Вы тут

Знарок не прыдумаеш, або Сцэнарыстам на зайздрасць


Калі праўда, што ў ноч на 19 студзеня ўся вада становіцца святой, то сёлета яна лілася прама з неба. Буйнымі кроплямі лупіў зусім не зімовы лівень, нібы хтосьці там, наверсе, вырашыў асвяціць зямлю і людзей на ёй, узяў вялікае крапіла, і, мачаючы яго ў бяздонную нябесную бочку, нястомна махаў ім, паліваючы, паліваючы... Пэўна, не толькі мне ў галаву прыйшла гэта аналогія, бо, ідучы позна ўвечары ў царкву па іарданскую ваду, назірала, як некаторыя людзі зусім не хаваліся ад гэтага неспадзяванага дажджу. І, што ўвогуле здзівіла, — не было ніводнага (!) парасона. Ніхто не баяўся прастудзіцца і захварэць. Нібы ўсе спяшаліся прыняць блаславенне, што ў святочную ноч падала з неба.


Ужо вяртаючыся з храма, пераскокваючы праз лужыны і нават цэлыя невялікія рэкі, мы з сяброўкай разважалі пра тое, што ніколі ў жыцці не было такога Вадохрышча. Звычайна ў гэты вечар зорнае неба або лёгкі сняжок. Бывала, канешне, і адліга, але каб такое! А ўжо каб яшчэ гадоў трыццаць-сорак назад каму сказаў, што ў сярэдзіне студзеня будзе хвастаць цёплы дождж — ніхто б не паверыў. А тут — знарок не прыдумаеш. Неверагодна, але — факт.

Што яшчэ цікава — назаўтра нібы і не было нічога. Лужыны высахлі, вечарам сіноптыкі абяцалі зусім звычайны для гэтага часу снегапад... Зноў жыццё нагадала, што яно не такое сумнае і аднастайнае, як здаецца, што можа зусім нечакана падкінуць-закруціць такі сюжэт, што самы таленавіты рэжысёр і сцэнарыст будзе толькі зайздросліва плячыма паціскаць і прыгаворваць: «Гэта ж трэба, знарок не прыдумаеш!..»

Я дарэчы, некалькі апошніх дзён мела шчасце паўтараць гэта неаднойчы. Гісторыі, прачытаныя і пачутыя ў рэдакцыйных сценах, якраз пад названую катэгорыю падыходзяць. Напрыклад, тыя, якімі дзяліліся калегі, што працавалі на адзіным дні прыёму сенатараў у Мінску. Пра некаторыя мы ўжо напісалі. Мяне асабіста ўразіў выпадак з крэдытам, калі банк сам памыліўся ў налічэнні працэнтаў, чалавек сумленна плаціў тое, што яму напісалі, а пасля аказаўся вінен больш за дзесяць тысяч долараў. Або гісторыя, якая засталася па-за справаздачай аб прыёме, бо прыходзілі людзі з іншым пытаннем. Але шчырыя словы пажылой жанчыны, якая прывезла мужа-інваліда ў калясцы, пра тое, што яна яго ніколі не пакіне, бо дзякуючы яму атрымала адукацыю і рэалізавала сябе, так уразілі калегу, якая была на прыёме, што яна эмацыянальна дзялілася гэтым у рэдакцыі: «Як у рамане. Знарок не прыдумаеш!» А як вам вось гэта, прачытанае (дакладней, вычытанае з агульнага кранальнага расповеду) у «Сямейнай газеце». Асацыяльная маці адмаўляецца ад нованароджанага ў раддоме. Яго ўсынаўляе добрая сям'я, не хаваючы ад яго, што яны не кроўныя бацькі. Праходзіць час, хлопец становіцца дарослым, ідзе служыць у міліцыю, падчас рэйду затрымлівае п'яных дэбашыраў і ў затрыманай спітай кабеце пазнае сваю біялагічную маці. Задае ёй некалькі пытанняў — і яна яго пазнае, называе па імені! Знарок не прыдумаеш, як у кіно. Толькі канцоўка іншая, чым прыдумаў бы, напэўна, сентыментальны рэжысёр: як сустрэліся родныя па крыві людзі, так і разышліся чужымі. Жыццё яшчэ той сцэнарыст — сентыментальны хэпі-энд здараецца не заўсёды...

Прыгадаўся яшчэ адзін жыццёвы сюжэт з серыі «Як у кіно». Вось вас ніколі не блыталі з кімсьці іншым? Бывае, праўда? Мне ў гэтым плане ўвогуле шанцуе. То ў сацыяльных сетках абсалютна незнаёмы чалавек спрабуе мяне пераканаць, што я яго аднакурсніца (пасля даволі доўгай і ўжо раздражнёнай дыскусіі высвятляецца, што мелася на ўвазе мая цёзка, ды яшчэ і фота яму падалося падобным). То нейкая жанчына на вуліцы пакліча па імені і пачне распытваць, што там у вёсцы, як увогуле справы, а я, стараючыся ветліва адказваць, мітусліва (і безвынікова) пытаюся згадаць, што ж гэта за цётка, адкуль я яе павінна ведаць. Не дзіўна, што безвынікова: урэшце, дзякуючы нейкім імёнам і дэталям, высвятляецца, што цётка памылілася... Але самы памятны выпадак, бадай, вось гэты. Еду стомленая ў тралейбусе. Нейкі мужчына, гадоў на трыццаць старэйшы, не зводзіць з мяне вачэй. Прычым навязліва так, што прымушае насцярожыцца. Выходзіць са мной разам на прыпынку, ідзе следам. «Стары маньяк!» — мільгае ў галаве (на вуліцы — глыбокі вечар). Каб збіць яго намеры, заходжу ў краму. З паўгадзіны соваюся там, купляю нейкую драбязу. Выходжу — «маньяк» чакае мяне на ганку з вялізным букетам. Не даючы апомніцца, дае мне яго ў рукі: «Вазьміце. Вы вельмі падобная на сваю маму. Я так яе кахаў калісьці!..» Я, канешне, падобная на маму, але ж не вылітая, таму сумненні закраліся адразу. Пытаюся, як звалі яго каханне. Не супадае! Ён цяжка ўздыхае, кажа: «А кветкі ўсё роўна вам. Вы так падобныя з ёй, я, пакуль ехаў, на вас глядзеў — нібы памаладзеў гадоў на дваццаць. Дзякуй вам!» І пайшоў, па-старэчы зухавата прыспешваючы хаду.

Я шкадую, што тады яго не дагнала, не распытала. Была б у маім асабістым архіве яшчэ адна гісторыя з разраду «Знарок не прыдумаеш». Жыццё іх, падобныя, часам нам усім падкідае. Па-рознаму: нечаканай сустрэчай, нетыповай сітуацыяй, нерацыянальнымі паводзінамі, нават часам дзіўнай, як гэты дождж у ноч на Вадохрышча, прыроднай з'явай. Каб не закісалі, каб не сумавалі, каб вучыліся, каб рабілі высновы, каб здзіўляліся ці абураліся, каб засмяяліся ці праслязіліся. Каб — жылі. Як па мне, дык зусім няшмат ад нас у адказ патрабуецца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».