Вы тут

Алена Васілевіч — яе гісторыі надзвычай важныя для духоўнага развіцця дзіцяці


У снежні 2022 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Алены Сямёнаўны Васілевіч. У юбілейны перыяд варта было б яе часцей успамінаць — выдатную пісьменніцу і пры гэтым выключна сціплага чалавека. Ніколі не імкнулася яна заяўляць пра сябе, самапіярыцца, увогуле паводзіла сябе стрымана, але нязменна з пачуццём уласнай годнасці. Бог за яе чалавечыя якасці дараваў ёй доўгае жыццё (памерла ў 2021-м).


Я мела магчымасць назіраць тую выключную прыязнасць, якая існавала паміж Іванам Шамякіным і Аленай Васілевіч. Яны ўзаемна вельмі паважалі адно аднаго і па-чалавечы любілі. Некаторыя апавяданні Васілевіч Шамякін называў бліскучымі. Былі гэтыя празаікі і па характарах нечым падобныя, і ўвогуле як калегі духоўна блізкія. Дзіўна тое, што нават інтарэсы дзяцей Шамякіна і Васілевіч аказаліся аднолькавыя. Уладзімір Васілевіч — наш найвыдатнейшы фалькларыст, міфолаг, аўтар немалой колькасці кніг. І аўтар гэтых радкоў здаўна цікавіцца міфалогіяй, праўдане ў плане персанажаў, духаў локусаў, а ў сувязі з мастацкай літаратурай.

Але што абумовіла імпрэсінг (вызначальныя абставіны ў станаўленні) пісьменніцкіх дзяцей? Адкрыццё гэтага праліло б святло і на характар пісьменніцкіх індывідуальнасцей іх бацькоў. Усё ж не шмат сярод дзяцей пісьменнікаў міфолагаў. Такая спецыялізацыя дапамагае зразумець менталітэт уласнай нацыі, бо вывучае яе коды, сімвалы, этнічныя прыхільнасці, непарыўна звязаныя з умяшчальным ландшафтам, сярод якога народ жыве і творыць сваю гісторыю.

На інтарэсах дзяцей не маглі не адбіцца ідэі бацькоў. Пісьменнікі Шамякін і Васілевіч — дактары сацыяльных навук, хоць без ступеняў і званняў, — аналітыкі, даследчыкі грамадскіх працэсаў і чалавечай псіхалогіі. А яшчэ агульным было ранняе наша з Валодзем дзяцінства ў паэтычнай мясціне пад Мінскам — Доме творчасці беларускіх пісьменнікаў Каралішчавічы.

У той час, у 1950-я гады, жылі там пісьменнікі своеасаблівай камунай, як бы адной сям’ёй. Сёння нават цяжка ўявіць. І іх творчасць, і адпачынак пасярод густога лесу былі асветлены прысутнасцю класікаў, вучобай у іх — да 1956 года ў Якуба Коласа, які мясціну гэтую любіў, а таксама ў Міхася Лынькова з яго літаральна ўніверсітэтамі для маладзейшых пісьменнікаў: Я. Брыль, І. Шамякін, А. Васілевіч і іншыя заўсёды з замілаваннем успаміналі вогнішчы Міхася Ціханавіча з яго бясконцымі аповедамі пра 20—30-я гады. Мы, малыя дзеці, натуральна, у іх не ўдзельнічалі, але агульная атмасфера — з брацкімі адносінамі майстроў паміж сабою, — безумоўна, дзейнічала. У падсвядомасці будучых міфолагаў занатавалася жыццё ў Доме творчасці як мадэль існавання грамады, сялянскай абшчыны, у ідэале — нацыі. Асабліва пяшчотныя ўспаміны пра Каралішчавічы засталіся ў Валодзі. Блізкасць да прыроды і цёплыя, гарманічныя адносіны ў чалавечым калектыве калег і аднадумцаў як бы абвастралі спрадвечныя архетыпы, якраз закладзеныя ў міфалогіі.

Адной з матывацый звяртання пісьменніцкіх дзяцей да міфалогіі і фальклору — ужо ў сталым узросце — стала чытанне імі ў маленстве дзіцячых кніжак, захапленне народнымі казкамі. Тут таксама дзякуй нашым бацькам. Усё жыццё працуючы са студэнтамі (як і Уладзімір Аляксандравіч), я пераканалася: сапраўдныя філолагі атрымліваюцца толькі з тых, хто ў дзяцінстве любіў казкі, у падлеткавым узросце — прыгодніцкія кнігі, а ў юнацтве — фантастыку.

Я не буду пералічваць усе магчымыя матывацыі фарміравання будучых міфолагаў. Гавару не для самарэкламы, а дзеля імкнення разабрацца ў законах
псіхалогіі творчасці, у тых фактарах, якія спрыяюць фарміраванню крэатыўнасці. Варта і самой зразумець, бо далёка не ўсё раскрыта, а тым больш наш прыклад, магчыма, дапаможа бацькам, выхавальнікам і настаўнікам.

Іван Шамякін і Алена Васілевіч пісалі для дзяцей. Шамякін — у пачатку творчасці і пад канец жыцця. Яго хвалявала і здзіўляла, чаму ў яго, рэаліста, дачка — міфолаг, а ўнучкі — фалькларысты і спецыялісты па фантастыцы. Я думаю, што хоць Шамякін па творчым метадзе — рэаліст, але па жыцці — ідэаліст: ён ідылічна ўспрымаў рэчаіснасць, нездарма яго творчасць, пры ўсёй рэалістычнай стылёвай манеры, характарызуе рамантычны і сентыментальны пафас.

За А. Васілевіч увогуле замацавалася рэпутацыя дзіцячай пісьменніцы, а значыць, рамантыка. Наш выдатны крытык Алесь Марціновіч пісаў да 100-годдзя пісьменніцы: «…калі акінуць позіркам творчасць Алены Васілевіч, лёгка заўважыць, што аўтар, па сутнасці, пастаянна сочыць за нейкім сваім пэўным чытачом. У самым раннім узросце яму прапануюцца невялікія апавяданні, у крыху старэйшым — таксама творы “малога жанру”, толькі з больш складанай праблематыкай і, нарэшце, калі школьнік ужо здатны самастойна арыентавацца ў падзеях, калі ў яго ёсць пэўная жыццёвая пазіцыя, ён перагорне тыя старонкі жыцця Ганькі Гурыновіч, калі яна вучылася…»

Сапраўды, тэтралогія Васілевіч пра Ганьку — «Пачакай, затрымайся…» — стала шырока вядомай і любімай у чытачоў-падлеткаў. Я, памятаю, была ў захапленні ад гэтай кнігі. Але сёння прадмет нашай увагі — творы пісьменніцы для малодшага ўзросту, выдадзеныя асобнай кніжкай выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (складальнік — Аксана Спрынчан) пад назвай «Калінавая рукавічка».

Кніга складаецца ўсяго з трох апавяданняў, праўда, немалых. Першае — «Калінавая рукавічка» — у прынцыпе аўтарская казка. Ды і сама пісьменніца яе так назвала. Вядома, што развіццё ўсяго чалавецтва ў цэлым своеасабліва паўтараецца ў кожным чалавеку: дзяцінства людской грамады адлюстравана ў маленстве, і дзіця быццам праходзіць міфалагічны ўзрост. Вось чаму так важна чытаць у пэўным узросце — ад трох да дзесяці гадоў — дзецям казкі. Паглыбленне ў міфалогію адбываецца ў Васілевіч праз, кажучы па-навуковаму, аднаўленне анімізму, а для любога дзіцяці — праз адухаўленне ўсіх прадметаў, рэчаў, з’яў прыроды. У казцы апавядаецца пра негатыўную рэакцыю дрэў-зайздроснікаў на маладую каліну. Толькі старая яліна-казачніца спачувальна пазірала на прыгажуню каліну, баючыся, праўда, ці вытрымае яна непагадзь і непачцівае стаўленне людзей да дрэў і ўвогуле жыцця лесу. Яліна шмат што перажыла на сваім вяку і ўсяго баялася. Ды і вецер раіў маладой каліне паляцець у цёплы край разам з ім. Ды толькі каліна засталася на радзіме, бо не верыла ў зло. Сапраўды, і вецер, і мудрая яліна памыляліся. Каліна спатрэбілася людзям: яе ягады — лекавыя, і мама з сынам сабралі іх зімою: яны так прыгожа, прыцягальна чырванелі сярод снегу.

У казцы, акрамя дрэў, дзейнічаюць, вядуць гутаркі таксама і жывёлы, птушкі: вавёрка, сава, зязюля, дзяцел. У кожнага свая жыццёвая філасофія. А самая правільная аказалася ў каліны — прыносіць дабро людзям.

Другое апавяданне ў зборніку — «Геша» — з рэальнага жыцця: пра гуску Гешу, якая пасябравала з дзяўчынкай Наташай.

Міфалагічны ўзрост дзіцяці — гэта, уласна кажучы, асноўны перыяд фарміравання асобы. Ідэалагічныя, маральна-этычныя каштоўнасці закладваюцца ў сям’і і ў малодшых класах. Прыкладна ў 10—12 гадоў фарміруюцца базавыя патэрны светаадчування. А далей адбываецца толькі раскрыццё гэтых патэрнаў, іх карэкціроўка. Таму так важна ў гэтым узросце чытаць, як спяваў Уладзімір Высоцкі, «патрэбныя кнігі». Апавяданне «Геша» вучыць дабрыні і спагадзе да жывога. Дзеці палюбілі маладую гуску, гадаваліся разам з ёю.

У дачыненні да гэтага, на першы погляд, вельмі простага па змесце апавядання падзялюся сваім вопытам выхавання пазнаваўчага інтарэсу ў дачок і нават у студэнтаў. Я заўсёды з дзецьмі абмяркоўвала прачытанае і абавязкова выходзіла, так бы мовіць, за межы тэмы ў іншыя сферы, іншыя сюжэты. Так і тут можна расказаць дзецям пра незвычайную птушку — гуску. Па-першае, гусі намнога разумнейшыя, скажам, за кур. Так, гусей можна спакойна адпраўляць пасціся адных за ваколіцы вёскі — яны заўсёды знойдуць дарогу дадому. У апавяданні Геша згубілася, але толькі таму, што апынулася сярод бязладнага натоўпу людзей, а потым усё ж знайшла свае вароты. Можна расказаць маленькім чытачам пра выратаванне гусямі Рыма, пра аповесць Сельмы Лагерлёф «Падарожжа Нільса з дзікімі гусямі» — твор не можа не зацікавіць. Абмеркаваць з дзецьмі, чаму раней пісалі менавіта гусінымі пер’ямі. Дзіўна будзе пачуць маленькім чытачам, што гусі, як і лебедзі, верныя ў сям’і птушкі: шлюбы заключаюць на ўсё жыццё.

І такія гутаркі варта з дзецьмі праводзіць рэгулярна. Так і прывучаюць да чытання — абуджаюць пазнаваўчы інстынкт рознымі фактамі і жыццёвымі цудамі, звязанымі паміж сабою ў дзіўнае сеціва быцця.

Казкі, гісторыі надзвычай важныя для духоўнага развіцця дзіцяці. У апавяданні А. Васілевіч «Мая гаспадарка» гарадскі хлопчык далучаецца да вясковага жыцця і адначасова спасцігае скарбы народнай мовы. Увесь аповед будуецца на метаніміі: бабуля прапаноўвае паглядзець на «падушачкі», а гэта аказваюцца гусяняткі, пер’ем і пухам якіх набіваюць падушкі, «сала ходзіць па выгану» — гэта свінні, «хлеб расце ў полі» — жыта. Уласна, раскрываюцца пачаткі вобразнасці.

Кніга Алены Васілевіч выйшла ў серыі «Жывая класіка дзецям»: апавяданні ў ёй розныя па тэмах, але прасякнуты казачнасцю, вобразным адкрыццём свету, такім важным для ўспрыняцця дзецьмі.

Ілюстрацыі да кнігі зрабіла Вольга Барай. На думку рэцэнзента, выбраны не самыя ўдалыя эпізоды з твораў для паказу — якраз пазбаўленыя вобразнасці.

Але сама кніга адкрые для маленькіх чытачоў і іх бацькоў, настаўнікаў надзвычай цікавую, арыгінальную беларускую пісьменніцу.

Таццяна ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.