Вы тут

Лукашэнка: Тыя, хто гатовы жыць у міры, не павінны быць адкінуты грамадствам


Грамадска-палітычную абстаноўку абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта. Удзельнікі нарады дэталева разгледзелі комплекс пытанняў, якія маюць вялікае значэнне для жыцця краіны. Цэнтральнай тэмай стала абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь.


«Мы мала ўвагі звяртаем на гэтую праблему, але яна існуе. Няхай у параўнанні з іншымі дзяржавамі, нават самымі дэмакратычнымі ў свеце, гэта кропля ў моры. Але тым не менш аб гэтым нельга забываць», — акрэсліў галоўнае пытанне нарады кіраўнік дзяржавы.

Крок насустрач для тых, хто раскаяўся

З гэтага вынікае яшчэ адно, актуальнае для краіны пытанне — як быць з тымі, хто яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы. Пасля 2020 года хтосьці пакінуў краіну, хтосьці знаходзіцца ў месцах не такіх далёкіх. А некаторыя раскаяліся і сёння хочуць вярнуцца, але баяцца. Некаторыя звярталіся да Прэзідэнта з просьбай аб памілаванні.

«Я адчуваю, што і ў грамадстве, і ў асобнай часткі грамадства з’явіўся запыт на дадзеную тэму. Таму я даручаў Адміністрацыі Прэзідэнта з удзелам грамадскасці прапрацаваць гэтае пытанне і прапанаваць механізм яго рашэння», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён раслумачыў, чаму было даручана прыцягнуць да гэтай работы грамадскасць: «Я выконваю свае абавязкі паводле Канстытуцыі нашай краіны. Як кіраваў краінай, так і кірую. Што да сілавікоў. Яны сваю ролю ў 2020 годзе адыгралі. Яны тады мяне не падвялі ў цэлым. Яны выканалі дакладна пастаўленыя перад імі задачы. Яны ведаюць, я таксама ведаю, што адбывалася і як мы супрацьстаялі гэтаму працэсу кожную хвіліну, кожную секунду я быў у тэме і аддаваў адпаведныя распараджэнні. Сілавыя падраздзяленні не адступілі і нідзе па вялікім рахунку не праваліліся. Вядома, я сёння ўлічваю іх меркаванне. Для мяне вельмі важнае меркаванне хлопцаў, якія служаць у спецпадраздзяленнях. Ваенныя людзі, якіх мы прыцягвалі для таго, каб навесці парадак. Унутраныя войскі тут стаялі насмерць. Вядома, я іх бязмерна паважаю, аддаю належнае і ўлічваю іх меркаванне».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лёс ваенных людзей, дзяржаўных служачых, чыноўнікаў, з аднаго боку, жорстка рэагаваць, абараняць краіну і правапарадак, і ў той жа час сыходзіць не з асабістых, а з дзяржаўных інтарэсаў, недзе адступіць, зрабіць крок насустрач, калі гэта трэба. Ён нагадаў, што ў храме на Раство казаў аб тым, што не трэба ствараць дадатковыя кропкі напружання ў грамадстве. Таму і было дадзена даручэнне адпарацаваць магчымы механізм рашэння пытання з вяртаннем на Радзіму людзей, якія з’ехалі пасля падзей 2020 года.

«Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць дзеля дабрабыту сваёй краіны, не павінны быць адкінуты грамадствам. Гэта аксіёма. Гэта не я прыдумаў. Калі мы людзі мудрыя і ўлада мае прыкметы мудрасці, яна павінна ў такім рэчышчы і дзейнічаць. Нам трэба не закрывацца ад тых, хто спатыкнуўся і зразумеў гэта, а зрабіць крок насустрач. Але толькі тым, хто вернецца з месцаў не вельмі аддаленых, ці з-за мяжы, і будзе, як у нас прынята казаць, „ябацькам“ яшчэ большым, чым тыя, хто сёння нас атачае. А такія ёсць», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ворагі ўсяляк будуць перашкаджаць вяртанню дадому гэтых людзей. Па яго словах, для збеглых, якія гандлююць інтарэсамі народа, простыя людзі заўсёды будуць таранам для барацьбы супраць дзяржавы і пастаяннай крыніцай асабістага фінансавага дабрабыту. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, як «захлынуліся» некаторыя СМІ і тэлеграм-каналы, калі ён заявіў, што ўлады гатовыя размаўляць з тымі, хто ўсвядоміў сваю віну і гатовы жыць на Радзіме: «Ах, тут хапаюць сілавікі тых, хто паспрабаваў прыехаць, садзяць ці ледзь не забіваюць!» Абсалютная лухта. Ніхто нікога хапае. Але чаму яны так сябе паводзяць? Таму што, калі ім — «ціхушкам», «лахушкам», грошы і даюць, то толькі улічваючы, што ў іх там пара тысяч людзей, якія беглі разам з імі. І Захад выдатна разумее, што гэтых людзей у перспектыве гэты самы Захад можа выкарыстаць супраць нашай краіны. Як мы дакладна ведаем, да гэтых няшчасных паўтары тысячы даходзяць, можа быць, цэнт-два. Усё астатняе асядае ў кішэнях у штабах, офісах».

«Агулам ніхто нічога рабіць не павінен»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, павінен мець шанц на разуменне і паблажку. Але гэта датычыцца толькі тых, хто рэальна заслугоўвае даравання. А тыя, хто свядома пераступіў рысу закону, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцці, пры падтрымцы заходніх спецслужбаў працягвае дэструктыўную дзейнасць супраць нашай краіны, будуць адказваць перад законам. Прэзідэнт звярнуў увагу, што закон прывялі ў адпаведнасць і зрабілі больш жорсткім. «Тым больш што асобныя з тых, хто уцёк (есці ж хочацца), узмацнілі пазіцыю і цяпер стаўку робяць на прымяненне сілы і стварэнне незаконных ваенізаваных фарміраванняў. У такім выпадку дарогі назад няма і не будзе», — папярэдзіў ён. Як прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў «каліноўцаў» ва Украіне і харугвы, якія фарміруюцца ў Літве і Польшчы. Па яго словах, цудоўна бачна, што афіцыйныя ўлады спрабуюць ад іх дыстанцыявацца. «Іх на фронт адпраўляюць: ідзіце на фронт, трэніруйцеся. Натрэніруецеся — паедзеце ў Беларусь скідаць уладу. Зладзіце там шабаш, вайнушку... Нядаўна на фронце патрапілі пад абстрэл. Нямала загінула, але калекамі колькі засталося. Каму яны сёння патрэбныя? Нікому», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на тым, што чакае вялікая работа, каб ва ўсім разабрацца.

«Яшчэ раз падкрэсліваю: агулам ніхто нічога не павінен рабіць. Бо мы страцім сваіх прыхільнікаў, і законна страцім. Мы гэта павінны ўлічваць», — адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, тыя, хто ўсвядоміў свае дзеянні і раскаяўся, павінны публічна зрабіць адпаведную заяву. «Ты посціўся там у Інтэрнэце — расказвай, навошта ты гэта рабіў, і кайся перад народам. А потым разам з людзьмі, з грамадскасцю, з журналістамі, з блогерамі, хто быў на перадавой тады, мы будзем вырашаць, што з імі рабіць. Але крок насустрач трэба рабіць. Трэба дакладна вызначыць, хто сапраўды перагледзеў свае погляды і хоча спакойна жыць, вучыцца і працаваць. А хто — не», — упэўнены беларускі лідар. Але, па яго словах, не выключана, што некаторыя могуць скарыстацца крокамі насустрач, каб нанесці пэўную шкоду, у тым ліку ў інтарэсах спецслужбаў замежных дзяржаў, асабліва суседзяў на захадзе і поўдні.

«Таму наша задача — індывідуальны падыход да кожнага і справядлівасць у прыняцці рашэнняў», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Нам трэба згуртавацца, каб выжыць»

Прэзідэнт падкрэсліў, што некаторыя сцішыліся, некаторыя яшчэ сябе праяўляюць. І над гэтым вядзецца вялікая работа. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі б у 2020 годзе беларусы не выстаялі, сёння б у нашай краіне было горш, чым ва Украіне. «Дрэнна, што ў нас так складваецца сітуацыя вакол краіны. Асабліва з нашай Украінай. Але гэта ж для нас урок. Для ўсіх дзесяці мільёнаў і гасцей, якія ў нас тут бываюць, гэта ўрок», — сказаў Прэзідэнт. Я не хачу, каб мне ці вам кланяліся за гэта і нам дзякавалі, але ўсім зразумела, у імя чаго і дзякуючы каму выстаялі.І калі ўжо пасля гэтага хтосьці вылазіць з-пад плінтуса, як таракан, і пачынае ізноў або працягвае гэтую сваю брыдкую справу, ваюючы супраць народа і супраць улады... Калі хтосьці, не дай бог... Але адкрыта яны зараз пабойваюцца некаторыя. Слухайце, як з імі сёння паступаць?" — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ніколі не будуць дапушчаныя хістанні, як у 2020 годзе. Ён заўважыў, што тады і пандэмія, і перадвыбарныя і выбарныя пытанні паўплывалі, але гэта не апраўданні. «Нам трэба згуртавацца, каб выжыць. Каб не дай бог, тут не ляталі ракеты і не кідалі ў нас бомбы. Яны там ужо на Захадзе рукі паціраюць, ва Украіне гэтых рыхтуюць, не ведаю, навошта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды не рухаліся, пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А з іншага боку, рыхтуюць гэту грымучую сумесь і ўзбройваюць іх. Польшча, Літва ўвогуле ачумелі. Нашто ім гэта трэба, незразумела. Мы вымушаны жорстка рэагаваць», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, беларусам па перыметры хапае пытанняў, на мяжы хапае праблем. І спачатку трэба вырашыць іх. «Таму рэакцыя на гэтую ўнутраную не апазіцыю, а экстрэмістаў, якія вылезлі з-пад плінутса ці не вылезлі, будзе жорсткая. І няхай не крыўдзяцца, мы папярэджваем», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

«У нашай краіне ёсць будучыня і перспектыва»

Прэзідэнт таксама звярнуўся да некаторых практычных пытанняў, якія не церпяць аддтэрміноўкі. Адно з іх — выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная». Па словах кіраўніка дзяржавы, нікуды не варта, што яе праводзілі толькі тры дні. Выстаўка выклікала вялікую цікавасць у людзей, патокам ішлі просьбы падоўжыць яе працу, што і было зроблена па даручэнні Прэзідэнта. Ён зрабіў акцэнт на тым, што праз гэтую выстаўку трэба правесці моладзь. «Яны ж тыкаюць у гэтыя смартфоны і ўпэўнены, што ў нас у краіне нічога не робіцца на перспектыву. Але тыя, хто там пабыў, ахкаюць і вохкаюць: няўжо мы гэта зрабілі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што не трэба трымаць выстаўку толькі ў Мінску. Яе неабходна прадставіць у абласных цэнтрах і буйных гарадах, паколькі ў рэгіёнаў таксама ёсць вялікая зацікаўленасць. «Няхай людзі паглядзяць, што робяць нашы вучоныя і што ў нашай краіны ёсць будучыня і перспектыва», — адзначыў беларускі лідар.

«За суткі можна навесці парадак на дарогах»

Аляксандр Лукашэнка закрануў яшчэ адну надзённую тэму. Апошнім часам на імя Прэзідэнта паступае шмат скаргаў на стан дарог. Людзі скардзяцца на дарогі ў Мінску, але гэтая тэма актуальная для ўсіх. Зразумела, уплываюць і кліматычныя ўмовы, але ёсць і іншыя фактары, з якімі могуць разабрацца адказныя асобы. «Людзі павінны разумець, што зіма ў нас увогуле агідная — то мароз мінус 20-25, потым дождж пайшоў, то зноў пачынае падмарожваць. Натуральна, наш асфальт пачынае крышыцца. Ясна, што недзе накасячылі дарожнікі і гэтак далей... Але гэта не апраўдвае таго, што ёсць у нас у Мінску», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У панядзелак па яго даручэнні служба бяспекі і міліцыя праехалі па ўсіх дарогах і ацанілі іх стан. Выснова: дарогі на тройку. За суткі людзі зрабілі вывад: цярпіма, але працаваць трэба. Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову разабрацца з праблемай і прывесці ў парадак дарогі. Па яго словах, у Мінску паўсотні машын, нават больш, якія ў гэты перыяд павінны працаваць з ямачным рамонтам. «За суткі, калі арганізаваць дастойна, можна навесці парадак на дарогах. Калі ласка, разам разбярыцеся з Кухаравым (Уладзімірам Кухаравым, старшынёй Мінгарвыканкама. — Заўв.) і гарвыканкамам. Будзе дрэнна, калі я пачну разбірацца», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што дарогамі і ўсім, што з імі звязана, трэба займацца не толькі ў Мінску і ў буйных гарадах, а ўсюды.

Усе павінны плаціць падаткі

Яшчэ адным актуальным пытаннем для краіны Прэіздэнт назваў сітуацыю з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія з новага года павінны працаваць па новых правілах. Але не ўсе зразумелі, у чым сутнасць новаўвядзенняў і як змяніліся ўмовы працы. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў чыноўнікам паразмаўляць з прадпрымальнікамі і яшчэ раз усё падрабязна растлумачыць. Ён падкрэсліў, што змены для ІП былі аб’яўлены загадзя і быў час да іх падрыхтавацца. «Трэба цывілізавана працаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах,зараз надышоў час, калі ў працы ІП наспелі змены. Таму было прынята рашэнне, што ІП павінны ўзняцца на ўзровень вышэйшы і, як усе фізічныя або юрыдычныя асобы, плаціць падатак. Пры гэтым застаецца такая катэгорыя, як рамеснікі — людзі, якія робяць сваімі рукамі нешта выключнае. Па словах Прэзідэнта, яны маюць права прадаваць свае тавары па той цане, па якой змогуць прадаць. «А ўсе астатнія павінны плаціць падаткі як належыць», — сказаў беларускі лідар. Пры гэтым, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, нікога не пакрыўдзяць. «Тое, што ты зарабіў сёння, у цябе ніхто не адбярэ, калі, вядома, не парушаў закон», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падсумаваў, што кожную праблему трэба вывучаць у адпаведным органе ўлады і на яе рэагаваць, паколькі людзі жывуць гэтымі пытаннямі.


У тэму

Кожнаму будзе дадзены шанц вярнуцца дадому

Пасля нарады ў Прэзідэнта генеральны пракурор Андрэй Швед у размове з журналістамі адзначыў, што ў Беларусі абсалютна спакойнае становішча. Ён запэўніў, што праваахоўны блок і далей будзе рабіць усё неабходнае, каб гарантаваць грамадскую бяспеку. А тыя, хто будзе рабіць замах на канстытуцыйны лад нашай краіны, па словах генеральнага пракурора, паўстануць перад законам, панясуць адказнасць. У гэтым пытанні пазіцыя нязменная.

«Прынята прынцыповае рашэнне: будзе створана міжведамасная камісія, якую ўзначаліць генеральны пракурор. У склад гэтай камісіі будуць уключаны прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса, службовыя асобы дзяржаўных органаў. Той, хто знаходзіцца за мяжой, але жадае вярнуцца на Радзіму і чагосьці баіцца, будзе мець магчымасць звярнуцца (інфармацыя будзе размешчана ва ўсіх сродках масавай інфармацыі) у камісію і атрымаць адпаведныя тлумачэнні — аб магчымасці вярнуцца, аб наяўнасці або адсутнасці нейкіх прэтэнзій з боку дзяржаўных органаў да гэтай канкрэтнай асобы», — расказаў Андрэй Швед. Ён падкрэсліў, што пры гэтым работа будзе весціся не агулам, а з кожным грамадзянінам індывідуальна. Чакаецца, што міжведамасная камісія пачне працаваць у бліжэйшы час: распрацоўваецца адпаведны праект прэзідэнцкага ўказа. Кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць дакумент у найкарацейшыя тэрміны. Андрэй Швед падкрэсліў, што асноўнае патрабаванне Прэзідэнта — даць людзям шанц.

«Многія ж сапраўды ні ў чым не абвінавачваюцца, не падазраюцца. Але ім так, вобразна кажучы, прамылі мазгі, што яны самі сабе нешта выдумалі. Таму нават у першую чаргу яны павінны да нас звярнуцца, і мы гэтаму чалавеку павінны сказаць: да вас няма прэтэнзій, можаце спакойна вярнуцца ў краіну і жыць спакойным жыццём. Гэта адна катэгорыя асоб. Іншая катэгорыя — якія самі дакладна ведаюць або адчуваюць, што нешта ёсць. Мы тады пераправяраем усю інфармацыю і кажам: вы здзейснілі такія вось злачынствы або падазраяцеся, абвінавачваецеся, ёсць такія прававыя механізмы. У выпадку раскаяння, напрыклад, вярнуцца праз памілаванне, іншыя спосабы. Усё ў межах закона», — растлумачыў генеральны пракурор. Па яго словах, станоўчыя рашэнні будуць прымацца да тых асоб, якія не ўчынялі злачынстваў, не замахваліся на канстытуцыйны лад, якія раскаяліся і сапраўды хочуць вярнуцца і жыць мірным і спакойным жыццём у нашай краіне. «І нават у адносінах да тых, хто ўчыніў злачынствы, мы з пункту гледжання закона ў індывідуальным парадку будзем прымаць рашэнні ў дачыненні да тых, хто раскаяўся (у нас дастаткова прававых механізмаў). Гэта значыць, кожнаму будзе дадзены шанц вярнуцца дадому і жыць мірна і спакойна, як у любой іншай прававой дзяржаве», — дадаў Андрэй Швед.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».