Вы тут

Зорная гама: васількі, карані, эмоцыя. Анастасія Масквіна — прымадонна, якая разбурае стэрэатыпы


Як пісаў Максім Багдановіч, «Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком». Але прыродны дар — толькі частка вялікага таленту. Майстры, якіх мы бачым на вялікіх сцэнах, усё жыццё цяжка працуюць, каб глядач захапляўся той лёгкасцю, натхнёнасцю, з якой яны спяваюць ці танчаць. Хто лепей пра гэта ведае, чым народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, загадчык опернай трупы Вялікага тэатра Беларусі, чароўнае сапрана Анастасія МАСКВІНА? Мы сустрэліся ў закуліссі пасля традыцыйных навагодніх канцэртаў. Хтосьці побач распяваўся, рэпеціравалі музыкі... Уласна кажучы, і нашу размову можна ўявіць у выглядзе музычнага твора — ну хаця б звычайнай гамы...


Do. Місія васілька

Першая нота, першы склад слова «Domіnus», скіроўвае нас да духоўнага... Дарэчы ўспомніць нядаўні Мінскі міжнародны оперны Калядны форум, які паспяхова адбыўся на радасць гледачам і насуперак усім неспрыяльным абставінам.

— У нас штогод павінен адбывацца Калядны форум, і мы яго праводзім. Як кажа наш Прэзідэнт, нягледзячы на тое, што вакол адбываецца, кожны павінен рабіць сваю працу, — усміхаецца Анастасія Масквіна. — У самыя складаныя часы гучала песня, якая дапамагала людзям. Недарэмна ж падчас Вялікай Айчыннай вайны фарміраваліся ў тым ліку з артыстаў нашага тэатра франтавыя агітбрыгады, і знакамітая Ларыса Александроўская ездзіла і спявала... У цудоўным творы Максіма Багдановіча «Апокрыф» Хрыстос чуе, як жнеі пяюць песню пра васілёк, і параўноўвае дзеяча культуры, музыканта з васільком — жытнёвае поле не будзе поўным без гэтых кветак, якія камусь здаюцца пустазеллем, але радуюць душу селяніна сваёй красою. Оперны форум адбыўся паспяхова. З прэм'ер апошняга сезона прадставілі «Любоўны напой» Даніцэці ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра нашага тэатра Ганны Маторнай. Са знакавых спектакляў рэпертуару — «Турандот» Міхаіла Панджавідзэ, які мы аднавілі ў гэтым годзе. Два спектаклі форуму цалкам былі «гасцявыя» — «Яўгеній Анегін» маскоўскай Гелікон-оперы і «Шаўковая лесвіца» «Астана Опера». І якраз адразу пасля форуму ў нас адбылася прэм'ера оперы Баневіча «Кай і Герда». Спектакль гэты ідзе «двайніком» — раніца-вечар і збірае поўныя залы. Ён для сямейнага прагляду: прыгожая музыка, яркая карцінка, добрая казка, якая зараз вельмі нам патрэбная — пра дабро, пра мір. Кранае так, што клубок у горле, слёзы...

Re. Карані, Караткевіч

Назва ноты паходзіць ад «rerum», матэрыя... Тое, без чаго нельга стварыць варты твор. Хіба гэты абавязковы складнік — не нацыянальная культура?

— Падчас Каляднага форуму ў 2023 годзе на прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі «Астана Опера» ўсіх уразіла, што госці налічылі пяць нацыянальных опер у сваім рэпертуары — і па літаратурных творах, і пра гістарычных персанажаў, і нават фэнтэзі паводле казахскага нацыянальнага эпасу. Пра неабходнасць з'яўлення новых опер, якія прадстаўлялі б беларускую нацыянальную гісторыю, культуру, гаворыцца шмат... Але ці будзе тут зрух? Ведаю, што ў вашым рэпертуары ёсць дзве партыі з опер па творах Уладзіміра Караткевіча — Ірына з «Сівой легенды» і Надзея Яноўская з «Дзікага палявання караля Стаха»...

— Я вельмі люблю выконваць згаданыя вамі партыі, хаця ў апошняй пастаноўцы «Дзікага палявання караля Стаха» не ўдзельнічаю. Над партыяй Ірыны мы працавалі разам з аўтарам, Дзмітрыем Смольскім. Опера «Сівая легенда» знакавая для мяне, таму што спектакль у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ атрымаў Дзяржаўную прэмію. Новая пастаноўка гэтай оперы Ганны Маторнай таксама знакавая, ідзе з аншлагамі, нядаўна мы паказвалі яе ў Вялікім тэатры Расіі, знаёмілі такім чынам расіян з нацыянальнай беларускай культурай. Гэта вельмі важна, таму што не так часта гучыць беларуская музыка ў іншых краінах. Думаю, на такія оперы трэба прыводзіць школьнікаў, студэнтаў. А пашырэнне нацыянальнага рэпертуару залежыць не ад нас, а ад кампазітараў. Калі б былі новыя вартыя оперы, яны б у нас ужо ішлі.

Мі. Ад гітары да арыі

Mі — ад mіraculum, цуд... Хіба не цуд — чароўны голас, які даецца звыш?

— Успамінаю мемуары адной вядомай спявачкі, як яна маленькая сядзела пад сталом і для мамы і яе гасцей ад прыроды пастаўленым голасам спявала арыі...

— Разумееце, гэта ж мемуары... Гульня з чытачом. У пяць гадоў пастаўленым голасам ніхто не спявае пад сталом. Здаецца, што раз зорка оперы — дык у дзяцінстве павінна спяваць Кармэн... Гэта стэрэатып. Я разбураю ўсе стэрэатыпы. Я ў дзяцінстве нават у оперу не хадзіла. Хаця музыкай займалася з дзяцінства, па класе скрыпкі сем гадоў у 2-й музычнай школе. Але не кожная дзяўчынка хоча стаць опернай спявачкай. Памятаю, скончыла музычную школу — думаю, ну ўсё, хопіць... У тэатр пайду, актрысай буду... У мяне першая адукацыя — універсітэт культуры, рэжысура тэатральнага калектыву. Хаця на ўсіх канцэртах спявала пад гітару. Літаральна ўчора ў бацькоў знайшла часопіс «Тэатральная Беларусь» за 1994-ы, і я там на вокладцы, з гітарай. Першую арыю я праспявала ў кансерваторыі. Не думала, што опера — мой лёс, проста вучылася акадэмічнаму вакалу. Многія ж спевакі — Градскі, Магамаеў, Кабзон — атрымалі такую адукацыю, з якой пайшлі на эстраду. Толькі калі пачала займацца ў Акадэміі музыкі, пабачыла, якое гэта незвычайнае асяроддзе, гэтыя твары, вочы, яскравыя таленты... Я зразумела, што хачу быць часткай гэтага.

Fa. Сюрпрыз для сям'і

Нота ўтварылася ад «famіlіas рlanetarіum», «сям'я планет»... У кожнай зоркі ёсць сям'я. Кожнага музыку вадзілі ў музычную школу, змушалі да бясконцых практыкаванняў... Анастасіі Масквіной пашанцавала — бацькі заўсёды падтрымлівалі і разумелі.

— Мне ўвогуле дазвалялі рабіць усё, што я хацела, ніхто не змушаў да выбару прафесіі. Калі ў мяне выявілі абсалютны музычны слых, адвялі ў музычную школу. Я са звычайнай сям'і, мае бацькі — інжынеры, бабулі і дзядулі не хадзілі ў оперу. Не было ў нашым родзе музыкаў ці артыстаў. Дзед скончыў Баўманскае вучылішча, і ў 1944-м, як толькі вызвалілі Мінск, яго прыслалі сюды ствараць аўтамеханічны тэхнікум, ён быў першым дырэктарам, рыхтаваў спецыялістаў для МАЗа. Так, у савецкі перыяд на сямейных застоллях спявалі ўсе, бабулі, дзядулі... Людзі хацелі чагосьці душэўнага. Для маёй сям'і — нечаканасць, што раптам я — народная артыстка, салістка Вялікага тэатра... Ганарацца. І ўсе мае сваякі зараз ходзяць у оперу.

— А як трапілі ў Вялікі тэатр, які таксама можна назваць вашай сям'ёй?

— Калі заканчавала Акадэмію музыкі, усе пайшлі праслухоўвацца... І я пайшла. І ў музкамедыю, і ў оперны. У оперны чатыры разы праслухоўвалася. Оперны тэатр у Беларусі адзін — талентаў шмат. Складаны быў шлях. На 0,25 стаўкі напачатку ўзялі, пасля тры гады працавала на паўстаўкі, маленькія ролі... Я доўга даказвала сама сабе і тэатру, што вартая быць салісткай. У гэтым годзе — 20 гадоў, як я ў тэатры, і ўвесь гэты час працягваю вучыцца. На сцэне заўсёды відаць унутраны змест артыста. Калі за душой нічога няма, то ён не стане эмацыянальным сасудам, які праз сябе прапускае геніяльную музыку.

Sol. Як праспяваць тры гадзіны і не надарваць голас

Гэтая нота не ад «соль», як шмат каму здаецца, а ад «solіs» — Сонца. Сонца спевака — талент... А вось соль яго прафесіі — цяжкая праца. Здаецца, што спявак з абсалютным слыхам адразу можа паўтарыць любую арыю, і на гэтым усё...

— Справа не ў тым, каб паўтарыць. Ты павінен ужыцца ў сваю партыю, галасавыя звязкі павінны прывыкнуць да пэўных інтэрвалаў, да тэксту. Можна праспяваць так, што пасля два тыдні будзеш маўчаць, бо нават размаўляць не зможаш. Засваенне партыі часта займае два-тры месяцы. Не таму, што спявак ноты кепска вучыць, а таму, што трэба «впеть» партыю, укласці яе ў галаву, на звязкі, спачатку з канцэртмайстрам у класе, потым на сцэне. Зрабіць так, каб ты выходзіў і тры гадзіны спяваў, не задумваючыся, так, як гаворыш, як дыхаеш. У нас рэпертуарны тэатр, спектаклі оперы ідуць праз дзень, сёння ты спяваеш адну партыю, заўтра — другую, яшчэ праз дзень — трэцюю, на розных мовах.

— Спаконвек голасам лячылі або наносілі шкоду, узносілі малітвы... Гэты бок свайго дару вы адчуваеце?

— Тэмбральна чалавеку голас дастаецца генетычна, ад бацькоў. Але лічу, што тэмбр голасу адлюстроўвае характар чалавека, яго душу. Аднаго спевака хочацца паслухаць яшчэ раз, а другога — і добра нібыта спявае, а сэрца не кранае. Да нас прыходзяць людзі, якія хочуць знайсці душэўную раўнавагу, ачысціцца ацаляльнай сілай класічнай музыкі. Мастацтва заўсёды было выхаваўчае, таму мне вельмі шкада, што ў школе няма ўрокаў спеваў і музыкі. Як сённяшнія вучні прыйдуць да нас у тэатр, калі не ведаюць, што такое опера? Такія прадметы, як спевы і маляванне, развіваюць шматбаковую асобу. Урокі музыкі трэба вяртаць на дзяржаўным узроўні.

La. Эмоцыя плюс

«Lactea vіa», Млечны шлях, які беларусы называлі Птушынай дарогай...

— З выхаду на сцэну ў якой оперы пачаўся ваш шлях?

— У дыпломным спектаклі Акадэміі музыкі ў мяне была партыя Таццяны ў «Яўгеніі Анегіне». А ў тэатры напачатку маладому артысту даюць маленькія партыі, у мяне была Першая дама ў «Чароўнай флейце» Моцарта. Моцарт для маладых спевакоў вельмі карысны, «вучэбна-лячэбны» кампазітар. Пасля была партыя Іаланты, ужо адна з найскладанейшых, Мікаэлы ў «Кармэн». Так склаўся лёс, што мне хутка пачалі даваць галоўныя партыі. У мяне амплуа лірычнай гераіні — вобразы, якія ідэальна кладуцца на мой характар.

— Ну так, вы ж прызнаваліся, што вы чалавек вельмі ўражлівы і эмацыянальны...

— Для жыцця гэта не вельмі добра, а для сцэны — наадварот. Таму што я магу сваю эмоцыю перадаць гледачу.

— Некаторыя оперныя спевакі спрабуюць сябе ў іншых жанрах. Рок-опера, джаз, эстрада... У вас не было такога жадання?

— Вядома, калі ты авалодаў опернай манерай, можаш спяваць любую музыку. Пытанне — ці хочаш? Мне цікавая класічная музыка. Калі я буду выходзіць у іншым жанры, усё адно буду спяваць у той жа манеры. Прыклад — наш праект «Опера плюс джаз». Хаця джаз блізкі да оперы па сваёй шматпланавасці і інтэлектуальным пасыле, я не валодаю стылістыкай джазавай спявачкі. Што тычыцца рок-оперы... У маёй сям'і рок не слухалі. Маці купляла пласцінкі бардаў, Высоцкага, Акуджаву...

Sі. Калі зоркі вышываюць крыжыкам

Гэтая нота адсылае да «sіderae», нябёсаў, месца, дзе жывуць зоркі.

— У вас, напэўна, ёсць свой фан-клуб, як у кожнай прымадонны...

— Я пра гэта ніколі не думала. Я чалавек вельмі просты, дастаткова сціплы, не люблю пафасу усёй гэтай «зорнасці», пакланення... Камусьці гледачоў падабаецца больш адзін артыст, камусьці другі, але яны глядзяць на ўсіх нас. Яны любяць наш тэатр. Оперны артыст можа прыехаць у любую краіну, спяваць на мове арыгіналаі яго прымуць па яго таленце. Але самае галоўнае, што табе ёсць куды вярнуцца, што ў цябе ёсць твой родны тэатр, свае гледачы.

— Музыкам у побыце складана, напэўна... Трэба ж рэпеціраваць...

— Я, папраўдзе, дома не спяваю, мне дастаткова нагрузкі ў тэатры. Гэта стэрэатып, што оперны спявак спявае з раніцы да вечара. У яго ёсць перыяд галасавога спакою, каб голас адпачываў. Голас — адзіны музычны інструмент, які знаходзіцца ўнутры чалавека. І ты мусіш навучыцца быць з ім у ладзе.

— Займаецеся побытам, гатаваннем?

— Так, як звычайная беларуская жанчына.

— Ні хатніх работніц, ні заказаў з рэстаранаў?

— Не. Стравы гатую, вядома, простыя, якія робяцца хутка. Калі нарадзілася дзіця, я была студэнткай Акадэміі музыкі. Давялося так арганізоўваць час, каб і вучыцца, і выхоўваць сына, і спяваць. Для мяне гатаваць не робіць ніякай праблемы. Накруціла фаршу, зрабіла катлеты, пайшла на працу...

— А сыходзіце рана? Вы жаўранак?

— Рэпетыцыі пачынаюцца з адзінаццаці раніцы, бо спектаклі заканчваюцца позна. Калі звычайны чалавек у шэсць-сем вечара ўжо дома, то ў нас у гэты час толькі пачынаецца спектакль. Але неяк усё паспяваю. Мне падабаецца, калі шмат спраў, калі ўсё рухаецца.

— А як адзначылі гэты Новы год?

— Былі, вядома, традыцыйныя канцэрты і 31-га, і 30-га, і баль у Прэзідэнта 28-га снежня. Ужо пяты раз адбыўся такі баль для найлепшай студэнцкай моладзі, мы паказвалі для іх урывак з оперы «Фігара». Калі ў артыста ўвесь час ёлкі, канцэрты, спектаклі, хочацца святкаваць у іншай атмасферы, спакойнай, у коле сям'і. Каб аднавіцца і пасля зноў аддаць гледачу эмоцыі.

— А як аднаўляецеся? Прагулкі на прыродзе?

— Так, і на прыродзе... І ў басейн можна схадзіць. Заняцца нейкай іншай дзейнасцю...

— Вас яшчэ і на хобі хапае?

— Мая мама ўсё жыццё вышывала і мяне навучыла. І я вышываю крыжыкам, толькі апошнія пару гадоў няма часу. Апошні раз вышывала, калі каранавірус быў, у 2020-м, тады мы не так шмат працавалі. Нават маскі пачала вышываць. Мама шыла, а я іх аздабляла беларускім арнаментам і дарыла сябрам.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?