Вы тут

З цэлым народам гутарку весці


Агульная прастора проста звініць. Людзі пішуць, посцяць, лайкаюць, спрачаюцца — і ўсё гэта выносяць «на людзі». У кожнага сваё меркаванне, стаўленне, светаўспыманне. І гэта добра! Праўда, толькі ў тым выпадку, калі да іншых ставяцца з павагай. Але галоўная прыкмета часу — людзі не чуюць іншых. Толькі свой гоман. А песня атрымліваецца, калі адзін чуе другога. Як у спевах, так і ў жыцці: трэба чуць іншых.


Пачуць чалавека ў афіцыйных установах, на прыёмах грамадзян. Захоўваць дыялог улады і грамадства. А пры такім дыялогу, асабліва калі ён добразычлівы, дэструктыўныя сілы ўздзеяння ўжо мець не будуць. Кіраўнік дзяржавы вядзе той дыялог з народам на працягу ўсяго свайго палітычнага жыцця. Такі мэйнстрым ён трансліруе і на нарадах у кабінетах Палаца Незалежнасці, і на свежым паветры беларускіх палеткаў. Такі прамы кантакт дапамагаў.

У Беларусі адбудавалі сістэму для звароту грамадзян. Прамыя лініі, асабістыя прыёмы. Напэўна, гэты дыялог спрацаваў не ўсюды. Абыякавасць і адпіскі былі. Таму людзі замест прыёму ў чыноўнікаў са сваімі абурэннямі пайшлі на вуліцу. У гэтым таксама ёсць прычына пратэстаў. А тыя, хто іх арганізоўваў, умела выкарысталі гэты момант у сваёй бруднай справе. Ніхто праблемы людзей вырашаць не збіраўся. Там вырашаліся геапалітычныя пытанні. Прэзідэнт зноў патрабуе весці дыялог. 

Каманда кіраўніка дзяржавы — маніторыць градус грамадскага настрою. І калі сітуацыя патрабуе — умешваецца асабіста Першы. Дарэчы, пры вырашэнні такіх пытанняў прымаюцца і рашэнні дзяржаўнага маштабу. Напрыклад, як з той жа ініцыятывай па кантролі за цэнамі альбо па своечасовай выплаце зарплат.

Але, вядома, Прэзідэнт усё не ўбачыць. Добра, што ёсць паплечнікі. Увогуле, паступова змяняецца агульнае аблічча вертыкалі. Сучасныя губернатары, шмат кіраўнікоў новай фармацыі і ў гар-, і райвыканкамах. Я як журналіст аб гэтым ведаю.

Па праўдзе кажучы, розныя бываюць і дэпутаты, і чыноўнікі. Не ад мандата і крэсла залежыць. Ад чалавека, што выхавалі мы самі, — наша грамадства. Таму людзям трэба зразумець: прадстаўнікі ўлады — не чараўнікі. Не на ўсё хапае сродкаў. Аднак тыя, хто з'яўляецца прадстаўніком улады, павінны памятаць: няважна, хто да вас звярнуўся — старэнькая бабуля, прафесійны скаржнік ці грамадскі актывіст, — перад вамі перш за ўсё — беларус. Суайчыннік. І краіна ў нас такая, якія мы самі. І вось у кожным такім кабінеце таксама «тут і цяпер» вырашаецца лёс краіны і яе будучыня. Для нас і нашых дзяцей, бо калі мы не будзем вырашаць свае пытанні, то за нас вырашаць іх іншыя.

Цяпер аб станоўчым прыкладзе. Памятаеце, у якіх складаных умовах беларусы адфарматавалі канстытуцыйныя перамены. Палітызаванае грамадства падчас такіх электаральных кампаній — паднясі трыгер — успыхне. 

А мы годна выйшлі з усяго гэтага выпрабавання. Усё адбылося ў рэжыме праўды. Адны пачулі, другія выгаварыліся. Дамаўляцца лепш за ўсё ў дыялогавых лакацыях. А мы, беларусы, гэта ўмеем. І ўсё пачынаецца з простага — з работы са зваротамі грамадзян. Гэта няхай іншыя там у судах вырашаюць муніцыпальныя спрэчкі. А мы павінны аўтэнтычна — па-беларуску. Каб чулі адзін аднаго, а не стрэлы гармат.

Галоўнае адлюстраванне палітыкі Лукашэнкі, ініцыяванага ім дыялогу з людзьмі з'яўляецца яскравая фатаграфія. Адна з самых любімых, Прэзідэнт ганарыцца ёй. Палессе, на лузе — кіраўнік дзяржавы, вакол — людзі працы. Так было, так ёсць і так будзе. Размова наладжана. Памятаеце, як у Паэта: «З цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця».

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.