Вы тут

Зарабляць на хобі. Ганна Фрошына паспяхова займаецца старажытным рамёствам — ткацтвам


Яна ведае, як старыя рваныя рэчы выкарыстаць для творчасці, і не можа на вуліцы прайсці міма доўгашэрснага сабакі. Імкненне атрымліваць заробак ад хобі і дзяржаўны клопат дапамаглі шматдзетнай маці з Гомельскага раёна змяніць сваё жыццё.


«Вяжу, колькі сябе памятаю»

У доме Фрошыных з пасёлка Чонкі пад Гомелем усе ведаюць, як гаспадыня, любімая жонка, маці трох сыноў умее ствараць незвычайную музыку. Пыхцяць, цокаюць, б'юць рытм у яе руках кросны і калаўрот. Ганна з ніткамі, кручком, пражай у руках колькі сябе помніць — вязаць навучылася, калі ў школу яшчэ не хадзіла. Не так даўно жанчына асвоіла ткацтва.

— Па спецыяльнасці я закройшчык, — расказвае Ганна. — Калі пайшла ў трэці дэкрэтны водпуск, сыну цяпер пяць гадкоў, загарэлася ідэяй вырабляць пражу з шэрсці сабакі і воўны. Даведалася, што ў Расіі робяць ніткі з шэрсці ангорскіх трусоў. Такая пража вельмі дорага каштуе і ў нас — дэфіцыт. Але, каб спрасці з такога матэрыялу, не патрэбная папярэдняя апрацоўка, у адрозненні ад прадзення з воўны ці шэрсці сабакі. Я так захацела завесці ангорскіх трусоў, што мужу спакою не давала.

Яшчэ была цяжарная, і ён мудра не адмаўляў, але прасіў дачакацца нараджэння дзіця. Калі сын нарадзіўся — стала не да трусінай гаспадаркі. Але мары вырабляць самой пражу і вязаць з яе не здрадзіла.

Цеплата навынас

Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці жанчына ўладкавалася да індывідуальнага прадпрымальніка ў сваім пасёлку майстрам па рамонце адзення.

— Справа ішла не надта бойка, нашы жыхары не часта звяртаюцца па такую паслугу. Таму зарабіць складана. Вырашыла паспрабаваць працаваць як самазанятая, — тлумачыць жанчына.

Мінулай вясной Ганна стала на ўлік беспрацоўных і пачала афармляць рамесную дзейнасць. Ёй ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прапанавалі прайсці навучанне па прадпрымальніцкай дзейнасці і скласці бізнес-план. Майстрыха нечакана для суседзяў па пасёлку вырашыла больш не займацца пашывам і рамонтам адзення, а зарэгістравацца як вытворца тканых і вязаных адзення і аксэсуараў. Калі прайшла курсы і абараніла бізнес-план, атрымала субсідыю на развіццё ўласнай справы.

— Ткацтва як рамесная дзейнасць — з'ява ў нас рэдкая. Раней на адпаведных выставах і кірмашах ніколі не сустракала рамеснікаў-ткачоў. Большасць знаёмых круцілі пальцам ля скроні, як той казаў, — прызнаецца Ганна. — У бізнес-плане прапісала, колькі за месяц магу зрабіць, каб атрымаць даход, прапісала выдаткі, абазначыла, як мяркую распаўсюджваць сваю прадукцыю, запланавала супрацоўніцтва з фермерамі, якія займаюцца развядзеннем жывёл, каб набываць у іх воўну.

За сродкі дзяржаўнай субсідыі яна атрымала 4 тысячы 600 рублёў — Ганна набыла ткацкія станкі: вялікі стацыянарны і мабільны для кірмашоў і выязных майстар-класаў, і неабходныя для іх матэрыялы. Спачатку майстрыха ткала дыванкі з другаснай сыравіны — у справу пайшла старая пасцельная бялізна і вельмі прыгодныя для такіх вырабаў зношаныя джынсы. Ткала яна і палатно, рабіла дэкаратыўныя падушкі, сумкі-шоперы. З воўны і сабачай шэрсці вырабляла паланціны, шарфы, пальчаткі. Так атрымалася вязана-тканая «капсула», як цяпер модна абазначаюць кампаненты гардэробу, якія пасуюць адзін да аднаго.

Ніводны сабака не пацярпеў

— Мне хочацца, каб людзі бачылі, што такі матэрыял, як сабачая шэрсць, воўна — гэта не толькі пра вязанне шкарпэтак і супрацьрадыкулітных паясоў, пры ўсёй павазе і да гэтых вельмі важных вырабаў, — пераконвае Ганна Фрошына.

Цёплыя рэчы могуць быць не толькі ўтульнымі, але і эстэтычнымі, далікатнымі. У тканых рэчах Ганне падабаецца гэты пяшчотны, мяккі акцэнт пастэльнага каляровага настрою.

— Аказалася, што працаваць з воўнай вельмі складана. Цяпер у асноўным вырабляю пражу з сабачай шэрсці. Прыстаю да сабачнікаў на вуліцы, — смяецца Ганна.

Самаед, чау-чау, аўчарка — вычасаная шэрсць прадстаўнікоў гэтых парод самая лепшая для яе вырабаў, тлумачыць майстрыха. Яна яе мые, чэша, прадзе, а толькі пасля вяжа або тчэ.

Вытрымаць выклік публічнасці

Майстрыха прызнаецца, што самым складаным для яе ў справе самазанятай стала рэклама. Акрамя таго, кажа, яе ўнутраны творца — мастак, часам моцна пакутуе, калі пры вырабе на заказ жаданне кліента супярэчыць яе густу.

— Курсы прадпрымальніцкай дзейнасці, якія дзяржава арганізуе абсалютна бясплатна для беспрацоўных, вельмі карысныя для чалавека, у якога ёсць жаданне адкрыць сваю справу. Навучанне дае патрэбны напрамак: з чаго пачынаць, як скласці бізнес-план, як развівацца далей, — выказвае сваё меркаванне Ганна. — Для мяне, напрыклад, стала самым складаным прасоўваць сваю прадукцыю анлайн, праз сацыяльныя сеткі. Калі чалавек не надта камунікабельны, як я, гэта сапраўды работа над сабой, яна вельмі важная, трэба рыхтавацца да яе. Калі б была магчымасць яшчэ і такія курсы праходзіць перад тым, як адкрываць бізнес ці афармляць рамесніцтва, было б цудоўна.

Майстрыха зазначае, што самазаняты ці індывідуальны прадпрымальнік, які рыхтуецца адкрыць сваю справу і разлічвае атрымаць дзяржаўную падтрымку, можа пэўныя сродкі на рэкламу сваёй прадукцыі закласці ў бізнес-план. Ганна так не зрабіла. Пабаялася, што не зможа асвоіць сродкі, закладзеныя на рэкламаванне, а справаздача па кожным артыкуле строгая.

— Як ткачыха я самавучка. У мяне чатырохрамізны станок і ўсё, што магла самастойна, я асвоіла. Цяпер зразумела, што інфармацыі, якая ёсць у адкрытым доступе, недастаткова. Простае палатнянае перапляценне мне ўжо не цікава ткаць. Таму хачу анлайн навучацца шматрамізнаму ткацтву ў клубе ткачоў з Санкт-Пецярбурга. Мару асвоіць саржавае, атласнае перапляценне нітак палатна з самай разнастайнай фактурай, — падзялілася яна планамі.


У тэму 

За кожную падобную гісторыю развіцця ўласнай справы, арганізацыі самазанятасці ў Гомельскім раёне шчыра перажывае, падтрымлівае людзей начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага райвыканкама Наталля Паніна. Спецыяліст звяртае ўвагу, што да іх ва ўпраўленне ў любы час па бясплатнае перанавучанне на запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці могуць звяртацца жыхары раёна. Дапамогуць у пошуку работы і беспрацоўным жыхарам абласнога цэнтра. Звярнуцца па субсідыю на развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва і рамесніцкай дзейнасці ў Гомельскім раёне могуць толькі зарэгістраваныя жыхары раёна, якія афіцыйна беспрацоўныя і не вядуць ніякай іншай працоўнай дзейнасці.

— Летась у раёне было выдадзена 10 субсідый на развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва і рамесніцкай дзейнасці. Сярод іх — аддзелачныя, сталярныя, цяслярскія работы, арэнда і лізінг будаўнічых машын і абсталявання, паслугі бухгалтара, цырульніка, вырошчванне ягад, арэхаў і іншых пладоў, вытворчасць гатовых тэкстыльных вырабаў, — пералічвае Наталля Паніна.

Адна з апошніх дзяржаўных дапамог была выдадзена на адкрыццё ўласнай справы па забеспячэнні фізічнага камфорту — створаны паўнавартасны SPA-цэнтр у пасёлку Краснае Гомельскага раёна. Як зазначае начальнік упраўлення, субсідыя для ўсіх, хто падае заяўку, аднолькавая. Гэта 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на момант выдавання субсідыі. Праз тры месяцы пасля атрымання такой формы падтрымкі яе адрасат павінен даць справаздачу, на што былі асвоены сродкі. Увесь працэс пад строгім кантролем трымаюць не толькі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, але і падатковыя службы.

— Акрамя таго, мы прапануем беспрацоўным жыхарам раёна перанавучанне па тых прафесіях, якія запатрабаваныя на нашых прадпрыемствах і арганізацыях, — дадае Наталля Паніна. — Так, толькі летась мы накіравалі на навучанне 23 чалавекі, пры гэтым 19 з іх праходзілі навучанне па заяўках ад канкрэтных наймальнікаў і ўжо былі забяспечаны рабочым месцам. Звяртаюцца часта да нас па дапамогу маладыя спецыялісты, якія скончылі ўстанову са свабодным дыпломам, але па тых ці іншых прычынах не знайшлі работу. Мы развіваем такі кірунак, як маладзёжная практыка. На працягу шасці месяцаў упраўленне бярэ на сябе абавязак аплачваць практыку маладога спецыяліста на прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Малады спецыяліст, калі добра зарэкамендаваў сябе, пасля практыкі застаецца там працаваць.

Звяртаюцца па дапамогу ў раён і грамадзяне з дадатковымі гарантыямі — шматдзетныя бацькі, людзі з інваліднасцю, тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.

— Мы працаўладкоўваем усіх. У раёне на сёння больш як 700 вакансій, з іх больш 500 па рабочых прафесіях. Падчас пошуку ўлічваем абгрунтаваныя пажаданні людзей аб месцы працаўладкавання, бо раён вельмі вялікі па плошчы і транспартная даступнасць — значны крытэрый, які таксама ўлічваецца, — падкрэслівае начальнік упраўлення.

На тэрыторыі сельсаветаў абавязкова штомесячна праводзяцца кірмашы вакансій. У іх арганізацыі значную дапамогу аказваюць старшыні сельвыканкамаў, бо яны заўсёды ведаюць дакладна, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні. Перад правядзеннем сустрэч запрашэнні адрасна дасылаюцца ўсім беспрацоўным грамадзянам.

— Мы звяртаем увагу нашых жыхароў і на тое, што няма ніякай патрэбы, калі ты беспрацоўны, накіроўвацца на невядомыя заробкі ў замежныя рэгіёны, бо тут, дома, ёсць магчымасць уладкавацца на дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працоўныя правы і інтарэсы работнікаў заўсёды абароненыя, дзе ёсць стабільны заробак і ўсе неабходныя сацыяльныя гарантыі, — падкрэслівае Наталля Паніна. — Знайсці работу можна не толькі па месцы жыхарства, але і на тэрыторыі любога рэгіёна нашай краіны. Калі ёсць жаданне, нічога не перашкодзіць атрымліваць належную заработную плату. Адзін з нядаўніх прыкладаў: па праграме перасялення жыхар самага аддаленага сельсавета нашага раёна змог працаўладкавацца ў Мінскім раёне. Як вопытны спецыяліст ён шукаў работу на гарбарнай вытворчасці, у нас такой не было.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.