Учора мне расказалі зусім не тыповую па сённяшнім часе гісторыю. Сустрэла выпадкова на прыпынку сына бацькавага сябра Сашку, з якім даволі даўно не бачыліся, толькі ў месенджарах часам са святамі віншаваліся. Пасля дзяжурна-ветлівага «як справы?» спытала асобна: «Як там Зінаіда Іванаўна?» Зінаіда Іванаўна — Сашкава цешча, гаспадыня вялікай трохпакаёўкі на Партызанскім праспекце, дзякуючы чаму я і атрымала ў свой час мінскую прапіску. Жанчына яна надзвычай каларытная — мажная, бойкая і вясёлая, хоць мае ўжо восемдзесят шэсць гадкоў. Амаль сорак яна адпрацавала на буйным мінскім прадпрыемстве ў міжведамаснай ахове, яшчэ гадоў дзесяць на пенсіі сядзела на вахце ў студэнцкім інтэрнаце. Карацей, бабулю на мякіне не правядзеш, і зяць, які сам размяняў ужо шосты дзясятак, дагэтуль яе пабойваецца...
«Баба Зіна — нармальна! У сваім рэпертуары. Як яна нядаўна махляроў «развяла» — класіка! Каму ні расказваю — дзівяцца, не вераць. Але ж ты бабу Зіну ведаеш — яна і не такое ўтварыць можа...» Карацей, тэлефонныя махляры — тыя, што пра аварыі расказваюць, мелі няшчасце пазваніць на хатні нумар Зінаіды Іванаўны. Званілі ад імя яе любімай унучкі Насці, якая зусім нядаўна атрымала правы кіроўцы. Ці ведалі пра гэта зладзеі, ці проста трапілі наўгад, невядома. Але гісторыя пра тое, што ўнучка збіла на пешаходным пераходзе цяжарную жанчыну і тая ў цяжкім стане ў бальніцы, дзе ўрачы змагаюцца за яе і за дзіця, вельмі нават «зайшла» і была надзвычай праўдападобнай. Для кагосьці, але не для пільнай Зінаіды Іванаўны. Яна мала таго што тэлевізар глядзіць, дык яшчэ і інтэрнэтам ужо каторы год вельмі нават спрытна карыстаецца. І навіны пра тое, чым заканчваюцца падобныя званкі, і папярэджанні не толькі чула і чытала, але, як кажуць, і матала на вус. І даўно ўжо прыдумала, што і як будзе рабіць, калі пазвоняць ёй.
Дачакаўшыся нарэшце званка, баба Зіна ўключыла дурніцу: стала галасіць у трубку: «А мая ж унучачка, а што цяпер рабіць?!» Махлярка нажыўку праглынула — тут жа назвала суму — 50 тысяч рублёў, якую трэба перадаць з кур'ерам у бальніцу, загарнуўшы ў якую прасціну. «Вой, а ў мяне ж рублёў няма, толькі долары і еўра!» — плакала ў трубку бабуля «ў роспачы». Вядома ж, «доктару і следчаму» падышла і такая валюта, дамовіліся, што бабка перадасць кур'еру дванаццаць тысяч долараў і пяць тысяч еўра. «На пахаванне ды на помнік збірала, але ж для ўнучкі любімай нічога не шкада», — вельмі праўдападобна лапатала яна ў трубку...
Зразумела, на ўсякі выпадак яна перазваніла Насці. Якая, натуральна, была на рабоце і ні аб чым не здагадвалася. Вы думаеце, пасля баба Зіна выклікала міліцыю? Не, для яе гэта было б вельмі проста. Яна пачала збіраць «перадачу». Узяла газетку і пачысціла ў яе латок свайго любімага ката. Акуратна загарнула «прыз» яшчэ ў некалькі газет, прыдаўшы форму важкага пачка купюр. У пакунак паклала запіску для кур'ера: маўляў, малады чалавек, кідайце гэту справу — бабуль абіраць, а то наступным разам усё для вас скончыцца значна горш, чым каціныя фекаліі. Загарнула ўсё гэта ў новую навалачку, і, шмыгаючы носам і нібыта выціраючы слёзы, аддала маладому хлопцу ў капюшоне, які неўзабаве пазваніў у дзверы і, схапіўшы пакунак, хуценька рэціраваўся...
«Мы ў яе цікавіліся пасля, чаму ўсё-ткі міліцыю не выклікала, — расказваў Сашка. — А яна адказала: маўляў, таго, хто звоніць, яны ўсё роўна наўрад ці зловяць, бо хутчэй за ўсё ў іншай краіне знаходзіцца. А кур'ера ёй шкада, бо, можа, які студэнт падзарабіць першы раз рашыў, а яго пасадзяць. Хопіць з яго і «пасылкі» з запіскай, каб ахвоту да лёгкай нажывы адбіць... Скажы, баявая ў мяне цешча! Вось бы такія старыя ўсе былі. А так, як паглядзіш на гэтых няшчасных падманутых бабуль, сэрца крывёю абліваецца... Ды што тут скажаш...»
Сашка скрушна махнуў рукой, і я прамаўчала ў адказ, нібы пагадзілася. Хоць сказаць было што. Адна думка, з'явіўшыся аднойчы пасля чарговага сюжэта пра падманутую бабулю, што аддала махлярам апошнія грошы за «выратаванне» ўнучкі, не дае спакою, кожны раз, калі чытаю і бачу падобныя навіны. Тыя, хто аддаваў зладзеям апошнія грошы, атрымліваецца, зусім не ўсумніліся, што міфічны «следчы» ці «ўрач» спакойна патрабуе — і возьме такую вялікую суму. У нас, у краіне, дзе каторы год і галоўнае — паспяхова змагаюцца з карупцыяй ва ўсіх яе праявах. Прыняўшы на веру, што ім звоняць ад імя хабарнікаў — менавіта так, а як інакш? — людзі, аддаючы пакункі з грашыма, самі, калі ісці па сюжэце, якому яны паверылі, становяцца звяном крымінальнай схемы, бо даванне хабару ў нас таксама караецца. І робяць гэта лёгка, не задумваючыся, не правяраючы, многія нават кажуць пасля, што ведалі пра падобныя схемы, але іх заспелі знянацку...
Чаму? З-за любові да блізкіх людзей, з-за хвалявання за іх — гэта несумненна. Але мне здаецца, і з-за недахопу пэўнай інфармацыі. Прыкладаў абдураных людзей у нас хапае, папярэджанняў праваахоўнікаў аб тым, каб былі пільнымі, — таксама. Не спрацоўвае так эфектыўна, як хацелася б? Дык можа, запісаць рэальнага следчага ці паважанага ўрача, які простым тэкстам на ўсю краіну скажа: «Людзі, ведайце: следчыя (урачы) не бяруць грошы за выратаванне. Не верце тым, хто звоніць ад нашага імя, — вас дураць!» Або старога чалавека, які скажа: «Я не веру ў тое, што нашы следчыя (урачы) гатовыя забіраць у людзей апошнія грошы. Таму пасылаю ўсіх, хто звоніць пра «аварыю», куды падалей...»
Я нават ведаю адну бабулю, якая б зняцца ў падобным роліку з ахвотай пагадзілася.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Прэв’ю: pixabay.com
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.