Вы тут

Падатак на прафесійны даход: усе нюансы пра новы падатковы рэжым


З першых дзён гэтага года для жыхароў нашай краіны быў уведзены спецыяльны падатковы рэжым — падатак на прафесійны даход (ППД). Як вядома, такі падатак прадугледжаны для тых асоб, хто працуе самастойна, не мае наймальніка і выконвае шэраг іншых неабходных умоў. Пры пераходзе на новы падатковы рэжым узнікае шмат тонкасцяў і дэталяў. У сувязі з гэтым былі падрыхтаваны самыя важныя пытанні такой тэматыкі, на якія адказаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.


Самы справядлівы рэжым падаткаабкладання

Сярод нашых чытачоў таксама шмат прадпрымальнікаў. Гэтыя людзі досыць актыўна карыстаюцца нашай рэдакцыйнай электроннай поштай. Кожнае другое пытанне ад іх датычылася ўвядзення новага падатковага рэжыму: для чаго трэба было ўводзіць яго?

Андрэй Кавалеўскі лічыць, што ў папярэднія гады фізічныя асобы, якім не патрабавалася рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, маглі ўжываць розныя падатковыя рэжымы, як правіла, заснаваныя на фіксаваным плацяжы, што не залежала ад атрыманага даходу. Але гэта выклікала шэраг сумненняў і супярэчнасцяў. У прыватнасці, адзіны падатак аплачваўся наперад, і магло здарыцца так, што плацельшчык не змог зарабіць нават гэтую суму альбо з нейкіх абставін не змог весці дзейнасць.

Таму было прынята рашэнне выпрацаваць новы падатковы рэжым — падатак на прафесійны даход. Яго ключавая асаблівасць у тым, што абкладаецца падаткам непасрэдна атрыманы даход. Цяпер, калі ёсць даход, з яго аплачваецца падатак, няма даходу — нічога плаціць не трэба. У сусветнай практыцы такія рэжымы падаткаабкладання лічацца найбольш перспектыўнымі, бо яны самыя справядлівыя.

Наш эксперт адзначае, што пераход на спецыяльны падатковы рэжым з'яўляецца добраахвотным, таму што сам плацельшчык вырашае, трэба тое яму ці не. Ніякай абавязковасці тут няма. Але гэта зручная альтэрнатыва тым падатковым рэжымам, якія выкарыстоўваліся раней.

Тут трэба ўдакладніць, што плацельшчыкамі падатку на прафесійны даход з'яўляюцца фізічныя асобы, якім не патрабуецца рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У гэтай сувязі спецыяліст тлумачыць, што калі індывідуальны прадпрымальнік займаўся якім-небудзь відам дзейнасці, які на сёння дазволены плацельшчыкам прафесійнага падатку, тады ён можа спыніць прадпрымальніцкую дзейнасць і смела перайсці на новы падатковы рэжым.

Без наёмных работнікаў і на пэўныя віды дзейнасці

Асноўнае пытанне ад прадпрымальнікаў датычылася ўмоў, якія павінны выканаць фізічныя асобы, каб выплачваць падатак на прафесійны даход.

Тут усё выразна. Па дзейнасці, даход ад якой абкладаецца ППД, такія асобы не павінны мець наймальніка і прыцягваць наёмных работнікаў. З першым зразумела: наймальнік — гэта юрыдычная асоба альбо іншая фізічная асоба, якая дае месца работы па працоўным дагаворы. Што датычыцца другой умовы: аплата падатку на прафесійны даход (ППД) прадугледжвае самастойную прафесійную дзейнасць фізічнай асобы, якая валодае нейкімі навыкамі. Калі ёсць неабходнасць прыцягваць наёмных работнікаў, то трэба альбо рэгістравацца ў якасці прадпрымальніка, альбо ствараць юрыдычную асобу.

Калі ў плацельшчыка ППД ёсць асноўнае месца работы, ён можа быць нават зарэгістраваны як ІП, але вядзе абсалютна іншую дзейнасць самастойна, то мае права прымяняць гэты рэжым. Прывядзём просты прыклад. Чалавек працуе на заводзе, але ў вольны час гатовы аказваць паслугі цырульніка або рэпетытара, выконваць нейкія віды будаўнічых, аздобных работ. У такім выпадку ў яго няма ніякіх перашкод. Ён атрымлівае прафесійны даход.

Андрэй Кавалеўскі асобна спыніўся на відах дзейнасці, якія дазволены плацельшчыкам падатку на прафесійны даход. Ён адзначыў, што па дадзенай тэме ёсць два асноўныя дакументы. Першы — пералік відаў дзейнасці, устаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2022 года № 851. Ён уключае ў сябе тыя віды, якія і раней былі дазволеныя фізічным асобам, напрыклад, плацельшчыкам адзінага падатку. Гэта значыць, тыя, якія грамадзяне могуць ажыццяўляць самастойна і без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Гэта паслугі цырульні, распрацоўка вэб-сайтаў, рэпетытарства, фотаздымка, паслугі па прыборцы памяшканняў, здача жылых памяшканняў, якія належаць па праве ўласнасці, для кароткатэрміновага пражывання. Гэта і арэнда маёмасці, але пры ўмове, што яна не прыводзіць да прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі два і больш памяшканні здаюцца адначасова, то гэта адназначна прадпрымальніцкая дзейнасць, яе можна весці толькі як індывідуальны прадпрымальнік або юрыдычная асоба.

Фрылансерства і інтэрнэт

З новага года існуюць яшчэ дадатковыя віды дзейнасці, якія вызначаны ў артыкуле 7 Закона ад 30 снежня 2022 года № 230-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Там прадугледжаны абсалютна новы від — фрылансерства. Што гэта значыць? Фізічная асоба выконвае работы або аказвае паслугі, пры гэтым заказ і вынік перадаюцца з выкарыстаннем інтэрнэту. Такая дзейнасць таксама можа абкладацца падаткам на прафесійны даход. У першую чаргу гэта ІT-паслугі, але не толькі. Гэта любая дазволеная для фізічных асоб дзейнасць, якая вядзецца праз інтэрнэт. Але калі заказ на вытворчасць тавараў знайшоў у інтэрнэце, а тавары адправіў заказчыку поштай — гэта ўжо не тое. Ключавое правіла: заказ узяты ў інтэрнэце, вынік перададзены праз інтэрнэт.

Акрамя таго, спецыяліст адзначыў, што віды дзейнасці, якую грамадзяне могуць весці без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, прыведзены ў артыкуле 1 Грамадзянскага кодэкса.

Цяпер ужо паступаюць дадатковыя пажаданні па пашырэнні відаў дзейнасці. У планах Міністэрства па падатках і зборах — аналізаваць гэтыя звароты і прапрацоўваць з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. Плануецца, што сёлета, пасля аналізу пажаданняў грамадзян, у выпадку падтрымкі іншымі дзяржорганамі, будуць унесены прапановы па карэкціроўцы Грамадзянскага кодэкса і пашырэнні пераліку відаў дзейнасці для плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход.

Прастата і зручнасць

Цікава, а ў чым перавагі новага падатковага рэжыму, чаму на яго пажадана пераходзіць? Андрэй Кавалеўскі тлумачыць, што ППД заснаваны на прастаце і выгадзе яго прымянення плацельшчыкам. У першую чаргу гэта дыстанцыйнае ўзаемадзеянне з падатковым органам з дапамогай мабільнай праграмы — дадатку. Дадатак дазволіць стаць на падатковы ўлік (калі раней не былі), зарэгістравацца ў якасці плацельшчыка падатку на прафесійны даход, здзяйсняць аперацыі, фіксаваць суму атрыманага даходу, якая будзе аўтаматычна перадавацца ў падатковыя органы. Чэк аб аперацыі будзе перадавацца спажыўцу, заказчыку. Яго можна перадаць рознымі спосабамі: даць адсканаваць QR-код, накіраваць на любы месенджар, СМС-паведамленнем, пры неабходнасці раздрукаваць. Пры гэтым не патрабуецца выкарыстоўваць нейкія касавыя апараты альбо тэрміналы для прыёму плацяжоў. Усё робіцца праз смартфон.

Акрамя таго, не патрабуецца прадстаўляць ніякіх падатковых дэкларацый, справаздачнасці. Усе сумы аўтаматычна паступаюць у інфармацыйныя рэсурсы падатковых органаў. Разлік падатку таксама ажыццяўляецца падатковым органам. Пасля завяршэння месяца да 10-га чысла ён паведамляе плацельшчыку ў дадатку аб аплаце сумы падатку. Выплачваць трэба не пазней чым 22-га чысла наступнага месяца.

Характэрна, што дадатак мае шмат розных функцыянальных магчымасцяў: дазваляе не толькі фарміраваць чэкі, але і выводзіць аналітыку. Дадатак можна інтэграваць з рахункам і прымаць аплату ў безнаяўным парадку праз банкаўскія карткі. Можна выстаўляць рахункі праз АРІП. Але, зноў жа, пры ўмове, калі плацельшчык заключыць дагавор на абслугоўванне з банкам, адкрые рахунак фізічнай асобы і будзе з ім працаваць. Наш эксперт падкрэслівае: гэта не нейкія спецыяльныя рахункі — гэта звычайны рахунак фізічнай асобы, з якой можна дадаткова выпусціць картку і выкарыстоўваць сродкі.

Для пенсіянераў стаўка 4 %

На думку падаткавікоў, стаўкі падатку на прафесійны даход вельмі выгадныя і цікавыя плацельшчыкам. Асноўная стаўка складае 10 % ад атрыманага даходу. Калі грамадзянін працуе з фізічнымі асобамі альбо замежнымі арганізацыямі, стаўка падатку заўсёды 10 % незалежна ад памеру атрыманага даходу. Калі з беларускімі арганізацыямі — то ў межах 60 тысяч рублёў стаўка падатку складае 10 %, звыш гэтай сумы — 20 %.

Плюс дадзенай стаўкі падатку ў тым, што яна ўключае ў сябе як падатковы плацеж у бюджэт, так і адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) на пенсіённае страхаванне. Гэта значыць, не патрабуецца дадатковай выплаты ў ФСАН. Атрымліваецца, што 10 % — адзіны плацёж, які далей сіламі падатковых і фінансавых органаў размяркоўваецца: частка накіроўваецца ў бюджэт, частка — у ФСАН для пенсіённых накапленняў. Пры гэтым плацельшчыку не патрабуецца дадаткова звяртацца ў органы фонду — яго на ўлік паставяць на падставе звестак ад падатковых органаў.

А вось актыўныя людзі, якія атрымліваюць пенсіі, вызвалены ад выплаты адлічэнняў у ФСАН. Таму для асоб, якія атрымліваюць любы від пенсіі (па ўзросце, па інваліднасці), стаўка падатку памяншаецца да 4 %.

У якасці дадатковых ільгот прадугледжаны падатковы вылік у памеры 2 тысяч рублёў. Гэта тая сума даходу, якая не абкладаецца падаткам. Іншымі словамі, падатковая база змяншаецца на 2 тысячы рублёў. Напрыклад, плацельшчык зарабіў 500 рублёў, адпаведна падатак аплачваць не трэба. Калі ён нарэшце заробіць суму больш за 2 тысячы рублёў, то з сумы перавышэння ён пачне плаціць падатак на прафесійны даход. Але варта адзначыць, што дадзеная льгота ўжываецца толькі для асоб, упершыню зарэгістраваных плацельшчыкамі ППД. Калі дзейнасць работніка будзе спынена і пра гэта будуць апавешчаныя падатковыя органы праз дадатак, а пасля фізічная асоба прыме рашэнне яе аднавіць, то вылік не аднаўляецца і зноў не прадстаўляецца.

Прыватныя выпадкі з жыцця

Нашы чытачы пытаюцца: як быць, калі стаўка падатку павінна быць паніжана ў сувязі з інваліднасцю, але дадатак аўтаматычна лічыць 10 %? Ці магчыма яе неяк змяніць?

Наш эксперт тлумачыць, што падатковы дадатак праводзіць папярэдні разлік падатку. У выніковай суме падатку, якую разлічвае падатковы орган і інфармуе плацельшчыка да 10-га дня, будзе ўлічвацца інфармацыя аб атрыманні плацельшчыкам пенсіі па ўзросце і інваліднасці. Так што ў дадатку вы заўсёды будзеце бачыць папярэднюю суму, а ўжо пасля заканчэння справаздачнага месяца падатковы орган палічыць падатак з улікам права на льготу. У дадзеным выпадку ён будзе вылічаны па стаўцы 4 %.

А што рабіць у тыя месяцы, калі не быў атрыманы даход? Ці трэба плаціць нейкі фіксаваны падатак?

ППД аплачваецца менавіта ад атрыманага даходу. Даход ёсць — значыць, па выніках месяца плацім падатак. Даходу няма — ніякіх плацяжоў рабіць не патрабуецца. І тым больш не трэба спыняць дзейнасць, калі вы ў далейшым плануеце яе працягваць. Напрыклад, у студзені плацельшчык устанавіў мабільную праграму, зарэгістраваўся, паведаміў падатковыя органы аб пачатку дзейнасці. У студзені атрымаў даход, у лютым заплаціў за яго падатак. Потым у лютым і сакавіку даходу ў яго не было, значыць, плаціць не трэба. У маі быў атрыманы даход, значыць, па выніках месяца зноў выплачваецца падатак. Так што ППД — просты рэжым, заснаваны на прынцыпе: зарабіў — заплаціў падатак. Яго перавагі будуць спрыяць росту колькасці плацельшчыкаў.

Больш за ўсё цырульнікаў і рэпетытараў

Пасля Новага года прайшло не так шмат часу. А ці шмат тых, хто ўжо перайшоў на новы падатковы рэжым?

Паводле статыстыкі падатковых органаў, па стане на 19 студзеня прымяненне дадзенага падатковага рэжыму пачалі практычна 15,5 тысячы фізічных асоб. Праз мабільную праграму імі ўжо праведзена звыш 70 тысяч аперацый на суму больш за 4 мільёны рублёў. Асноўныя віды паслуг, якія найбольш запатрабаваныя ў плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход, — гэта цырульні і касметычныя паслугі, рэпетытарства. Пераважная большасць праведзеных разлікаў — менавіта па такіх відах дзейнасці. Іншыя віды дзейнасці таксама карыстаюцца папулярнасцю, няхай і не такой вялікай. Гэта і фотаздымка, і арэнда маёмасці, і сдача жылых памяшканняў для кароткатэрміновага пражывання, рамонт адзення, абутку і гэтак далей. Так што ўсе віды дзейнасці запатрабаваны нашымі плацельшчыкамі. Тыя, хто ўжо паспрабаваў выкарыстоўваць дадатак і дадзены рэжым, ацанілі яго зручнасць і прастату.

— Дзе знайсці адказы тым, хто хоча высветліць яшчэ нейкія нюансы?

— Міністэрства па падатках і зборах плануе ў найбліжэйшы час запусціць дадатковы сэрвіс на афіцыйным сайце падатковых органаў з пытаннямі і адказамі, — заўважыў Андрэй Кавалеўскі.

Мабільны дадатак «Прафдаход» для сталіцы

Міністэрства па падатках і зборах Мінска інфармуе, што з 1 студзеня 2023 года ўводзіцца дадатковы асаблівы рэжым падаткаабкладання «Падатак на прафесійны даход», для прымянення якога фізічная асоба абавязана выкарыстоўваць лічбавую платформу — мабільны дадатак «Прафдаход» з выкарыстаннем смартфона або камп'ютара (уключаючы планшэтны), далучанага да сеткі інтэрнэт.

Фізічная асоба, якая выказала жаданне перайсці на прымяненне падатку на прафесійны даход, абавязана да пачатку ажыццяўлення дзейнасці: устанавіць на свой смартфон або камп'ютар мабільны дадатак «Прафдаход»; праінфармаваць падатковы орган праз дадатак «Прафдаход» аб прымяненні падатку на прафесійны даход. З падрабязнай інфармацыяй аб выкарыстанні мабільнага дадатку «Прафдаход» можна азнаёміцца на сайце МПЗ у спецыяльна створанай і размешчанай у раздзеле «Актуальна» старонцы «Падатак на прафесійны даход» па спасылцы https://www.nalog.gov.by/professіonal_іncome_tax/mobіle.php.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.