Вы тут

Як стымулюецца інавацыйная актыўнасць маладых даследчыкаў?


Другі нанаспадарожнік плануюць запусціць сёлета ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Першы ў сістэме адукацыі Беларусі ўніверсітэцкі нанаспадарожнік BSUSat-1 быў створаны спецыялістамі факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій з удзелам шэрагу факультэтаў і падраздзяленняў БДУ. Яго паспяховы запуск адбыўся 29 кастрычніка 2018 года ў 3.43 (па мінскім часе). Апарат да гэтага часу функцыянуе на калязямной арбіце.


Навучальная лабараторыя ў космасе

Прыём даных з нанаспадарожніка даступны для сусветнага таварыства радыёаматараў. Тэлеметрыя BSUSat-1 прымаецца і заносіцца ў базу даных больш як 150 прыёмнымі станцыямі па ўсім свеце (ужо атрыманы дзясяткі тысяч пакетаў тэлеметрыі). Уся інфармацыя, якую атрымлівае БДУ з нанаспадарожніка, знаходзіцца ў свабодным доступе ў інтэрнэце па адрасе bsusat.com. Нанаспадарожнік адзін раз у 40 секунд перадае інфармацыю аб стане сістэмы.

У канструкцыі нанаспадарожніка BSUSat-2 рэалізавана інавацыйная модульная кампаноўка бартавых падсістэм малога касмічнага апарата.

Распрацаваны, выраблены і адладжаны арыгінальныя электронныя і праграмна-алгарытмічныя сродкі службовых падсістэм і модуляў «карыснай нагрузкі». У параўнанні з першым нанаспадарожнікам, BSUSat-2 валодае вялікім патэнцыялам касмафізічных эксперыментаў і даследаванняў. Яго бартавыя падсістэмы карыснай нагрузкі дазволяць даследаваць магнітныя анамаліі Зямлі, апрабаваць эксперыментальны шырокапалосны канал перадачы даных на частаце 2400 Мгц, выканаць даследаванне апаратуры экспазіцыйнага кантролю доследных тэрмастабілізацыйных пакрыццяў і эксперыментальных паўправадніковых прылад, выканаць эксперыменты па дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі ў панхраматычных і мультыспектральных дыяпазонах рэгістрацыі, забяспечыць прыём і перадачу інфармацыйных пакетаў для кантролю авіяпералётаў.

Немалаважна, што з дапамогай нанаспадарожніка ў БДУ вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для касмічнай галіны і паралельна развіваецца актуальны навуковы кірунак. Пазнаёміцца бліжэй з універсітэцкай распрацоўкай можна на выставе «Беларусь інтэлектуальная», работу якой працягнулі да канца бягучага тыдня. Увогуле, у «Прасторы маладзёжных ініцыятыў» на выстаўцы прадстаўлена вельмі шмат універсітэцкіх распрацовак.

Алімпіяды, конкурсы і гранты

Развіццё ўніверсітэцкай навукі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі. Цяпер у краіне налічваецца каля 6,5 тысячы маладых вучоных, якія працуюць у вышэйшых навучальных установах (да іх адносяцца аспіранты, дактаранты, а таксама прафесарска-выкладчыцкі склад і навуковыя супрацоўнікі да 35 гадоў).

Кожны пяты патэнт на вынаходства карыснай мадэлі — патэнт вучоных Мінадукацыі. Гэта сведчыць аб тым, што развіваецца не толькі фундаментальная навука, але і яе прыкладны напрамак.

Як у беларускіх ВНУ падтрымліваюць маладых даследчыкаў, расказаў старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Аляксей Ермакоў.

— У кожнай вышэйшай навучальнай установе Беларусі функцыянуе Савет маладых вучоных. У Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі ўваходзіць па адным прадстаўніку ад кожнага ўніверсітэта нашай краіны, на гэты момант 42 чалавекі.

Па-першае, для моладзі праводзяцца конкурсы і алімпіяды, у якіх студэнты могуць сябе праявіць, прадэманстраваць свой творчы патэнцыял і жаданне займацца навукай.

Па-другое, для аспірантаў, дактарантаў ці тых, хто застаўся працаваць ва ўніверсітэтах, прадугледжаны матэрыяльныя віды падтрымкі. Напрыклад, калі маладыя людзі актыўна праявілі сябе ў навуковай дзейнасці і ў іх ёсць пэўныя дасягненні, яны могуць паўдзельнічаць у конкурсе для прызначэння стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2022 годзе для аспірантаў было выдзелена 70 такіх стыпендый, з іх 38 атрымалі прадстаўнікі структур Міністэрства адукацыі. Да таго ж і Мінадукацыі праводзіць асобны конкурс на выдзяленне грантаў для аспірантаў, дактарантаў і студэнтаў. У 2022 годзе было падтрымана 118 праектаў, а агульная сума падтрымкі склала каля 650 тысяч рублёў.

Па словах Аляксея Ермакова, кожны ўніверсітэт таксама праводзіць асобныя конкурсы для сваіх маладых вучоных. Ёсць навукова-даследчыя інстытуты і тэхнапаркі, якія працуюць са стартапамі і падтрымліваюць асобныя ініцыятывы моладзі. Самыя актуальныя кірункі — гэта біятэхналогіі, касмічныя распрацоўкі, прыбора- і машынабудаванне, а таксама інфармацыйныя тэхналогіі.

У якасці прыкладу ён прывёў распрацоўку біяраскладальных плёнак, якія ствараліся вучонымі БДУ сумесна з выхаванцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Такія плёнкі выкарыстоўваюцца ў якасці пакавання для харчовых прадуктаў, пры гэтым яны вырабляюцца на аснове крухмалу і з'яўляюцца экалагічнымі.

Таксама ў БДУ была распрацавана сістэма, якая на гэты момант выкарыстоўваецца на Міжнароднай касмічнай станцыі ў расійскім сегменце. Гэта распрацоўка створана для сачэння за паверхняй Зямлі. Між іншым, маладыя навукоўцы распрацавалі ўжо новае пакаленне сістэмы арыентацыі відэаспектральнай апаратуры «САВА-2». Яе таксама можна ўбачыць на выстаўцы.

Вялікай актуальнасцю карыстаюцца распрацоўкі беларускіх машынабудаўнікоў, асабліва ў кантэксце ўведзеных супраць нашай краіны санкцый. Напрыклад, у БНТУ дзейнічае студэнцкае навукова-творчае таварыства «Гарняк». У яго рамках выконвалася работа па праектаванні механізму прывада рабочых органаў праходчага комплексу для «Беларуськалія». На гэты момант комплекс праходзіць выпрабаванні.

Падхапілі сусветную тэндэнцыю

Якія ёсць перспектывы для развіцця кар'еры ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, расказаў старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення аграрных навук НАН, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі Максім Кучвальскі.

— У Акадэміі навук створана цэласная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання стыпендый і грантаў. Калі магістрант ці аспірант прыходзіць у акадэмію, ён можа ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і акадэмічных конкурсах, напрыклад, у конкурсе на прэмію ў гонар славутых акадэмікаў. У 2018 годзе быў заснаваны конкурс «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Удзельнічаць у ім могуць маладыя навукоўцы, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў. Яны ўжо маюць вопыт кіраўніцтва шэрагу навуковых праектаў, працуюць з магістрантамі, аспірантамі, фарміруюць маладзёжныя каманды.

За мінулы час пераможцы гэтага конкурсу істотна прасунуліся ў сваёй навуковай і адміністрацыйнай кар'еры. Многія з іх ужо займаюць кіраўніцкія пасады ў навуковых арганізацыях і лабараторыях. Такім чынам, конкурс стаў дзейсным інструментам, які дапамагае ініцыятыўным і таленавітым маладым людзям развівацца ў навуцы. Літаральна ў пачатку студзеня банк маладых талентаў папоўнілі яшчэ тры прадстаўнікі маладой акадэмічнай навукі.

Савет маладых вучоных НАН праводзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных як навуковай, так і навукова-папулярнай дзейнасці. Адным з асноўных з'яўляецца канферэнцыя «Моладзь у навуцы». У 2022 годзе яна прайшла ўжо ў дзевятнаццаты раз з удзелам маладых вучоных не толькі з Беларусі, але таксама з Расіі, Азербайджана, Арменіі і Кыргызстана.

У маі мінулага года ў сценах акадэміі адбыўся трэці рэспубліканскі форум навуковай моладзі «Шлях у навуку». Ён сабраў больш за 300 маладых даследчыкаў: вучоных, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцаў школ, занятых у навукова-даследчай рабоце і выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Візіткай Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук стаў Фестываль навукі, які праходзіць на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду ў пачатку верасня. Менавіта маладыя вучоныя падхапілі сусветную тэндэнцыю па папулярызацыі навукі і паставілі мэту — даказаць, што навука можа быць нясумнай, можа захапіць і доўга не адпускаць. У 2022 годзе ён сабраў рэкордную колькасць наведвальнікаў, нават нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, — каля 18 тысяч чалавек.

Сёння практычна кожны трэці даследчык у Акадэміі навук — гэта малады вучоны ва ўзросце да 35 гадоў. Штогод у шэрагі работнікаў НАН уліваецца ад 300 да 350 маладых амбіцыйных вучоных. Моладзь навучаецца ў акадэмічнай магістратуры і аспірантуры, з ёй працуюць вядучыя вучоныя, акадэмікі і дактары навук.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?