Па дадзеных Белстата, у Беларусі ў 2021 годзе на тысячу заключаных шлюбаў прыйшлося 576 разводаў. За 2022 год суадносіны гэтых лічбаў пакуль не падлічаныя, але можна выказаць здагадку, што наўрад ці яны будуць больш аптымістычнымі. І яшчэ адна лічба: сёння органамі прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі вядзецца каля 80 тысяч выканаўчых вытворчасцяў па аліментах і выплатах на ўтрыманне дзяцей.
Каханне праходзіць, але ж дзеці застаюцца, і яны не могуць стаць «былымі» ні пры якіх абставінах. Цывілізаваны падыход — калі два некалі блізкіх чалавека, скасаваўшы шлюб, наладжваюць супрацоўніцтва (у тым ліку фінансавае) дзеля шчасця і дабрабыту сваіх дзяцей. Але кожны месяц у судах разглядаюцца дзясяткі зваротаў аб спагнанні аліментаў. І калі прымусіць гора-бацьку (або маці) любіць сваё дзіця дзяржаве не пад сілу, то, па меншай меры, закон здольны спагнаць з яго (яе) матэрыяльныя сродкі на ўтрыманне сына або дачкі.
Эфектыўнасць механізму барацьбы з неплацельшчыкамі аліментаў ва ўсіх краінах свету паступова ўдасканальваецца. У ЗША, напрыклад, сёння злосныя неплацельшчыкі не маюць права працаваць па шэрагу прафесій, а таксама пазбаўляюцца правоў на кіраванне некаторымі відамі транспарту (як следства, аліменты там выплачваюцца, паводле статыстыкі, больш чым у 90% выпадкаў). А вось у Японіі аліменты з’яўляюцца выключна прыватнай справай пары, дзяржава ніяк не рэгулюе гэтае пытанне. І пры гэтым працэнт бацькоў (як і ва ўсім свеце, у першую чаргу гэта бацька: дзіця застаецца з маці), што пасля разводу адмаўляюцца ўносіць грошы на ўтрыманне ўласнага сына ці дачкі, імкнецца да нуля. У Індыі праблем з аліментамі не ўзнікае па аб’ектыўнай прычыне: там амаль няма разводаў (распадаецца прыкладна 1% пар, якія ўступаюць у шлюб). У шэрагу краін Еўропы практыкуецца фіксаваная стаўка на выплату аліментаў (яна складае ад 200 да 700 еўра штомесяц).
У нашай краіне яшчэ адносна нядаўна механізм барацьбы з неплацельшчыкамі аліментаў наўрад ці можна было назваць эфектыўным. Напэўна, некаторыя жанчыны, якія перажылі развод гадоў 20 таму, памятаюць, як замест грошай на ўтрыманне дзіцяці атрымлівалі ад яго бацькі «тлумачэнні заяўніку», і ў рэшце рэшт вырашалі, што прасцей, чым «выбіць» аліменты, зарабіць на малога самой. Сёння, адзначаюць юрысты, механізм спагнання аліментаў у нашай краіне хоць і не дасканалы, але досыць эфектыўны. Аб нюансах заканадаўства, звязанага з налічэннем і атрыманнем аліментаў, распавядае адвакат, член Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена ГРОНСКАЯ.
— Алена, у некаторых краінах аліменты на непаўналетніх дзяцей складаюць пэўную суму, а не залежаць ад заробку бацькі (або маці). Ці магчымы такі фармат у нашай краіне?
— Па агульнаму правілу, аліменты на непаўналетніх дзяцей спаганяюцца ў працэнтных адносінах да заробку і (або) іншага даходу бацькоў у месяц, г.зн. у адпаведнасці з арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, — распавядае адвакат. — Аліменты на непаўналетніх дзяцей з іх бацькоў, калі іх памер не вызначаны Шлюбнай дамовай, Пагадненнем аб дзецях або Пагадненнем аб выплаце аліментаў, на адно дзіця складае 25%, на двух дзяцей — 33%, на трох і больш дзяцей — 50% заробку і (або) іншага даходу бацькоў у месяц. Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў у месяц павінен складаць не менш за 50% на адно дзіця, 75% — на двух дзяцей, 100% — на трох і больш дзяцей бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Разам з тым, бацькі маюць права вызначыць памер аліментаў Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях або Пагадненнем аб выплаце аліментаў. Пры недасягненні пагаднення, бацькі могуць звярнуцца ў суд, кажа адвакат.
Дзеючым заканадаўствам прадугледжана таксама магчымасць спагнання аліментаў у цвёрдай грашовай суме або ў суме, якая адпавядае вызначанай колькасці базавых велічынь.
У якіх выпадках прымаецца такое рашэнне? У выпадках, калі бацькі, абавязаныя выплачваць аліменты, маюць нерэгулярны заробак і (або) даход, або атрымліваюць яго частку ў натуры (асобы, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, члены сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і г.д.), а таксама ў іншых выпадках, калі спагнанне аліментаў немагчыма або цяжка, тлумачыць Алена Гронская.
— Законадаўствам (арт. 94 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і) прадугледжаны адкрыты пералік сітуацый, калі аліменты могуць быць спагнаныя ў цвёрдай грашовай суме, — дадае яна. — Напрыклад, адказчык атрымлівае нерэгулярны заробак і даход, які змяняецца: у адным перыядзе ён можа атрымаць значную суму, а ў іншым — наогул не мець ніякага заробку (нераўнамернае атрыманне грашовых сродкаў). На практыцы аліменты ў цвёрдай грашовай суме, якая выплачваецца штомесяц, могуць быць спагнаныя з асоб, якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, удзельнікамі гаспадарчых таварыстваў, заснавальнікамі прадпрыемстваў.
Як вызначаецца памер гэтай сумы?
— Пры вызначэнні памеру аліментаў у цвёрдай грашовай суме суд аналізуе памер даходу плацельшчыка за год, папярэдні звароту істца ў суд, — распавядае адвакат. — Варта адзначыць, што пры вызначэнні памеру аліментаў суд не прымае пад увагу памер заработнай платы і даходу атрымальніка аліментаў. У выпадку, калі бацька (маці), што плаціць аліменты, мае рэгулярны заробак, аліменты спаганяюцца па агульнаму правілу (на падставе арт. 92 Кодэкса аб шлюбе і сям’і).
Ці могуць бацькі самастойна вызначыць спосаб утрымання дзяцей, а таксама памер аліментаў?
— Заключыўшы Пагадненне аб выплаце аліментаў, бацькі маюць права па сваім меркаванні вызначыць парадак і форму прадастаўлення ўтрымання дзецям, а таксама памер аліментаў, спосабы і парадак выплаты. У дамове можа быць прадугледжана спалучэнне розных спосабаў выплаты аліментаў. Але памер аліментаў не павінен быць менш, чым прадугледжана дзеючым заканадаўствам.
Пагадненне аб выплаце аліментаў заключаецца ў пісьмовай форме паміж тым з бацькоў, хто выплачвае аліменты, і іх атрымальнікам, і абавязкова падлягае натарыяльнаму засведчанню, падкрэсліла адвакат.
— Але такое пагадненне не можа быць заключана, калі аліменты выплачваюцца ў адпаведнасці з Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях або судовай пастановай, у якіх ужо вырашаны пытанні выплаты аліментаў.
— Ці існуе законны спосаб не плаціць аліменты?
— Прызнаюся, у маёй адвакацкай практыцы нярэдкія выпадкі, калі па атрыманне юрыдычнай кансультацыі звяртаюцца жадаючыя знайсці спосаб ухіліцца ад выплаты аліментаў, — кажа Алена Гронская. — Адказваючы на пытанне, «Як не плаціць аліменты?», я распавядаю аб спосабе, які не быў прадугледжаны раней дзеючым заканадаўствам. Гаворка ідзе пра навацыю заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якая дае магчымасць пры заключэнні пагаднення аб дзецях перадаць маёмасць ва ўласнасць дзіцяці. Напрыклад, кватэру, дом, зямельны ўчастак і да таго падобнае. Пагадненне, якое прадугледжвае перадачу нерухомай маёмасці ва ўласнасць дзіцяці, падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі і з’яўляецца падставай для пераходу права ўласнасці на гэтую нерухомую маёмасць. Адзін раз аформіўшы такую здзелку, можна цалкам пагасіць свае аліментныя абавязацельствы перад дзіцем за ўвесь перыяд яго непаўналецця.
Ці можа маці (або бацька) спагнаць з былога мужа (жонкі) дадатковыя сродкі на дзіця звыш аліментаў ў цяжкай жыццёвай сітуацыі? Аказваецца, гэта магчыма. Бацькі, якія выплачваюць аліменты на непаўналетніх дзяцей, могуць быць прыцягнутыя ў судовым парадку да ўдзелу ў дадатковых выдатках, выкліканых выключнымі абставінамі — цяжкая хвароба, калецтва дзіцяці, інваліднасць і г.д., падкрэслівае адвакат. Памер удзелу ў такіх выдатках вызначаецца судом у цвёрдай грашовай суме або ў суме, якая адпавядае вызначанай колькасці базавых велічынь, зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча асобы, з якой спаганяюцца аліменты і асобы, якая атрымлівае іх. Паняцце «выключныя абставіны» можа насіць як часовы, так і пастаянны характар (напрыклад, гэта могуць быць выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, выкліканыя неабходнасцю старонняга догляду, палепшанага харчавання, рэабілітацыйных мерапрыемстваў, санаторнага лячэння), кажа суразмоўніца.
— Суд мае права абавязаць бацькоў прыняць удзел як у вырабленых выдатках, так і ў выдатках, якія будуць неабходныя ў далейшым, — адзначае Алена Гронская.
Ну, а на ўласнае ўтрыманне ці мае права адзін з былых сужэнцаў спаганяць з былога мужа (жонкі) грашовыя сродкі? Магчыма і гэта, але толькі ў сітуацыі, калі муж і жонка былі ў зарэгістраваным шлюбе. Асобы, якія знаходзіліся ў «грамадзянскім шлюбе», пазбаўленыя такой магчымасці, падкрэслівае адвакат.
— Права на ўтрыманне ў сужэнца ўзнікае пры наяўнасці наступных умоў: жонка ў перыяд цяжарнасці; сужэнец, які ажыццяўляе догляд за агульным дзіцем да дасягнення ім трох гадоў, агульным дзіцем-інвалідам да дасягнення ім васямнаццаці гадоў, агульным непрацаздольным дзіцем; непрацаздольны сужэнец.
Абавязковымі ўмовамі тут з’яўляюцца патрэбы ў матэрыяльнай дапамозе і наяўнасць магчымасці прадаставіць утрыманне, кажа адвакат. Але шлюбным дагаворам могуць быць прадугледжаны і іншыя выпадкі, пры якіх адзін з сужэнцаў абавязаны будзе ў выпадку разводу аказваць матэрыяльную дапамогу іншаму.
Памер сродкаў на ўтрыманне сужэнца вызначаецца судом, зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча абодвух у кратным дачыненні да базавай велічыні, усталяванай на момант выплаты. У выпадку змены матэрыяльнага або сямейнага становішча былых мужа і жонкі кожны з іх мае права звярнуцца ў суд з іскам аб змене памеру сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне.
— Заўважу, што права аднаго сужэнца на ўтрыманне ад іншага сужэнца губляецца, калі адпалі ўмовы, якія з’яўляюцца, згодна з законам, падставай для ўтрымання, а таксама калі разведзены сужэнец, які атрымлівае сродкі на ўтрыманне, уступіць у новы шлюб, — сказала адвакат.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.