Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання, яна знізілася на 0,5% і стала 11,5 %. Гэта адбілася на працэнтах па банкаўскіх крэдытных прадуктах, якія тут жа адрэагавалі іх скарачэннем. А стаўкі па дэпазітах на гэты раз прадоўжылі з няўхільнай упартасцю зніжацца, развейваючы надзеі на тое, што нядаўні трэнд на частковае павышэнне з часам возьме верх.
Базавая стаўка — тая, па якой лічацца стаўкі крэдытаў для камерцыйных банкаў з боку Нацыянальнага банка. Калі максімальна спрашчаць, то цэнтральны банк дае крэдыты астатнім банкам таксама, як гэтыя банкі выдаюць крэдыты кліентам. Стаўка рэфінансавання прызначаецца галоўным фінансавым рэгулятарам дзяржавы. Звычайна гэта Нацыянальны банк. Інфармацыя аб стаўцы з'яўляецца адкрытай і публікуецца на сайце галоўнага банка краіны. У кожны момант часу дзейнічае толькі адна велічыня стаўкі рэфінансавання. Гэтую велічыню яшчэ называюць ўліковай стаўкай.
Цэнтральны банк Беларусі называецца Нацыянальным банкам. Ён працуе з камерцыйнымі банкамі па той жа схеме, як Цэнтральны банк Расіі, цэнтрабанкі Еўропы, Федэральная рэзервовая сістэма ЗША і іншыя цэнтрабанкі.
Стаўка рэфінансавання ў нашай краіне на бягучы момант роўная 11,5 %. Да 21 красавіка 2021 года яна была ніжэйшая — 7,75 %, але бывала і вышэй, напрыклад, у канцы 2011 — пачатку 2012 года яна даходзіла да 45 %.
Камерцыйныя банкі атрымліваюць грошы ад цэнтральнага банка альбо пад стаўку рэфінансавання, альбо пад стаўку, у формуле разліку якой ёсць стаўка рэфінансавання. З гэтых грошай і ўласных сродкаў яны выдаюць крэдыты кліентам. Лагічна вынікае, што стаўкі па камерцыйных крэдытах будуць вышэй за стаўкі рэфінансавання. Так бывае заўсёды, а ў крэдытных дагаворах з гібкай стаўкай проста прапісваецца, што гэтая стаўка складаецца са стаўкі рэфінансавання плюс пэўны працэнтны пункт.
Калі стаўка мяняецца, аўтаматычна мяняюцца працэнты па крэдытах з плаваючай стаўкай. Аднак працэнты па крэдытах, выдадзеныя пад фіксаваную стаўку, не мяняюцца. Але прапановы па новых пазыках звычайна пераглядаюцца. Калі стаўка рэфінансавання расце, то растуць і працэнты па камерцыйных пазыках, інакш банк працаваў бы сабе ў страту, выдаючы грошы танней, чым бярэ.
Калі стаўка рэфінансавання зніжаецца, то банкаўскія крэдыты таннеюць. Але гэтага можа і не здарыцца, ці здарыцца няхутка, таму што абавязку зніжаць стаўкі па сваіх прадуктах у банкаў няма. То была тэорыя, а цяпер будзе практыка.
Непасрэдна з гэтага тыдня патаннелі практычна ўсе (ці амаль усе) крэдыты асноўных банкаў. Напрыклад, Беларусбанк панізіў на 0,5 працэнтнага пункта свае стаўкі па пэўных крэдытах. Цяпер крэдыты: «Партнёр аптымальны», «На будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля», «На набыццё жылля па сістэме будзберажэнняў», «На будаўніцтва жылля па сістэме будзберажэнняў», «На будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў з выкарыстаннем субсідыі», а таксама «На набыццё жылля» і «Буддом» (мінімальная стаўка) — да 14,5 % гадавых.
Спецыяльны крэдыт «Партнёр Onlіne» цяпер мае да 8,25—14,5 % гадавых (у залежнасці ад тэрміну крэдытавання), а фінансавы прадукт «На аплату турыстычных паслуг у РБ» — да 15,5 % гадавых (15 % у першыя 12 месяцаў).
Крэдыт ад Беларусбанка для набыцця тавараў айчыннай вытворчасці знізіўся да 14,5 % гадавых для асноўнай стаўкі (14 % пры афармленні праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання), а «На набыццё аўто Geely у дылераў СЗАТ «БелДжы» — да 14,5 % гадавых (4,5 % на грэйс-перыяд). Крэдытны прадукт «Рэфінансаванне іпатэкі» — да 17,5 % гадавых, а «Іпатэка з намі» — да 0,5 % гадавых (мінімальная стаўка на першыя 12 месяцаў, стаўкі залежаць ад абранага забудоўшчыка).
Стаўкі па прадуктах «Ільготны крэдыт на навучанне» і «Льготны крэдыт для аплаты ЭКА» апусціліся на 0,25 % да 5,75 % гадавых. Стаўка па прадукце «Льготны крэдыт маладым спецыялістам», у адпаведнасці з яго ўмовамі, складзе чвэрць ад стаўкі рэфінансавання, стала меншай на 0,125 % і цяпер знізілася да 2,875 % гадавых.
Паменшылася максімальная стаўка па шэрагу крэдытаў Белінвестбанка. Цяпер крэдыты «Асабісты выбар», «Зручны», «Трэйдзін на нерухомасць» сталі ніжэйшыя на 0,35 % да 17,55 % гадавых, а «Трэйдзін спажывецкі» — на 0,4 % да 17,5 % гадавых.
Па спажывецкім крэдыце «Сваё. Роднае» на аплату тавараў і паслуг беларускіх вытворцаў стаўкі таксама знізіліся на 12,89 % да 0,01 % для льготнага перыяду (сам тэрмін скараціўся з 6 да 3 месяцаў) і на 1 % да 14,9 % гадавых для асноўнага перыяду.
Таксама знізіліся стаўкі па некаторых іншых крэдытах банка:
Па крэдытнай картцы «Заўсёды пад рукой» стаўка таксама стала ніжэйшая на 0,35 % і цяпер складае 17,55 % гадавых.
Дарэчы, банк паведаміў, што з 31 студзеня для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў вырастуць камісіі за правядзенне аперацый у сістэме разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай «Аплаці».
Стаўкі па цэлым шэрагу крэдытаў Белаграпрамбанка апусціліся на 0,5 %. Цяпер крэдыты «На спажывецкія патрэбы» і «На спажывецкія патрэбы анлайн» — можна ўзяць пад 16,5 % гадавых (14 % у першыя 100 дзён). Крэдытныя грошы «Лёгкія пакупкі (агульныя ўмовы)», «На набыццё аўтамабіля», «Крэдыт на набыццё жылля» і «Крэдыт на будаўніцтва жылля» — цяпер апусціліся да 17 % гадавых.
Крэдытны прадукт «Лёгкія пакупкі (спецыяльныя ўмовы)» знізіўся да 4,1—13,4 % гадавых (у залежнасці ад тэрміну крэдытавання), а «Авердрафтны крэдыт» — да 16,5 % гадавых. Цяпер можна ўзяць «Аўтакрэдыт Geely» — да 14,5 % гадавых (4,5 % у першыя 18 месяцаў), а пазыковыя грошы «На набыццё тавараў айчыннай вытворчасці» і «На набыццё домакамплектаў, вырабленых у РБ» — да 14,5 % гадавых (асноўная стаўка).
Стаў таннейшы крэдыт «Студэнцкі» — да 16,5 % гадавых (15,5 % для кліентаў па асаблівых умовах), «Для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (з прыцягненнем субсідый)» — да 14,5 % гадавых і «Дакрэдытаванне грамадзян у рамках Указа № 240» — да 15,5 % гадавых.
Тут жорсткай прывязкі няма. Стаўка, па якой адкрыты ўклад, як правіла, аўтаматычна не мяняецца. Але ўплыў ёсць. Калі стаўка рэфінансавання падае, то банкам становіцца менш выгадна прыцягваць грошы кліентаў пад высокія працэнты. Таму новыя дэпазітныя прапановы таннеюць.
Калі стаўка рэфінансавання падымаецца, то могуць падняцца і стаўкі па ўкладах. Але гэтага можа і не здарыцца, тут усё больш залежыць ад патрэбы банкаў у грошах. Прыклад мы назіралі ўжо некалькі месяцаў летась. Кліенты «выносілі» грошы з банкаў на працягу паўгода. Хоць стаўка рэфінансавання заставалася ранейшай. Тады стаўкі па ўкладах сур'ёзна выраслі.
Цяпер людзі зноў панеслі грошы ў банкі. Іх стала нават больш, чым трэба эканоміцы. Таму і знізілася стаўка рэфінансавання і падаюць працэнты па ўкладах. Калі разглядаць уклады ў валюце, то стаўкі па іх за апошнія паўгода знізіліся ўдвая, а то і ўтрая. Я яшчэ памятаю, калі банкі былі гатовыя плаціць за долары да 10 % гадавых. Цяпер стаўкі істотна ўпалі. Добра яшчэ, што яны даюць цяпер ад аднаго да 4 % гадавых, але далёка не ўсе.
На айчыннай валюце атрымаецца зарабіць значна больш. «Навар» складзе ад 9 % да 16 % гадавых. Такая разбежка залежыць ад таго, ці доўга вы хочаце захоўваць грошы, або не вельмі, ужываецца фіксаваная стаўка або гнуткая, і іншыя нюансы.
Спачатку прыемная навіна ад Беларусбанка, які вырашыў аўтаматычна падоўжыць дзеянне картак БЕЛКАРТ-прэміум-Maestro ў рамках клуба «Аксаміт», якое падыходзіць да канца ў перыяд з 31 студзеня па 30 чэрвеня ўключна — без перавыпуску імі можна будзе карыстацца яшчэ 1 год з месяца, у якім мінае іх устаноўлены тэрмін функцыянавання.
А вось стаўкі па укладах банка зменшыліся на 0,5 %. Гэта фінансавы прадукт «Дзіцячы», «Ураджайны адзыўны», «Класік безадзыўны вясновы», «Класік безадзыўны зручны», «Класік безадзыўны звыш года», «Дамскі к@прыз (адзыўны)».
Таксама знізіліся стаўкі па шэрагу іншых укладаў у беларускіх рублях: «Уклад гісторыі» — на 0,5 % пасля першых 6 месяцаў захоўвання для варыянта з тэрмінам 24 месяцы; «Беларусбанк-анл@йн (безадзыўны)» — на 0,5 % змененыя стаўкі па заканчэнні 3 месяцаў захоўвання сродкаў для варыянтаў з тэрмінам 6, 9, 12, 18, 24, 36 месяцаў.
Трэба памятаць, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам нашай краіны з фактычна налічаных працэнтаў для ўкладаў у беларускіх рублях з поўным або частковым тэрмінам менш за 1 год і стаўкай больш за 3 % гадавых выплачваецца падатак 13 %.
У большасці краін стаўку рэфінансавання выкарыстоўваюць, каб рэгуляваць прапанову грошай. Пры нізкіх стаўках крэдыты становяцца больш выгаднымі. Бізнес і прыватныя асобы ахвотней бяруць пазыкі. Гэтыя грошы трапляюць у камерцыйны абарот. Растуць продажы, адпаведна растуць аб'ём таргоў і вытворчасць. Затым растуць грашовыя даходы насельніцтва.
Але нізкія стаўкі могуць таксама справакаваць рост узроўню інфляцыі. Грошай становіцца больш, іх абарот расце — услед растуць і цэны. Такую сітуацыю можна цяпер назіраць у ЗША, дзе інфляцыя ўпершыню за доўгія гады перавышае 4 % у гадавым вылічэнні. Усё гэта — наступствы праграм колькаснага змякчэння (дапамога эканоміцы праз пандэмію) і дзесяцігоддзе нулявых базавых ставак сваёй сістэмы.
Захоўваць грошы ў банках пры нізкіх стаўках людзям менш цікава. Памяншаецца аб'ём дэпазітаў, грошы пераходзяць у іншыя галіны. У развітых краінах растуць фондавы рынак, купля акцый і, калі гэта немагчыма, свабодныя грошы ўкладаюць у тавары і куплю валюты.
Калі стаўка расце, крэдыты становяцца менш цікавымі, а банкаўскія ўклады больш выгаднымі. Лішнія грошы сыходзяць з эканомікі на дэпазіты. Выдаецца менш крэдытаў. Аб'ём грошай у абароце падае.
У нашай краіне рэгуляванне рынку змяненнем стаўкі рэфінансавання дзейнічае не так відавочна. Значная доля банкаўскіх пазык выдаецца дырэктыўна, а крэдытамі на асаблівых умовах падтрымліваюць дзяржпрадпрыемствы.
Гэтымі днямі Нацыянальны банк агучыў чарговыя змены, унесеныя ў значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР) — іх ізноў вырашана паменшыць, прычым на гэты раз, у адрозненне ад мінулага месяца, зніжэнне стала больш істотным па крэдытах для фізічных асоб.
Гэты паказчык апусціўся на 1,1 %, што стала самым значным яго зніжэннем са снежня 2022 года — у наступным месяцы ён будзе складаць 17,14 % гадавых. Па крэдытах для юрыдычных асоб велічыня стандартнай рызыкі скарацілася на 0,95 % да 12,82 % гадавых.
Прынятыя рашэнні азначаюць, што большая частка камерцыйных банкаў памяняе ўмовы для новых дагавораў крэдытавання па большасці сваіх прадуктаў, знізіўшы працэнты за карыстанне сродкамі як для кліентаў з ліку звычайных грамадзян, так і для бізнесу.
Нагадаем, Нацбанк нашай краіны ў пачатку восені 2022 года вярнуўся да прыпыненай за паўгода да гэтага практыкі вызначэння разліковых велічынь стандартнай рызыкі. Названыя значэнні вызначаюць верхнія межы для ставак па крэдытах: больш высокія працэнты не забароненыя, але для іх прымянення на адрас банкаў вылучаюцца дадатковыя патрабаванні па капітале і па фарміраванні рэзерваў.
Сяргей КУРКАЧ
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.