Семежаўскія цары, быхаўскія саламяныя павукі, мотальскі вясельны каравай, дрыбінскія шапавалы, пагарынскія гарадкі, сакуны са Старых Дарог, вільчынскія паляне... Усё гэта лакальныя сімвалы Беларусі. Так, яна перастала асацыявацца толькі з дранікамі ды зубрамі. Праз фестывалі, падарожжы, знаёмствы мы адкрываем наноў сваю краіну. З загадкавымі куточкамі, багатай гісторыяй, непадобнымі адзін да другога гарадамі, вёскамі, дзе яшчэ расказваюць паданні і казкі, пачутыя ў маленстве, і майстрамі, якія ўласнымі рукамі ствараюць далікатныя рэчы. Усе гэтыя адметнасці кладуцца на новыя турыстычныя маршруты, фестывалі, музейныя экспазіцыі.
Але б ці мелі мы сёння такую пазнавальную мазаіку па гісторыі і культуры нашай краіны, калі б не праца вучоных? Падчас экспедыцый, канферэнцый, выдавецкай дзейнасці яны не толькі збіралі, асэнсоўвалі багаты матэрыял, але і падтрымлівалі носьбітаў традыцый, даносілі, наколькі важна захаваць гэтыя элементы народнай культуры ў кожным рэгіёне, абуджалі цікавасць да спадчыны. Адной з работ, якая дапамагае пазнаваць краіну, знаходзіць новыя факты, стала энцыклапедычнае выданне «Гарады і вёскі Беларусі». У 20-томніку змяшчаецца інфармацыя больш чым пра 20 тысяч паселішчаў! У навуковым выданні можна знайсці звесткі пра малыя і вялікія гарады, пасёлкі гарадскога тыпу, вёскі і хутары. Інфармацыю пра іх вучоныя шукалі ў экспедыцыях, камандзіроўках, архівах.
Гэты ўнёсак у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны ацэнены на самым высокім узроўні: калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне».
— Работа над 20-томным выданнем «Гарады і вёскі Беларусі» вялася каля 40 гадоў, — заўважае дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка. — Інфармацыя падаецца ў энцыклапедыі па абласцях, раёнах, сельскіх саветах. Карацей, структура, якой зручна карыстацца як жыхарам і кіраўнікам пэўных населеных пунктаў, так і турыстам. У кнігах пададзена больш за 24 тысячы даведак па хутарах, вёсках, мястэчках, малых і вялікіх гарадах. Прыводзіцца інфармацыя па гісторыі паселішчаў, па іх ландшафтна-тэрытарыяльных рысах, а таксама па дарогах, якія вядуць туды і адтуль. Тут можна знайсці звесткі пра знакамітых людзей: Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, мастакоў, вучоных, артыстаў, пісьменнікаў. Увогуле, тых мясцовых людзей, якімі ганарыцца родная вёска ці родны край. У шматтомніку прыводзіцца інфармацыя пра мастацкія асаблівасці рэгіёна, традыцыйныя рамёствы і промыслы, помнікі архітэктуры, сядзібна-паркавага мастацтва. Апісаны ўвесь культурны комплекс, які складаецца з прыродных і рукатворных стварэнняў. У даведках інфармацыя падаецца храналагічна.
Праца стала магчымай дзякуючы шматгадовым пошукам як у экспедыцыях, так і ў архівах — не толькі нацыянальных, абласных, статыстычных дадзеных абл- і райвыканкамаў, але і ў фондах, архівах, бібліятэках Санкт-Пецярбурга і Масквы, Расійскага этнаграфічнага музея, шматлікіх крыніцах з архіваў Вільні, Варшавы, Львова, Кіева. Вельмі карыснымі для гэтага даследавання былі такія работы, як Акты Віленскай археаграфічнай камісіі яшчэ часоў Расійскай імперыі (другая палова ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя). Адтуль выбраны звесткі аб першапачатковай згадцы многіх паселішчаў. Выкарыстаны такія крыніцы, як апісанне губерняў Беларусі афіцэрамі генеральнага штаба. Па Магілёўскай губерні сам губернатар Дамбавецкі, вядомы дзеяч беларускай культуры і адукацыі, напісаў кнігу. Віцебскую губерню апісаў гісторык Сапуноў. Усе гэтыя крыніцы далі ўнікальны навуковы матэрыял, які згадваецца ўпершыню.
— Як узнікла ідэя аб стварэнні шматтомніка?
— Задумка гэтага выдання не была спантаннай, нечаканай ці эксклюзіўнай. У пасляваенны час на ўзлёце пачуццяў патрыятызму ў выніку перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пачуцця народнага адзінства як у нацыянальным, так і ў саюзным маштабе, стала зразумела, што настала пара сапраўднага вывучэння культуры народаў і нацый СССР. Так выйшла 47 тамоў беларускай народнай творчасці, дзе знайшла сваё адлюстраванне ўся духоўная культура. Пабачыў свет «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», у якім знаходзіцца інфармацыя пра помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва, а таксама пра помнікі пераможцам і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. 16 тысяч артыкулаў прысвечана археалогіі. Доўгі час «Збор помнікаў гісторыі і культуры» з'яўляўся навуковай крыніцай для ўключэння помнікаў у Дзяржаўны спіс нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. На аснове гэтай працы і папярэдніх даследаванняў і ўзнікла ідэя стварэння такой энцыклапедыі. Гэта былі праекты саюзнага маштабу. Атрымалася, што толькі Беларусь выдала «Збор помнікаў гісторыі і культуры». Такі ж лёс і ў энцыклапедычнага выдання «Гарады і вёскі». Задума падобнага твору таксама была саюзнага маштабу. Да распаду Савецкага Саюза Расійская акадэмія навук планавала таксама выдаць шматтомнікі «Народы и культуры», і мы паспелі выдаць том, прысвечаны беларусам. Многія задумы не здзейсніліся, бо распалася дзяржава і перастала існаваць такая гістарычная супольнасць, як савецкі народ.
— Праца вучоных запатрабаваная пры стварэнні новых маршрутаў? Усё ж турыст не паедзе некалькі разоў глядзець адно і тое ж месца.
— Унікальнай з'явай для Беларусі з'яўляецца тое, што прамысловая рэвалюцыя царскіх часоў, мадэрнізацыя моцна не адбіліся на традыцыйнай спадчыне. На нашай тэрыторыі волей лёсу захавалася многа цэнтраў традыцыйных рамёстваў, промыслаў, народныя мастацкія калектывы адраджаюць святы, традыцыйныя абрады. І гэту спадчыну зараз трэба шырока папулярызаваць, захоўваць, ствараць магчымасці для трансляцыі. Я б хацеў адзначыць, што пры ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецпрэмій Прэзідэнта гэтым разам адзначаны менавіта цэнтры аўтэнтычнай народнай культуры: кераміка Копысі, дрыбінскія шапавалы, традыцыйная культура Тонежа, унікальнага мястэчка на захадзе Лельчыцкага раёна. У Год міру і стваральнай дзейнасці такі вынік вельмі актуальны і знакавы. Менавіта падтрымка гэтых на самай справе ўражвальных цэнтраў і забеспячэнне іх спадчыннасці — актуальная і сур'ёзная задача. Трэба, пачынаючы з дзіцячых садоў і школ, у тых месцах, дзе захаваліся цэнтры, выхоўваць транслятараў спадчыннасці, прадаўжальнікаў. Другога шляху няма. Астатняе — гэта тэатр. Сумна глядзець, калі на традыцыйных святах замест аўтэнтычных рэчаў падаюцца прыдуманыя сёння. Але ж у вёсках яшчэ многа чаго захавалася, штосьці можна адрадзіць. Прэзідэнт у свой час ініцыяваў адраджэнне ўнікальнай мастацкай традыцыі па вырабе слуцкіх паясоў. Былі распрацаваны навуковыя абгрунтаванні: і мастацкія, і тэхналагічныя. Створана і набыта ўнікальнае лічбавае абсталяванне. Аналагаў фабрыкі ў Слуцку няма. Турысты праз шкло могуць паглядзець, як ткуцца слуцкія паясы. Выпускаецца вялікі асартымент разнастайных сувеніраў — ад тых, што ідуць на падарункі прэзідэнтам іншых краін, якія наведваюць Беларусь, да прадукцыі для турыстаў.
— Ці можна сказаць, што культура — выдатны падмурак для патрыятычнага выхавання?
— Так было са старажытных часоў. Напрыклад, у ранніх славян курганы продкаў нагадвалі нашчадкам пра спадчыннасць. Помнікі юрыдычна замацоўвалі права жыць на гэтай зямлі. Гэта карані патрыятызму. Сёння спадчына — і вясковая, і гарадская, і сямейна-бытавая — таксама з'яўляецца крыніцай патрыятызму. Пачуццё гонару грунтуецца перш на перш на сямейнай спадчыннасці. Раней заходзіш у хату — і бачыш, што ўся сценка завешана фотаздымкамі бацькоў, дзядоў, прадзедаў, унукаў. Такія сувязі не выкараніш. На святы сваякі вяртаюцца ў бацькоўскі край. Прыязджаюць сыны, дочкі, унукі — гэта цэлая піраміда, якая замацаваная за пэўным месцам.
— Напэўна, у гэтым залог эканамічнай бяспекі? Чалавек, прывязаны да сваёй зямлі, будзе думаць не пра тое, куды з'ехаць, а што зрабіць, каб на радзіме стала лепш...
— Ёсць родная хата, спадчынны двор, вёска, на якой жывуць тутэйшыя. І ёсць павага да цябе як нашчадка, як пераемніка гэтай спадчыны, як гаспадара. Менавіта ў гэтым крыецца эканамічная бяспека. Гэта раней у горад ехалі па кватэры з ваннымі пакоямі. Цяпер у вёсцы, аграгарадках, аграсядзібах тыя ж самыя ўмовы, што і ў сталіцы. Дадайце да гэтага выдатную густую сетку добраўпарадкаваных дарог. І чалавек сёння можа выбіраць, дзе яму будзе больш камфортна жыць. Сучасныя маладыя людзі мараць ужо не пра кватэру, а пра ўласны дом.
— У зборніку ёсць інфармацыя пра вёскі, якія ўжо не існуюць. Ці будзе яна карыснай для людзей, якія цікавяцца сваімі каранямі?
— Змены адбываюцца ўвесь час. Так ва ўсім свеце. Да сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі налічвалася 34 тысячы сельскіх пасяленняў. Да моманту напісання 20-томніка засталося 24 тысячы. Ёсць цяжкія наступствы вайны, але і само жыццё на гэтыя працэсы ўплывала. Можна ўзгадаць пра савецкія праграмы неперспектыўных вёсак, узбуйненне вясковых пасяленняў. Ствараліся калгасы-мільённікі. Але сёння мы выйшлі на ўзровень сучаснага развіцця сяла, і працэс разбурэння спыніўся. Сяло стала камфортным, і арганічна эканамічна і сацыяльна ўпісалася ў адзіную інфраструктуру рассялення. Знік перакос у бок горада.
— Ці можна сказаць, што шматтомнік «Гарады і вёскі» — тая крыніца, якая падштурхне да пошуку новых сімвалаў, у тым ліку мясцовых, якія звязаныя з пэўнымі раёнамі, вёскамі?
— І сёння, і ў будучыні сімвалы будуць абапірацца на мясцовую ўнікальнасць. Яны могуць быць самымі нечаканымі. Напрыклад, ёсць маса вёсак, у якіх маюцца месцы, што лічацца святымі. Там можа быць камень незвычайнай формы, пра які распавядаюць пэўную легенду. Ёсць сімвалы, якімі ганарацца, ушаноўваюць, звязаныя як з гераічнымі, так і трагічнымі старонкамі гісторыі. Ёсць сімвалы, пераважна ў Заходняй Беларусі, звязаныя з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі перадзеламі. У ваколіцах Мірскага замка захаваўся шэраг хутарскіх вёсак. Ідзе прасёлачная дарога, і ад яе праз жытнёвае поле вядуць сцежкі да асобных сядзіб. Ёсць сімвалы, звязаныя з гастраноміяй. Многія такія цікавінкі можна знайсці ў кнізе «Маршруты беларускага турызму». На месцах можна сабраць гісторыі і пра сцежкі, і пра старыя дрэвы, што растуць асобна. Я прапаноўваў прадстаўнікам Міністэрства транспарту на аўтазапраўках размяшчаць указальнікі, пра тое, якія аб'екты побач знаходзяцца. Гэта можа быць тысячагадовы дуб, старажытная сядзіба, прыдарожны крыж ці мясціны, якія апісалі пісьменнікі, намалявалі мастакі. Пошук такой інфармацыі павінен быць пастаянным. Даследчык не можа адначасова паспець усюды, і добра, калі ва ўсіх людзей ёсць разуменне, што падобная інфармацыя цікавая і каштоўная. Напрыклад, я размаўляў з тапографамі і геадэзістамі. Яны часам даведваюцца пра пэўныя мясцовыя асаблівасці, назвы. А колькі б маглі распавесці леснікі! Узгадайце сям'ю Якуба Коласа, бацька якога быў лесніком. У кожным раёне ёсць тыя, хто гэта збірае — краязнаўцы, настаўнікі мовы і літаратуры, гісторыі, мясцовыя музеі, бібліятэкі. Трэба толькі больш пра гэта гаварыць.
Ганна ПЯТРОВА
Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы.
Адна з галоўных прыкмет, што вясна прыйшла, — змешаны з першымі водарамі акрыялай прыроды апетытны дымок.
Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.