Вы тут

За гады акупацыі ў Белавежскай пушчы перасталі існаваць 80 вёсак


Запаведная Белавежская пушча — маўклівая, але надзейная сведка эпох. Больш за 600 гадоў, з часоў вялікага князя Вітаўта, складваецца пакрысе яе пісьмовы летапіс, якому няма канца. Пушча заўжды бараніла чалавека, ратавала ад галоднай смерці ў нішчымніцу, давала прытулак у чумныя гады і ваенную пару.

Шмат бачылі яе гушчары на доўгім вяку, але тое, што прынесла ХХ стагоддзе, нельга ні з чым параўнаць. У Першую сусветную вайну акупанты масава секлі пад корань і тралявалі пушчанскі лес, у Вялікую Айчынную — выганялі з абжытага жытла і знішчалі яго жыхароў.


Ражкоўка. Асвячэнне храма 22 студзеня 1943 года.

«Падарожжа» за «мяжу»

Восем дзесяцігоддзяў перагарнуліся, быццам старонкі, аднак тутэйшыя — дрэвы і людзі — захавалі ўспаміны пра тое, як гарэла камянецкая вёска Лескі і як за імгненні да смерці ўратавалася сяло Ражкоўка.

Сёння, каб трапіць з Беларусі да германскай граніцы, давядзецца праехаць сотні кіламетраў. У вайну было інакш: мяжа прайшла па ўскрайку Белавежскай пушчы: на поўдні месціўся рэйхскамісарыят Украіна, паўночней — Усходняя Прусія або непасрэдныя ўладанні Трэцяга рэйха. Сваю крывавую імперыю Адольф Гітлер і фюрары меншага калібру марылі пабудаваць на тысячу гадоў.

Гітлераўцы рабілі шмат, каб векавечны лес абязлюдзеў. Ужо з першых дзён уварвання яны пачалі «ачышчаць» пушчу ад тутэйшых. Рабілася гэта метадычна і бязлітасна пад кіраўніцтвам старшага ляснічага Вальтэра Фрэверта. Маёр Фрэверт — любімец Германа Герынга, які лічыўся спадкаемцам Гітлера. Гэты другі чалавек у нацысцкай партыі і дзяржаве сярод мноства высокіх чыноў ды званняў насіў яшчэ і «тытул» галоўнага паляўніцтвазнаўцы Рэйха. Герынг выказваў непадробную цікавасць да багаццяў Белавежскай пушчы. Відавочна, людзі такім багаццем для нацысцкага бонзы не з'яўляліся. Таму Фрэверт са скуры лез, каб дагадзіць шэфу. Тыя, хто меў стасункі з маёрам, адзначалі, што гер Фрэверт з аднолькавым азартам паляваў на лясных звяроў і людзей, у якіх бачыў выключна «бандытаў» ды іх памочнікаў.

З першых дзён, як толькі ён атабарыўся ў пушчы, старшы ляснічы актыўна ператвараў у попел вёскі і іх жыхароў. Рабіў гэта педантычна і жорстка. Ужо ў ліпені сорак першага былі зруйнаваны больш за тры дзясяткі паселішчаў.

Аднак спачатку вяскоўцам яшчэ дазвалялі ўзяць з сабой адзежу, нейкія дробныя хатнія пажыткі. Усю астатнюю маёмасць, прадукты і жыўнасць немцы рабавалі, а потым драўляныя хаты ў саламяных «капелюшах» успыхвалі, бы свечкі. На зборы гестапаўцы і жандары адводзілі няшчасным гадзіну-другую, а затым загадвалі рухацца прэч. Куды? За «мяжу» — ва «Украіну»: у Кобрынскі ці Жабінкаўскі раёны. Пры гэтым перасяленцаў строга папярэджвалі: наведваць выселеныя вёскі і наваколле, як і саму Белавежскую пушчу, забараняецца, а непаслушэнства будзе карацца смерцю.

Попельна-крывавы смурод смерці ўжо пачынаў адчувацца. Усяго за той час, пакуль акупанты гаспадарылі ў запаведным лесе, перасталі існаваць 80 вёсак і 79 лясных сядзіб, было знішчана прыблізна тысяча пушчанцаў.

Аднак часам усё ж адбываліся цуды...

Паратунак за хвіліну да гібелі

Паблізу Камянюк, якія немцы перайначылі ў Кёнігсбрук, дасюль жыве вёска Ражкоўка. Сёння ў ёй усяго некалькі хат ды сціплая блакітная праваслаўная царква, пабудаваная ў 1942 годзе. Вёска жыве, хоць магла загінуць у тым самым сорак другім...

Гавораць: панядзелак — цяжкі дзень, а для ражкоўцаў — дзень выратавальны. Бо тое, што адбылося ў панядзелак 28 верасня 1942 года, і мясцовыя жыхары, і шматлікія журналісты не называюць інакш, як «Ражкоўскі цуд».

Ражкоўка. Абраз 2008 года.

Сёння на ўскрайку вёскі — крыж. На ім шыльда:

«Сей Крест сооружён

в память избавления от

смерти всех жителей села

Рожковка

1942 год 28 сентября».

А ў мясцовай царкве — абраз Божай Маці з дзіцём на руках, падораны нямецкім авіятарам маёрам Эмілем Хербстам са словамі: «На гэты раз расстрэльваць вас не будзем, але бачыце: яма выкапана, і калі вы не перастанеце падтрымліваць сувязь з бандытамі, будзеце ўсе ляжаць у ёй. Дзяцей, якія вывезены ў суседнія вёскі, вернем. Працягвайце будаваць царкву».

Мясцовыя палічылі, што такое рашэнне немцу падказала Багародзіца, вобраз якой маёр пабачыў у небе, калі ляцеў на самалёце.

22 студзеня 1943 года адбывалася асвячэнне храма, названага ў гонар абраза Казанскай Божай Маці. Эміль Хербст разам з гаўптманам Дэкерам і перакладчыкам Ота Ханеманам прыбылі ў выратаванае сяло. Маёр не толькі падараваў ражкоўцам абраз, які дасюль захоўваецца ў іх храме з пазнакай даты выратавання, але пасля хроснага ходу падвёў прыхаджан да шырокай яміны, дзе нагадаў, што жыццё іх дасюль вісіць на валаску і залежыць ад таго, ці будуць яны надалей падтрымліваць партызан.

Аднак далёка не ўсім шанцавала так, як ражкоўцам.

За месяц да асвячэння царквы былі забіты некалькі нямецкіх лётчыкаў. Салдаты авіяцыйнага батальёна аховы, якім камандаваў Хербст, захапілі ў адказ больш за сотню беларусаў, якіх 24 снежня 1942 года перавезлі ў мястэчка Белавежа (сёння на тэрыторыі Польшчы). Расстрэльны атрад пад кіраўніцтвам лейтэнанта Паля пагнаў людзей у лес. Забойства цягнулася ўвесь дзень напярэдадні каталіцкага Раства.

«Трохкутнік», а затым круг

Наш аповед — не ўрок геаметрыі, а некалькі згадак пра вайну і яе няпростыя старонкі, афарбаваныя ў чорны колер.

Восенню 1942 года карнікі расчарцілі на Палессі трохвугольнік і назвалі гэта аперацыяй «Трохкутнік». У той час былі знішчаны больш за 40 тысяч чалавек ад Брэста да Пінска.

Вясной сорак трэцяга зладзейская рука намалявала чарговы круг на карце. У яго трапіла камянецкая вёска Лескі (або на польскі манер — Ляскі)...

Гэтая страшная геаметрыя азначала толькі адно: знішчэнне будзе праведзена без «эвакуацыі»... Лескі павінны былі згарэць з людзьмі. Так вырашыў той, чыя рука намалявала свой крывавы круг.

У чым карнікі ўбачылі правіну пушчанскай вёскі?

У самым пачатку Вялікай Айчыннай лагер для ваеннапалонных у Бяла-Падлясцы хутка перапоўніўся чырвонаармейцамі. Некаторым шчасціла збегчы ад канваіраў, а затым, пасля блуканняў па лясах, далучыцца да партызан, якія дзейнічалі ў Белавежскай пушчы.

Неяк Вальтэру Фрэверту данеслі: адзін з такіх «бандытаў» трапіў у рукі нямецкай лясной аховы. Паранены ў баі, ён праляжаў без прытомнасці ў гушчары, а потым, губляючы апошнія сілы, усё ж дапоўз да бліжэйшага жылля, дзе зноў трапіў у нямецкі палон. Чалавек аказаўся слабым: на допыце расказаў усё, што ведаў. Пры гэтым згадаў, што народным мсціўцам актыўна дапамагаюць мясцовыя, у тым ліку жыхары вёскі Лескі, паблізу якой патаемна ўзведзена некалькі партызанскіх зямлянак...

Праз лічаныя дні, 2 мая 1943 года, начальнік СС і паліцыі Беластоцкай акругі оберфюрар СС Фром выдаў пад грыфам «сакрэтна» цыркуляр. У лісце значылася (і гэта была не прапанова, а канкрэтны жорсткі загад):

«Паводле паказанняў затрыманых бандытаў і пры правядзенні следства было дакладна ўстаноўлена, што жыхары населенага пункта Лескі, за 14 кіламетраў на паўночны ўсход ад Камянца-Літоўскага... з пачатку зімы 1942/43 года аказвалі бесперапынную падтрымку і мелі сувязь з бандытамі...

Таму ў якасці прыкладу запалохвання для жыхароў раёнаў, размешчаных на ўскрайку пушчы, у населеным пункце Лескі будуць прыняты карныя меры ў выглядзе расстрэлу ўсяго насельніцтва.

Пасля прывядзення ў выкананне смяротнай кары, а таксама пахавання забітых, канфіскацыі іх маёмасці кампетэнтным камісарам населены пункт падлягае поўнаму знішчэнню шляхам спалення».

Прыгавор быў вынесены і абскарджанню не падлягаў.

Лескі дажывалі апошнія дні.

Зграя перад паляваннем

На расправу накіравалі егерскі атрад асаблівага прызначэння. У чым яго асаблівасць? Звычайна егеры палявалі на звяроў, а ў той майскі дзень — на людзей.

Зграя, пабуджаная адразу пасля поўначы, выйшла на аблаву сярод цемені. Перад тым а першай гадзіне ночы 4 мая маёр Фрэверт абвясціў у паляўнічым палацы баявы загад:

«Спаліць вёску Лескі, якая месціцца на паўночным усходзе пушчы, а ўсіх жыхароў расстраляць.

Ражкоўка. Абраз 1942 года.

Падстава: з кастрычніка 1942 года жыхары Лесак для банды ў 110 чалавек, якая ўсю зіму правяла ў пушчы за два з паловаю кіламетры ад вёскі, мылі бялізну, пяклі хлеб і своечасова папярэджвалі бандытаў пра набліжэнне нямецкіх салдат».

«Спецегеры» павінны былі ўзяць Лескі ў кола, як было намалявана на карце, каб ніводны вясковец не выслізнуў з пасткі. Непасрэднае знішчэнне людзей было ўскладзена на 2-ю роту 34-га паліцэйскага палка аховы. Гэта была надзейная, правераная ў падобных справах зграя.

Тры ланцугі ачаплення былі накінуты на вёску а чацвёртай гадзіне раніцы. Цяпер ужо ніхто не мог вырвацца на волю, хіба што перадсмяротныя крыкі і кулямётныя чэргі.

Жах у дзіцячых вачах

Лескі дажывалі апошнія хвіліны.

Хаты ахапілі першыя языкі полымя. «Вогненная вёска» гарэла і дымілася, зоркамі сыпаліся іскры. Яшчэ праз тры гадзіны надышла трывожная цішыня. Яе перарывала толькі рыпенне гружаных драбін, якія везлі нарабаванае.

У архіве захаваўся пранізлівы дакумент:

«Ноччу немцы акружылі вёску Лескі Дварцоўскага сельсавета, дзе і пачалі крывавую, бесчалавечную, нечувальную ў гісторыі расправу над мірнымі жыхарамі. Усё насельніцтва вёскі было сабрана на вуліцу, дзе пасля кароткай праверкі дакументаў усіх мужчын сагналі ў школу, а жанчын і дзяцей у клуню. Пасля гэтага нямецка-фашысцкія гады пачалі знішчаць нашых братоў і сясцёр. Была выкапана вялікая яма, да якой каты падводзілі групамі ні ў чым не вінаватых людзей і расстрэльвалі, а дзяцей кідалі жывымі. Вёску фрыцы-людаеды спалілі датла... Не выратаваўся ніхто, за выключэннем адной дзяўчынкі...»

Вачыма той, каму пашчасціла ўратавацца, можна і сёння пабачыць, што адбывалася ў той жудасны дзень у пушчанскай вёсцы. Успаміны Аляксандры Гарпініч (у дзявоцтве — Дзмітрук) занатаваны ў камянецкай кнізе «Памяць». На жаль, некалькі гадоў таму Аляксандры Сцяпанаўны не стала. Але засталіся яе задакументаваныя словы, якія і праз дзесяцігоддзі яскрава сведчаць пра злачынства.

«У трывожным чаканні сцішылася ўся вёска. Потым з хаты ў хату пачалі хадзіць варожыя салдаты, выганяць людзей на сход. Хто не хацеў або не мог выйсці з хаты, злыдні валаклі, білі аўтаматамі, піхалі нагамі. Жанчын з дзецьмі пагналі ў клуню, а мужчын — у школу. Чужыя людзі (з іншых вёсак) заканчвалі капаць яму.

Першымі пачалі расстрэльваць мужчын, потым жанчын з дзецьмі (па спісе, сем'ямі). Я ўсё бачыла. Вось фашыст... падкінуў за адну ножку дзіцё, а другі стрэліў у жывоцік... Большых дзяцей, якія ўпарціліся, уцякалі ад ямы, бо зразумелі, што гэта канец, гітлераўцы лавілі і кідалі ўніз падстрэленымі або жывымі. Следам за дзецьмі падалі ў яму і іх матулі. Вось чаму магіла яшчэ доўга варушылася.

Ад страху, болю, роспачы я адскочыла ад суседскіх дзяцей, што сталі паводдаль ад ямы. То былі дзеці солтыса Гука. Гукаву сям'ю немцы адазвалі, загадалі грузіць рэчы на вазы і ехаць у Шчарчова. Адзін фрыц палічыў дзяцей і падазрона спыніў позірк на мне: «Лішняя?» Гукава маці сказала: «То бандыцкае дзіця». Немец спяшаўся, махнуў на мяне рукой, маўляў, хай адна жыве...

Карта з пазначанай для знішчэння вёскай Лескі.

Я дрыжэла ад страху і плакала. Я думала: як там матулечка, брацік, сястрычка? Няўжо іх забілі? Пэўна, каб бачыла, як страляюць у маму, кінулася б да яе... Але гэтага я не бачыла. Пазней людзі расказалі, што трохмесячнага браціка Сцёпку кінулі ў яму жывым. Да гэтай пары ў вушах маіх стаіць плач жанчын, крык дзяцей. А як закрываю вочы, бачу целы людзей у яме, а вакол — кроў...»

Акупанты пралілі кроў не толькі жыхароў вёскі, якую абвялі кругам і выкраслілі са спісаў жывых. Падчас вайны ў Лескі перасялілася некалькі сем'яў. Сюды яны прыехалі, бо іх родныя паселішчы раней знішчылі карнікі. На новым месцы яны шукалі выратаванне, але знайшлі пагібель. Чатырохгадовая дачка падпольшчыка Надзейка Мацюхевіч жыла ў сям'і Мікіты Жука. Калі забойцы бязлітасна расстрэльвалі людзей, Мікіта Фёдаравіч спрабаваў збегчы, але варожая куля дагнала яго паблізу ад ямы, што стала брацкай магілай для лескаўцаў. Не вырваўся з ланцугу і Саша Лябедзіч. Юнака таксама дагнала куля. Каты прывалаклі Сашкава цела і кінулі ў яму. Стары Карп Цыбуля (дзед меў ад роду 83 гады) наадрэз адмовіўся выйсці на пастраенне. Карпа Лаўрэнцьевіча «паляўнічыя» застрэлілі ў хаце, а потым жыллё разам з гаспадаром ператварылі ў попел...

Праз некалькі дзён, як у вёсцы адшугаў пажар, стараста Бельскага павета абвясціў пра вынікі «акцыі» ў Лесках. Паўсюль была расклеена яго паперка, якая заканчавалася папярэджваннем: «Вінаватыя ў дзеяннях супраць нямецкіх улад і ў падтрымцы бандытаў будуць сурова пакараны і знішчаны».

Аднак запалохаць не атрымалася. Наадварот, у адказ акупанты атрымалі народныя гнеў і нянавісць, новыя напады на гітлераўскіх салдат у Белавежскай пушчы і ўздым партызанскай барацьбы. Зямля літаральна гарэла пад іх нагамі. Так адбывалася да самага вызвалення, якое прыйшло на беларускую зямлю летам 1944 года.

Сабачча смерць

Праз два гады пасля знішчэння «вогненнай вёскі» Надзвычайная дзяржаўная камісія, якая расследавала зладзействы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Камянецкага раёна, засведчыла, што ў Лесках «усё насельніцтва, ад груднічкоў да глыбокіх старых, былі сагнаныя ў клуню, затым партыямі, па дзесяць чалавек іх выводзілі да ямы і расстрэльвалі. Усе пабудовы вёскі Лескі былі спалены і на месцы квітнеючай беларускай вёскі застаўся толькі попел».

Якое пакаранне панеслі зладзеі, што пралілі кроў і расцерушылі попел?

Аднойчы на вочы нямецкага даследчыка Валеры Рыпергера трапіла заметка з газеты «Більд» за 3 жніўня 1962 года. Яна была названа «Любімы сабака стаў злым рокам ляснічага» і сведчыла, што мінулае дагнала 65-гадовага Вальтэра Фрэверта, які загінуў ад няшчаснага выпадку на паляванні. У той час ішлі размовы, што супраць былога старшага ляснічага будзе ўзбуджана крымінальная справа за злачынствы, учыненыя ў Белавежскай пушчы. Таму раптоўная смерць у лесе дала падставу для плётак.

«Ці сапраўды адбыўся няшчасны выпадак або гэта было самагубства і крок адчаю — уцёкі ад адказнасці? — рытарычна пытаўся навуковец. — Адназначнага адказу на гэтае пытанне не атрымаць ужо ніколі».

Памяць перамагае

З тых дзён гісторыя паглынула восем дзясяткаў гадоў, аднак і цяпер тутэйшыя — людзі і дрэвы — захоўваюць свае ўспаміны...

Шчыра адданы Белавежскай пушчы вучоны і пісьменнік Вячаслаў Семакоў згадваў, між іншым, пра выпадкі, калі ламаліся пілы. Яны траплялі на кулі, якія з часоў Вялікай Айчыннай вайны глыбока заселі ў ствалах дрэў. На памежжы тысячагоддяў уладкоўвалі новую складаную пілараму, прывезеную па іроніі лёсу з Германіі. Каб прадухіліць паломкі яе механізмаў, тэрмінова набылі металашукальнік. Цяпер з яго дапамогай абследуюцца бярвёны, падрыхтаваныя да распілоўкі. «І гэта своеасаблівы напамін пра тыя цяжкія часы, што выпалі на долю пушчы ў суровыя гады вайны», — зазначаў Вячаслаў Семакоў.

Так, кулі калечылі не толькі целы, але і дрэвы.

Як захоўваецца ў нашыя дні памяць пра тыя падзеі?

У апошні час адбыліся істотныя змены ў Ражкоўцы. Аднак колькі б гадоў не адлічыў каляндар з таго трывожнага верасня, калі смерць крывавым вокам пазірала з яміны, выкапанай на ўскрайку сяла, нашчадкі выратаваных ідуць у свой храм, узведзены восемдзесят гадоў таму.

Лескі. Аляксандра Гарпініч каля помніка аднавяскоўцам.

У студзені 1943-га царкву асвяцілі ў памяць пра Казанскі абраз Божай Маці. З блаславення епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана 14 жніўня 2005 года пушчанскі храм атрымаў новае імя. Ён быў названы ў гонар іконы Божай Маці «Ражкоўскай», якая беражліва захоўваецца ў царкве. Праз тры гады на падставе першакрыніцы, некалі падараванай маёрам Хербстам, іканапісцы Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу стварылі кананічны абраз «Ражкоўская Выратавальніца», які падаравалі ў пушчанскае сяло. Нарэшце, летась, напярэдадні 80-годдзя памятнай падзеі, уладыка Іаан здзейсніў вялікае асвячэнне адрамантаванага храма ў Ражкоўцы.

Памяць пра вёску Лескі захоўваецца не толькі ў Хатыні, але і ў мемарыяле, узведзеным на месцы, дзе яна жыла мірным жыццём да ранку 4 мая 1943 года. На помніку, збудаваным да саракагоддзя Вялікай Перамогі, — пералік імён. Гэта тыя, для каго той далёкі вясновы дзень стаў апошнім.

Прозвішчы... прозвішчы...

Брэсцкія, Валошкі, Гімзы, Дзмітрукі, Жукі, Казлы, Кандрацюкі, Літвінчукі, Лябедзічы, Тарасевічы, Цыбулі...

Наймалодшае дзіця — Саша Жук... Нават не ведаю. Хлопчык? Дзяўчынка? Дзіцё мела толькі сем тыдняў ад нараджэння...

Прозвішчы шматразова паўтараюцца. Лёс для іх носьбітаў выпаў аднолькавы... Усяго хроніка «Памяць» Камянецкага раёна гаворыць пра 216 ахвяр, але ў пайменным спісе ў той жа кнізе занатавана толькі 205 чалавек, расстраляных 4 мая. Відаць, яшчэ не ўсе пушчанскія загадкі разгаданы...

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з архіва аўтара


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.