Гомельшчына і Рэспубліка Башкартастан гатовы падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве на пляцоўцы X Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які пройдзе ў чэрвені ва Уфе. Перспектыўныя сферы супрацоўніцтва ў самых розных сферах старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў абмеркавалі на сустрэчы ў межах афіцыйнага візіту расійскага госця ў Гомель.
— За апошнія тры месяцы адбыліся ўжо дзве сустрэчы рэгіёнаў на самым высокім узроўні, дзелавых колаў, адпрацоўка напрамкаў узаемадзеяння, цікавых бізнесу, — адзначыў Іван Крупко. — Я ў кастрычніку пабываў у Башкартастане, тады заключылі восем доўгатэрміновых кантрактаў на 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў. Сёння прыехалі прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў, адбылося падпісанне новых кантрактаў у сферы машынабудавання, вытворчасці збожжаўборачнай і кормаўборачнай сельгастэхнікі, трактароў для прычапной тэхнікі на гусенічным хаду.
Ёсць узаемная цікавасць — будзе плённым супрацоўніцтва, перакананы старшыня Гомельскага аблвыканкама.
— Дзякуючы абмену візітамі і кропкаваму знаёмству з эканамічным патэнцыялам Гомельскай вобласці і Башкартастана ў нашых адносін шырокія гарызонты, — акцэнтаваў увагу кіраўнік беларускага рэгіёна.
Як было адзначана, па выніках візіту дэлегацыі Гомельшчыны ў Башкартастан у кастрычніку мінулага года была сфарміравана Дарожная карта аб супрацоўніцтве на бягучы год.
На важнасці развіцця і паглыблення ўзаемадзеяння беларускага і расійскага рэгіёнаў зрабіў акцэнт кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў:
— Усё, што звязана з Беларуссю і з Гомельскай вобласцю, мае для Башкартастана выключна важны характар. Асабліва зараз, у няпростых эканамічных умовах, якія адчувае і расійскі, і беларускі бок, няма іншага шляху, як узаемадапаўняць і дапамагаць адзін аднаму.
Кіраўнік Рэспублікі Башкартастан звярнуў увагу на тое, што сёння расійскі рэгіён рыхтуецца да знакавай падзеі — правядзення X Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ва Уфе. Расійскія калегі спадзяюцца, што Гомельшчына таксама прыме актыўны ўдзел у юбілейным Форуме.
Як вядома, падчас двухдзённага візіту кіраўніцтва Рэспублікі Башкартастан на Гомельшчыну асобнай дэлегацыяй знаёмяцца з беларускім рэгіёнам таксама прадстаўнікі буйнога, сярэдняга і малога бізнесу Башкартастана.
— Прадстаўнікі прадпрыемстваў, бізнес-колаў адкрываюць для сябе новыя аб’екты, вытворчасці, кааперацыі, а наша задача як кіраўнікоў — забяспечыць добрыя ўмовы для іх прадпрыемстваў, — адзначыў Радзій Хабіраў.
Кіраўнік Рэспублікі Башкартастан азнаёміўся з вытворчым працэсам і асартыментам прадукцыі ААТ «Камінтэрн» у Гомелі.
Як адзначыла генеральны дырэктар прадпрыемства Ксенія Панцюхова, вырабы гомельскага брэнда карыстаюцца папулярнасцю ў Башкартастане.
— Вельмі можа быць, што ўжо ў новым навучальным годзе хлопчыкі Башкартастана пойдуць у школу ў касцюмах нашага «Камінтэрна», — падзялілася генеральны дырэктар таварыства.
Між тым кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко азнаёміліся з працэсам зборкі камбайнаў на галоўным канвееры прадпрыемства-флагмана «Гомсельмаш».
Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў распавёў аб прадукцыі, якая рыхтуецца ў цэхах і прадстаўлена на выставачным павільёне.
— Гомельская вобласць для нас цікавая як цэнтр вельмі высокай кампетэнцыі ў сельскай гаспадарцы і машынабудаванні, — асабліва падкрэсліў падчас візіту на прадпрыемства Радзій Хабіраў.
Міністэрствам сельскай гаспадаркі Башкартастана ў кастрычніку мінулага года ва Уфе падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве з ААТ «Гомсельмаш», а 18 студзеня бягучага года ў Мінску з Гомельскім заводам ліцця і нармаляў, які ўваходзіць у аб’яднанне ААТ «Гомсельмаш». Як вядома, на палях міжнароднай спецыялізаванай выставы «АграКомплекс-2023», якая пройдзе ў сакавіку ва Уфе, рыхтуецца прэзентацыя прадукцыі маркі прадпрыемства-флагмана Гомельшчыны.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА
Ідэі, практычныя задачы і планы на будучыню.
Сядзіба, што зачакалася гаспадара.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.