Вы тут

Беларускі баксёр кіруе майстэрняй па рэстаўрацыі абутку


У маі мінулага года ў Віцебску адкрылася майстэрня высокага ўзроўню па рэстаўрацыі абутку, кіруе якой беларускі баксёр з афрыканскімі каранямі Малік Дзіяра. Ён аддаў боксу 34 гады, дасягнуў высокіх спартыўных вяршынь, а пасля адкрыў у сабе новыя, творчыя здольнасці.


Асвойваць баявое мастацтва Малік пачаў у Оршы, тады юнаку было 14 гадоў. Ужо праз два гады стаў займацца ў заслужанага трэнера СССР Валерыя Кандраценкі, які выхаваў алімпійскага чэмпіёна Вячаслава Яноўскага. Вучыўся ў мясцовай 29-й школе і паступова, крок за крокам, а правільней было б сказаць — бой за боем, будаваў шлях у прафесійны спорт. У 1998 годзе падпісаў кантракт з чэмпіёнскім клубам Германіі — гэта для Дзіяры стала выхадам на міжнародную арэну.

Беларускаму баксёру давялося пажыць не толькі ў Сінявокай, але і ў Расіі, Германіі, шмат паездзіць па свеце. У асабістым заліку Маліка шмат высокіх дасягненняў: ён быў членам зборнай Беларусі па боксе, удзельнікам чэмпіянатаў Еўропы, пераможцам і прызёрам шматлікіх міжнародных турніраў. За сваю прафесійную кар'еру правёў больш за 350 афіцыйных баёў сярод аматараў і 33 баі сярод прафесіяналаў, у 29 з якіх атрымаў перамогу. На захадзе спартыўнай кар'еры бой Маліка Дзіяры з выхаванцам карагандзінскай школы бокса Генадзем Галоўкіным стаў для беларуса не толькі апошнім, але і самым запамінальным. Яго сапернік праз бой ужо змагаўся за тытул чэмпіёна свету. Сваёй нестандартнай траекторыяй удараў Гена здзівіў заслужанага баксёра. Самым высокім сваім дасягненнем баец лічыць тытул інтэркантынентальнага чэмпіёна па боксе сярод прафесіяналаў па версіі ІBF. Старонкі YouTube і дагэтуль берагуць яркія кадры з тых запамінальных баёў.

Пасля Малік вырашыў вярнуцца ў Віцебск, са спортам канчаткова не завязаў — апошнія 14 гадоў трэнераваў узыходзячых зорак баксёрскага Алімпа. Калі са сваёй спадарожніцай жыцця Яўгеніяй вырашалі, чым займацца далей, хацелі адкрыць сваю залу адзінаборстваў, а пасля творчы пачатак узяў верх. Звярнулі ўвагу на сферу паслуг, а канкрэтна — на майстэрню па рэстаўрацыі абутку. Прасачылі, як працуюць у гэтай сферы найлепшыя прадпрымальніцкія аб'екты ў краіне, спыніліся на адной са сталічных кампаній і ў маі адкрылі ўнікальную для горада на Дзвіне рэстаўрацыйную майстэрню. Разам ездзілі глядзець мінскую вытворчасць, навучаліся. Справа была абсалютна новай для Маліка і Яўгеніі, а адзін цікавы выпадак і натхніў на тое, каб сабраць сваю каманду прафесіяналаў: трэба было адрэстаўрыраваць дарагія фірмовыя туфлі, аднак майстра, які б узяўся за карпатлівую работу, не знайшлі. З гэтага і пачаўся летапіс новай майстэрні.

Ад ідэі да яе рэалізацыі прайшло няшмат часу, месяц за месяцам напрацоўвалі базу кліентаў, пашыралі шэраг паслуг. Як расказвае мужчына, яго майстры працуюць з абуткам рознага цэнавага сегмента: ад айчынных вытворцаў да прэміяльных брэндаў. Часта кліенты прыносяць унікальныя пары, малюнак ці ўзор на якіх аднавіць няпроста, тады ў ход ідзе ручны роспіс — а гэта ўжо цэлае мастацтва, што і робіць майстэрню адметнай. Прыносяць сюды не толькі абутак знакамітых брэндаў, але і проста любімыя красоўкі, ад якіх цяжка адмовіцца па прычыне зносу.

Каб з галавой паглыбіцца ў новую справу, баксёр часова пакінуў індывідуальныя трэніроўкі, аднак плануе прымаць удзел у знакавых спартыўных мерапрыемствах, каб папулярызаваць моцную віцебскую школу бокса.

А на пытанне, як адзін чалавек можа быць такім разнапланавым і мэтанакіраваным, Малік Дзіяра адказаў так: «Бокс навучыў мяне аднаму карыснаму правілу: не варта нічога ні ад кога чакаць. Будзьце настойлівым, і вы дасягняце таго, да чаго імкняцеся».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: Баксёр і туфлікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».