Графік прышчэпак, ці прышчэпачны каляндар, у нашай краіне прадугледжвае абарону дзяцей ад самых небяспечных інфекцый. Між тым дыскусіі паміж антыпрышчэпнікамі і прыхільнікамі афіцыйнай медыцыны дагэтуль актуальныя. Адмова ад прышчэпак — банальная непісьменнасць, памножаная на трывожнасць, ці ўсё ж мае падставы? Ад якіх інфекцый сёння можна прышчапіцца пры жаданні бацькоў? І чым можа быць небяспечная звычайная дзіцячая вятранка? Ці не складана перанесці дзіцячаму арганізму прышчэпкі адразу ад шасці інфекцый? Пра гэта і іншае гутарым з урачом прышчэпачнага кабінета 25-й гарадской дзіцячай паліклінікі Ірынай Салавей.
— Ірына Рыгораўна, раскажыце, колькі сёння абавязковых прышчэпак?
— У цяперашні час нацыянальны каляндар уключае абавязковыя прышчэпкі ад 12 інфекцый. Гэта туберкулёз, гепатыт В, коклюш, дыфтэрыя, слупняк, поліяміеліт, гемафільная інфекцыя, адзёр, эпідэмічны паратыт, краснуха, пнеўмакокавая інфекцыя і грып. Ад двух апошніх захворванняў прышчэпкі робяцца па эпідэмічных паказаннях, напрыклад, ад пнеўмакокавай інфекцыі — пры пэўных лор-захворваннях. Ёсць і яшчэ шэраг прышчэпак па эпідэмічных паказаннях — калі складваецца неспрыяльная эпідэміялагічная абстаноўка, ці ў сітуацыі, калі дзіця, напрыклад, пакусала жывёла (прышчэпка ад шаленства). Гэта ж датычыцца прышчэпак супраць ветраной воспы, менінгакокавай інфекцыі.
— Колькі дзяцей звычайна прышчапляецца ад інфекцый?
— Працэнт па дзіцячай вакцынацыі крыху вышэйшы, чым у дарослых. Гэта звязана з тым, што больш інфекцый, да якіх схільныя менавіта дзеці, і яны цяжка іх пераносяць у выпадку інфіцыравання. Ахоп складае 97—98 %. Астатнія тры працэнты — тыя, хто адмаўляецца або не прышчапляецца па нейкіх медыцынскіх супрацьпаказаннях.
— Як аргументуюць бацькі адмову ад вакцынацыі?
— Сітуацыі самыя розныя, ва ўсіх свае аргументы. У кагосьці адыгрывае ролю асабісты ці сямейны вопыт, калі нехта дрэнна перанёс пэўную прышчэпку і сям'я цяпер насцярожана ставіцца да вакцынацыі дзіцяці. Другое — уплыў пэўных стэрэатыпаў і памылковых меркаванняў.
Яшчэ нядаўна была шырока распаўсюджана думка, што пасля прышчэпкі супраць адру, якую мы робім малым у годзік, быццам развіваецца аўтызм. Гэты міф быў цалкам развянчаны. Праведзена даследаванне на ўзроўні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якое паказала, што ніякай прамой сувязі паміж прышчэпкай і развіццём такога сур'ёзнага захворвання няма. Гэта супадзенне па ўзросце: аўтызм, як правіла, пачынае ярка праяўляцца пасля года, бацькі ў гэты час робяць прышчэпкі, і лічыцца, што адкат у развіцці дзіцяці адбываецца пасля прышчэпкі, хоць насамрэч ён быў і раней.
Некаторыя бацькі адмаўляюцца ад прышчэпкі па рэлігійных перакананнях. Ёсць дзеці, якія маюць пэўныя асаблівасці развіцця. Па медыцынскіх паказаннях прышчэпкі рабіць можна, але бацькоў хвалюе тое, што арганізм дзіцяці не да канца адбудаваўся, яно атрымлівае лячэнне ці рэабілітацыю, якія спачатку трэба скончыць. Часта гэта датычыцца дзяцей з неўралагічнымі, кардыялагічнымі і гематалагічнымі захворваннямі.
— Ці ёсць сёння ў наяўнасці ўсе неабходныя вакцыны і ці паўплывалі санкцыі на забяспечанасць гэтымі прэпаратамі?
— На шчасце, дзяцей гэтыя сітуацыі не датычыліся і не датычацца. І бюджэтныя вакцыны, і тыя, што мы прапануем за кошт сродкаў бацькоў, заўсёды ў наяўнасці. Часам узнікаюць сітуацыі, звязаныя з пытаннямі закупкі пэўнымі ўстановамі аховы здароўя, у цэлым жа на пастаяннай аснове і ў 2020, і ў 2021, і ў 2022 гадах мы атрымлівалі ўсе неабходныя вакцыны.
— Ёсць вакцыны, якімі можна прышчапіцца ад некаторых захворванняў па жаданні бацькоў. Напрыклад, супраць менінгакокавай інфекцыі...
— Так. Яна робіцца за кошт бацькоўскіх сродкаў. У цяперашні час у Беларусі зарэгістравана дзве вакцыны — «Менактра» і «Труменба». Кожная з іх дзейнічае супраць сваіх штамаў менінгакока, але яны ўзаемна дапаўняюць адна адну супраць пяці штамаў, якія цыркулююць у Беларусі. «Менактра» рэкамендавана дзецям з дзевяцімесячнага ўзросту, а «Труменба» — з дзесяцігадовага.
— Яна робіцца па жаданні бацькоў ці ўрачы яе рэкамендуюць пры нейкіх захворваннях?
— Звычайна па жаданні бацькоў. Па медыцынскіх паказаннях прызначаецца ў тых сітуацыях, калі ўзнікае ачаг гэтай інфекцыі. Тады эпідэміялагічныя службы аналізуюць сітуацыю, вылічваюць кантактных асоб па гэтай інфекцыі, і з імі праводзіцца імунапрафілактыка.
— Ад ветраной воспы лепш прышчапіцца ці перахварэць?
— Вакцына супраць гэтай інфекцыі існуе дастаткова даўно, у Беларусі ў тым ліку. У цяперашні час прапануецца вакцына «Варылрыкс», яна таксама набываецца за кошт бацькоўскіх сродкаў.
Вакцынацыя супраць ветраной воспы вельмі запатрабаваная, бацькі часта цікавяцца. І іх жаданне прышчапіць дзіця вельмі пахвальнае. Раней гэта інфекцыя лічылася дзіцячай. Меркавалася, што дзіця перахварэе, выпрацуецца імунітэт, і далей праблем не будзе. На жаль, цяпер вятранка змяніла свой клінічны ход. З'явілася шмат форм з нязначнымі праяўленнямі: няма ліхаманкі, значных высыпанняў. А пасля такой лёгкай формы, як правіла, захоўваецца рызыка паўторнага інфіцыравання. Сітуацыя непрадказальная: здаецца, дзіця і перахварэла, але калі ўжо дарослая дзяўчына становіцца на ўлік у жаночай кансультацыі па цяжарнасці і ў гэты час заражаецца вятранкай, вельмі трывожна, як гэта адаб'ецца і яе здароўі, і на здароўі будучага дзіцяці.
Другі момант — тое, што вятранка ў дзяцей з імунадэфіцытнымі станамі праходзіць дастаткова цяжка, з сур'ёзнымі ўскладненнямі, у тым ліку паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы. І гэта можа прыводзіць да інваліднасці.
— Пасля такой прышчэпкі ад вятранкі можна захварэць?
— «Варылрыкс» — жывая вакцына, якая ўтрымлівае жывы вірус. І магчыма перанясенне вятранкі ў лёгкай форме — з'яўлення невялікіх вятранкападобных пузырковых высыпанняў на скуры, субфебрыльнай тэмпературы. Але гэта ў лёгкай форме і дае гарантыю, што ў далейшым дзіця не захварэе ў цяжкай форме.
— Наколькі эфектыўная вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека?
— Гэта добрая вакцына. Краіны, якія могуць сабе дазволіць, унеслі яе ў нацыянальныя календары. Вакцынацыя актуальная як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. У выпадку заражэння вірусам папіломы чалавека кандыломы, папіломы, бародаўкі, якія з'яўляюцца на скуры, галасавых складках, на слізістых, могуць прыводзіць да анкатрансфармацыі, у тым ліку да раку шыйкі маткі ў жанчын.
Вакцынацыя з 9-гадовага ўзросту паказана і хлопчыкам, і дзяўчынкам, яе рэкамендуецца правесці да пачатку палавога жыцця. Аднак вакцынацыя не выключае заражэння іншымі штамамі віруса папіломы чалавека, бо анкагенных штамаў шмат, і вакцына перакрывае не ўсе з іх. І нават калі дзіця прайшло поўны курс вакцынацыі, рэкамендуецца раз на два гады рабіць ПЛР-тэст на выяўленне астатніх анкагенных штамаў.
У нас у краіне выкарыстоўваюцца вакцыны «Гардасіл» ад 4-х тыпаў ВПЧ (6, 11, 16, 18) і «Цэрварыкс» ад 2-х тыпаў (16, 18). У залежнасці ад узросту робіцца дзве ці тры прышчэпкі. Ва ўзросце з 9 да 13 гадоў прышчэпка праводзіцца 2 разы — другая доза праз 6 месяцаў. А з 14 гадоў трэба ўжо 3 дозы (другая праз 1 месяц, трэцяя — праз 6 месяцаў пасля першай).
— Сёння вельмі актуальная прышчэпка супраць COVІD-19...
— Вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі для дзяцей з 12 гадоў стала магчымай са снежня 2021 года і ўнесена як прышчэпка па эпідпаказаннях у нацыянальны каляндар для забеспячэння эпідэміялагічнай бяспекі. Са жніўня 2022-га мы прышчапляем дзяцей з 5-гадовага ўзросту. Для дзяцей выкарыстоўваецца толькі кітайская вакцына Vero Cell кампаніі Sіnopfarm. Вакцына нежывая, пераносіцца вельмі добра, ні мясцовых, ні агульных рэакцый на яе не рэгіструецца.
— У бацькоў ёсць магчымасць адначасова з дзецьмі прышчапіцца кітайскай вакцынай?
— Так. У пэўны час былі абмежаванні, у сувязі з тым, што нарматыўныя дакументы рэгламентавалі пярвічную вакцынацыю дарослых любой вакцынай, а бустарную — толькі вакцынай «Спадарожнік лайт». Гэтыя вакцыны былі толькі ў дарослых паліклініках. Дзіцячыя паліклінікі атрымліваюць толькі Vero Cell. Цяпер такіх абмежаванняў для дарослых няма.
— У якіх выпадках прызначаецца прышчэпка супраць пнеўмакокавай інфекцыі?
— У цяперашні час у Беларусі дзве вакцыны: «Сінфлорыкс» і «Прэвенар». «Сінфлорыкс» ёсць у паліклініцы і прапануецца бясплатна пры наяўнасці пэўных паказанняў, якія агавораны ў нацыянальным календары. А «Прэвенар» могуць набыць усе ахвотныя. Вакцына нятанная, але і лор-урачы, і ўрачы-педыятры кажуць, што ад яе ёсць станоўчы эфект ужо ў першыя месяцы. Найчасцей мы прапануем гэту вакцыну дзецям з паўторнымі гнойнымі і катаральнымі атытамі, дысфункцыямі, дзецям з аслабленымі лёгкімі, бранхіяльнай астмай, тым, у каго ў поўнай меры не працуе імунітэт і не супраціўляецца пнеўмакоку, а гэта адзін з асноўных узбуджальнікаў пнеўманій у дзіцячым узросце. Таксама дзецям з захворваннямі нырак, імунадэфіцытнымі станамі, праблемамі з лор-органамі. Гэта вакцына рэальна працуе.
— Ад чаго яшчэ можна прышчапіцца пры жаданні?
— Ёсць вакцыны супраць клешчавага энцэфаліту — таксама за кошт бацькоўскіх сродкаў. Добрыя вакцыны, але курс вакцынацыі працяглы.
— Згодна з календаром прышчэпак, некаторыя з іх робяцца адным-двума ўколамі ў адзін дзень. Ці не цяжка іх перанесці дзіцяці?
— Так, гэта адно з пытанняў, якое хвалюе бацькоў. У два месяцы мы робім шэсць вакцын. Калі бацькі жадаюць прышчапіць супраць пнеўмакока — то сем. Але так робіцца ў многіх краінах. Для дзяцей, якія да нас прыязджаюць з Еўропы і Амерыкі, мы перакладаем іх індывідуальныя календары, і сітуацыя такая ж. Да таго ж у іх яшчэ прышчэпка ад ратавіруснай інфекцыі — усяго восем аднамомантна. У нас, як я адзначыла, мінімум шэсць.
Калі выкарыстоўваць платныя вакцыны — «Інфанрыкс Гекса», «Гексаксім» — прышчэпка робіцца праз адзін укол. Бясплатная — праз два. Адрозненне гэтых вакцын — толькі ў коклюшным кампаненце. У бясплатнай вакцыне коклюшная бактэрыя нейтралізаваная. У платнай яна бясклетачная, утрымлівае толькі ўнутраныя бялкі. За кошт гэтага прышчэпка лягчэй пераносіцца і адназначна паказана дзецям з атапічным дэрматытам, малым, якія нарадзіліся неданошанымі. Гэта аблегчаны варыянт вакцынацыі.
Праведзены шматлікія даследаванні — і нашы, і замежныя, — якія паказалі, што пры ўвядзенні шматкампанентнай вакцыны эфект магчымых пабочных рэакцый ад кожнага кампанента не сумуецца. Калі дзіця рэагуе, то часцей за ўсё на коклюшны кампанент. І ні ў якім разе яны не патэнцыіруюць адзін аднаго, а пераносяцца гэтак жа, як быццам бы ўводзіцца аднакампанентная вакцына. І хвалявацца бацькам адназначна не трэба.
Алена КРАВЕЦ
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.