У тонкай вокладцы, невялікім накладам у 165 асобнікаў. І невялікага памеру. Але на фоне іншых знешне грунтоўных, вялікіх, «пераплётных» мастацкіх з’яў гэтая кніжачка ўяўляецца добрай, сімпатычнай падзеяй. Добры друк. Нельга не назваць выканаўцу — «ПОЛИКРАФТ», таварыства з абмежаванай адказнасцю. Ды і выдавецтва, а ім з’яўляецца «Аверсэв», годна выканала свае задачы — і па ўкладанню, і па прадмове, якой з’яўляецца сапраўды грунтоўны, хаця разам з тым і лаканічны, артыкул кандыдата мастацтвазнаўства Кацярыны Ізафатавай. І рэпрадукцый у альбоме дастаткова, каб мець уяўленне пра мастака, яго творчы пошук — 34.
Мікалай Таранда сапраўды слухае прастору, у красках, фарбах, якія ён заўважае і падбірае, якія з’яўляюцца яго спадарожнікамі да гледача, ёсць шчырая, блізкая прысутнасць роднага («Аршаншчына», «Задняпроўе», «Зіма на Зарэчнай вуліцы»). Жывапісец пільна ўглядаецца ў ландшафт, які яго атуляе, шукае не толькі прыродай падараваныя сюжэты, а глядзіць на краявіды праз прызму асэнсавання лёсу нашай Айчыны. Вось што заўважае і Кацярына Ізафатава: «Усё сваё жыццё Мікалай Іванавіч піша адзін раман — пра прыроду: пра тое, як палаюць макі („Макавае поле“, 2013) і залацяцца сланечнікі („Сланечнікі“, 2010); як разыгрываецца на небе феерыя навальнічных аблокаў („Абуджэнне“, 1987) і паўстае ў блакітнай марознай смузе панарама вёскі з заснежанымі дахамі („Ранак на Вадохрышча“, 2004); як пяшчотна серабрыцца царква на ўзгорку („Вяртанне да вытокаў“, 2008) і гуляе вясновае сонца ў квітнеючых садах („Майская сюіта“, 2016). Палітра аўтара літаральна ўбірае ў сябе ўсе Фарбы зямлі — золата восені і вытанчанасць вясны, гарачае ззянне лета і халодны блакіт зімы».
Мастак шмат падарожнічае. Еўрапейскія краіны — Балгарыя, Італія, Славенія, Літва — падаравалі яму многія сюжэты. Як, дарэчы, і расійскі Суздаль. Так, ёсць у гэтых працах галоўнае — «паўната і глыбіня свету» (К. Ізафатава). І яшчэ, як мне асабіста падаецца, — памяць пра роднае. І айчынныя краявіды, і чужаземныя ландшафты — ва ўсім гэтым адна і тая ж мастакоўская філасофія: творца можа застацца ў вечнасці, шукаючы роднае, галоўнае прыцягненне ў любой пратсоры, незалежна ад тэрыторыі, ад адрасу пленэра.
І яшчэ такая відавочная дэталь, якую, несумненна, заўважаць і ўсе, хто будзе праз рэпрадукцыі альбома «Мікалай Таранда. Слухаючы прастору» галоўнае, сутнаснае ў творчасці жывапісца, — святло ў яго працах раскідана паўсюль. Нават, калі гэта «Змярканне» альбо «Пахмурны дзень»... Гэтым святлом і моцная палітра Мікалая Таранды — таленавітага творцы, уважлівага мастацкага назіральніка за сапраўдным жыццём.
Мікола БЕРЛЕЖ
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.