Вы тут

Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен праходзіць ў краіне 28 студзеня


28 студзеня ў краіне праходзіць рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ). Удзел у ім возьмуць каля 53 тысяч адзінаццацікласнікаў. «Рэпетыцыя» пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — у 144 пунктах. У Мінску іх дванаццаць.


Фота: pixabay.com

Як тлумачаць у Міністэрстве адукацыі, гэта неабходна для таго, каб адпрацаваць працэдуру правядзення новай формы атэстацыі выпускнікоў школ. А пры выяўленні любых нечаканых нюансаў яшчэ будзе час, каб іх аператыўна ўстараніць.

Нагадаем, што цэнтралізаваны экзамен для выпускнікоў школ упершыню пройдзе 14 і 21 мая бягучага года. Прадугледжаны таксама рэзервовыя дні ў маі, ліпені і жніўні.

Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць па адпрацаванай за многія гады тэхналогіі цэнтралізаванага тэсціравання ў тэставай форме. Навучэнцы ўжо выбралі прадмет, па якім яны будуць рэпеціраваць правядзенне будучага выпускнога экзамену. Далей арганізуецца дастаўка хлопчыкаў і дзяўчынак у пункты тэсціравання. Калі гэта сельская школа, то арганізуюць падвоз, гэта значыць, органы ўпраўлення адукацыі змогуць змадэляваць арганізацыю падвозу навучэнцаў. На саміх пунктах — прапускны рэжым, размеркаванне школьнікаў па аўдыторыях.

З боку педагагічнай грамадскасці 28 студзеня будзе задзейнічана каля 8 тысяч чалавек. У асноўным гэта тыя педагогі, якія будуць працаваць і на самім ЦЭ. Для гэтага рэпетыцыя і задумана, каб людзі атрымалі вопыт і былі ліквідаваны «вузкія месцы».

Вынікі «рэпетыцыі» будуць даступныя на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў па звестках пашпарта праз 2-3 тыдні пасля здачы.

Як запэўніваюць у Міністэрстве адукацыі, адзнака за рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен ні на што не паўплывае. Настаўнікі не будуць яе выстаўляць у журнал. «Гэта ацэнка патрэбна толькі самому навучэнцу для вызначэння свайго ўзроўню падрыхтоўкі па прадмеце», — канстатуюць у адукацыйным ведамстве. Паглядзеўшы вынікі рэпетыцыі, у кожнага будзе магчымасць і пэўны час, каб устараніць недахопы ў ведах».

У Міністэрстве адукацыі лічаць, што аб'яднанне выпускных і ўступных іспытаў у ВНУ істотна змяншае нагрузку на выпускнікоў, якім яшчэ год таму даводзілася здаваць чатыры іспыты на выхадзе са школы плюс тры ці чатыры ЦТ. Прычым, калі ў школе яны пісалі пераказ ці кантрольную працу, цяпер адбылася ўніфікацыя формаў экзаменацыйных выпрабаванняў. І ЦЭ, і ЦТ здаюцца ў тэставай форме, што істотна спрашчае падрыхтоўку.

Да таго ж новая мадэль дазваляе забяспечыць больш матываваны выбар будучай прафесіі, бо яшчэ на этапе, які прадмет выбраць на ЦЭ, адзінаццацікласнікі вызначаюцца з далейшай траекторыяй навучання пасля атрымання школьнага атэстата.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?