Вы тут

У бліжэйшы час у Беларусі захаваецца складаная гідраметэаралагічная абстаноўка


Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды інфармуюць, што цяпер на Бярэзіне — у раёне Светлагорска, а таксама на яе прытоку, рацэ Сушанцы ля вёскі Суша, вада выйшла на пойму. Пачаўся крыгалом на Дняпры ў раёне Лоева. Ачысціліся ад лёду Днепр у раёне Оршы, Прыпяць — у раёне Петрыкава, а таксама некаторыя іх прытокі і асобныя прытокі Заходняй Дзвіны, Віліі і Бярэзіны.


На Бярэзіне, Сожы, Заходняй Дзвіне ля гарадскога пасёлка Сураж і аграгарадка Ула, Дняпры на ўчастку Магілёў — Жлобін, асобных іх прытоках, а таксама Прыпяці ў Нароўлі назіраецца няпоўны ледастаў і ледастаў з палонкамі. Акрамя таго, там павялічыліся прасторы з адкрытай воднай паверхняй, лёд пацямнеў і растае на месцы, назіраецца вада на лёдзе.

У Белгідрамеце папярэджваюць, што на азёрах Дрывяты, Нарач, Чырвонае, вадасховішчах Вілейскае, Чыгірынскае, Заслаўскае, Салігорскае і Чырвоная Слабада захоўваецца суцэльнае ледзяное покрыва, назіраецца вада на лёдзе. Лёд растае на месцы, трываласць яго памяншаецца. Толькі на возеры Лукомскае адзначаецца няпоўны ледастаў. Перамяшчацца па лёдзе цяпер вельмі небяспечна!

Эксперты-гідролагі паведамляюць, што на рэках назіраецца рост узроўню вады з інтэнсіўнасцю да 56 сантыметраў у суткі. На большасці рэк краіны вада знаходзіцца на пойме. А на прытоку Сожа рацэ Проні каля вёскі Лецягі ўзровень вады на 24 сантыметры перавышае небяспечную высокую адзнаку. Тут адзначаецца спад узроўню вады з інтэнсіўнасцю 5 сантыметраў у суткі. Узровень вады, блізкі да небяспечна высокага ўзроўню, назіраецца на Дняпры каля Лоева, на Бярэзіне ля Бабруйска. Прыпяці каля вёскі Чэрнічы, Петрыкава, Мазыра і Нароўлі, яе прытоках рэках Случ каля аграгарадка Ленін і Пціч ля вёскі Першая Слабодка.

У асобных раёнах Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей адзначаюцца затапленні рачнымі водамі. Спецыялісты ўпэўненыя, што ў бліжэйшыя дні складаная гідраметэаралагічная абстаноўка захаваецца.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?