Вы тут

Студзень, што цёпла сцеле, ды мокра «спаць»


Нетыпова высокія тэмпературы і моцныя дажджы сталі прычынай студзеньскай паводкі на Гомельшчыне. На тэрыторыі больш як паловы раёнаў вобласці ратавальнікі зарэгістравалі падтапленні талымі водамі прыватных падворкаў і ўчасткаў дарог.


У Веткаўскім раёне, на тэрыторыі Хальчанскага сельскага Cавета, падтопленая месцамі больш чым на метр дарога адрэзала ад «вялікай зямлі» жыхароў пасёлка Палянаўка і найбліжэйшага садовага таварыства. З-за разліву Сожа і возера Чэчаль, што якраз на пойме ракі, мясцовыя жыхары ў падобнай сітуацыі аказваліся ўжо не раз. Але толькі ў вясновую паводку, зімой — ніколі.

— Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня ў пасёлак можна было дабрацца на легкавым аўтамабілі, але літаральна за дзень дарогу ўжо перакрыла вада, — уводзіць у курс жыцця ў сельскай «венецыі» старшыня Хальчанскага сельвыканкама Валерый Жолудзеў. — На перыяд паводкі жыхары перасяляцца адмовіліся. Мы правялі сустрэчу з насельніцтвам, абмеркавалі ўсе хвалюючыя пытанні, а гэта дастаўка людзей з пасёлка і назад, забеспячэнне прадуктамі харчавання, медыцынскае абслугоўванне. Вырашылі наладзіць лодачную пераправу па падтопленай дарозе.

Як адзначае Валерый Жолудзеў, у Палянаўцы пастаянна пражывае 21 чалавек, яшчэ чатыры сям'і засталіся на зіму ў садовым таварыстве. Частка мясцовых мусіць выязджаць з Палянаўкі на працу. Таксама ў пасёлку пражывае школьнік, які вучыцца ў аграгарадку Старое Сяло гэтага ж сельсавета. У аграгарадок паляноўскім неабходна дабірацца таксама і ў амбулаторыю, туды ж па лекі ў аптэку.

Пераправа арганізавана, а таму людзі не хвалююцца аб тым, як дабрацца на «вялікую зямлю».

— Настроены нашы жыхары пазітыўна, — запэўнівае старшыня сельскага Савета, з якім палянаўцы могуць звязацца кругласутачна.

Аператыўна аб любой сітуацыі, якая хвалюе мясцовых, улады і адказныя службы інфармуе і памочнік старшыні Хальчанскага сельвыканкама па пасёлку Палянаўка Аляксандр Францішоў.

— Больш за ўсё вады прыбыло за ноч з чацвярга на пятніцу, — падзяліўся назіраннямі Аляксандр Аляксандравіч.

Кажа, што іх Палянаўка з-за вялікай вады была востравам у 2013 годзе.

— Самыя вялікія паводкі тут былі, як расказвала маці, у 1932 годзе, вада стаяла па вокны, потым — у 1970 годзе. Летась рака таксама падымалася, але гэта было ўвесну, узімку не залівала дарогу да нас ніколі, — расказаў Аляксандр Францішоў.

Начныя маразы, якія вярнуліся на Гомельшчыну на выхадных, месцамі заўважна «падсушылі» рызыкоўныя ўчасткі. На сярэдзіну дня панядзелка ўзровень вады на тэрыторыі падтопленай дарогі ў Веткаўскім раёне стабілізаваўся.

У час аказання дапамогі жыхарам в. Палянаўка.

— Апошнія тры дні ўвесь час маніторылі сітуацыю. На дамбе, на пад'ездзе да Палянаўкі, вада больш не падымаецца. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ўжо за гэты тыдзень вада пачне спадаць. Цяпер жыхары звязваюцца толькі для таго, каб перадаць падзяку за дапамогу, якую атрымалі ад Чырвонага Крыжа, — распавядае пра настрой жыхароў Валерый Жолудзеў.

Валерый Мікалаевіч тлумачыць, што да падтаплення дарогі ў пасёлак два разы на тыдзень прыязджала аўтакрама. Пакуль па прадукты мясцовыя жыхары дабіраюцца на лодцы. Між тым прадукты першай неабходнасці, пітную ваду, гігіенічныя сродкі прывезлі спецыялісты Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Валанцёры каманды рэагавання Гомельскай абласной арганізацыі БЧК прывезлі дапамогу нават па індывідуальных просьбах людзей.

— Гомельская абласная арганізацыя ў цесным супрацоўніцтве з абласным упраўленнем МНС сочыць за развіццём паводкавай сітуацыі ў цэлым у рэгіёне, — падкрэсліў начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка. — Мы гатовы аператыўна рэагаваць і аказаць дапамогу жыхарам у любым пункце вобласці.

Што да лодачнай пераправы для жыхароў пасёлка Палянаўка і найбліжэйшага садовага таварыства — па вадзе неабходна пераадолець больш за кіламетр, — то дзяжурства нясуць супрацоўнікі Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах.

— Першыя заяўкі аб пераправе да аграгарадка Старое Сяло пачалі паступаць ад людзей у першы ж дзень арганізацыі лодачнай пераправы. Працуем з шасці раніцы да дзесяці вечара. Па меры неабходнасці людзей, якія ў тым ліку дабіраюцца на працу, перапраўляюць на плаўсродку. Калі спатрэбіцца экстранна кагосьці пераправіць ноччу, то на дапамогу прыйдуць найбліжэйшыя падраздзяленні МНС, — растлумачыў, як наладжана работа на гэтым участку падтаплення дарогі, выконваючы абавязкі начальніка Веткаўскай ратавальнай станцыі АСВОД Сяргей Сілкін.

У тэму

У рэгіёне органы мясцовага кіравання і ўсе адказныя службы рыхтуюцца да любога варыянта развіцця паводкавай сітуацыі і гатовы ажыццяўляць комплекс мер па мінімізацыі магчымых наступстваў паводкі. Для кожнага суб'екта гаспадарання вобласці распісаны першачарговыя мерапрыемствы, праведзена праверка наяўнасці і стану неабходнай тэхнікі, а таксама рэзерв матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі наступстваў магчымай паводкі.

У сваю чаргу ратавальнікі ў рэгіёне штодзень манітораць сітуацыю на тэрыторыях, дзе зафіксаваны падтапленні талымі водамі, і прапануюць гаспадарам падворкаў сваю дапамогу. Па інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, жыццезабеспячэнне насельніцтва ні на адным з участкаў не парушана, пацярпелых няма, вядзецца маніторынг гідралагічнага становішча.

Супрацоўнікі МНС рэкамендуюць адказна кантраляваць сітуацыю і самім гаспадарам падворкаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі падтаплення. Сярод асноўных рэкамендацый ад ратавальнікаў — ачысціць дрэнажныя, сцёкавыя канаўкі, тэрыторыю каля дома ад снегу і лёду, які перашкаджае сходу вады; ні ў якім разе не карыстацца электрапрыборамі, не ўключаць асвятленне ў падтопленых памяшканнях; падрыхтавацца да магчымай эвакуацыі і сабраць «трывожны» чамаданчык (грошы, дакументы, адзенне, прадукты харчавання, лекі); пры неабходнасці прадугледзець вываз хатніх жывёл. Калі ўзнікне неабходнасць у эвакуацыі, тэрмінова звязацца з ратавальнікамі і паведаміць аб сваім месцазнаходжанні.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?