Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Не дубчыкам, то бізунчыкам?..»


Не дубчыкам, то бізунчыкам?..

Цяпер, як я бачу, вельмі модна заводзіць розных коцікаў-сабачак, а калі дакладней — дык нейкіх «неведомых зверюшек»... І потым насіцца з імі, як дурань з дзвярыма...


Фота: pixabay.com

Раней усё-ткі больш правільна было: звычайныя сабакі, звычайныя каты. Першыя — дом сцерагчы, другія — мышэй лавіць. Прычым — неяк не чуваць было, каб сабак ад дому адлучалі, каб іх некуды зносілі ці звозілі, а вось з катамі і кацянятамі такое здаралася. Іх найчасцей каля фермаў выпускалі, і яны адтуль вельмі рэдка вярталіся дамоў, бо з якога перапуду, калі там і цёпла, і столькі малака...

З лесу — гэта ўжо іншая рэч.

Дык вось. У адной кабеты (Лёньчыхай назавём) ну ніяк не складваліся адносіны з іхняй коткай!

Не, яна мышэй лавіла (нават суседскіх!), але ж пад нагамі ўвесь час круцілася, на куранят палявала, на стол залазіла. І ўжо там — што не з'есць, тое панадкусвае альбо скіне-пераверне.

А самае непрыемнае пачыналася вясной, у сакавіку (ды потым яшчэ ў жніўні), бо Мурка ці не адна была на ўсю вялікую вёску. І таму ў пэўныя дні яна залазіла на шуло ад варот (на вышыню 2,5 метра), садзілася там і зверху пазірала на добры дзясятак катоў, якія, чакаючы, пакуль «мадама» спусціцца, раўлі дурным голасам!

Лёньчыха, дарэчы, тады таксама раўла, спрабуючы іх разагнаць...

Аднак апошняй кропляй сталі зусім не кавалеры. Аднаго разу гаспадыня смятанкі ў збанок сабрала (літры з два)... І хоць бы адышлася куды — проста адвярнулася... А котка ўжо на стале: вушы злажыла і хлебча...

Цётка з той злосці за ёмку (за чапялу)... Хацела грукнуць па стале — трапіла па збанку. Ён — на падлогу — з усімі адсюль наступствамі...

А далей — нібы ў казцы «Марозка»: дзед Лёньчык злавіў котку, пасадзіў у торбу, з ёю разам у чоўне пераплыў Дняпро, лугам (гэта кіламетры з тры) занёс у лес (усё, карацей, як баба сказала!) і ўжо там выпусціў. Услед яшчэ паглядзеў і...

Баравіка вялікага згледзеў, потым яшчэ трох. І яшчэ!.. За нейкую гадзіну, можа, з пуд нарэзаў! Чакаў, што жонка пахваліць...

Аж тая — наадварот: убачыла яго і ў крык! Я, маўляў, каму сказала котку звезці? Ты звёз? — «А як жа! — ледзь не божыцца Лёньчык. — І звёз... І ў лесе пакінуў». — «...А яна прытым у нашым хляве сядзіць. З гадзіну ўжо... Праўда, мокрая». — «Дык яна што — Дняпро пераплыла?» — не паверыў гаспадар.

...Не ведаю, як яны паразумеліся: паверыла цётка мужу ці не, але ж котка пасля гэтай прыгоды моцна змянілася. У хату да зімы наогул не ішла (малако ёй цётка на дварэ налівала), пад нагамі не круцілася, нават «жаніхоў» каля варот болей не збірала...

Паразумнела, карацей: мышэй для справаздачы на ганак прыносіла. Лёньчыха ёю нахваліцца не магла. Ну як жа — перавыхавала: не дубчыкам, дык бізунчыкам.

Соф'я ВАРОНІНА

Быхаўскі раён


За чужыя грахі пакута

Мае знаёмцы Маня з Васілём жывуць у вёсцы. Дзеці выраслі і раз'ехаліся, яны, як многія, засталіся ўдваіх. Але ж сумаваць не было калі: гаспадарка, зямля... Толькі працуй, калі сілы ёсць!

А для таго каб былі, трэба прымаць настойку глогу. Пра гэта Маня пачула ад сваёй вельмі прасунутай сяброўкі і, можна сказаць, захварэла: вось бы раздабыць такую расліну, вось бы пасадзіць...

Мара заставалася марай (саджанцаў тады ніхто не прадаваў), аж пакуль не жаніўся Манін старэйшы сын, пакуль не паехаў да цешчы ва Украіну і ўжо адтуль не прывёз два невялічкія дубчыкі. Большы, мацнейшы, Маня з той радасці пасадзіла ў сябе каля ганка, меншы — адшкадавала суседу Якаву. Той быў знатным пчаляром і заўсёды дзяліўся мёдам.

Мусіць, лёгкая рука была ў тога чалавека, бо ягонае дрэўца зацвіло ўжо налета. А вось у Мані з Васілём і кветачкі, і ягадкі з'явіліся пазней.

Аднак з таго часу і ўжо штогод гаспадыня акуратна збірала ўраджай, ссыпала ў слоікі, залівала добрай гарэлкай (гаспадар славіўся яе «вытворчасцю») і выносіла ў склеп на вытрымку.

Пасля яе ў настой дадаваўся мёд з ванілінам і ўсё: цуда-сродак гатовы — можна прымаць і не кашляць...

Маня з Васілём і сапраўды пакрысе прымалі (перад кожнай ядой) і, дзякаваць богу, праблем не мелі — ні з ціскам, ні з прастудай...

Але ж гэта ўсё да пары: адслужыў у войску іх малодшанькі, уладкаваўся на работу ў міліцыю і сказаў: «Усё, бацькі, ніякай самагонкі! Разбірайце апарат, а то...».

Што было рабіць? Разабралі — згарнулі «вытворчасць». Глог пасля залілі гарэлкаю з крамы.

Дарагавата атрымалася — гэта раз, не так смачна — два... А найгорай — за тры тыдні ў склепе ягады ўсмакталі амаль палову гарэлкі. «Дзе ж яе набрацца? Што гэта такое?» — нічога не зразумеўшы, спытала Маня ў суседкі Яшыхі. А ў той і адказу няма, бо іхні глог гарэлкі амаль не «бярэ».

— Значыць, вам усё ж такі лепшы саджанец дастаўся, лепшы сорт, — прызнала Маня. — Трэба і нам такі пасадзіць, а гэтае дрэўца зрэзаць.

— Дык прыгожае... Шкода, — стаў заступацца гаспадар. — Мо няхай бы расло?!

— А толку?.. Не і яшчэ раз не! — настойвала жонка. — Зразай!

Толькі тады гаспадар прызнаўся, што крамную гарэлку са слоікаў — не маючы сваёй — «усмоктваў» сам. Не ўтрымаўся, маўляў, душа прасіла. Але ж болей — ні-ні... Хай расце тое дрэўца: без яго ўжо і двор не двор!

...На сёння ён у Мані з Васілём і праўда адметны: найболей — на згон вясны, калі той глог цвіце.

І ўвосень, калі крывавай чырванню гарыць ад ягад.

Альвіна ЧАЙКОЎСКАЯ

г. Гомель


З кім жыць, таго не гнявіць?

Далёка зайшоў прагрэс. Зусім нядаўна, на пачатку стагоддзя, мы нават уявіць не маглі, што пры сабе, як той казаў, і ледзь не ў кожнага будуць мабільны тэлефон ды інтэрнэт, што з іх дапамогай чалавек атрымае магчымасць не толькі размаўляць, але і бачыцца з блізкімі, якія жывуць далёка, што праграмісты напрыдумваюць разумных віртуальных памочнікаў, якія (хай за грошы), але ж змогуць адказваць на любыя пытанні, уключаць (выключаць) святло і любімую музыку, злучаць па тэлефоне з роднымі, чытаць кнігі, «паказваць» спектаклі...

Словам, шмат што могуць, але ж не ўсё.

...Мінск збірае «ўраджай»,

Кліча ўвосень:

— Прыязджай!

І ляцяць выпускнікі,

Як на лямпу матылькі.

У сяле ж — пусцеюць хаты:

У адной —

адна Агата...

Сум такі — што век не збыць:

Ёй бы з кім па-га-ма-ніць!

А не слухаць штохвіліны

Вельмі страшныя навіны,

Не глядзець,

бо не з рукі

Секс, суды, баевікі...

І ў горад неахвота:

Дзецям лішнія турбота...

 

На яе азваўся Воўка:

— Бабця, во — прывёз сяброўку,

А разумніца ж якая!

Ўсё на свеце яна знае:

Твой любы запрос-заказ

Можа выканаць ураз!

І ласкавая, як ліска...

А завуць яе — Аліса.

 

Бабка ўнуку, як звычайна:

— Ажаніўся?! Гэтак файна?!

А ён — скрыначку на стол:

— Ну, сябруйце... Я пайшоўІ

І дружылі ж...

Да пары...

Дзень зімовы на двары.

Ёсць пытанне да Алісы:

А ці будзе сёння слізка?

Можа, пойдзе мокры снег?

Дзеўка — бабці: «Не-не-не!

У бліжэйшых тры гадзіны

Быць ападкаў не павінна».

 

У краму рушыла Агата,

Гэта ўсё ж далекавата,

Кіламетры мо са тры,

І адтуль яшчэ дапры...

 

Дзень прыгожы быў на дзіва:

Зранку сонейка свяціла,

Сыпаў дробненькі сняжок,

За Агатай бег Дружок.

Тое-сёе з ім купілі,

З прадаўцом пагаварылі.

Толькі рушылі назад —

З неба дождж,

а следам — град.

Пакупніца ўвачавідкі

Змокла, бедная, да ніткі!

Узлавалася Агата,

Крыла Ліску — ледзь не матам...

Чуе (дзеўка ў адказ):

— Не магу зняважыць вас:

Не закладзены ў праграму

Словы дрэнныя пра маму.

Тэлефоніць бабка Воўку:

— Ліска — добрая сяброўка,

Часам нават — як сястрыца,

Але ж трэба й пасварыцца.

Можа б, ты, унук, уплёў

У праграму «моцных» слоў?

 

Дзе стаяў хлапец, там сеў:

— Не магу, каб і хацеў...

Ты, бабуля —

прыкалістка,

Не сварылася б з Аліскай!

...Няма горай, як адна,

А за вокнамі — зіма.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж і... Юрыя Нікуліна. «Чуць смех — радасць, — казаў ён. — Выклікаць смех — гонар для мяне».

Вось і для нас, «звяздоўцаў», бо той, хто смяецца (і вядома ж, добрым смехам), заражае дабрынёй іншых, мяняе настрой, дазваляе хоць на нейкі час забыць непрыемнасці.

А таму, калі нейкія з праўдзівых гісторый, што друкуюцца і, дасць бог, будуць друкавацца ў самай народнай, відаць, «звяздоўскай» рубрыцы, вам спадабаюцца, прымусяць усміхнуцца ці нават пасмяяцца, не скупіцеся — падзяліцеся гэтай усмешкай з іншымі: перадайце газету (ці спасылку на сайт) суседу, супрацоўніку, знаёмаму, і тады «Звязда» (чым чорт не жартуе...) мо займее новых падпісчыкаў, а то і аўтараў.

Не будзеце перадаваць? Тады можна складваць выразкі, пазнакі ў нейкую шуфляду. Потым, калі раптам стане маркотна, іх можна будзе перачытаць і нават больш за тое — у канцы года выбраць сваю дзясятку найлепшых.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».