Вы тут

Успамінаем самыя яркія перамогі айчыннага гандбола


У Польшчы і Швецыі працягваецца мужчынскі чэмпіянат свету па гандболе — 2023. Зараз каманды гуляюць першыя матчы асноўнага раўнда. Нацыянальная зборная Беларусі ў сусветным першынстве не ўдзельнічае. Гэта, канешне, вельмі непрыемна, але, нягледзячы ні на што, гандбол у нашай краіне быў, ёсць і будзе. І сведчанне таму — яскравыя перамогі беларускіх гандбалістаў, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю сусветнага ручнога мяча.


Звязаныя гістарычная перамогі айчыннага гандбола, у першую чаргу, з легендарным клубам СКА-Мінск. Першы поспех прыйшоў у 1980-м. У чэмпіянаце СССР СКА ўзняўся на рэкордную для сябе чацвёртую пазіцыю. А ўжо на наступны год армейцы стаялі на верхняй прыступцы п’едэстала. Тытул беларусы заваявалі ў барацьбе супраць маскоўскага «Кунцава». Перамога была настолькі гучнай, што пасля прыезду дадому ў аэрапорце каманду сустракаў аркестр. Праз месяц СКА стаў уладальнікам Кубка СССР. Гэта быў першы падобны «дубль» у гісторыі савецкага гандбола.

Срэбныя медалі ў 1982 і 1983 гадах былі ўспрыняты балельшчыкамі як няўдача. Праўда, працягвалася яна нядоўга. Ужо ў 1983-м СКА сталі ўладальнікам Кубка ўладальнікаў кубка. Савецкі клуб абыграў італьянскі «Форст Брыксен», чэхаславацкі «Татран», нямецкі «Гросвальштадт», венгерскі «Валан» і румынскае «Дынама». І гэта ў першы сезон на еўрапейскай арэне!

Да 1984 унутры вялікай краіны ў СКА не было канкурэнтаў. Усё менш іх рабілася і за яе межамі. У 1987-м, 1989-м і 1990-м СКА ўзяў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. У 1988-м — Кубак уладальнікаў кубкаў. У 1990-м — яшчэ і Суперкубак, у барацьбе за які ў бліскучым стылі разграміў нямецкі ТУСЕМ. У 1992 годзе мінскі СКА дайшоў да фіналу Кубка ІГФ. У фінальным матчы армейцы саступілі нямецкаму «Валоу-Масенхайму» толькі таму, што менш закінулі ў госцевым паядынку — 23:25, 22:20.

Каманда СКА-Мінск — шасціразовы чэмпіён СССР, пяціразовы сярэбраны прызёр. Мінчане тройчы выйгравалі Кубак СССР. На той час перамагчы на чэмпіянаце ці Кубку Савецкага Саюза было раўназначна перамагчы на еўрапейскіх і сусветных турнірах. СКА-Мінск былі і на гэта здольныя. Тройчы заваёўвалі Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Двойчы армейцы выйгравалі Кубак уладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін — 1983 і 1988 гады. У 1989 годзе СКА-Мінск стаў пераможцам Суперкубка Еўропы.

Нядзіўна, што мінчане былі вядучымі гульцамі нацыянальнай зборнай Савецкага Саюза. У 1980-м на Алімпійскіх гульнях у Маскве ўсе ўбачылі неверагодны гандбольны талент беларуса Аляксандра Каршакевіча. Тады савецкія гандбалісты сталі срэбнымі прызёрамі, што было сапраўднай трагедыяй. Цікава, як бы на гэта адрэагавалі сучасныя спартсмены. У 1982-м чэмпіёнамі свету сталі Аляксандр Каршакевіч і Юрый Шаўцоў. Яны ж сталі ўладальнікамі Кубка свету 1984 года.

«Зорны час» беларускіх гандбалістаў наступіў на Алімпійскіх гульнях 1988 года ў Сеуле. Аляксандр Каршакевіч разам з таварышамі па камандзе Юрыем Шаўцовым, Канстанцінам Шараваравым, Георгіем Свірыдзенкам і Аляксандрам Тучкіным заваявалі золата Алімпійскіх гульняў.

Без страху і сумненняў наперад, армейцы

На алімпійскай перамозе яны не спыніліся. І зрабілі сенсацыю на наступны год падчас розыгрышу Кубка чэмпіёнаў 1989 года. Мінчане пачалі з 1/8 фіналу, дзе адразу сустрэліся з двухразовым уладальнікам Кубка чэмпіёнаў югаслаўскай «Металапластыкай». З імі вайскоўцы разабраліся — 30:21, 25:22. Затым абгулялі чэшскую «Дуклу» (32:19, 30:23) і Магдэбург з ГДР (25:26, 30:20). У фінале СКА-Мінск чакала румынская «Сцяўа», у перакладзе з румынскага «зорка» (але ўсе разумелі, у якой камандзе сапраўдныя гандбольныя зоркі). Але ў той майскі вечар зоркі сышліся няўдала. У выязным матчы СКА саступіў «Сцяўа» — 24:30. Лёс трафея павінен быў вырашыцца праз два тыдні ў Мінску. За гэты час у чэмпіянаце СССР мінчане паспелі перамагчы ЦСКА і астраханскае «Дынама» і саступіць краснадарскаму «Скіфу». А затым спакойна пераключыліся на еўракубак, адправіўшыся ў родныя «Стайкі» на збор. Увечары 21 мая 1989 года манеж ва Уруччы атакавалі балельшчыкі. Трыбуны манежа разлічаны на 2500 гледачоў, але на архіўных запісах бачна, што за гэтым матчам назірала ў два разы больш людзей. «Ніколі дэфіцыт у мячах не быў такім вялікім, і мабыць, ніколі не быў такі моцны супернік. А таму, без страху і сумневу — наперад, армейцы», — так пачаў прамую трансляцыю таго матчу каментатар Сяргей Новікаў. У той вечар мінчане, здаецца, і сапраўды гулялі без страху і сумненняў. Выніковыя лічбы на табло 37:23 на карысць СКА таму пацвярджэнне. А мора людзей, якія запоўнілі пляцоўку пасля фінальнай сірэны, паказала, наколькі важнай гэтая перамога была для ўсіх. А гэта ўсяго адна з такіх перамог вялікага клуба.

«Мне, як і ўсім заўзятарам, больш за ўсё запомнілася гульня са „Сцяуа“ у 1989. У іх мы прайгралі шэсць мячоў, а дома — 14 мячоў выйгралі. Самае цікавае, што перад матчам румыны падыходзілі да нас з пытаннем: „колькі ў вас выйграць дома, каб перад начальствам сорамна не было“. Мы адказвалі, што паглядзім. Мы пасля свайго пройгрышу пасля вячэры селі перад маніторам і праглядалі, як з імі лепш гуляць, як выбудоўваць абарону, напад. Мы былі ўсе ў гандболе», — успамінаў Аляксандр Каршакевіч.

Нават такія неверагодныя перамогі не дазваляюць доўга адпачываць на лаўрах. Наперадзе зноў быў самы галоўны спартыўны экзамен — Алімпійскія гульні, якія ў 1992 прымала Барселона. Калі падбіраць адно слова для апісання падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Барселоне, мабыць, гэта будзе «нявызначанасць». Якую краіну прадстаўляць? Пад якім сцягам выступаць? Дзе знайсці сродкі на экіпіроўку і білеты? У гандболе быў свой уласны галаўны боль. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1992 года ў зборнай адбыліся перамены. Былы галоўны трэнер зборнай Анатоль Еўтушэнка зборную пакінуў. Каманду разам са Спартаком Мірановічам стаў рыхтаваць Уладзімір Максімаў. Праўда, як такой каманды не было. Вядучыя ігракі па розных прычынах у зборную не прыехалі. Каманду збіралі з таго, што было. Можна здагадацца, з якім настроем гандбалісты ехалі ў Барселону. Яшчэ і падгрупа трапілася складаная, з Іспаніяй і Германіяй. Але нашы гандбалісты перамаглі і іспанцаў, немцаў, у паўфінале разабраліся з Ісландыяй. А ў фінале перамаглі шведаў, якім за два гады да гэтага саступілі на чэмпіянаце свету. Лідарамі каманды на працягу ўсёй Алімпіяды былі Міхаіл Якімовіч, Андрэй Лаўроў, Валерый Гапін, Талант Дуйшэбаеў, Андрэй Барбашынскі. «Я не хачу сказаць, што астатнія нічога не рабілі. Не, усе працавалі сумленна і ўнеслі дастойны ўклад у перамогу... Андрэй Барбашынскі гуляў увесь час у абароне, і ў нападзе, прынёс у абодвух выпадках шмат карысці, шкада, падвяла старая хвароба — Андрэй не заўсёды стопрацэнтна выкарыстоўвае галявыя моманты», — распавядаў Спартак Пятровіч Мірановіч у інтэрв’ю «Фізкультурніку Беларусі».

Каманда, у якую мала хто верыў, здзівіла ўвесь свет. А па колькасці алімпійскіх чэмпіёнаў гандбол стаў лідарам беларускага спорту.

У 2000 годзе мужчынская юніёрская зборная Беларусі бліскуча выступіла ў фінальным туры маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў Грэцыі, дзе заняла другое месца. Капітан беларускай зборнай Андрэй Курчаў атрымаў прызы лепшага гульца, наймацнейшага бамбардзіра і лепшага правага паўсярэдняга. Іван Броўка быў прызнаны лепшым левым крайнім нападаючым. У гісторыі суверэннага беларускага гандбола гэтае дасягненне пакуль самае гучнае. Дарослыя нацыянальныя каманды ўвайсці ў прызёры міжнародных стартаў пакуль не змаглі.

У 2008 годзе беларуская зборная прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, а ў 2013 — выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету. Гэта можна было лічыць поспехам — на чэмпіянат свету наша зборная прыехала праз 18 гадоў пасля адсутнасці ў шэрагах лепшых каманд. Але ў выніковым пратаколе аказалася толькі на 15-м месцы. На наступных чэмпіянатах свету сітуацыя не палепшылася: 2015 год — 18-е месца, 2017 год — 11-е месца і 2021 — зноў 17-е месца.

Але беларускі гандбол застаецца верным сваім традыцыям і не здаецца. І калі гісторыя, сапраўды, развіваецца па спіралі, то ў хуткім часе павінен пачацца віток з перамогамі. Вопыт, традыцыі і гісторыя ў гэтым павінны дапамагчы.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.