Вы тут

За ўмацаванне дружбы паміж народамі


Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі ўзнагародзіў пісьменніка, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава ордэнам Дружбы. 


Вядомы ў Беларусі і за яе межамі філакартыст, краязнаўца, публіцыст Уладзімір Ліхадзедаў на працягу многіх гадоў прапагандуе айчынную гісторыю, даследуе повязі Беларусі з суседнімі краінамі. І выкарыстоўвае пры гэтым дакументальныя ілюстрацыйныя матэрыялы. Найперш — старыя паштоўкі. Як правіла, у сваіх публікацыях, пералік якіх даўно перавышае не адну тысячу выступленняў у друку (а яшчэ ж — і некалькі дзесяткаў кніг, філакартычных альбомаў), даследчык карыстаецца сваім уласным зборам. 

Пачатак выступленням у друку ў свой час быў пакладзены публікацыямі на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня». Па выніках гісторыка-публіцыстычнай і асветніцкай дзейнасці ў 2006 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліхадзедаў быў адзначаны Прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Публікацыі пра розныя адрасы, розныя паселішчы Беларусі ў спалучэнні з ілюстраваннем іх «ліхадзедаўскімі» паштоўкамі пачалі з’яўляцца на старонках газет «Голас Радзімы», «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Беларусь», «Маладосць», іншых перыядычных выданняў. Разам з рэдакцыямі, з якімі супрацоўнічаў, найперш — газеты «Советская Белоруссия», а следам і Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», Уладзімір Аляксеевіч арганізаваў мноства мерапрыемстваў. Чытачам цікава было даведацца, як збіралася калекцыя, якія таямніцы яна яшчэ дазволіць адкрыць. Многія цікаўныя да гісторыі жыхары нашай краіны пачалі збіраць выразкі публікацый з рэпрадукцыямі паштовак. А ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга «У пошуках страчанага» (па назве газетнага праекта, звязанага з паштоўкамі), дзе былі прадстаўлены розныя рэгіёны краіны — праз краязнаўчы тэкст і праз выявы розных мясцін. Следам з’явілася кніга «Знічкі Айчыны» — зборнік нарысаў пра гарады і мястэчкі Беларусі, пра тое, з якімі адрасамі злучаны ўраджэнцы Беларусі, што пакінулі ў навуцы, культуры, народнай гаспадарцы іншых краін свету значны след. 

Уладзімір Аляксеевіч выяўляе сябе грандыёзным прыдумшчыкам, уважлівым углядальнікам у мінуўшчыну. Адзін за другім у розных выдавецтвах пабачылі свет альбомы калекцыянера, якія праз паштоўкі дапамагалі праліць святло на шматканфесійнае жыццё на беларускіх землях, на тыя ці іншыя з’явы, падзеі ў гісторыі Беларусі. За плённую працу былі і высокія адзнакі. Праект «Знічкі Айчыны» быў заўважаны Беларускім Саюзам журналістам, які адзначыў публіцыста аўтарытэтнай прэміяй БСЖ «Залатое пяро». 

Адна за другой у розных установах адукацыі, культуры па ўсёй Беларусі пачалі з’яўляцца выстаўкі з рэпрадукцыямі старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правёў шэраг выставак, а таксама паспрыяў арганізацыі міжнародных канферэнцый па філакартыі, выкарыстоўванню яе ў справе вывучэння гісторыі і ў патрыятычным выхаванні грамадства. Зараз многія ініцыятывы калекцыянер рэалізуе супольна з Нацыянальным музеем гісторыі Беларусі. У яго сценах праводзяцца адмысловыя філакартычныя выстаўкі. Варта заўважыць, што следам альбо нават у пярэдадзень іх выдаюцца грунтоўныя каталогі. Шмат для падтрымкі і ў кніжным прасоўванні ідэй калекцыянера, і ў частцы яго памкненняў па выставачнай дзейнасці робіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Праект, які цяпер носіць назву «Бацькаўшчына», прэзентуецца на самых розных асветніцкіх, культурных пляцоўках краіны. Найперш — у розных гарадах у час правядзення Дзён беларускага пісьменства. 

— Гэта, дарэчы, — заўважае намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, — дазваляе выкарыстоўваць старую паштоўку, іншыя ілюстрацыйныя матэрыялы са збораў Уладзіміра Ліхадзедава, — як аргументы, як крыніцы інфармацыі ў арганізацыі ідэалагічнай, выхаваўчай працы. У памяці і тое, як літаральна «прагучалі» па ўсёй Беларусі старыя газеты ў першае святкаванне Дня народнага адзінства. Уладзімір Аляксеевіч сабраў старыя заходнебеларускія і савецкія газеты, якія красамоўна расказалі пра верасень 1939 года, пра уз’яднанне нашага беларускага народа — і на выстаўках, і праз факсімільнае выкананне на старонках сучасных перыядычных выданняў. Ліхадзедаў — выдатны генератар асветніцкіх ідэй, сапраўдны патрыёт сваёй радзімы. 

Многія ініцыятывы беларускага калекцыянера заўважаны ў Расійскай Федэрацыі. Пра яго часта пісаў маскоўскі друк — і «Литературная газета», і спецыяльныя перыядычныя выданні калекцыянераў. Уладзімір Ліхадзедаў адзначаны грамадскай узнагародай — знакам «За вялікі ўклад ў калекцыйную справу Расіі». У свой час розгалас меў двухтомны філакартычны альбом нашага суайчынніка «Банкі Расійскай імперыі». Не аднойчы ў сваіх кнігах калекцыянер звяртаўся да гісторыі Першай сусветнай вайны. А ў апошні час асаблівае гучанне набылі выстаўка старых паштовак (многія з іх — з ліставання з жыхарамі Ленінграда ў горкія блакадныя дні) і адмысловы альбом (выдадзены ў Выдавецкім доме «Звязда») «Блакада»... І для расіян, і для беларусаў сэнс гэтага слова адкрывае мужнасць, трагедыйнасць, якая спадарожнічала жыццю нашых прашчураў у гады ваеннага ліхалецця. Пра «блакадны» праект у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, значнасць гэтай працы, яе ролю ў выхаванні грамадства гаварыў губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр БЯГЛОЎ на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі ў лютым 2022 года. 

... А днямі беларускаму калекцыянеру, члену Беларускага Саюза журналістаў, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміру Аляксеевічу Ліхадзедаву ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў уручыў ордэн Дружбы. Як гаворыцца ва Указе Уладзіміра Пуціна: «... За заслугі ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі...» Віншуем Уладзіміра Ліхадзедава і жадаем яго памкненням распавядаць пра гісторыю развівацца і надалей!.. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.