Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Хто на што вучыўся...»


Хто на што вучыўся...

Па нашай досыць доўгай вясковай вуліцы ў той пагодны вераснёвы дзянёк ніхто не швэндаўся. Калгасны брыгадзір на два дні даў коней, каб разараць бульбу, людзі рачкавалі на градках — спяшаліся сабраць ураджай. Ад хаты да хаты хадзіла толькі цыганка: зазірала ў двары, гукала гаспадароў. Аднак адзываўся хіба нехта з нямоглых старых, якія месцамі сядзелі на прызбах ды грэлі напрацаваныя рукі. Увесь астатні люд быў на «сотках».


Фота: pixabay.com

Цыганка між тым дабралася да сярэдзіны вуліцы, да Надзінай хаты, адчыніла брамку — дайшла да дзвярэй. Замка на іх не было: хіба што дзяркач — падпоркай... І ён жа — знакам, што ў хаце нікога няма. Таму «госця» праз веранду зайшла ў вітальню, з яе — у залу і ўжо там стала як прыкапаная: вочы яе «ўставіліся» ў сцяну, на якой вісеў вялікі прыгожы дыван. «Мой!» — сказала сабе цыганка.

Праз акно яна зірнула на вуліцу, на гарод — убачыла, што ўсе там занятыя бульбай. А далей — паступілася на канапу, зняла са сцяны «сваё» багацце, скруціла ў трубу — усцягнула на плячо. Ноша аказалася і цяжкой, і грувасткай — жанчына ледзь выпаўзла з хаты, неяк давалаклася да брамкі і, толькі адчыніўшы яе, пачула з-за спіны прыветнае:

— А хто ж гэта да нас прыходзіў і што хацеў?

У зладзейкі падкасіліся ногі: усё, маўляў, папаўся жучка ў панскую ручку! Але ж (хто на што вучыўся!) шанс выслізнуць яшчэ быў. Таму цыганка, шчыра ўсміхнуўшыся, адказала:

— Дык вось жа — дыван па вёсцы нашу... Можа, вы сабе ўзялі б?

— Не! Мы ўжо купілі, па блаце, — пахвалілася Надзя. — Дарагі, халера! Бычка прыйшлося здаць.

— Шкада, — уздыхнула зладзейка і ўжо збіралася сысці, як той жа голас спыніў:

— Пачакай!..

У цыганкі яшчэ раз падкасіліся ногі, але яна «спакойна» азірнулася, каб пачуць, у якую хату лепей зайсціся, каму прапанаваць тавар.

Крадзюжка падзякавала за падказку і не чуючы ног панеслася за аселіцу, дзе яе на старым «запарожцы» чакаў напарнік. Ён мігам расчыніў дзверцу, ледзьве ўпёр у салон здабычу, усадзіў жанчыну і, што называецца, даў па газах.

...А сям'я Надзеі сышлася ў хаце толькі пад вечар, усе разам сабралі на стол, паселі.

— Дакопкі... Грэх не адзначыць, — падміргнуў Надзі гаспадар. — Ты ж там за канапай нешта хавала? Можа, прынясеш?

Гаспадыня згодна ўсміхнулася, прайшла ў залу і знячэўку ажно закрычала!

Дзеці кінуліся на голас і ўбачылі, што маці стаіць пасярод пакоя, і, не раўнуючы, як тая рыба на беразе, хапае паветра, нешта мычыць — паказвае рукой на пустую сцяну.

— Дыван... Няўжо ўкралі?! — не паверыў вачам муж.

— Не, я ж, лічы, сама яго зладзюжцы аддала! — заплакала жонка.

...Гаспадар потым выклікаў міліцыю, але што яна магла зрабіць, калі з усіх асаблівых прыкмет Надзя помніла толькі доўгую спадніцу і дыван на плячы.

Другі сведка, з крайняй вясковай хаты, бачыў машыну, у якую пакавалі нейкую «трубу», але ні маркі, ні нумара...

Карацей — прапаў бычок: плакалі Надзіны грошы. Але і пасля гэтага дзверы ў вёсцы яшчэ доўга не замыкаліся.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

в. Радкава

Салігорскі раён


Няма лепш, як украдзеш? Няма горш, як зловяць!

Гэтую гісторыю — трошкі горкую, смешную, але і павучальную — расказаў мой пляменнік. Ён у вёсцы жыве і, як той казаў, на долю не скардзіцца, бо мае рукі, галаву на плячах, ды і характар у яго наш, тыповы паляшуцкі: памяркоўны, часам хітраваты.

Дык вось, аднойчы вырашыў Аляксей праверыць свае грыбовішчы, пацікавіцца, ці не вырасла там што, і дзейнічаць стаў па-вясковаму мудра: каб лішне ногі не трапаць, запрог каня. Падумаў: «Пакуль сам буду па ўзлеску шастаць, Ворчык папасецца, а калі грыбоў набяру, — дамоў прывязе».

Аднак спачатку конь пакіраваў з дому ў бок лесу, там збочыў да дзялянкі з ляшчынай. Аляксей назбіраў арэхаў, дзе-нідзе на пнях згледзеў апенькі — іх падабраў таксама, пачуў, што блізка гудуць камбайны. Падумаў: «Малайцы, хлапцы — убіраюць апошні клін». Памкнуўся паглядзець, колькі ж ім засталося, ды пайшоў на гул, насустрач камбайнам... А яны, як здалося, насустрач яму? Адзін — дык дакладна — усё бліжэй і бліжэй...

Галоўнае — пад'ехаў да самага ўзлеску — спыніўся, і... двое маладых мужчын (трэба разумець, камбайнер з памочнікам?) сталі скідваць на зямлю поўныя мяшкі. «Не, — прызнаў Аляксей, — яны не малайцы... Бач, не стрымаліся — укралі калгаснае дабро».

Мужчыны тым часам хуценька схавалі мяшкі ў куст вербалозу, зламалі пару галін для меткі і, запомніўшы, дзе, пайшлі да камбайнаў.

...Аляксей таксама хацеў пайсці — у грыбы. Але ж спярша падагнаў каня, пагрузіў на калёсы ўкрадзенае збожжа. Пачухаў патыліцу... Потым у свой мяшок (на возе ў яго чаго толькі няма!) перасыпаў жыта з аднаго чужога (хіба з вядро пакінуў) і занёс назад — у той самы куст.

Пачуўшы тое, я, помню, насцярожыўся, спытаў:

— А нашто ты гэта зрабіў?

Адказ спадабаўся:

— Ды хацеў, каб дайшло да людзей, што красці нельга, што лес чуе, а поле бачыць. Гэта значыць, сведкі заўсёды знойдуцца і да турмы тады рукою падаць.

Іншымі словамі, Аляксей спадзяваўся і спадзяецца, што зладзюжкі яго «намёк» зразумелі правільна: болей не крадуць, а значыць, спяць па начах спакойна і дома.

Алесь САЧАНКА

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж (і не толькі — на гэты раз):

У знаёмай сям'і — цудоўная традыцыя: сабраўшыся за навагоднім сталом, кожны — і стары, і малы — па чарзе бярэ слова, расказвае, што ён сёлета зрабіў, пабачыў, прачытаў, зразумеў, што яму лепей удалося, што горш, што хацеў, планаваў (!) і не змог... Потым усе разам думаюць, чаму, знаходзяць словы падтрымкі, абмяркоўваюць новыя планы...

Такім чынам і ў нас кароткая справаздача. У рубрыцы «Алё, народ на провадзе!» ў мінулым 2022-м надрукаваны 134 вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў. «Прачытаўшы і нават не раз перачытаўшы асобныя, — піша спадарыня Т. Новік з Клецка, — я прызнала, што ў конкурсе павінны перамагчы Алена Несцяронак з Докшыц і Віктар Сабалеўскі з Узды. Яны пісалі шмат і досыць цікава... А калі наогул, то нешта з надрукаванага і падабалася, і запаміналася адразу, нешта западала ў душу пазней. Выбраць дзесяць найлепшых вельмі цяжка!»

«...Сам я, на жаль, не здольны зрыфмаваць нават двух радкоў, — прызнаецца спадар З. Балотнік з Мінска, — і таму хачу засведчыць сваю выключную павагу аўтарам вершаваных гісторый Івану Астроўскаму, Мікалаю Камароўскаму, Віктару Сабалеўскаму. Асобныя з іх твораў чытаюцца, амаль як байкі Крапівы!».

«...Па ўмовах конкурсу, трэба вызначыць дзясятку найлепшых гісторый, але ж спачатку хочацца сказаць пра аўтараў, — піша старшыня вялікага чытацкага журы Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. — Сярод іх і сюжэтамі, і формай падачы вылучаецца Алена Несцяронак, высокай ацэнкі заслугоўваюць бываліцы Любові Чыгрынавай, Зоі Наваенкі, Валерыя Гаўрыша, Галіны Нічыпаровіч. Цёплыя, мілыя гісторыі з такога ж цёплага часу ў Ніны Кандрашонак, у вершаскладанні, на мой погляд, роўных няма Віктару Сабалеўскаму...

Шмат каго можна назваць, таму проста шчыра падзякую кожнаму з аўтараў за ўдзел у конкурсе, за падтрымку гэтага ўнікальнага праекта. Мая першая гісторыя надрукавана ў звяздоўскім «...Провадзе» ў 2002 годзе. З таго часу — я палічыла — іх змешчана 145. Толькі маіх... А ўсіх разам? Гэта ж цэлыя фаліянты і сапраўдная скарбонка беларускага народнага гумару!»

«Я не першае дзесяцігоддзе ўдзельнічаю ў «звяздоўскіх» конкурсах, — паведамляе Мікалай Камароўскі з Оршы. — Мне цікава нешта напісаць (прыпеўку, гісторыю, подпіс да здымка), пачакаць сваіх публікацый (бывае, марна, бо «Звязда» друкуе найлепшае) і парадавацца чужым. Самыя цікавыя з іх — гэта ўжо завядзёнка — я складваю ў асобную тэчку... Аднак і пры гэтым выбраць толькі дзесяць гісторый амаль нерэальна! Да таго ж, у асобных аўтараў (Алены Несцяронак, Соф'і Варонінай, Івана Гаральчука і Любові Чыгрынавай) мне спадабаліся па дзве ці нават тры... Так што рэдакцыйнаму журы, якому прыйдзецца выбраць адну (?!) найлепшую, я проста не зайздрошчу».

Дзякуй чытачам за добрыя словы, за разуменне і, вядома ж, за дапамогу. Дзякуючы ёй у спіс найлепшых твораў трапілі «Нядоўга музыка іграла, нядоўга дзядзька танцаваў» (В. Сабалеўскі, г. Узда, нумар газеты за 4.03, «Быль пра партрэт правадыра», 18.11), «Труд должен быть трудным» (А. Несцяронак, г. Докшыцы, 16.12, «Роўны шлюб і ніякага мезальянсу», 01.07, «Перамога была за намі», 18.03), «Не вучыце рыбу плаваць» (В. Кабачэўскі, г. Орша, 22.04).

Усяго на крок-другі адсталі ад лідараў «Хоць якая ды карысць...» (Г. Шырокава, г. Брэст, 25.03), «Мукі ад навукі...» (Тамара Літошык, г. Мінск), «Хто ёсць ху? Пошук метадам тыку» (Н. Шастакова, г. Гомель, 07.10), «Свет і яго адкрыццё» (М. Багданаў, Мёрскі раён, 18.03)...

Журы (і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае) не можа не адзначыць асобных з сёлетніх дэбютантаў: А. Панцялееву з Нясвіжчыны, В. Бабко-Аляшкевіч з Салігоршчыны, С. Міхайлоўскую з Узды, Т. Кручэнку з Гомеля, В. Субач з Глыбоччыны...

А зрэшты, у конкурсе, хочацца верыць, выйгралі, усе, хто пісаў (бо нешта сваё, дарагое ўспомніў і нават увекавечыў (няпраўда, што газета жыве адзін дзень!), усе, хто чытаў і, магчыма, нечаму вучыўся, усе, хто ўсміхаўся ці нават смяяўся. Для вось гэтага падстаў цяпер, на жаль, небагата, а таму — конкурс працягваецца. Адмысловыя дыпломы і прызы пераможцам будуць высланы ў найбліжэйшы час.

Пішыце! Калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».