Вы тут

У Паднябеснай сустрэлі 4721 год


Чароўны святочны настрой ахапіў увесь Кітай, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Амаль канец студзеня на календары, а чарада свят усё працягваецца. У Беларусі традыцыйнае апошнім часам «каля нуля», а ў Паднябесную прыйшло Чуньцзэ — Свята вясны. Так рамантычна тут называюць пачатак новага года. Сёлета гэта 4721-шы. У адпаведнасці з кітайскай традыцыяй гады адлічваюцца ад пачатку праўлення Хуан-дзі — з 2698 года да н. э. Такім чынам і атрымліваецца, што сёлета настаў 4721-шы. Хуан-дзі, або Жоўты імператар, — легендарная асоба, ён лічыцца заснавальнікам даасізму і — ні больш, ні менш — першапродкам усіх кітайцаў. Прынята лічыць, што жоўты колер суадносіцца з характэрным адценнем вады ракі Хуанхэ. Цікава, што гэты колер у Кітаі стаў імператарскім, кіраўнік насіў адзенне залаціста-жоўтага колеру, на спіне звычайна вышываўся залатымі ніткамі іншы сімвал імператарскай улады — лун, які з’яўляецца адначасова і адным з рачных божастваў.

Дасюль захаваўся маўзалей Хуан-дзі — месца, дзе быў пахаваны легендарны Жоўты імператар. Ён размешчаны за 140 кіламетраў па аўтатрасе на поўдзень ад цэнтра гарадской акругі Яньань правінцыі Шэньсі. Маўзалей з’яўляецца адным з першых аб’ектаў, якія былі ўключаны ў спіс ахоўваемых аб’ектаў культурнай спадчыны Кітая. Ён складаецца з дзвюх частак — Храма Хуан-дзі і залы маўзалея. Паводле легенды, імператар узышоў на неба, таму ў маўзалеі захоўваюцца толькі яго адзенне і капялюш. Шматлікія кіраўнікі Кітая са старажытных часоў прыязджалі сюды ўшанаваць Хуан-дзі.

Падчас свята краіна літаральна расцвітае кумачом. Паўсюль вісяць плакаты з вытанчана выпісанымі на іх іерогліфамі «фу» (шчасце) і «сі» (радасць), гірлянды ліхтароў і іншыя ўпрыгажэнні, і ўсе яны — выключна чырвонага колеру, які азначае поспех і дабрабыт. На дзвярах жыхары налепліваюць парныя каліграфічныя надпісы, выкананыя чорнай тушшу на чырвонай паперы. Змест зводзіцца да выказвання жыццёвых ідэалаў гаспадара хаты або добрых пажаданняў на новы год. На дзверы налепліваюць таксама выявы духаў-ахоўнікаў і бажаства багацця ў надзеі, што яны прынясуць у хату шчасце і дабрабыт.

Паводле паданняў, у пачатку года ў кожны дом зазірае міфічная істота Нянь і знішчае запасы збожжа, жывёлу, а ў некаторых выпадках — нават дарослых і дзяцей. Таму ў першы дзень Чуньцзэ на ганку пакідаюць трохі ежы, каб задобрыць Няня і такім чынам адкупіцца ад яго. Паводле адной з легендаў, яшчэ ў старажытныя часы кітайцы аднойчы ўбачылі, як ненасытная істота спалохалася маленькага дзіцяці ў чырвонай вопратцы. Тады людзі вырашылі, што Нянь апасаецца гэтага колеру, і з тых часоў падчас Свята вясны яны апранаюць нешта чырвонае. Акрамя таго, кітайцы з першага да апошняга дня святкавання ўзрываюць феерверкі і петарды, каб гучным шумам адпудзіць злых духаў.

На Свята вясны ў Кітаі прынята абменьвацца падарункамі. Самым распаўсюджаным з’яўляецца чырвоны канверт з грашыма — «хунбаа». Яго прэзентуюць родным і сябрам, а таксама традыцыйна кіраўніцтва кампаній віншуе такім чынам сваіх падначаленых. Чырвоныя канверты — гэта не толькі грошы, але і пажаданне ўдачы і працвітання іх атрымальніку. З развіццём тэхналогій рабіць такія падарункі стала яшчэ прасцей. Той жа WeChat з 2015 года даў сваім карыстальнікам магчымасць адправіць грашовыя «хунбаа» ў асабістыя і публічныя чаты. У старадаўнія часы грошы дарылі ў выглядзе караляў, якія складаліся са ста манет. Гэта было своеасаблівае віншаванне — пажаданне пражыць да ста гадоў. Дарэчы, каралі са ста манет і сёння вельмі папулярныя ў Кітаі.

Навагодняя вячэра адрозніваецца не толькі багаццем і разнастайнасцю страў, але і старадаўнімі традыцыямі. Напрыклад, меню не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу (у нас яго называюць «тофу»), бо ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дабрабыт».

На поўначы Паднябеснай на Новы год прынята есці пельмені, а на поўдні — «няньгаа» (скрылькі, прыгатаваныя з клейкага рысу). Паўночнікі аддаюць перавагу пельменям, бо на кітайскай мове слова «цзяацзы» сугучнае са словамі «праводзіны старога і сустрэча новага». Таксама лічыцца, што пельмені нагадваюць сваёй формай традыцыйныя зліткі з золата і срэбра і сімвалізуюць пажаданне багацця. З той жа прычыны жыхары поўдня ядуць «няньгаа», якія сімвалізуюць паляпшэнне жыцця.

Падчас святаў кітайцы пераапранаюцца ў ільвоў і драконаў, а таксама ладзяць свае знакамітыя выступленні ў маляўнічых касцюмах і на хадулях. Прынята хадзіць у госці да сяброў, блізкіх і сваякоў і ўручаць падарункі ў чырвонай упакоўцы. Існуе традыцыя, паводле якой, прыходзячы ў госці на Новы год, трэба прыносіць два мандарыны. А падчас сыходу ўжо гаспадары аддаюць свае два мандарыны. Уся справа ў тым, што фраза «пара мандарынаў» на кітайскай гучыць практычна як слова «золата». І атрымліваецца, што такім чынам і госці, і гаспадары жадаюць адзін аднаму дабрабыту.

Зараз сустрэлі кітайскі Новы год не толькі на яго «радзіме». Яго таксама ад усёй душы адзначылі ў многіх краінах, дзе жыве значная колькасць кітайцаў, перш за ўсё ў дзяржавах Усходняй Азіі. У Кітаі з гэтай нагоды распачаліся вялікія святочныя канікулы. Кітайцы «гукаюць вясну».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?