Вы тут

«Проста дадайце крыху карыцы». Чым яна можа дапамагчы пакаёвым раслінам?


Карыца, згадка гэтай спецыі, адразу выклікае ўтульныя ўспаміны: мяккія булачкі з карыцай. Дробка карыцы, дададзеная ў каву, надасць ёй новую ноту. Але гэта спецыя спатрэбіцца не толькі на кухні, але і стане добрай памочніцай у садзе і пры вырошчванні пакаёвых раслін і кветак!


Карысць для пакаёвых кветак

Пакаёвыя расліны больш далікатныя і адчувальныя ў параўнанні з тымі, якія растуць у натуральным асяроддзі. Толькі пры ўмове дастатковай увагі, якая заключаецца ў першую чаргу ў падкорме і ўгнаенні, жыхары падаконнікаў будуць радаваць сваіх уладальнікаў нармальным ростам, здаровым вонкавым выглядам і буйным цвіценнем.

Дастаткова раз на месяц зверху на глебу ў вазон (аб'ём 1,5-2 літры) насыпаць палоўку чайнай лыжкі парашку карыцы, а далей паліваць, як звычайна, каб засцерагчы пакаёвую расліну ад інфекцыйных і грыбковых захворванняў.

Аслабленыя расліны, якія з цяжкасцю перанеслі зімоўку, можна падкарміць, зрабіўшы па перыметры паглыбленні (акуратна, каб не пашкодзіць карані) і выліўшы ў кожнае па сталовай лыжцы загадзя прыгатаванага раствору. Для гэтага ў літры цёплай вады раствараецца сталовая лыжка парашку карыцы і пакідаецца на суткі на сонейку настояцца.

Пры перасадцы не пашкодзіць у вазон на самае дно пакласці дзве сталовыя лыжкі карыцы і прысыпаць парашком карані расліны.

Натуральны фунгіцыд

Смачны водар карыцы, выклікаючы прыемныя асацыяцыі ў чалавека, вельмі не падабаецца мурашкам і мошкам. Калі прысыпаць глебу вакол аблюбаванай насякомымі расліны, яны будуць абыходзіць яе бокам.

Рэчывы, якія ўваходзяць у склад спецыі, знішчаюць узбуджальнікаў грыбковых захворванняў на пакаёвых раслінах. Калі вы заўважылі на расліне сляды грыбка ці цвілі, то змяніце грунт у кашпо і прысыпце яго карыцай. Ёю ж папудрыце часткі расліны, на якіх выявілі патагены. Падобным жа чынам можна апрацаваць і зямлю на градцы ці ў цяпліцы. Спецыя спыніць рост і размнажэнне грыбкоў.

Нярэдка здараецца, што пасеянае насенне або высаджаную расаду літаральна атакуюць цвілевыя грыбкі. Калі пры пасеве дадаць трохі парашку ў пасадачную баразёнку, а пры высадцы расады — у лунку, то можна зберагчы свае расліны.

Стымулятар коранеўтварэння

Парашок можа дапамагчы і пры ўкараненні чаранкоў. Калі вы вырашылі высадзіць чаранкі для ўкаранення, а пад рукой не аказалася стымулятара коранеўтварэння, не бяда. Абсыпце вільготныя чаранкі молатай спецыяй і высаджвайце ў грунт. Укараненне забяспечана, таму што карыца валодае магутным стымулюючым дзеяннем.

Калі трэба будзе высаджваць расаду, каб пазбегнуць праблем з прыжывальнасцю, прыгатуйце магутны стымулятар росту раслін.

Вам спатрэбіцца: чатыры таблеткі ацэтылсаліцылавай кіслаты, дзве сталовыя лыжкі молатай карыцы; літр адстоянай вады.

Аспірын здрабніце, дадайце спецыю, заліце вадой, размяшайце і пакіньце настойвацца на ноч. Раніцай змясціце чаранкі ў прыгатаваны настой на 1,5-2 гадзіны і высаджвайце, як звычайна.

Калі ў вас расада з адкрытай каранёвай сістэмай, то перад пасадкай вытрымайце яе карані ў аспірынава-карычным настоі дзве гадзіны.

Калі расада ў індывідуальных ёмістасцях, то пад кожную расліну за гадзіну-паўтары да высадкі ўліце пад корань дзве-тры сталовыя лыжкі настою.

Сродак, які застаўся, можна выліць на градку.

Карыца валодае антысептычнымі ўласцівасцямі, дапамагае палепшыць абмен рэчываў, абараняе ад паразітаў і шкоднікаў, павялічвае ахоўныя сілы арганізма, стымулюе развіццё і рост.

Для лячэння пашкоджанняў на раслінах

Пры абразанні, выдаленні пасынкаў ці праполцы пустазелля ў агародзе, ці перасадцы і абразанні пакаёвых раслін можна выпадкова пашкодзіць расліны. Калі ў вас здарылася гэтая непрыемнасць, пасыпце пашкоджанне на расліне парашком карыцы. Яна не толькі не дазволіць узбуджальнікам хвароб развіцца ў ранцы, але і стымулюе гаенне тканін.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».