Вы тут

Юбілей Міхаіла Пташука і кінасеанс для прыхільнікаў Антона Чэхава


Дакладна зможа знайсці для сябе аўдыторыя сацыякультурнага тэлеканала ў праграме на найбліжэйшыя выхадныя. Таму што 27—28 студзеня на «Беларусь 3» адсвяткуюць 80-годдзе Міхаіла Пташука і зладзяць кінасеанс для прыхільнікаў Антона Чэхава.


Юбілей беларускага кінамайстра Міхаіла Пташука адзначаць паказам дакументальнага фільма пра яго «Знак лёсу» (2010 г.) і трансляцыяй у нядзелю мастацкай кінастужкі рэжысёра «У жніўні 44-га». Дакументальная кінаработа рэжысёра Сяргея Кацьера дазваляе гледачу не толькі ўбачыць вобраз выбітнай асобы кінамастацтва, але і даведацца, якім быў Міхаіл Іванавіч па-за творчасцю. Апынуцца ў яго мінулым, згадаць знакавыя эпізоды жыцця — нібы пазнаёміцца з ім асабіста. А для паўнаты ўражання абавязкова потым паглядзіце штосьці створанае Міхаілам Пташуком. Напрыклад, ваенную драму «У жніўні 44-га», знятую ў 2000 годзе па матывах рамана Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны». Фільм беларуска-расійскай вытворчасці распавядае пра дзейнасць контрразведкі і вышук шпіёнаў на тэрыторыі Беларусі напрыканцы вайны. Выдатны акцёрскі састаў (Уладзіслаў Галкін, Яўген Міронаў, Аляксей Пятрэнка і іншыя) і майстэрства рэжысёра зрабілі кінастужку культавай.

А для прыхільнікаў творчасці пісьменніка Антона Чэхава (у дзень яго нараджэння 29 студзеня) стане добрай навіной паказ кінастужкі «Мой ласкавы і пяшчотны звер», знятай па яго аповесці «Драма на паляванні». Экранізацыя твора выйшла ў свет у 1978 годзе. Рэжысёр фільма Эміль Лацяну больш чым год шукаў ідэю для новага фільма, які стаў бы не менш папулярным, чым «Табар сыходзіць у неба». Тады яму і трапіў у рукі твор Чэхава. Калі пошукі актрысы на галоўную ролю (Галіна Бяляева) вяліся пэўны час, то галоўную мужчынскую партыю рэжысёр адразу прапанаваў Алегу Янкоўскаму. Праўда, акцёр спачатку думаў, бо яго непакоіла, што фільм будзе «па матывах», але жаданне папрацаваць з кінамайстрам усё ж перамагло. У выніку атрымалася гісторыя пра немагчымае каханне, якую любяць і помняць цэлыя пакаленні. А знакаміты вальс Яўгена Догі з кінафільма штораз нагадвае пра пачуцці, якія кожны хавае ў сэрцы, хоць і маўчыць пра тое. Каханне ж ніколі не пытае, дзе прызначыць вам сустрэчу з лёсам... Глядзіце любімае кіно і атрымлівайце асалоду.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.