Практычна любая сфера жыццядзейнасці патрабуе навуковага суправаджэння. Менавіта навука часта вызначае арыенціры, куды варта рухацца далей. І ваенная сфера — не выключэнне. Ад таго, наколькі тэорыя ваеннай навукі адпавядае нацыянальным інтарэсам дзяржавы, улічвае сучасныя выклікі і пагрозы, залежыць не проста эфектыўнасць прымянення войскаў у баявых дзеяннях, а ўвогуле развіццё і будаўніцтва Узброеных Сіл.
Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Навукова-даследчым інстытуце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і пацікавіліся, якімі распрацоўкамі займаюцца людзі, што адказваюць за навуковае вырашэнне праблем ваеннай бяспекі дзяржавы і развіццё сучаснай арміі.
Навукова-даследчы інстытут Узброеных Сіл — адносна маладая арганізацыя: летась яна адзначыла 20-годдзе. Аднак і гэтага часу хапіла, каб стаць запатрабаванай не толькі ўнутры краіны (штогод колькасць заказаў на навуковыя даследаванні ад органаў ваеннага кіравання расце), але і за мяжой: з мінулага года навукова-даследчы інстытут з'яўляецца базавай навуковай арганізацыяй краін — удзельніц СНД у правядзенні даследаванняў у галіне ваеннай бяспекі
.
Акрамя таго, інстытут ажыццяўляе навукова-арганізацыйнае забеспячэнне работы Узброеных Сіл, Ваенна-навуковага савета Міністэрства абароны, Геральдычнага савета Узброеных Сіл. Вучоныя ўносяць прапановы ў канцэпцыі, праграмы і статутныя дакументы Узброеных Сіл, распрацоўваюць рэкамендацыі па развіцці сістэм і ўзораў узбраення і ваеннай тэхнікі. І гэта далёка не поўны спектр задач дзяржаўнай установы. Безумоўна, істотная частка дзейнасці інстытута — навуковыя распрацоўкі.
— Мы праводзім фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па ўсіх практычных кірунках ваеннай навукі, — адзначае начальнік Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл палкоўнік Руслан ГРУШКО. — Распрацоўкі ажыццяўляюцца ў галіне тэорыі ваеннай навукі, ваеннага мастацтва, стратэгіі, ваеннага будаўніцтва, тэорыі відаў аператыўнага забеспячэння, баявога забеспячэння, тэорыі тылу, узбраення. Акрамя таго, нашы вучоныя займаюцца ваеннай гісторыяй, геральдыкай. Прыкладныя даследаванні таксама праводзяцца ў інстытуце. Калі казаць аб асноўных дасягненнях у галіне, варта адзначыць шэраг работ па стварэнні перадатчыкаў малагабарытных перашкод. Дзякуючы гэтым перадатчыкам вайсковыя падраздзяленні могуць бяспечна перамяшчацца.
Яшчэ адна з распрацовак вучоных інстытута, якая дае падставу для гонару, — сістэмы падпаверхневага зандзіравання, якія вызначаюць наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў у зямлі, сцяне або пад іншай паверхняй. Працягваецца навукова-даследчая работа па стварэнні нейрасеткавай мадэлі, якая ў аўтаматычным рэжыме дазваляе апрацоўваць інфармацыю, перададзеную беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Зроблены першы крок і па распрацоўцы артылерыйскіх сістэм для ажыццяўлення контрбатарэйнай барацьбы, якія дазваляюць вызначыць месца размяшчэння праціўніка, што вельмі актуальна з улікам вопыту ва Украіне.
— Усе даследаванні, якія цяпер вядуцца ў інстытуце, разглядаюцца праз прызму таго, што адбываецца ва Украіне, — заўважае Руслан Грушко. — У навуковым плане гэта своеасаблівае землетрасенне: усе догмы, якія ўсталяваліся, церпяць ваенна-навуковыя змяненні. А для таго каб перайсці да практыкі іх прымянення, неабходна разабрацца, як змяняецца тэорыя. Таму на першым этапе мы разбіраемся з тэарэтычнымі праблемамі, якія ўзнікаюць падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі. У прыватнасці, класічнае выкарстанне буйных вайсковых фарміраванняў паказвае, што поспех не дасягаецца — наносяцца вялікія страты. Усё гэта аналізуем і выпрацоўваем рэкамендацыі для іх прымянення ў баявой і аператыўнай падрыхтоўцы нашых вайскоўцаў.
Ваенная навука не стаіць на месцы, яна дынамічная. Тыя ж сучасныя выклікі і пагрозы патрабуюць новых падыходаў да выкарыстання зброі, кіравання войскамі і іншага. Як звяртае ўвагу начальнік навукова-даследчага інстытута, разам з абнаўленнем узбраення мяняецца і менталітэт людзей. «У гады Вялікай Айчыннай вайны савецкія войскі вызвалілі левабярэжную Украіну за 45 сутак, — прыводзіць красамоўны прыклад ён. — Пры гэтым страты вызначаліся сотнямі тысяч загінулых. Ці гатовая сёння якая-небудзь краіна для дасягнення сваіх мэт пакласці сотні тысяч людзей? Вядома, не. Вось і прыклад змены менталітэту. Гэта ўплывае на тое, якім чынам будуць дасягацца мэты. Цяпер асноўным прыярытэтам у правядзенні любых баявых дзеянняў з'яўляецца захаванне жыцця салдат. Для таго каб захаваць іх жыццё, а праціўніку нанесці паражэнне, выкарыстоўваюцца ўдары агнём. Такім чынам, на ваенную навуку, аператыўнае мастацтва, стратэгію і тактыку ўплывае не толькі зброя, але і тое, што ў галовах людзей. Безумоўна, немалаважны ў гэтым плане і эканамічны патэнцыял краіны».
Вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл Барыс САЛАГУБІК стаяў каля вытокаў нацыянальнай ваеннай навукі. Даследаваннямі ў галіне бяспекі і абароны ён займаўся яшчэ да таго, як была створана дзяржаўная ўстанова. «Гэта быў вельмі складаны час: калі мы сталі незалежнай дзяржавай, фундаменту ваеннай навукі ўвогуле не было, — узгадвае кандыдат ваенных навук, дацэнт. — Нашым Узброеным Сілам, якія толькі былі створаны, патрабавалася навуковае суправаджэнне. А навуковых устаноў на тэрыторыі Беларусі ваеннай скіраванасці не існавала. Функцыянавалі толькі дзве ваенныя ВНУ. Гэта адна з прычын, якая паўплывала на тое, што я прыехаў у Беларусь».
Дагэтуль Барыс Салагубік працаваў у Навукова-даследчым інстытуце абароны ў Ленінградзе. Амаль усё жыццё прысвяціў даследаванням у ваеннай галіне.
— Узброеныя Сілы могуць абысціся без навуковага суправаджэння? — цікаўлюся ў вопытнага даследчыка, аўтара шэрагу найважнейшых у ваеннай сферы дакументаў.
— Гэта немагчыма! — перакананы Барыс Салагубік. — Тым больш сёння. Цяпер настолькі ўсё імкліва развіваецца. Тактыка, стратэгія, аператыўнае мастацтва больш інертныя, але тэхнічны складнік узбраення імкліва развіваецца. А тактыка і ўзоры ўзбраення ўзаемадзейнічаюць — гэта трэба пастаянна адсочваць і ўносіць прапановы па іх выкарыстанні. Наша арганізацыя і задумвалася для таго, каб распрацоўваць прапановы з апярэджаннем хоць бы на пяць, а лепш на 10—15 гадоў наперад. Без нашай работы ўсвядомленага эфектыўнага руху наперад не будзе.
Гэта пацвярджае і галоўны навуковы супрацоўнік 4-га навукова-даследчага ўпраўлення Мікалай ЛІСЕЙЧЫКАЎ, які ў навукова-даследчым інстытуце працуе з другога дня яго стварэння. На працягу ўсіх гэтых двух дзясяткаў гадоў вучоны займаецца даследаваннямі ў галіне тэорыі ўзбраення і тылу. У прыватнасці, доктар тэхнічных навук вывучаў выбуховапажаранебяспечнасць арсеналаў, баз, складоў боепрыпасаў.
— Па міжнароднай класіфікацыі боепрыпасы і выбуховыя рэчывы з'яўляюцца найбольш небяспечнымі грузамі класа 1, таму для іх захоўвання прымаюцца спецыяльныя меры, — тлумачыць Мікалай Лісейчыкаў. — Аднак, нягледзячы на гэта, статыстыка надзвычайных сітуацый паказвае, што раней ці пазней у месцах захоўвання боепрыпасаў адбываюцца выбухі — гінуць людзі, наносяцца вялікія матэрыяльныя страты, непазбежныя экалагічныя наступствы. Каб не дапусціць гэтага, мы прапанавалі мерапрыемствы, якія трэба праводзіць для таго, каб знізіць рызыку з'яўлення пажараў на такіх аб'ектах. Калі ўсё ж такі выбуху або пажару пазбегнуць не ўдалося, мы стварылі алгарытм дзеянняў, якія трэба ажыццявіць загадзя, каб мінімізаваць наступствы.
Шэраг задач прафесару даводзілася вырашаць і ў сферы тылавога забеспячэння. Напрыклад, згодна з рэкамендацыямі Мікалая Іванавіча, у свой час быў удасканалены рацыён харчавання салдат. Цяпер за збалансаванасць рацыёну бацькі ваеннаслужачых могуць не хвалявацца.
У ваеннай навуцы няма выпадковых людзей. Сюды нельга прыйсці, каб «адкасіць» ад арміі, як часта бывае ў грамадзянскай сферы. Наадварот, каб праводзіць даследаванні ў ваеннай галіне, людзі павінны пабыць у армейскім асяроддзі — панюхаць пораху, як у народзе кажуць. Невыпадкова ў Навукова-даследчым інстытуце Узброеных Сіл усе без выключэння — афіцэры: дзеючыя, у запасе, у адстаўцы.
Улічваючы, што арганізацыя невялікая, навуковы патэнцыял тут вельмі сур'ёзны: у інстытуце працуюць пяць дактароў навук і 19 кандыдатаў навук — ваенных, палітычных, тэхнічных. Тут можна сустрэць як маладых ад'юнктаў, якія толькі пачынаюць шлях у ваенную навуку, так і вядучых у краіне вучоных, заслужаных дзеячаў навук. Навукова-даследчы інстытут ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі (у дактарантуры і ад'юнктуры). На базе дзяржаўнай установы створаны Савет па абароне дысертацый — кожны год вучоныя паспяхова абараняюць навуковыя даследаванні.
Начальнік дзяржаўнай установы, які, акрамя воінскага, мае яшчэ і вучонае званне, ступень (Руслан Леанідавіч — кандыдат ваенных навук, дацэнт), звяртае ўвагу на тое, што ў інстытуце створаны ўнікальныя магчымасці, каб вучыцца і расці. «Самае галоўнае, чаго мы дасягнулі за 20 гадоў, — той калектыў, які тут працуе, — адзначае Руслан Грушко. — Менавіта ён дазваляе часам у сціслыя тэрміны вырашаць задачы, пастаўленыя ваенна-палітычным кіраўніцтвам, прымаць абгрунтаваныя рашэнні на аснове падрыхтаванай інфармацыі».
Дарэчы, да патэнцыйных даследчыкаў у галіне ваеннага мастацтва супрацоўнікі інстытута прыглядаюцца яшчэ з курсанцкай лаўкі. Напрыклад, на цяперашні час у рэзерве навуковых кадраў установы знаходзяцца двое курсантаў Ваеннай акадэміі. Маладыя людзі паказалі добрыя вынікі на навуковых канферэнцыях. Аднак, перш чым заняцца ваеннымі распрацоўкамі, давядзецца паслужыць у войсках — гэты вопыт для вучонага ў пагонах проста неабходны.
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы.
«У школе можна цалкам рэалізаваць сябе».
Яна ўмее разглядзець у лініі ракі вечнасць – вобраз з яе верша.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.