Вы тут

У лабірынтах мастацтва. Басаногі паэт


Вайсковыя могілкі ў Мінску — не толькі адзін з найстарэйшых мінскіх некропаляў (найбольш старыя могілкі — Кальварыйскія), але і музей скульптуры пад адкрытым небам. А ў 1960-х гэтыя могілкі былі самыя прэстыжныя ў Мінску. Як цікава прайсці па іх сцяжынках, каб паглядзець на надзвычай разнастайныя пахавальныя скульптуры нашым вядомым дзеячам культуры... Аўтары многіх барэльефаў, асабліва пасляваеннага часу, забыліся, але два помнікі выкананы прызнанымі майстрамі беларускай савецкай скульптуры. Прыцягвае ўвагу надмагілле Якубу Коласу аўтарства Уладзіміра Ананькі і Мікалая Якавенкі, і Янкі Купалы аўтарства Анатоля Анікейчыка і Андрэя Заспіцкага. Гэта выдатныя ўзоры беларускай мемарыяльнай скульптуры. Помнік Коласу — выява галавы пісьменніка — больш лаканічны і манументальны, а вось помнік Купалу, усталяваны ў 1970 годзе, заслугоўвае асобнай размовы.


Згадкі пра самы першы помнік Янку Купалу я сустрэла ў матэрыялах Людмілы Рублеўскай пра Уладзіславу Луцэвіч, жонку Купалы. Людміла Рублеўская знайшла ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва цікавы дакумент, паштоўку, якую Уладзіслава Луцэвіч даслала ў Маскву сваёй сяброўцы, Канстанцыі Буйло, у 1942 годзе:

«Имею просьбу, Костка, к тебе. Подъедь в крематорий и посмотри, как там Янки памятник. Дай руб. сто женщине, которая там ухаживает, такая старуха».

З гэтага паслання вынікае, што на маскоўскіх Ваганькаўскіх могілках, дзе захоўваўся прах паэта пасля крэміравання, меўся нейкі помнік. Мне падаецца найбольш верагодным, што гэта быў помнік працы Аляксея Глебава, які ляпіў Янку Купалу яшчэ пры яго жыцці. Тым больш Глебаў на час гібелі Купалы знаходзіўся ў Маскве — на пачатку вайны скульптар на фронце быў паранены, яго адаслалі ў шпіталь у Маскву, потым ён працаваў у агітаддзеле Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

Як вядома, перапахаванне паэта з Ваганькаўскіх могілак у Маскве на Вайсковыя могілкі прайшло ў ліпені 1962 года. Захаваліся нешматлікія фотаздымкі з гэтай падзеі. А як выглядала магіла Купалы з 1962-га да 1970-х гадоў, успамінаў вельмі мала. На месцы пахавання быў пабудаваны склеп з бронзавай плітой з лаканічным надпісам. Паўліна Мядзёлка ў сваім дзённіку так згадвае пра пахаванне Купалы: «Устаўляюць труну ў падрыхтаваны склеп. Замуроўваюць».

Меркавалася зрабіць на гэтым месцы велічны помнік. На Вайсковых могілках ужо была магіла Якуба Коласа, які памёр у 1956 годзе, і жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч, якая была пахавана тут у 1960 годзе.

Бліжэй да 90-гадовага юбілею паэта саспела вострая патрэба зрабіць помнік. Можна было адаптаваць добра вядомыя скульптурныя выявы народных мастакоў Беларусі — бюст Купалы работы Заіра Азгура і скульптуру Купалы, які сядзіць у фатэлі, зробленую Аляксеем Глебавым яшчэ ў 1940-я гады, але яны былі занадта натуралістычныя, а эстэтыка «адлігі» 1960-х патрабавала большай узнёсласці. Зрабіць помнік прапанавалі маладым скульптарам Анатолю Анікейчыку і Андрэю Заспіцкаму і архітэктару Міхаілу Мызнікаву, якія на той час пасля раптоўнай смерці свайго настаўніка Аляксея Глебава ўжо працавалі ў камандзе над вялікім помнікам Янкі Купалы ў цэнтры Мінска каля яго мемарыяльнага музея і таму былі, як гаворыцца, у тэме.

Анікейчык, атрымаўшы такі заказ, адчуваў вялікую адказнасць, тым больш што іканаграфія Купалы ў беларускай станковай скульптуры на той час толькі распрацоўвалася. Мастакі старэйшага пакалення — Аляксей Глебаў, Міхась Роберман, Андрэй Бембель, Заір Азгур — стварылі выдатныя партрэты Купалы, бо бачылі яго, былі з ім знаёмыя да вайны. Шмат людзей пасляваеннага часу яшчэ добра памяталі Купалу. Анікейчык павінен быў стварыць вобраз песняра і захаваць пазнавальнасць, партрэтнае падабенства. Ён натхняўся ўспамінамі, кінакадрамі, фотаздымкамі і прыжыццёвымі партрэтамі мастакоў, якія пісалі яго з натуры, — Дзмітрыя Полазава, Якава Кругера, Валянціна і Анатоля Волкавых, Івана Ахрэмчыка.

«Я заўсёды любіў Купалу як паэта і як чалавека. Мяне вабіла яго глыбіня», — гаварыў ён у інтэрв'ю ў тэлевізійным фільме Алега Белавусава ў 1975 годзе. «Мне імпануе сам тыпаж, склад яго твару, непаўторнасць яго чэрапа, — казаў ён. — Цяжкія павекі, нос з невялікай гарбінкай, з вельмі пачуццёвымі ноздрамі... Мяне гэта хвалюе, падабаецца. Я хацеў у кожнай сваёй рабоце адкрыць нешта новае».

Анікейчык адштурхнуўся менавіта ад вобраза свайго настаўніка Аляксея Глебава — яго фігуры паэта ў фатэлі, з плашчом, але кардынальна перарабіў яго занадта бытавы вобраз у больш рамантычны.

Пецярбургскі мастацтвазнаўца Іван Чачот трапна заўважыў, што скульптура арганічна адчувае сябе толькі на могілках, бо яна нарадзілася як мемарыяльная. Надмагільны помнік знакамітым людзям — асаблівы жанр у скульптуры. Ён патрабуе ад скульптара ўмення стварыць меланхалічны настрой і ўлічыць наяўнасць сакральнай прасторы для пакланення — прадуманага месца для ўскладання кветак і вянкоў, для масы людзей побач. Усю прастору вырашае архітэктар, справа скульптара — стварэнне вобраза.

Кампазіцыя задумана аўтарамі на нізкім пастаменце, літаральна некалькі сантыметраў ад зямлі, і на фоне сцяны з чырвонага каменю. Гэты прыём максімальна набліжае яго да наведвальнікаў. І хоць абмяжоўвае ракурсы агляду, не дае магчымасць абыходу, але выконвае важную ролю адасаблення ад гарадской прасторы, ад вуліцы з жылымі дамамі, якія былі б бачныя без гэтай сцяны і ўрываліся б у аўру гэтага манумента.

Купала паказаны ўжо ў немаладым узросце з прыкрытымі вачыма, паглыбленым у сябе, у свае вершы-імправізацыі. «Мне сняцца сны аб Беларусі» — вершаваны дэвіз гэтага помніка. Аўтар «пасадзіў» фігуру паэта на нешта, што нагадвае сукаваты пень, апрануўшы яго ў народную простую вопратку — світку і порты, як быццам ён выйшаў з дому і прысеў адпачыць. Сапраўды, у Ляўках быў любімы «купалаўскі» пянёк, на якім ён любіў сядзець. Босыя ногі паэта (надзвычай далікатна прыменены наватарскі прыём), як і нізкі пастамент і пень, урослы ў зямлю, павінны падкрэсліваць сувязь паэта з роднай зямлёй. Вялікі плашч, які ахутвае постаць паэта і развяваецца ад ветру, падкрэслівае рамантычнасць вобраза. Лепка фігуры свабодная, шырокая, амаль імпрэсіяністычная, без дэталізацыі, але галава вылеплена крыху іначай, больш падрабязна, з псіхалагічным досведам, які грунтуецца на апошніх фотаздымках паэта.

Мемарыял Купалу быў усталяваны на Вайсковых могілках у 1970 годзе, і каманда маладых скульптараў засяродзілася на манументальным помніку ў скверы імя Янкі Купалы. Гэты помнік стаў сапраўдным узлётам Анатоля Анікейчыка. «Праца гэтая прынесла нам нямала шчаслівых дзён», — расказваў Анікейчык. — Кожны дзень пачынаўся з чытання вершаў Купалы, успамінаў аб ім, чытання стэнаграм яго выступленняў».

Тады скульптар яшчэ не ведаў, што купалаўская тэма стане пажыццёвай яго місіяй, а менавіта гэты помнік-мемарыял натхніць многіх яго вучняў і паслядоўнікаў.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».