Вы тут

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання ў Брэсце адкрылі пасля рэканструкцыі


Брэсцкаму абласному цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сёлета спаўняецца трыццаць гадоў. Да юбілею ўстанова атрымала важкі падарунак — цалкам абноўлены корпус і адпаведна з’явіліся магчымасці аказваць дапамогу значна большай колькасці дзяцей.


— Мы практычна адкрылі новы сучасны аб’ект, — заявіў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук. — У ходзе капітальнага рамонту будынак не толькі цалкам абноўлены: удалося дасягнуць галоўнага — павялічыць яго плошчу ў тры разы. Зараз яна складае каля тысячы квадратных метраў. На гэта пайшло каля двух мільёнаў рублёў сродкаў з абласнога бюджэту. Але ж затраты таго вартыя. Цяпер з’явілася магчымасць павялічыць штат супрацоўнікаў, адпаведна вырасце і колькасць дзяцей, якіх зможа прыняць цэнтр.

Дырэктар цэнтра Таццяна Жук расказала, што да рэканструкцыі карэкцыйна-педагагічную падтрымку тут атрымлівалі ўсяго 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Зараз ужо займаецца 53 дзіцяці, і колькасць будзе толькі ўзрастаць.

— Дзеці, якія патрабуюць асаблівай увагі і асаблівай дапамогі, атрымліваюць яе, — падкрэсліла дырэктар. — Акрамя таго, у цэнтры штогод праходзяць псіхолага-педагагічнае абследаванне больш за 300 дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з вобласці атрымліваюць кансультацыі.

Ва ўстанове зараз з’явіўся шэраг новых кабінетаў. Напрыклад, дыягнастычны абсталяваны па самых сучасных патрабаваннях. Для кабінета рухальнай актыўнасці набыта новае абсталяванне, ёсць дзве сэнсарныя залы: цёмная і светлая. З’явілася пад’ёмная платформа вертыкальнага перамяшчэння для інвалідаў.

Шматгадовыя напрацоўкі ўстановы паспрыялі адкрыццю рэсурснага цэнтра па інклюзіўнай адукацыі. Асноўныя яго мэты, паводле слоў намесніка дырэктара Галіны Бусько, —максімальнае ўключэнне дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ў соцыум, а таксама фарміраванне інклюзіўнай культуры ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, і ў выніку — стварэнне інклюзіўнага грамадства. Цэнтр пастаянна праводзіць інклюзіўныя фестывалі, ладзіць выставы творчых работ сваіх выхаванцаў і іншыя мерапрыемствы.

З улікам пералічаных раней фактараў і праводзілася рэканструкцыя. Спецыялісты ААТ «Брэстжылпраект» і ААТ «Палессежылбуд» улічылі пажаданні супрацоўнікаў цэнтра. Пры правядзенні аддзелачных работ выкарысталі колеравую гаму, якую хацелі бачыць педагогі.

Вельмі важна, што зараз у кожнага педагога ёсць асобны кабінет, а гэта дазваляе праводзіць не толькі індывідуальныя заняткі, але і заняткі з невялікімі групамі выхаванцаў. У цэнтры працуе дзіцячы ўрач-псіхіятр. Хутка пачнуць працаваць яшчэ некалькі супрацоўнікаў медыцынскага профілю. Педагогі падкрэсліваюць важнасць і такога набытка, як дыдактычны матэрыял, развіваючыя дапаможнікі.

Якасць рэканструкцыі і праведзенай работы ўжо ацанілі і дзеці, і дарослыя. Мама выхаванкі Ала Андрановіч выказала падзяку і будаўнікам, і работнікам цэнтра: «Сучасныя дзеці павінны займацца ў сучасных умовах, і нашым дзецям яны тут забяспечаны».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Марына Васько, якая прыйшла павіншаваць калектыў Цэнтра з наваселлем, адзначыла, што капітальны рамонт і рэканструкцыя ўстановы не з’яўляюцца выпадковай падзеяй:

— Гэта вынікі сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы з улікам падыходаў, якія рэгламентуе Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дзе шмат увагі нададзена інклюзіўнаму накірунку, — адзначыла яна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».