведалі, як аплаціць інтэрнэт ці камунальныя паслугі. Дарэчы, такая праблема часам існуе і ў дзяцей са звычайных сем'яў. Аднак у большасці дзяцей-сірот назіраецца проста заслона перад вачыма наконт таго, што такое дарослае жыццё, колькі каштуе быць дарослымі. Яны, напрыклад, хочуць дарагую машыну, але не разумеюць, што пасля не змогуць ёю карыстацца, бо не пацягнуць укладанні на абслугоўванне. І так ва ўсім.

— Дзіцяці трэба тлумачыць, што рэаліі дарослага свету вельмі адрозніваюца ад яго «хацелак». І чым раней ён сутыкнецца з несправядлівасцю, бо дарослы свет — зусім не пра справядлівасць, тым лепш гэта дапаможа падрыхтавацца да сталення і ўмення адказваць за свае словы і ўчынкі.

Школа, прафесія, навык

Вялікую ролю ў падрыхтоўцы да дарослага жыцця адыгрываюць школа і зносіны з настаўнікам. Калі педагог не можа растлумачыць прадмет так проста, каб зразумеў не толькі дзевяцікласнік, але і другакласнік, гэта выклікае да яго пэўны недавер, мяркуе Міхаіл.

— Трэба спускацца на ўзровень вучняў, каб максімальна проста ім даносіць сутнасць. І ні ў якім разе не высмейваць — інакш дзіця проста адвернецца ад прадмета. І гэта таксама датычыцца несправядлівасці дарослага свету, бо як і на рабоце, дзе адбываюцца «закулісныя» працэсы, а ў начальства ёсць свае любімчыкі. Аднак там вынікам тваіх учынкаў будзе ўжо не адзнака, а, скажам, страта работы або эканамічная бяспека тваёй сям'і. І тут варта думаць, як, з аднаго боку, адстойваць свае правы, а з другога — не стаць таксічным чалавекам у калектыве. Школа, такім чынам, становіцца падрыхтоўкай да дарослага жыцця.

— Падчас адной з сустрэч ва ўстанове дадатковай адукацыі вучні 6 класа, даведаўшыся, што я кірую фірмай, падрабязна сталі цікавіцца, як стварыць ІП, якія патрэбны дакументы, што рабіць пакрокава. Яны задавалі пытанні, якія няма каму адрасаваць у іх звычайным жыцці. І нават дзіўна, што бацькі не расказваюць, як, напрыклад, аформіць дакумент на машыну ці нешта яшчэ.

Пытанне прафарыентацыі часта закранаецца падлеткамі на сустрэчах, і трэнер тлумачыць, што можна паспрабаваць сябе шмат у чым, пакуль не знойдзеш занятак даспадобы. Сам Міхаіл у свой час скончыў педуніверсітэт па спецыяльнасці «Арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму». За плячыма таксама рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Аднак сёння ён раіць падлеткам выбіраць не тое, што «прыгожа гучыць», а тое, што рэальна пракорміць у жыцці. У самога Міхаіла такім уменнем, своеасаблівай падушкай бяспекі стала будаўніцтва.

«Баявая размалёўка» і першае каханне

Яркі макіяж — таксама адна з праблем школьніц-падлеткаў, якую ні настаўнікі, ні бацькі не разумеюць. Між іншым, такім чынам дзяўчаты намагаюцца схаваць сваю праблемную скуру, часта не задумваючыся, што атрымліваецца замкнёнае кола: чым больш макіяжу на твары, тым больш потым на ім запаленняў.

— А яшчэ ў дзяўчат модна апранацца ў стылі «аверсайз», — сведчыць Міхаіл. — І калі касметыку яны цягаюць у мам, то адзенне — у татаў. І вось ідзе па школе такая дзіва ў «баявой размалёўцы», сама — 42 памеру, а байка — 58-га. Гэта смешна для дарослага чалавека, але гэта таксама трэба перажыць і перачакаць.

Вядома, пачынаюцца і падлеткавыя перажыванні адносна першага кахання, праблемы з хлопчыкамі. Па канале ТНТ цяпер ідзе перадача «Закахайся, калі зможаш», дзе цудоўна паказана, якімі быць не трэба.

— Сітуацыі, паказаныя гледачам, добра ілюструюць адносіны. «Чаму ён нічога не падараў мне на Дзень нараджэння?» — пытаецца адна з гераінь. А гэта і ёсць яго «ўчынак», які і паказвае стаўленне, а не прыгожыя словы. Стаўленне да цябе значна важнейшае, чым знешнасць і паводзіны. Апошняе можа быць гульнёй, а ўчынкі не падробіш. І важны этап — знаёмства з бацькамі, бо ім усё ж важна ведаць, з кім сябруе іх дзіця.

У сямейным жыцці адносіны трэба адразу выбудоўваць такім чынам, каб не рабіць памылак. У сям'і заўжды існуе звод правілаў, бо гэта не толькі каханне і сексуальныя жаданні, упэўнены Міхаіл.

— А вось займацца сексуальнай асветай агулам у школах, нават калі гэта будуць спецыялісты, пэўна, не варта, бо на цікавасць да таго ў кожнага свой час. Ведаю выпадак, калі класу на такіх «уводзінах у прадмет» расказвалі, як 11-гадовыя дзяўчынкі займаліся прастытуцыяй на камеру. А хлопчыкі з таго ж класа яшчэ ў машынкі гулялі і ні пра што падобнае не думалі! Так што ў адным і тым жа ўзросце для некага такая гаворка — яшчэ рана, а для іншых — ужо позна. Давайце спачатку навучымся выбудоўваць рэальныя эмацыянальныя зносіны ў рэальным свеце.


Парады ад Міхаіла Шукайлы

Лепш расказваць падлеткам у школе не пра фізіялагічныя зносіны, а пра ўзаемапаважлівыя стасункі паміж дзяўчынкамі і хлопчыкамі, пра адказнасць за прынятыя рашэнні, за свае словы, за дзеянні ў дачыненні да сваіх сяброў і асоб супрацьлеглага полу. І такія заняткі можна арганізоўваць, як толькі скончылі пачатковую школу. А больш старэйшым падлеткам можна прапаноўваць сваю альтэрнатыву — тлумачыць, што яны могуць даць адно аднаму эмацыянальна, а не фізіялагічна. Можа, тады і непажаданых цяжарнасцяў будзе менш.

Важна не падманваць падлеткам, бо яны цудоўна гэта адчуваюць. Лепш самую непрыгожую праўду агучыць шчыра, чым з разумным выглядам «штурхаць узгодненыя і прапісаныя ісціны». Інакш у настаўнікаў і запрошаных спецыялістаў не атрымаецца размовы з вучнямі, не ўдасца данесці карыснае.

Падлеткам трэба памятаць, што ў любое асяроддзе на любым этапе жыцця спачатку трэба ўпісацца, а ўжо пасля пачаць змяняць яго, каб зрабіць лепшым. Як? Трэба самім «насаджаць» пазітыў, каб ён выштурхнуў кепскае.

Ірына СІДАРОК

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.