Вы тут

Бізіборды і бізікубікі для дзяцей. Ведаеце, што гэта такое?


Часта бывае, што людзі акрамя асноўнай працы знаходзяць для сябе заняткі, якія прыносяць ім сапраўднае задавальненне. Хтосьці аддае перавагу чытанню ў вольны час, нехта — прагулкам, кулінарыі ці маляванню. Наш суразмоўнік мінчанін Кірыл Жыдовіч таксама знайшоў сваё «тое самае» захапленне.


Ён скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Пасля завяршэння навучання працаваў як па спецыяльнасці, так і ў іншых кірунках. Але, па словах Кірыла, яму хацелася знайсці тую працу, якая прыносіла б радасць. Тады і з'явілася ў яго думка аб стварэнні бізібордаў і бізікубікаў для дзяцей.

Бізібордам называецца драўляная панэль з рознага кшталту элементамі для развіцця дробнай маторыкі і мыслення дзіцяці. Выраб быў распрацаваны па методыцы італьянскага педагога Марыі Мантэсоры. Назва ўтворана ад англійскага «busy» — займальны, і «board» — дошка. На апошняй размешчаны тактыльныя элементы: невялікія дзверы на замках, колцы, вентылі, кнопкі і перамыкачы, засцежкі-ліпучкі, гузікі, лямпачкі, шасцярэнькі і іншае. Тое ж самае сабой уяўляюць і бізікубікі. Галоўнае іх адрозненне ад бізібордаў — невялікі памер, які дае магчымасць узяць цацку з сабой.

— Іх вырабам я займаюся амаль тры гады. Гэта ідэя ўзнікла дзякуючы жонцы і, вядома, дзіцяці. Калі думалі над падарункам на адзін год, жонка прапанавала купіць бізіборд. Але, разглядаючы розныя варыянты, не змаглі знайсці той, у якім нам бы ўсё падабалася. Тады вырашылі сабраць яго самастойна. Пакуль разглядалі фатаграфіі, фарбы, фанеру, прыйшлі да высновы, што вось яна, «тая самая» цікавая справа.

Кірыл адразу вырашыў пытанне з падатковай інспекцыяй — аформіў рамесніцтва. Першапачаткова мужчына вырабляў цацкі дома, пасля чаго стаў займацца гэтай справай у гаражы, а потым арандаваў памяшканне. Свае першыя работы — некалькі бізібордаў — ён паспрабаваў прадаць праз «Куфар» і Іnstagram. Потым з'явілася ідэя ствараць бізіскрыні, унутр якіх можна нешта складаць. З часам асартымент вырабаў стаў павялічвацца, і цяпер на цацках Кірыла можна ўбачыць мноства розных элементаў: ад лабірынтаў да разетак.

— На мой погляд, самы аптымальны ўзрост для такіх цацак — адзін год. Згодна з методыкай Мантэсоры, гэтыя вырабы падыходзяць для дзяцей ад шасці месяцаў да трох-чатырох гадоў. Усё залежыць ад элементаў.

Пры стварэнні маленькіх бізікубікаў Кірыл выкарыстоўвае суцэльны драўляны куб, астатнія цацкі — кубікі вялікіх памераў: домікі, іх складовыя борды, — вырабляюцца з разборных частак фанеры. Працуючы над вырабам, наш суразмоўнік задзейнічае розныя элементы: ліпучкі, завесы, невялікія замкі, колцы і спінеры. Разетку прынята таксама рабіць з фанеры — для бяспекі дзяцей. Для афарбоўкі выкарыстоўваецца акрылавая эмаль, прызначаная для дзіцячых вырабаў. Маленькія кубікі Кірыл дадаткова пакрывае акрылавым лакам, бо яны больш схільныя да намакання.

— Зборка кубіка займае каля гадзіны, вялікага доміка — адзін-два дні. Але перад гэтым неабходна ўсё арганізаваць: адшліфаваць фанеру, пафарбаваць яе, пачакаць, калі высахне, падрыхтаваць элементы. Заказчык сам можа выбраць дэталі. Ну і, вядома, колер можа быць абсалютна любы.

Напярэдадні Новага года Кірыл вырабляе бізікубікі ў навагодняй камплектацыі. Як правіла, гэта цацка ў форме елкі, ёсць фігуркі жывёл надыходзячага года, шасцярэнькі-сняжынкі і многае іншае.

— Сумяшчаць любімую справу з паўсядзённай руцінай мне ўдаецца. Але часам, калі ёсць тэрміновая замова, даводзіцца чымсьці ахвяраваць, аднак такое ўсё ж адбываецца рэдка. Да таго ж заказчыкі трапляюцца добрыя, чулыя.

Суразмоўнік падзяліўся вясёлай гісторыяй, звязанай з яго цацкамі:

— Калі я ўдзельнічаў у выставе-кірмашы вырабаў ручной работы «Млын», да мяне падышлі мама з дачкой. Дачцы, як мне падалося, было каля 30 гадоў. Яны доўга ўсё разглядалі, думалі, каму можна такое падарыць. І ў выніку купілі сабе як цацку-антыстрэс!

За гады вырабу цацак у Кірыла з'явілася свая традыцыя — ладзіць сумесны з кімсьці розыгрыш на Дзень абароны дзяцей. У 2021 годзе гэта была калабарацыя з брэндам дзіцячага харчавання, у 2022 годзе — з кавярняй сямейнага тыпу. Умовы былі простыя: падпісацца на акаўнты абодвух арганізатараў у Іnstagram, паставіць адзнакі «падабаецца» пад публікацыямі і пазначыць у каментарах акаўнты сяброў.

Пераможцы леташняга розыгрышу атрымалі бізікуб і сертыфікат на наведванне ўстановы на 50 рублёў. На час правядзення розыгрышу кубікі і домікі былі змешчаны ў кавярні, і любы ахвотны мог паглядзець і пакратаць іх.

Акрамя стварэння цацак для малых з Беларусі, наш суразмоўнік таксама займаўся вырабам бізідоміка для дзіцячага садка ў Чэхіі. Па словах Кірыла, ён вельмі спадабаўся яго работнікам.

— Падабаецца атрымліваць станоўчыя водгукі, напрыклад, фатаграфіі дзетак з маімі вырабамі. Асабліва прыемна бачыць, як ім уручаюць цацку.

Пазалетась Кірыл стаў прымаць удзел у рознага роду кірмашах і выставах вырабаў ручной працы. Ён выстаўляў цацкі на «Млыне», «Гарошак-маркеце». У 2021 годзе аддаваў свае кубікі на рэалізацыю ў краму для рамеснікаў «Дом з плюшу».

Суразмоўнік адзначыў, што планы на будучыню пакуль не будуе.

— Не буду ўтойваць, хацелася б пашырыць сваю дзейнасць і павялічыць колькасць цацак, што вырабляюцца. Але гэта запатрабуе павелічэння выдаткаў. Прыйдзецца наймаць людзей, афармляць ІП і гэтак далей. Тады мае работы ўжо не будуць індывідуальнымі, эксклюзіўнымі вырабамі, а стануць стандартнымі цацкамі з крамы. Гэта няпросты выбар, таму на дадзены момант не хачу нічога мяняць.

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».