Вы тут

Звязаны лёсам


За 26 кіламетраў ад беларускай мяжы ў Латвіі, на рацэ Даўгава (а ў нас — Заходняя Дзвіна) ёсць такі горад — Даўгалпілс. І зараз у ім даволі шмат жыве беларусаў. Болей васьмі працэнтаў з 79 120 (па перапісу 2022 года) жыхароў — беларусы. А так жывуць тут спакон веку рускія, латышы, палякі... Горад заснаваны ў 1275 годзе. Да 1656-га — Дзінабург. Да 1667 — Барысаглебаў. А ўжо ў наступныя два стагоддзі, да 1893, — Дзінабург. Затым, да 1920, — Дзвінск, у 1920 — 1941 — Даўгалпілс, у час акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі — Дзюнабург. І толькі пасля вызвалення — ізноў Даўгалпілс. Быў горад і ў складзе Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага. У 1577 годзе паселішча захапілі войскі Івана Грознага і цалкам разбурылі... У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Дзінабург у 1772 годзе ўвайшоў у склад Дзвінскай правінцыі Пскоўскай губерні Расійскай імперыі. З 1773 па 1776 гады — павятовы горад Пскоўскай губерні. З 1776 — у Полацкай губерні, у 1796 — 1802 гг. — у Беларускай губерні. З 1802 года — павятовы горад Віцебскай губерні. Так што, повязяў з Беларуссю ў гэтага паселішча і яго ваколіц звышдастаткова. 


24 кастрычніка 1886 года ў Даўгалпілсу нарадзілася Лідзія Іванаўна Савіч-Любіцкая. Савецкі вучоны-брыёлаг. Брыялогія — раздзел батанікі, які вывучае мохападобныя расліны. Пачаткі гэтай галіны батанікі заклаў Йаханэс Хэдвіг, які і высветліў рэпрадуктыўную сістэму імхоў (1792 год), склаў адпаведную сістэматыку. 

Лідзія вучылася ў Мінскай гімназіі. Пасля выкладала ў жаночай прагімназіі і мужчынскім шасцікласным вучылішчы. Вядома, што ў Мінску ў жаночай гімназіі на пачатку XX стагоддзя вучыліся актрысы Вера Пола, Лідзія Ржэцкая, спявачка Ірма Яўнзем, асобы, добра вядомыя ў савецкай культурнай прасторы. Магчыма, што ў кагосьці з іх выкладала і Лідзія Іванаўна... З 1908 года наша зямлячка вучыцца на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. І ў тым самым годзе ўладкавалася прэпаратарам у Камчацкую экспедыцыю. А ў 1912 годзе па ініцыятыве міколага, батаніка Уладзіміра Андрэевіча Траншэля (1868 — 1942) і пры садзейнічанні батаніка, фларыста-сістэматыка і батаніка-географа Уладзіміра Лявонавіча Камарова (1869 — 1945) Лідзія ўладковаецца супрацоўнікам Батанічнага музея. У 1913 годзе таксама працуе ў Батанічным садзе... Дарэчы, пройдзе час — і Батанічнаму інстытуту Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу нададуць імя У. Л. Камарова...

З 1914 года Лідзія Савіч-Любіцкая пачынае выступаць у друку з рознымі навуковымі і навукова-папулярнымі публікацыямі — па брыялогіі і ліхеналогіі. Ліхеналогія — навука, якая разглядае лішайнікі. Вывучэнне лішайнікаў грунтуецца на ведах з некалькіх навуковых дысцыплін: мікалогіі, фікалогіі, мікрабіялогіі і батанікі... Даследчыца шмат падарожнічала па Карэліі, рэгіёнах Паўночнага Каўказа, ездзіла ў экспедыцыі ў Крым і розныя рэгіёны Цэнтральнай Расіі. У час Першай Сусветнай вайны пачала вывучаць перспектывы выкарыстоўвання сфагнума для перавязкі ран. Высновы даследчыцы былі выкарыстаны ў практычнай медыцыне. Асабліва масава гэта пачало выкарыстоўвацца ў шпіталях у час Вялікай Айчыннай вайны. 

Сярод навуковых здабыткаў Лідзіі Іванаўны — і падрыхтаваная ў сааўтарстве праца «Раслінныя асацыяцыі Камароўскага балота ў лізіметрах вегетацыйнага павільёна Мінскай балотнай вопытнай станцыі» (Мінск, 1925 год). Як вядома, балотная станцыя невыпадкова была створана ў Мінску. Камароўскае балота агульнай плошчай 218 гектараў на ўскраіне губернскага горада ў многім паўтарала ландшафт палескіх балотаў. На станцыі працавалі вядомыя вучоныя. Тут з 1912 года выдаваўся часопіс «Болотоведение»... Відавочна, што на пэўных адрэзках свайго жыцця Лідзія Іванаўна падтрымлівала сувязі, супрацоўнічала з мінскімі калегамі.

Вядомым савецкім батанікам быў і муж Лідзіі Іванаўны — ліхенолаг доктар біялагічных навук Усевалад Паўлавіч Савіч (1885 — 1972), які нарадзіўся ў Бабруйску, на Магілёўшчыне. Малады чалавек з 1895 года вучыўся ў прагімназіі ў Мазыры. Пасля перайшоў у мінскую гімназію. Закончыў яе ў 1904 годзе. Пасля вучыўся ў біялагічнай групе фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пачаўшы вывучаць ліхеналогію, Усевалад Савіч з 1907 па 1912 год працаваў асістэнтам Уладзіміра Лявонавіча Камарова. У 1907 годзе разам з Лявонціем Раменскім пад кіраўніцтва Камарова севалад правёў даследванне флоры Ямбургскага і Гдоўскага паветаў Пецярбургскай губерні. У 1930 годзе колішні бабруйчанін удзельнічаў у экспедыцыі Ота Шмідта на ледаколе «Георгій Сядоў». Маршрут праходзіў праз архіпелагі Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. У 1933 — 1937 гг. наш зямляк рэдагаваў часопіс «Советская ботаника». У 1936 — 1951 гады Усевалад Савіч быў галоўным рэдактарам «Природа». Пайшоў вучоны з жыцця ў 1972 годзе, калі пераходзіў праз Каменнавостраўскі праспект, патрапіўшы пад колы аўтамабіля. Усевалад Паўлавіч Савіч узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вучонаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі РСФСР. Яшчэ ў 1930 годзе ў час экспедыцыі Шмідта і Візэ імем Савіча быў названы паўвостраў у заліве Руская Гавань Паўночнага востра Новай Зямлі...

У 1963 годзе доктар біялагічных навук Лідзія Іванаўна выйшла на пенсію. Але працягвала працаваць навуковым кансультантам. А з 1975 года жыла ў Пушкіне ў доме-пансіянаце. Апошні артыкул даследчыца надрукавала ва ўзросце 90 (!) гадоў — у 1976 годзе. Пайшла з жыцця 18 верасня 1982 года на 96-м годзе жыцця... За працоўную, навуковую дзейнасць біёлаг адзначана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. 

Імёны Усевалада і Лідзіі Савічаў, якія маюць самую непасрэдную сувязь, зразумела, не забытыя ў навуковым свеце, у навуковай літаратуры. У іх было шмат вучняў. Яны зрабілі нямала адкрыццяў у брыялогіі і ліхеналогіі. Не лішнім было б аддаць ім даніну павагі і ў Беларусі... Ёсць жа ў Пінску вуліца, якая названа ў гонар палескага паэтаі публіцыста, заснавальніка арганізацыі «Дэмакратычнае грамадства», — Франца Савіча. Мо з часам і ў Бабруйску, дзе сёння — тры вуліцы Лугавыя, тры Шырокія, Кветкавая і іншыя вуліцы і завулкі з сімпатычнымі назвамі, з’явіцца вуліца з новым і невядомым новым пакаленням гараджан прозвішчам Усевалада Савіча?!. 

Мікола БЕРЛЕЖ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усё пра біяметрычныя дакументы. Лічбавыя зносіны з дзяржавай праз ІD-карткі

Усё пра біяметрычныя дакументы. Лічбавыя зносіны з дзяржавай праз ІD-карткі

Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы.

Грамадства

Першы шашлык новай вясны. Колькі ён зараз каштуе?

Першы шашлык новай вясны. Колькі ён зараз каштуе?

Адна з галоўных прыкмет, што вясна прыйшла, — змешаны з першымі водарамі акрыялай прыроды апетытны дымок.

Грамадства

Вясновы парадак, аздоблены памяццю. На Гомельшчыне сёлета асаблівая ўвага да гарадскога пасёлка Азарычы

Вясновы парадак, аздоблены памяццю. На Гомельшчыне сёлета асаблівая ўвага да гарадскога пасёлка Азарычы

Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.