Вы тут

Адкрылася выстава, прысвечаная сяброўству Глебкі і Броўкі


У экспазіцыі новай выставы «Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!...», якая 20 студзеня адкрылася ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі, можна заўважыць фотаздымак 1968 года. На ім Кандрат Крапіва, Пятро Глебка і Пятрусь Броўка шпацыруюць па пасёлку ў Ждановічах, які ў народзе насіў назву Пісьменніцкія дачы. Але сябры прыдумалі яшчэ адну назву, якая аб’ядноўвала менавіта іх лецішчы — Канпетры. Разгадаць рэбус даволі проста: першы склад утварыўся ад імя Кандрата Крапівы, другі — ад імёнаў Глебкі і Броўкі. Аб іншых цікавых фактах з біяграфій класікаў арганізатары распавялі падчас адкрыцця выставы.


Навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі Віктар Свякла падзяліўся такой гісторыяй:

— Хтосьці ўспамінаў, што апошняй кнігай, якую трымаў у сваіх руках Пятро Глебка, была кніга пад назвай «Гаючыя якасці пчалінага мёду»: ён настолькі цікавіўся гэтай тэмай, што займаўся пчалярствам, меў на сваім дачным участку пчальнік. Перад смерцю Глебка спадзяваўся, што на некаторы час мёд працягне ягонае жыццё. Калі мы выдалі каталог кніг з бібліятэкі паэта, мяне зацікавала пытанне, ці існуе гэтая кніжка? Аказалася, што яе няма. Я вырашыў, што, магчыма, хтосьці проста прыдумаў такую цікавую легенду. Але кніга знайшлася: праз некалькі гадоў адна са сваячак Глебкі прынесла нам каля пяці кніг на тэму пчалярства, яны захоўваліся не ў кватэры класіка, а менавіта на ягоным лецішчы.

Біяграфічныя і творчыя звесткі аб Петрусю Броўку крытык і літаратуразнаўца Лукаш Бэндэ збіраў скрупулёзна. Да гэтага часу невядома галоўная прычына: ці Бэндэ цікавіўся творчасцю паэта, ці планаваў выкарыстаць дадзеныя ў іншых мэтах. Але ўсё скончылася тым, што напрыканцы 1940-х гадоў Бэндэ напісаў цэлую манаграфію, прысвечаную Броўку. Аб гэтым падчас адкрыцця выставы распавяла вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛІМ Наталля Мізон:

— У архіве Бэндэ не так ярка прадстаўлены Пятро Глебка. Адзінае, што ўзгадваецца ў архіве — верш-эпітафія 1933-га года пад назвай «Новы Ойча наш». Для мяне пакуль загадка, чаму менавіта гэты верш там прысутнічае. Больш Глебка прадстаўлены ў звестках, якія сабраў Адам Бабарэка.

У экспазіцыю выставы ўвайшлі дакументы, якія сталі сведкамі і пацверджаннямі доўгага сяброўства. Гэта і больш асабістыя рэчы: бутэлька напоя «Есентукі», якая была набыта сябрамі падчас вандроўкі, попельніца — яна заўсёды стаяла на стале падчас сумеснай работы класікаў, а таксама фотаздымкі са сваякамі і сябрамі. Ёсць і вялікая колькасць афіцыйных дакументаў: лісты, зборнікі «Маладняка» і «Узвышша», кнігі з аўтарскімі подпісамі, якія Глебка і Броўка дарылі адзін аднаму.

Арганізатары выставы «Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!...» абяцаюць, што ў іх засталося яшчэ шмат гісторый аб сяброўстве вядомых беларускіх творцаў. Каб бліжэй пазнаёміцца з біяграфіямі класікаў, прыходзьце ў Літаратурны музей Петруся Броўкі.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.