Вы тут

У Гомельскім раёне ветэраны працы падзяліліся вопытам работы з моладдзю


Выклікаюць на ўзгадненне пасады, характарызуюць, а пасля: «Ёсць у яго адзін недахоп — вельмі перажывае за людзей...» Цікавыя факты з біяграфіі, парады, як працаваць камандай, а клопат ці праблему чалавека ў калектыве ўспрымаць нібы сваю асабістую — незвычайную гасцёўню «Будучыня Беларусі — у адзінстве. Сустрэча пакаленняў» арганізавалі ў Гомельскім раёне. Яе ўдзельнікамі сталі члены Савета старэйшын пры райвыканкаме і маладзёжных Саветаў райсавета дэпутатаў і раённага аб'яднання прафсаюзаў.


«Калектыў папрасіў, я пайшла...»

Ганаровыя госці, а ў мінулым — актыўныя, адказныя, неабыякавыя работнікі, якія займалі розныя пасады ў арганізацыях раёна і ўнеслі неацэнны ўклад у яго развіццё. Так вядучыя сустрэчы прадставілі актывістаў Савета старэйшын. Кожны з гасцей мог падзяліцца павучальнымі гісторыямі з жыцця і работы, адказаць на пытанні моладзі раёна.

Былы кіраўнік Яромінскага сельвыканкама Галіна Ганчарова, а некалі — у свае няпоўныя 20 гадоў — камсамолка-актывістка, умела арганізаваць людзей на любую карысную справу.

— Пачынала з вучаніцы ў ткацкім цэху. І ўжо праз гадоў 6-7 — старшыня мясцкама, тады такую пасаду ў нас толькі-толькі адкрывалі. Мяне калектыў папрасіў, я пайшла, — падзялілася з маладым пакаленнем член Савета старэйшын райвыканкама.

Галіна Ізотаўна тлумачыць сутнасць пасады «старшыня мясцкама» — важнай для арганізацыі работы на мясцовым узроўні, аб якой прысутныя маладыя людзі, як прызнаюцца, і не чулі дагэтуль.

У 25 гадоў стала старшынёй Шарпілаўскага сельвыканкама Марыя Зубарава.

— Пачынаць прыйшлося з таго, каб увесці нумарацыю дамоў і наогул рэгламентаваць вуліцы, бо мясцовыя жыхары не маглі толкам перадаць, па якім адрасе жывуць, называлі вулічныя «мянушкі», — прызналася Марыя Іванаўна, якая пасля шмат гадоў адпрацавала старшынёй Чонкаўскага сельвыканкама, супрацоўніцай райвыканкама.

Учарашнія школьнікі — будучыя кіраўнікі

Многія актывісты маладзёжных Саветаў здзіўляліся фактам з біяграфіі, аб якіх распавялі і іншыя запрошаныя ганаровыя госці са старэйшага пакалення: маўляў, так не можа быць.

— У 18 гадоў прыйшла працаваць бухгалтарам у гаспадарку, а засталася на адным прадпрыемстве на 52 гады, — выклікаў апладысменты расказ Любові Казловай: яна больш за паўвека працавала ў КСУП «Брылёва».

— Што часцей за ўсё ўспамінаецца — калі пачыналі проста рахункаводам, працавалі бухгалтарам, у тым ліку і галоўным, або калі 16 апошніх гадоў неслі адказнасць за людзей, клімат у працоўным калектыве? — адрасавалі пытанне Любові Фёдараўне госці сустрэчы, цікавячыся яе сакрэтам поспеху і вернасці прадпрыемству.

— Працаваць з людзьмі і для людзей, — дала жанчына параду маладым людзям, якія цяпер прадстаўляюць органы мясцовага кіравання і самакіравання ў раёне. — Не лічыла ніколі, што толькі работа ў гаспадарцы — мой клопат, праблемы ці набалелае пытанне ў нашай сельскай школе, паліклініцы, садку — гэта таксама ўсё маё.

Яшчэ адзін госць сустрэчы — Дзмітрый Макушэнка — у свой час стаў самым маладым кіраўніком сельгаспрадпрыемства ў краіне: стаў дырэктарам будучай эксперыментальнай базы «Гомельская» ў 28 гадоў. Пасля працаваць давялося і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, першым намеснікам старшыні райвыканкама.

— Хацеў стаць хірургам, а ў апошні момант перадумаў і падаў дакументы ў сельскагаспадарчую акадэмію. Памятаю як цяпер, конкурс, калі паступаў, быў чатыры чалавекі на месца. Выкладчыкі ў нас, лічу, былі самыя лепшыя, — расказаў аб сабе Дзмітрый Мікалаевіч. — Калі атрымаў дыплом, трапіў на першае месца работы аграномам у гаспадарку ў Брэсцкай вобласці. Прыйшоў, а ў калектыве сярэдні ўзрост работнікаў — 45 гадоў. Спачатку глядзелі на мяне дапытліва: «што за дзіця прыйшло да нас»...

Задача — здаровыя цела і дух

Як праз лёс канкрэтнага чалавека можна прасачыць гісторыю станаўлення раёна і вобласці ў цэлым, моладзь зразумела падчас выступлення Васіля Скачкова. Васіль Міхайлавіч з 1974 да 2004 года быў галоўным урачом Гомельскага раёна. Пад яго кіраўніцтвам пабудаваныя і пачалі працаваць раённыя паліклініка і бальніца, больш за дваццаць урачэбных амбулаторый і без нечага тры дзясяткі фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Гэты чалавек клапаціўся і аб узвядзенні жылля для медработнікаў.

— Працоўны стаж — 63 гады, з якіх 52 гады ў Гомельскім раёне, — сціпла дадае спадар Скачкоў, дарэчы, дэлегат І з'езда ўрачоў, І Усебеларускага народнага сходу. І ўжо не так сціпла, як гаварыў аб сабе, а вельмі эмацыянальна звяртаецца да моладзі раёна: «Займайцеся спортам, рухайцеся, адмоўцеся ад шкодных звычак, ведайце, што самае каштоўнае — здароўе нацыі, здаровыя будучыя пакаленні».

Таксама госці падзяліліся сваім шматгадовым вопытам работы ва ўстановах адукацыі, у сацыяльнай службе, раённым фінансавым аддзеле.

У новым фармаце

— Такія сустрэчы важныя і патрэбныя для нас. Сёння маладым неабходныя жывы дыялог з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, усведамленне таго, што мы — вашы пераемнікі і нясём адказнасць за краіну, за захаванне гістарычнай праўды і духоўных каштоўнасцяў, — падзякаваў членам Савета старэйшын пры райвыканкаме ўдзельнік сустрэчы — старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Станіслаў СЯМЁНАЎ.

Фармат дыялогу дазволіў кожнаму выказаць сваё меркаванне і быць пачутым, звярнула ўвагу арганізатар сустрэчы, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя ЛАДУЦЬКА:

— Такое маштабнае мерапрыемства з прадстаўнікамі розных пакаленняў арганізавана ўпершыню ў раёне, і падобную практыку мы абавязкова працягнем, — падкрэсліла яна.

Старшыня райсавета дэпутатаў перакананая, што лепш за ўсё расказаць моладзі аб гісторыі рэгіёна, развіцці розных галін эканомікі змогуць менавіта людзі працы, ветэраны.

— Указам Прэзідэнта бягучы год аб'яўлены Годам міру і стварэння. Сімвалічна, што мы пачынаем гэты год першым мерапрыемствам у раёне «Будучыня Беларусі — у адзінстве. Сустрэча пакаленняў», прысвечаным 85-годдзю ўтварэння Гомельскай вобласці, — адзначыла старшыня Гомельскай раённай арганізацыі прафсаюзаў Ларыса ЛЕГЛІК. — Гісторыя краіны, вобласці і раёна ва ўспамінах, гістарычных фактах, лёсавызначальных рашэннях канкрэтных людзей лёгка ўспрымаецца і запамінаецца моладдзю на ўсё жыццё.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.