У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя важныя спартыўныя навіны.
Турнір тыдня. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» прайшоў чацвёрты этап міжнародных спаборніцтваў па біятлоне Кубак Садружнасці, удзел у якім прынялі лепшыя спартсмены з Беларусі і Расіі. Гаспадары турніру без медалёў не засталіся. У мужчынскім мас-старце беларус Дзмітрый Лазоўскі стаў сярэбраным прызёрам, які ўступіў усяго паўтары секунды пераможцу расіяніну Васілю Томшыну. Да гэтага Дзмітрый перамог у спрынце, на дыстанцыі 10 кіламетраў ён паказаў вынік 23 хв. 17 сек. і не дапусціў ніводнага промаху. Таксама біятланіст стаў другім у пасьюце, дыстанцыю ў 12,5 кіламетра пераадолеў за 33 хв. 34,3 секунды, дапусціўшы два промахі на чатырох агнявых рубяжах. Беларус Мікіта Лобастаў стаў бронзавым прызёрам мас-старту. Лепшая беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава-Смольская заняла трэцяе месца ў жаночай гонцы праследавання на 10 кіламетраў.
Своеасаблівым падарункам для аматараў біятлону стала гонка чэмпіёнаў, якая прайшла ў рамках Кубка Садружнасці. На старт выйшлі чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Кубкаў свету — біятлонныя зоркі, якія ўжо скончылі актыўную спартыўную кар'еру. Гонка чэмпіёнаў прайшла ў фармаце адзіночнай змяшанай эстафеты. Пераможцамі сталі расіянка чэмпіёнка Еўропы 2015 года Кацярына Шумілава і беларус Сяргей Новікаў, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў — 2010. На другім месцы былі расіянка Кацярына Юрлава-Перхт і беларус Пётр Івашка. На трэцім месцы — Вольга Падчуфарава і Алег Рыжанкоў.
На гэтым біятлоннае свята ў «Раўбічах» не заканчваецца. З 26 да 29 студзеня тут адбудзецца V этап Кубка Садружнасці.
Прарыў тыдня. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар'еры выйшла ў чвэрцьфінал Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У паядынку 1/8 фіналу яна ўпэўнена абыграла алімпійскую чэмпіёнку, швейцарскую тэнісістку Белінду Бенчыч з вынікам 7:5, 6:2. У паядынку за выхад у паўфінал беларуска сустрэнецца з харваткай Доннай Векіч.
У чвэрцьфінал Australіan Open выйшла і Вікторыя Азаранка, якая перайграла кітайскую тэнісістку Лінь Чжу. Вынік сустрэчы 4:6, 6:1, 6:4. У 1/4 фіналу саперніцай Вікторыі стане трэцяя ракетка свету амерыканка Джэсіка Пегула. У другім раўндзе яна не пусціла далей беларуску Аляксандру Сасновіч.
Паражэнне тыдня. Хакеісты «Дынама-Мінск» уступілі ў першым матчы выязной серыі рэгулярнага матча Кантынентальнай хакейнай лігі. У Чарапаўцы яны прайгралі мясцовай «Поўначсталі», свайму галоўнаму саперніку па табліцы на Захадзе. Напярэдадні гульні чарапавецкія хакеісты ўсяго на адзін бал адставалі ад мінчан. Вынік сустрэчы 1:2 на карысць «Поўначсталі». Гэтая няўдача стала для падапечных Крэйга Вудкрафта 4-й у шасці апошніх сустрэчах. У табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ «Поўначсталь» і «Дынама» па-ранейшаму раздзяляе адзін бал, але зараз на 8-й пазіцыі размяшчаюцца чарапаўчане (54 ачкі супраць 53). Гасцявая серыя мінскага клуба працягнецца 24 студзеня матчам супраць яшчэ аднаго канкурэнта ў барацьбе за плэй-оф — маскоўскага «Спартака», які апярэджвае «зуброў» на два балы.
Аб'ява тыдня. Выканаўчы камітэт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі зацвердзіў склад беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў другіх зімовых гульнях «Дзеці Азіі». У каманду ўключылі 68 маладых спартсменаў да 16 гадоў у наступных відах спорту: хакей з шайбай, сноўборд, скачкі на лыжах з трампліна, лыжныя гонкі, фігурнае катанне, канькабежны і гарналыжны спорт. Агульная колькасць дэлегацыі з улікам трэнераў, медыцынскім і адміністрацыйным персаналам — 94 чалавекі. Міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі» адбудуцца з 23 лютага да 5 сакавіка ў Кемераўскай вобласці. У Якуціі ўжо запалілі агонь другіх зімовых гульняў «Дзеці Азіі». Урачыстая цырымонія адбылася на тэрыторыі прыроднага парку «Ленскія слупы». Эстафета полымя пачнецца з 24 студзеня, а скончыцца 25 лютага на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гульняў у кемераўскім лядовым палацы «Кузбас».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы.
Адна з галоўных прыкмет, што вясна прыйшла, — змешаны з першымі водарамі акрыялай прыроды апетытны дымок.
Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.